Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


«Мы былі на сёмым небе ад шчасця»

Так здараецца: азірнешся часам на пройдзены шлях і ўбачыш, як жа непарыўна ён звязаны з пэўнымі людзьмі і мясцінамі, з гістарычнымі падзеямі і нават...

Мая першая сустрэча з ансамблем «Верасы» адбылася ў 1975-м падчас канцэрта ў Магілёўскім педвучылішчы. Для нас, 16-гадовых і ў большасці сваёй вясковых падлеткаў, гэта выступленне стала сапраўдным цудам! Да сёння ў памяці, як на сцэне прыглушылі святло, як да мікрафона выйшаў малады прыгожы «вайсковец», як у сцішанай зале загучала яго:

«Товарищ генерал, вот добровольцы —

Двадцать два гвардейца и их командир

Построены по вашему...» — «Отставить, вольно!

Значит, вы, ребята, пойдете впереди...»

Пад канец гэтага верша на сцэну стала вяртацца святло, палілася песня: «Этот город называется Полоцк...».

Пасля канцэрта артыстам сталі задаваць пытанні — у пісьмовым выглядзе. Сярод іх была запіска з маім: «Якім падзеям прысвечана песня?»

Той «вайсковец», ён жа Аляксандр Ціхановіч, сказаў, што ў чэрвені 44-га пры вызваленні Полацка 23 воіны-гвардзейцы на чале з камандзірам узвода лейтэнантам Грыгор'евым фарсіравалі Заходнюю Дзвіну, захапілі важны ваенны плацдарм... На тым месцы цяпер абеліск з прозвішчамі 22 герояў (жывы застаўся толькі адзін), а песню напісаў Юрый Візбар.

Здаецца, з таго канцэрта я захапілася гісторыяй апошняй вайны...

А папулярнасць «Верасоў» тым часам расла. Праз пару гадоў яны зноў былі з канцэртам у Магілёве, і падчас яго мы, дзяўчаты, атрымалі асалоду не толькі ад песень, але і ад прыгожых строяў: салісткі ансамбля былі ў доўгіх сукенках, расшытых унізе васількамі ды рамонкамі.

Нешта падобнае пашыла сабе і я — прыбралася на выпускны баль у вучылішчы і нават дагэтуль захоўваю.

...Потым былі гады вучобы ў сталічным універсітэце, культпаходы на канцэрты любімага ансамбля. І не толькі: неяк напрадвесні ў нацыянальных строях і з кветкамі мы выйшлі на перон Мінскага вакзала, каб сустрэць в'етнамскую дэлегацыю, і там убачылі любімых артыстаў: «Верасы» ад'язджалі на гастролі ў Вільнюс. Мы чакалі адзін і той жа вагон, размаўлялі, смяяліся. А ўрэшце — уручыўшы букеты гасцям і ўбачыўшы, што адзін застаўся — панеслі яго Аляксандру Ціхановічу. Той, помню, замахаў рукамі: «Вы што, дзяўчаткі?.. Хіба я падобны на в'етнамца?»

Букет мы ўручылі Ядвізе Паплаўскай.

...Наступны эпізод як быццам не пра іх, і ўсё ж! У 1983-м мы з калегамі адпачывалі на турбазе ў Аджарыі, каля самай турэцкай граніцы, і ўсе 24 дні там «круцілі» нашых «Сяброў», «Песняроў», «Верасоў» (найчасцей гучала «Малінаўка»). Мы, беларускія дзяўчаты, былі на сёмым небе ад шчасця! І, вядома ж, не ад шампанскага, якое стараліся перадаць за наш стол галантныя грузінскія кавалеры... Ад таго, што гэта — нашы песні і нашы «хлопцы», ад таго, што мы — беларускі. Гэта быў патрыятызм — вышэйшай пробы! А потым...

У нашай школе ўпершыню прайшла сапраўдная дыскатэка. Нам дазволілі выключыць святло. Вулічныя ліхтары замянялі святламузыку. Мой першы дзясяты клас «круціў» кранальна-пяшчотнае: «Ты куды мяне клічаш, паслухай, завіруха мяце, завіруха, на дварэ ні машын, ні людзей, на дварэ ні машын, ні людзей...»

Іх сапраўды не было. Ішоў толькі снег і... Сярожа Багамолаў, каб запрасіць мяне, настаўніцу, на танец.

Я, помню, трохі разгубілася ад смеласці вучня, але ж танцаваць пайшла. А вось будучы муж (на свяце ён быў у міліцэйскай форме) разгубіўся і адмовіўся.

...Калі ў нас нарадзіўся сынок, Міша, Ядвіга Паплаўская ўжо спявала, відаць, найлепшую калыханку: «Доўгі дзень, цёплы дзень адплывае за аблокі...».

Гэтую ж песню днямі і начамі спявала я. А неяк у бальніцы над хворым дзіцяткам (не ў крыўду паэту Генадзю Бураўкіну) дапісала цэлы слупок:

Ноч прыйшла, з ёй была

Каляровых сноў вясёлка.

Спіць камар, спіць пчала,

Каб ізноў устаць на золку.

Толькі зорачкі не спяць,

На цябе яны глядзяць.

Спі, засні хутчэй, сыночак,

Заўтра раненька ўставаць.

...А потым ад «Верасоў» на сцэне засталіся любімыя салісты — з'явіўся дуэт «Счастливый случай». І ўжо яго песні разляталіся ва ўсе куткі былога вялікага Саюза.

У жніўні 1999 года я прыехала ў Жыровіцкі манастыр, каб пакланіцца цудатворнаму абразу Божай Маці. Малілася ды плакала аб сваім, але ж неяк заўважыла, што мужчына побач са мною таксама выцірае вочы. Перад апошняй прыступкай да іконы я ўбачыла, што гэта... Аляксандр Ціхановіч. Ён (светлай памяці!) часта прыязджаў у гэты манастыр, напісаў музыку да трапара і кандака (асобыя малітвы) іконе Божай Маці «Жыровіцкай», спяваў у царкоўным хоры Свята-Духава сабора і ў патрыяршым хоры ў Маскве.

...У 2002-м у дзень Маці з дабрачынным канцэртам і падарункамі ён наведаў Уздзенскую санаторную школу. У ёй тады вучыўся мой сын Міша і таксама хваляваўся — збіраўся выступаць: пад любімую гітару праспяваць «Молитвы матери моей»...

Ён хораша пачаў, і які ж гэта быў цуд, калі на сцэну да яго выйшаў... Аляксандр Ціхановіч, і прыпеў яны праспявалі разам!

На памяць аб той, апошняй, сустрэчы, застаўся агульны здымак з найлепшымі пажаданнямі і песні, якія гучаць у сэрцы да сёння.

Наталля Сівак, в. Заполле, Чэрвеньскі раён


Калі не баяцца працы

...Шляхі божыя непрадказальныя: у няпросты час знайшлі адно аднаго Таццяна Гарачова і Віталь Голубеў, стварылі сям'ю, гадуюць дачушку, маюць жыллё ў райцэнтры, а на ўскрайку вёскі Дразды ў іх, як меркавалася, будзе дача. Праўда, пры ёй 25 сотак зямлі... І пару гектараў можна ўзяць у арэнду...

— Першай мы купілі карову галштына-фрызскай пароды, — расказвае Віталь. — Затым двух бычкоў (аднаго пародзістага, племяннога). За імі на падворку з'явілася пяць цялят і пяць цялушак... Таццяна сама вядзе ўсю бухгалтэрыю, прайшла рэгістрацыю як кіраўнік сялянска-фермерскай гаспадаркі.

Летам іх статак няблага жыў пад адкрытым небам, але ў верасні сужэнцы распачалі будоўлю. Не ўсё, на жаль, паспелі зрабіць. Тым не менш іх так званая міні-ферма выглядае досыць прыстойна: сцены з бялюткіх блокаў, шчыльныя металічныя дзверы, унутры — і чыста, і цёпла...

— Хоць для нашых свіней гэта і не вельмі трэба. Яны не баяцца холаду, — тлумачыць гаспадыня. — Парода такая — пуховая мангаліца. Кныра муж прывёз з Гродзеншчыны, дзвюх свінаматак купілі ў Оршы. Парасят ад іх і прадавалі ўжо, і сабе пакінулі. Кормім з малачком, так што растуць яны хутка, набіраюць вагу.

Ёсць на падворку ў новых вяскоўцаў і кабыла Майка — шчырая працаўніца, надзейная памочніца. Ёсць мотаблок, да якога не так даўно купілі прычэп для перавозкі жывёлы. Добра было б займець свой трактар... Хацелася б вырошчваць збажыну, каб не купляць камбікорм...

Карацей, планаў у гэтай сям'і шмат, працы яна не баіцца. Значыць, усё атрымаецца?

Таццяна Ігнаценка, г. Лёзна


«Дзень» — «ноч», «праўда» — «хлусня», «гаварыць» — «маўчаць»...

У Васіля Быкава (светлай памяці!) неяк спыталі пра яго любімы занятак. Ён адказаў: «Думаць».

Якраз гэта могуць зрабіць чытачы любімай «Звязды», для якіх я склаў адмысловы тэст-віктарыну: зашыфраваў 20 твораў беларускіх пісьменнікаў. Каб расшыфраваць іх, дастаткова замяніць словы на процілеглыя (ці амаль процілеглыя) па значэнні. Добра яшчэ б назваць пісьменнікаў. А яшчэ лепш — перачытаць. І не толькі згаданае... Паспрабуем?

1. «Забытыя ночы».

2. «Звяры ў пустыні».

3. «Запрашэнне цнатлівай дзяўчыны».

4. «Зацішша ў кустах».

5. «Каханыя выжываюць».

6. «Казіны статак».

7. «Марынка-машынка».

8. «Нараджэнне зайца».

9. «Кугакаюць совы».

10. «Планета Сатурн».

11. «Полацкая басота».

12. «Прыезджыя».

13. «Рогат вароны».

14. «Свая чужына».

15. «Старое неба».

16. «Захвалены д'ябал».

17. «Хлусня памірае скраю».

18. «Хатняя рыбалка жабрака Гароха».

19. «Чорт аднолькава множыць»

20. «Чужыя бацькі».

Мікалай Старых, г. Гомель

Адказы (вылучыце тэкст ніжэй мышкай)

1. «Векапомныя дні», Міхась Лынькоў, 2. «Людзі на балоце», Іван Мележ. 3. «Выгнанне блудніцы», Іван Шамякін. 4. «Вецер у соснах», Іван Навуменка. 5. «Нелюбімыя гінуць», Віктар Праўдзін. 6. «Воўчая зграя», Васіль Быкаў. 7. «Міколка-паравоз», МІхась Лынькоў. 8. «Гібель ваўка», Эдуард Самуйлёнак. 9. «Пяюць жаваранкі», Кандрат Крапіва. 10. «Зорка Венера», Максім Багдановіч. 11. «Пінская шляхта», Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. 12. «Тутэйшыя», Янка Купала. 13. «Плач перапёлкі», Іван Чыгрынаў. 14. «Чужая бацькаўшчына», Вячаслаў Адамчык. 15. «Новая зямля», Якуб Колас. 16. «Зацюканы апостал», Андрэй Макаёнак. 17. «Праўда жыве пасярэдзіне», Уладзімір Гніламёдаў. 18. «Дзікае паляванне караля Стаха», Уладзімір Караткевіч. 19. «Бог не роўна дзеле», Францішак Багушэвіч. 20. «Родныя дзеці», Ніл Гілевіч.


«Чароўны свет роднай мовы»

Ці доўга пражыве дрэва, калі ў яго абсякуць карані? Якім стане чалавек, калі ў яго забяруць родную мову?

Каб прымусіць вучняў задумацца над гэтымі пытаннямі, каб абудзіць цікавасць да вывучэння беларускай мовы і літаратуры, у нашай школе прайшло свята «Размаўляй са мной па-беларуску». Падчас яго хлопчыкі і дзяўчынкі акунуліся ў чароўны свет роднай мовы, паслухалі, як яна гучыць не толькі на ўроках, «пабывалі» ў фальклорнай экспедыцыі, адказалі на пытанні віктарын «Перакладчыкі» і «Стравы беларускай кухні».

На свяце папрысутнічаў і выступіў кандыдат філалагічных навук Л. Кузьміч, прагучалі беларускія вершы і песні ў выкананні настаўніка А. Марусава, фальклорнага калектыву «Валошкі» і гуртка «Дабрадзеі».

Ала Пратасава, загадчыца бібліятэкі СШ № 66 г. Гомеля


Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.