Вы тут

Злучэнні і воінскія часці атрымалі сучасныя лічбавыя сродкі і комплексы сувязі


Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл прадстаўнікі злучэнняў і воінскіх часцей беларускай арміі атрымалі сучасныя лічбавыя сродкі і комплексы сувязі. Урачыстая цырымонія адбылася на пляцы 86-й брыгады сувязі.


— Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь былі і застаюцца ў сучасным трэндзе развіцця ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, — заявіў старшыня Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, генерал-маёр запасу Алег Белаконеў. — Дваццаць гадоў таму мы маглі толькі марыць аб тых узорах, якія сёння ўвасоблены. І я ганаруся тым, што наша армія адпавядае патрэбам развіцця геапалітычнай сітуацыі.

Каля сарака адзінак тэхнікі сувязі былі як зроблены на прадпрыемствах Дзяржкамваенпрама, так і мадэрнізаваны непасрэдна ў вайсковых часцях. Упершыню ставяцца на ўзбраенне камбінаваныя радыёстанцыі Р-186, Р-186Д, комплексныя апаратныя сувязі П-240МБ. Але новыя ўзоры далёка не першыя. Гэта адзначыў і першы намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл, генерал-маёр Ігар Кароль.

— Гэта толькі адзін з этапаў планавага пераўзбраення нашай арміі. Без сувязі няма кіравання, а без кіравання няма перамогі. Таму перааснашчэнне войскаў сувязі з'яўляецца прыярытэтам. Галоўны сэнс удасканалення сістэмы кіравання войскамі — узаемадзеянне на ўсіх узроўнях, ад стратэгічнага да тактычнага, ад генерала да салдата ў інтарэсах увасаблення рашэнняў палітычнага і ваеннага кіраўніцтва, — адзначыў Ігар Кароль. — Пры гэтым у войска паступае тэхніка, зробленая не толькі на айчынных прадпрыемствах, але і ў Расіі. Напрыклад, сёлета паступяць два батальённыя камплекты найноўшых бронетранспарцёраў БТР-82, а таксама звяно шматфункцыянальных знішчальнікаў Су-30СМ. Тэхніка, якую мы бачым сёння, будзе задзейнічана ў поўным аб'ёме на сумесным вучэнні Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі «Захад-2021».

Перададзеныя комплексы сувязі перш за ўсё арыентуюцца на тактычнае звяно кіравання. Адметна, што камандзіры асобных батальёнаў цяпер займелі доступ да спадарожнікавай сувязі. У сваю чаргу, гэта палепшыць папераджальную гатоўнасць сістэмы сувязі адносна патрэб у ёй органаў ваеннага кіравання.

— Можна сказаць без перабольшання, што наша краіна валодае ўласнай вытворчасцю ваеннай тэхнікі сувязі ва ўсіх асяроддзях і дыяпазонах, — заявіў начальнік сувязі Узброеных Сіл начальнік упраўлення сувязі Генеральнага штаба Узброеных Сіл, генерал-маёр Алег Мішчанка. — Узоры, якія былі перададзены, суперсучасныя. Яны адпавядаюць усім патрабаванням да своечасовасці, дакладнасці, перашкода ўстойлівасці, бяспекі і гарантаванай трываласці сувязі. Яшчэ не так даўно асноўным спосабам арганізацыі сувязі ў войсках была радыёсувязь. Цяпер жа ўпор зроблены на спадарожнікавыя сістэмы, якія грунтуюцца на нацыянальнай сістэме спадарожнікавай сувязі і вяшчання. Увогуле, лічбавізацыя сродкаў сувязі батальённага звяна кіравання, насычэнне злучэнняў і вайсковых часцей перадавымі ўзорамі дазволяць у далейшым удасканальваць аўтаматызаваную сістэму кіравання Узброенымі Сіламі.

Узоры айчынных сродкаў сувязі па сваім функцыянале не саступаюць замежным аналагам. Па некаторых параметрах яны нават іх пераўзыходзяць. Яны забяспечваюць аўтаматызаваную, бесперапынную, устойлівую і ўтоеную перадачу даных. Для гэтага выкарыстоўваецца шырокі спектр каналаў сувязі: провад, радыё і спадарожнік.

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Сувязісты атрымалі тэхніку

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.