Вы тут

Тры чвэрці нашых вадаёмаў маюць экалагічны статус «добры» і вышэй


Гэтая інфармацыя была агучана на калегіі Мінпрыроды, на якой падвялі вынікі работы і намецілі планы на будучыню.


Кіраўнік прыродаахоўнага ведамства Андрэй Худык адзначыў, што практычна па ўсіх кірунках дзейнасці ёсць вынікі, дынаміка і дасягненні не толькі на краінавым, але і на сусветным узроўні. «Так, у сусветным рэйтынгу па індэксе экалагічнай эфектыўнасці Беларусь займае 49 пазіцыю са 180 краін, апярэджваючы ўсе астатнія краіны ЕАЭС. Краіна займае лідзіруючыя пазіцыі сярод краін рэгіёна па якасці паветра, сістэмы кіравання цвёрдымі адходамі, ацэнцы біяразнастайнасці і навакольнага асяроддзя», — канкрэтызаваў міністр.

Дасягненні Мінпрыроды за апошні час былі праілюстраваны некаторымі лічбамі. Напрыклад, штогод зніжаецца ўзровень выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасферу, з 2015 года зніжэнне склала 4,5 %. «Добры» і больш высокі экалагічны статус маюць 74,6 % нашых вадаёмаў. Забяспечаны прырост запасаў нафты па катэгорыі С2 + D0 ў аб’ёме больш за 4 мільёны тон або звыш 138 % ад задання і нафты катэгорый С1 + С2 у аб’ёме 5,75 млн тон або 113 % ад задання на 2018–2020 гады. Плошча асабліва ахоўных прыродных тэрыторый да 2020 года дасягнула 9 % ад плошчы краіны. За апошнія тры гады за кошт сродкаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі выкананы работы па паўторным забалочванні тарфянікаў на плошчы больш за 15 тысяч га.

Актыўна абмяркоўвалася на калегіі пытанне аб шкодных выкідах ад кацельняў. Як растлумачыў першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Баляслаў Пірштук, праблема існуе. Старыя кацельні пасля мадэрнізацыі могуць працаваць у нармальным рэжыме і паступова колькасць праблемных аб’ектаў змяншаецца. Мадэрнізацыя не патрабуе вялікіх фінансавых выдаткаў, аднак для некаторых балансатрымальнікаў кацельняў і такія сумы непад’ёмныя.

Набірае папулярнасць выкарыстанне мясцовых відаў паліва, у прыватнасці, шчэпак. І сёння існуюць бяспечныя тэхналогіі, але ўсё зноў упіраецца ў фінансы: такое абсталяванне нятанна каштуе. Але ўлічваючы, што расходны матэрыял значна таннейшы, чым газ, выдаткі акупяцца.

Намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Корбут падняў праблему выжывальнасці дрэў, высаджаных на ўзбочынах дарог. Таксама звярнуў увагу прадстаўнікоў органаў мясцовай улады на неабходнасць эфектыўнага выкарыстання зямель, на якіх знішчаны баршчэўнік Сасноўскага: калі адразу не ўвесці іх у гаспадарчы абарот, праз год-два там зноў вырасце агрэсар.

Намеснік прэм’ер-міністра Аляксандр Субоцін, які прысутнічаў на калегіі, заўважыў: «Зялёны» парадак дня ў свеце становіцца ўсё больш і больш актуальны. Ён пачынае ўплываць на развіццё іншых галін, на развіццё эканомікі, прамысловасць змяняецца з-за «зялёнага» руху, некаторыя галіны знікаюць. Таму ваша роль у эканоміцы і ў дзяржаве павінна расці. Хацелася б, каб ваша здольнасць атрымліваць замежныя гранты, тэхнічную дапамогу значна павялічылася. Задача складаная, але бачачы, як гэта робяць Грузія, Казахстан, думаю, што і ў нас рэзервы ёсць".

На бягучы год агульны бюджэт праектаў, якія рэалізуюцца з міжнароднай тэхнічнай дапамогі, запланаваны ў памеры 31 млн долараў і 11,8 млн еўра. Выдаткі праектаў за 2020 год склалі 7,5 млн долараў і 3,9 млн еўра.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота прэс-службы Мінпрыроды

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».