Вы тут

Падводзім вынікі: што паказала Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш


Мерапрыемствы XXVІІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу завяршыліся. За чатыры насычаныя дні адбылося мноства падзей, ахапіць усё немагчыма. Паспрабуем проста паразважаць, якія тэндэнцыі ў кнігавыдавецкай справе і на кніжным рынку выявіў гэты форум, і назваць асноўныя яго вынікі.


Нон-фікшн і дзіцячы інтэрактыў

Фота БЕЛТА.

Якія ж жанры цікавяць і чытачоў, і пісьменнікаў?

Канешне, гэта нон-фікшн — кірунак у літаратуры, які з кожным годам набывае ўсё большую папулярнасць. У жанры дакументальнай прозы піша, напрыклад, Інеса Плескачэўская, чые кнігі «Без «жалезнай заслоны» і «Як разгадаць Кітай», выдадзеныя «Звяздой», шырока прэзентаваліся.

Дзіцячая літаратура ніколі не страчвала сваю папулярнасць. Асабліва цяпер, калі назіраецца тэндэнцыя да ўсё больш шчыльнага супрацоўніцтва пісьменніка з мастаком. Нават калі вы лічыце сябе дарослым і сур'ёзным чалавекам, пагартайце кнігу выдавецтва «Папуры» «Калі мне хочацца маўчаць» — манахромныя алоўкавыя малюнкі і сціслыя фразы раскажуць куды больш, чым некаторыя шматтомныя творы. Прэзентацыі для дзяцей часта праходзілі ў інтэрактыўным фармаце. Так, Кацярына Хадасевіч-Лісавая, аўтарка кнігі «Загадкі прынцэсы Агнесы» (таксама выйшла ў нашым Выдавецкім доме), распавядала аб сваіх героях у касцюме шахматнай фігуры.

Папулярныя і мастацкія альбомы. Напрыклад, цікавая серыя «Славутыя мастакі з Беларусі» выдавецтва «Беларусь».

Яшчэ адна тэндэнцыя — актывізацыя перакладаў на беларускую мову, прычым не толькі класічных, але і сучасных твораў. Згадаем хоць бы раман польскага пісьменніка Антонія Ліберы «Мадам», які выйшаў у выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў перакладзе Марыны Шоды.

Ва ўсім свеце павялічыўся попыт на электронную кнігу, і беларускія выдаўцы плануюць пашырыць іх продажы.

Выдаўцы шукаюць аўтараў

Але перш чым прадаць кнігу, трэба яе напісаць і выдаць. У межах кніжнага форуму падвялі вынікі літаратурнага стартапа «ЛітUP», на які сёлета было даслана больш як дзвесце заявак. Фінал праходзіў у форме пітчынгу: аўтары сцісла прэзентавалі праекты, спрабуючы за сем хвілін «прадаць» сваю ідэю выдаўцам. І ў некаторых гэта атрымалася. Так, выдавецтва «Беларусь» абрала праект Кацярыны Залескай «Zuzockaby». Гэта серыя ілюстраваных кніг, у якіх дзяўчынка Зузачка дамагае маленькім дзеткам пазнаёміцца з навакольным асяроддзем. Выдавецтва «Народная асвета» зацікавілася 19-гадовай аўтаркай Дар'яй Нейжмах, якая прадставіла кнігу для падлеткаў «Якога колеру снег?» пра страх адзіноты і ўнікальнасць кожнага з нас. «Мастацкай літаратурай» быў абраны праект Людмілы Адзінцовай «Мая комплексная сястра» — фэнтэзійная казка для дзяцей 8—12 гадоў, аматараў цудаў і матэматыкі. Кнігі адразу двух аўтараў надрукуе выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя». Першы праект сумесны: супрацоўнікі лабараторыі тэрыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук створаць энцыклапедыю аб млекакормячых. Ідэя другога праекта — «Я буду ратавальнікам» — належыць Іне Зарэцкай: ён аб прафілактыцы няшчасных выпадкаў з дзецьмі.

Арганізатары не забыліся аб Тыдні роднай мовы. Кампазітар Яўген Ксяневіч прэзентаваў зборнік песень на вершы беларускіх паэтаў «Скарб дарагі». У аснову кнігі ляглі публікацыі ў газеце «Звязда»

Не толькі мудрасць, але і прыгажосць

На выстаўцы падвялі вынікі конкурсу «Мастацтва кнігі», які праводзіцца ўжо ў шасцідзясяты раз. Гран-пры — у выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» за кнігу-альбом «Храм-помнік зямлі беларускай». Выдавецкі дом «Звязда» атрымаў дыплом пераможцы ў намінацыі «Беларусь памятае» адразу за два выданні: «75 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне» і «Блакада. Блокада. Blockade» Уладзіміра Ліхадзедава. А вось найлепшым у намінацыі «За ўклад у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны» аказалася выдавецтва «Беларусь»: у яго і дыплом пераможцы за альбом «Напалеон Орда», і дыплом ІІ ступені за альбом «Вітольд Бялыніцкі-Біруля». У выдавецтва «Мастацкая літаратура» атрымалася стварыць найлепшую серыю дзіцячых кніг «Дванаццаць месяцаў. Чытанка на кожны дзень».

Канешне ж, ва ўмовах пандэміі не ва ўсіх жадаючых атрымалася наведаць выстаўку, але тых, хто прыйшоў, дастаткова, каб засведчыць: цікавасць да кнігі не знікае.

Арына КАРПОВІЧ

Загаловак у газеце: Кнігі — чытаюць

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 4 млн квадратных метраў агульнай плошчы жылля.

Грамадства

Не параўноўвайце сябе з іншымі. Як таксічныя людзі атручваюць наша жыццё?

Не параўноўвайце сябе з іншымі. Як таксічныя людзі атручваюць наша жыццё?

У нашым акружэнні практычна заўсёды знойдзецца песіміст, нечым пакрыўджаны, запальчывы чалавек, вакол якога заўсёды скандалы і звадкі. 

Грамадства

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Скідкі, растэрміноўкі і шырокі асартымент