Вы тут

МНС адпрацавала механізм дзеянняў падчас паводкі


На Міншчыне прайшлі вучэнні, на якіх адпрацоўвалі механізм дзеянняў падчас паводкі.

Таўшчыня снегавога покрыва на большай частцы Беларусі зараз складае ад 17 да 35 сантыметраў. На ўсходзе гэтая лічба месцамі нават перавышае паўметра. Але зіма ўжо амаль прайшла. І ўсё менш часу застаецца да таго, як снег будзе немінуча раставаць. А значыць, рызыка паводкі становіцца ўсё больш высокай.


Для таго каб адпрацаваць механізм дзеянняў падчас «вялікай вады», у Пухавіцкім раёне прайшлі спецыялізаваныя абласныя вучэнні. Удзельнічалі ў іх прадстаўнікі многіх ведамстваў. Сярод іх — міністэрствы па надзвычайных сітуацыях, унутраных спраў, дарожныя службы...

— На тэрыторыі Мінскай вобласці ёсць традыцыйна напружаныя мясціны з пункту гледжання паводкавай абстаноўкі, — расказвае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія Швайбовіч. — Гэта традыцыйна ўчасткі Стаўбцоўскага, Барысаўскага, Маладзечанскага, Пухавіцкага раёнаў. Яны знаходзяцца ў поймах Бярэзіны, Плісы, Бабра, Ушы, Нявежы, Віліі, Свіслачы і Нёмана.

Менавіта пойма Свіслачы і стала своеасаблівай трэніровачнай пляцоўкай. Першым пунктам, куды высадзіліся ўдзельнікі вучэнняў, стаў мост праз Свіслач у раёне вёскі Лешніца. Паводле легенды, яго апоры былі пашкоджаны крыгаходам. Праз гэта ўзнікла небяспека таго, што ён можа абрынуцца. Задача складалася ў тым, каб забяспечыць бяспеку мясцовых жыхароў і арганізаваць аб'езд транспарту.

Але перш чым пачынаць экстранны рамонт апоры, транспарту трэба падабрацца да поймы ракі. Для гэтага будучая дарога чысціцца ад снегу і заадно падсыпаецца пяском з самазвалаў. Дарожнікі тым часам рыхтуюць спецыяльныя металічныя канструкцыі. Яны будуць трымаць апоры да таго часу, пакуль хібы не ліквідуюць. Спецыялісты запэўніваюць, што пры неабходнасці могуць сцягнуць спецыялізаваную тэхніку з розных куткоў Мінскай вобласці. Дабярэцца яна сюды за лічаныя гадзіны.

Пры падобных надзвычайных сітуацыях склікаецца спецыяльная камісія, у якую ўваходзяць прадстаўнікі многіх службаў. Узначаліў яе намеснік старшыні Пухавіцкага райвыканкама Аляксандр Сугак.

— У нашым раёне ў зоне магчымага падтоплівання знаходзіцца каля дваццаці вёсак. Мы гатовыя вывезці іх жыхароў на транспарце мясцовага аўтапарка, — сцвярджае суразмоўнік. — Шмат рэйсаў для гэтага не спатрэбіцца. Напрыклад, тут, у вёсках Лешніца і Ванькаўшчына, усяго жыве каля сотні чалавек. Але я не магу згадаць выпадкаў, калі б даводзілась эвакуіраваць людзей у рэальнасці. Ды і апошняя паводка адбылася ў нас даволі даўно — каля пяці гадоў таму. А пасля снег ці то зусім не выпадаў, ці то яго было вельмі мала. Вось што сапраўды ўяўляе патэнцыяльную цяжкасць падчас эвакуацыі, дык гэта садовыя таварыствы. Іх у нас у раёне каля 170. Прычым частка людзей жыве там і ўзімку.

Праз некаторы час эпіцэнтр вучэнняў перамяшчаецца на новы пункт. Уздоўж Свіслачы ідзе невялікая вясковая вулачка. Па легендзе, яе ўчастак быў размыты моцнымі дажджамі. Яны, у сваю чаргу, справакавалі падняцце вады ў рацэ да крытычнага ўзроўню. Жыхары навакольных дамоў сталі паведамляць аб тым, што вада пачала пранікаць на іх прысядзібныя ўчасткі. Задача аварыйных службаў — адвесці ваду і вярнуць дарогу ў спраўны стан. Для гэтага трэба арганізаваць работу грэйдара і падсыпку грунту.

— Мы зыходзім з таго, што размыла каля 120 метраў дарогі. Побач знаходзіцца кар'ер, адкуль можна вазіць пясок, — паясняе галоўны інжынер ДРБУ-169 філіяла КУП «Мінскаблдарбуд» Юрый Размысловіч. — Але падабрацца сюды мы можам толькі заднім ходам. Наогул трэба падсыпаць каля тысячы кубаметраў грунту. Па часе мы адводзім на гэта каля шасці гадзін. Работы па дасыпцы вядуцца з паслойным зацвярдзеннем. Гэта значыць, што з будаўнічых сумесяў робіцца спецыяльнае пакрыццё.

Падтопленыя землі маюць патрэбу і ў санітарным кантролі.

— Мы праводзім падворныя абходы для таго, каб выявіць магчымыя падтопліванні, асабліва падвалаў, сховішчаў гною, кампоставых ям, — расказвае ўрач-гігіеніст аддзела гігіены Пухавіцкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Юрый Вардамскі. — Таксама адбіраем пробы з шахтных калодзежаў. Калі вынікі даследаванняў не адпавядаюць санітарным нормам і правілам, будзем праводзіць дэзынфекцыю пры дапамозе таблетак. Жыхарам жа рэкамендуем ваду кіпяціць або ўвогуле карыстацца той, што прадаецца ў бутлях.

Фінальны пункт вучэнняў — адначасова і самы складаны. Меркавалася, што быў пашкоджаны газаправод на падводным участку і была парушана лінія сувязі. Вадалазам трэба было правесці адпаведныя рамонтныя работы ў адчувальны холад — тэмпература за бортам апускалася далёка за нуль.

— Адпрацоўваем сітуацыю, калі без газу засталіся адразу два раёны — Пухавіцкі і Чэрвеньскі, — тлумачыць галоўны інжынер Пухавіцкага раёна газаснабжэння Святлана Ермалінская. — Сярод спажыўцоў — 16 прамысловых прадпрыемстваў, 20 камунальна-бытавых і больш за сем тысяч абанентаў. Іх нельга пакідаць без «блакітнага паліва». Пэўная частка іх — з катламі. Час перападключэння — ад 30 да 50 хвілін. Запасаў газу ў газаправодзе дастаткова, каб забяспечваць насельніцтва на працягу некалькіх гадзін. Аднак для гэтага трэба адключыць вытворчыя аб'екты.

На практыцы такія сітуацыі могуць узнікнуць праз простую чалавечую неахайнасць. Скажам, нейкая арганізацыя пачала раскопку на тэрыторыі, а перад тым у газазабяспечвальную арганізацыю не звярнулася. Як вынік — экскаватар чапляе газавую трубу.

Падобныя вучэнні будуць праводзіцца рэгулярна.

— Мы даём ацэнку рабоце розных ведамстваў. Гэта неабходна для таго, каб ацаніць стан, здольнасць прыняць імі тыя ці іншыя кіраўнічыя рашэнні ў выпадку ўзнікнення падобных сітуацый, — адзначыў першы намеснік начальніка Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Уладзімір Янчык.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Пакуль не разліліся рэкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».