Вы тут

​Сельгаспрадпрыемствы Гомельшчыны зараз актыўна рыхтуюцца да сяўбы


Сельгаспрадпрыемствы Гомельшчыны зараз актыўна рыхтуюцца да сяўбы. Рабочы працэс на мехдварах і рамонтных зонах кіпеў у гаспадарках нават у глыбокі «мінус». Прывесці машынна-трактарны парк і пасяўныя агрэгаты ў поўную гатоўнасць да 1 сакавіка — такая задача стаіць перад аграрыямі рэгіёна.


Трактарыст-машыніст КСУП «Урыцкае» Дзмітрый Чачуха.

КСУП «Урыцкае», што на тэрыторыі Гомельскага раёна, — адна з найбуйнейшых гаспадарак у вобласці па вытворчасці, перапрацоўцы і рэалізацыі сельгаспрадукцыі. Позняй восенню, калі скончылі апошнія палявыя работы, усе сельгасагрэгаты тут паставілі на захоўванне, а ў студзені ўжо пачалі падрыхтоўку да пасяўной. Аб'ём работ значны — адрамантаваць глебаапрацоўчыя і пасяўныя агрэгаты, сеялкі, плугі, дыскатары, культыватары. Для рамонту машынна-трактарнага парка набылі ўсе неабходныя запчасткі і дэталі. Сёння сельгаспрадпрыемства рыхтуе тэхніку да тэхагляду.

— Машынна-трактарны парк нашай гаспадаркі — гэта звыш 120 адзінак тэхнікі. У тым ліку шэсць энерганасычаных трактароў, якія поўнасцю гатовы да работы, — уводзіць у курс справы загадчык рамонтнай майстэрні КСУП «Урыцкае», малады спецыяліст Ілья Герасіменка. — Зараз працягваем наладку глебаапрацоўчых агрэгатаў і плугоў, рыхтуем машыны і трактары да тэхагляду. Спадзяёмся, што пройдзем яго хутка і без затрымкі.

У рамонтнай зоне мехдвара Ілья прапануе паназіраць за работай трактарыста-машыніста Дзмітрыя Чачухі. Ён адказвае за тэхабслугоўванне трактароў, камбайнаў, сельгасмашын. Адзін з тых, хто ў калектыве на вагу золата, так прадстаўляе механіка загадчык рамонтнай майстэрні.

«Толькі скончыў работу, рабіў гідраўліку і разбіраўся з трансмісіяй», — расказвае трактарыст-машыніст. За дзве працоўныя змены ён падрыхтаваў трактар да новага сезона. Шчыры ў рабоце механік Дзмітрый Чачуха ў гаспадарцы не так даўно. Сам родам з-пад Мінска, на Гомельшчыну, кажа, прывяло каханне, тут радзіма яго жонкі, агранома па спецыяльнасці. «У сёлетні сезон пайду працаваць на корманарыхтоўчы камбайн, — дзеліцца Дзмітрый. — Рыхтаваць машыну пачну ўжо ў час сяўбы, каб да пачатку нарыхтовак зялёнай масы ўсё было гатова».

Дарэчы, усе механікі гаспадаркі цяпер задзейнічаны ў падрыхтоўцы да пасяўной. Слесары рамонтнага ўчастка, майстэрні, сельгасучастка і аўтамабільнага парку прыходзяць на дапамогу адзін аднаму, калі ўзнікае такая патрэба. Той, хто не задзейнічаны на вывазцы арганікі, падвозе кармоў, — таксама дапамагае ў майстэрнях.

Інтэрв'ю сабкару «Звязды» дае загадчык рамонтнай майстэрні КСУП «Урыцкае» Ілья Герасіменка.

Сёлетняя яравая сяўба КСУП «Урыцкае» — гэта 800 гектараў збожжавых, 50 гектараў грэчкі, 20 гектараў бульбы і 10 гектараў гародніны. Значную частку кліна ў гаспадарцы зойме «царыца палёў»: пад кукурузу тут адведзена 2800 гектараў.

Дарэчы, актыўна рыхтуюць тэхніку і агрэгаты да веснавых палявых работ сёння ва ўсіх дзесяці сельскагаспадарчых прадпрыемствах Гомельскага раёна. Па словах намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Гомельскага райвыканкама Мікалая Лясько, да работ прыступілі адразу пасля заканчэння асенніх палявых работ. Перад інжынернымі службамі сельгаспрадпрыемстваў пастаўлена задача прывесці ў поўную тэхнічную спраўнасць трактары, прычэпы і агрэгаты. У сяўбе-2021 на тэрыторыі Гомельскага раёна будзе задзейнічана 416 трактароў, з іх 68 — энерганасычаныя, 24 пасяўныя камбінаваныя агрэгаты і 12 зерневых сеялак розных мадыфікацый. У гаспадарках раёна ў пасяўную будуць працаваць 45 машын для ўнясення мінеральных угнаенняў.

Між тым у сёлетнюю пасяўную кампанію дапамогу аграрыям рэгіёна плануе аказваць ААТ «Гомельаблаграсэрвіс». На прадпрыемстве нацэлены развіваць новую паслугу: арганізуюць на сваёй базе механізаваны атрад. Ён стане добрай падмогай для гаспадарак, якія не будуць паспяваць спраўляцца з пэўнымі палявымі работамі ў неабходныя тэрміны. Для работы мехатрад забяспечаць усёй неабходнай тэхнікай.

Для аграрыяў імкнуцца стварыць належныя ўмовы для тэрміновай закупкі неабходных угнаенняў. Па аператыўнай інфармацыі Мінсельгасхарча аб ходзе сельгасработ, на пачатак тыдня ў Гомельскай вобласці мінеральных угнаенняў пад сяўбу ярыны назапашана звыш 53 тысяч тон, гэта амаль чвэрць ад запланаванага.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фо­та Ма­ры­ны ВАСІЛЬЕВАЙ

Загаловак у газеце: На лінейцы гатоўнасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тэст. Беларускія жанчыны: імя ў гісторыі

Тэст. Беларускія жанчыны: імя ў гісторыі

Праверце, ці шмат вы пра іх ведаеце.

Грамадства

Тэлевядучая Кацярына Валовік: Маё шчасце залежыць толькі ад мяне!

Тэлевядучая Кацярына Валовік: Маё шчасце залежыць толькі ад мяне!

Асабісты погляд на тыя каштоўнасці, без якіх немагчыма паўнавартаснае жыццё жанчыны, незалежна ад узросту і статусу. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

ДЗЕВА. На гэтым тыдні вас чакаюць прыемныя сустрэчы і зносіны з цікавымі людзьмі.