Вы тут

​Кацярына Роўда: «Цікавасць да друкаванай кнігі жыве!»


Замест электроннага чытання многія па-ранейшаму выбіраюць традыцыйныя папяровыя выданні. Аб гэтым нам распавяла супрацоўніца бібліятэкі, паэтка, лаўрэат прэстыжнай прэміі Міжнароднага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва СНД «Садружнасць дэбютаў» Кацярына Роўда.


Электронная бібліятэка БДУ ўваходзіць у тройку сусветных лідараў сярод універсітэцкіх лічбавых сховішчаў. У чым поспех віртуальнай платформы? Як каранавірус паўплываў на працу?

— Фундаментальнай бібліятэцы БДУ хутка споўніцца 100 гадоў. Нас пакуль апярэдзіў толькі японскі Універсітэт Кіёта і бразільскі Федэральны універсітэт Рыа-Грандэ-ду-Сул. Усяго ў рэйтынгу ўдзельнічалі больш за 3 тысячы лічбавых сховішчаў ВНУ і даследчых цэнтраў з усяго свету.

Колькасць карыстальнікаў электроннай бібліятэкі БДУ на фоне пандэміі вельмі вырасла. Асаблівы попыт — на лічбавыя копіі навучальных выданняў. Больш за 85 адсоткаў кантэнту нашай электроннай бібліятэкі знаходзіцца ў адкрытым доступе. Запыты на публікацыі паступаюць з усяго свету. У першую чаргу, з постсавецкіх краін, бо нашы матэрыялы ў асноўным рускамоўныя.

Поспехі лічбавай платформы — наш гонар і вялікая штодзённая праца. Але і традыцыйны збор кніг і дакументаў у нас унікальны: фонд бібліятэкі налічвае звыш паўтара мільёна экзэмпляраў дакументаў на розных мовах. А яшчэ ў нас самая вялікая ў Беларусі калекцыя навуковай фантастыкі.

— Ва ўсім свеце набірае папулярнасць акцыя «Бібліяноч», калі ў музеях, бібліятэках і на іншых культурных пляцоўках арганізуюць розныя мерапрыемствы, каб нагадаць пра друкаваную кнігу і важнасць чытання. У 2020 годзе, па зразумелых прычынах, яе не праводзілі. На ваш погляд, як яшчэ можна прывіваць любоў да чытання?

— Усё пачынаецца з сям'і. Упэўненая, што любоў да кніг трэба фарміраваць з дзяцінства. Казкі на ноч, сумесныя чытанні, наведванне кніжных крам, выстаў, спектакляў... Такія рэчы прывіваюць любоў да мастацкага слова.

У нашай краіне робіцца многае, каб у век электронных тэхналогій друкаваная кніга не сыходзіла ў цень. Праводзяцца прэзентацыі, аўтограф-сесіі, паэтычныя спектаклі, розныя акцыі і форумы. Вядома, мінулы год быў няпростым для ўсіх. Па прычыне пандэміі адбыліся змены ў арганізацыі і рэалізацыі праектаў. Многія перайшлі ў анлайн-фармат, актыўна сталі выкарыстоўваць інтэрнэт-платформы.

Выдатна, што сёння тэхнічныя магчымасці дапамагаюць нам быць мабільнымі, вырашаць розныя пытанні, па сутнасці, не ўстаючы з крэсла. Але таго, што дораць асабістыя зносіны: дыялогаў, абмену думкамі, сустрэч «вочы ў вочы», — гэтага, вядома, не хапае. Упэўненая, што анлайн не заменіць жывых гутарак.

Цікава, якую кнігу вы зараз чытаеце?

— У апошні час я ў ролі галоўнага рэдактара альманаха «аБДУмана» і чытаю студэнцкія апавяданні, нарысы, эсэ, вершы і пераклады. Нашы аўтары пішуць пра каханне і нянавісць, бацькоў і дзяцей, вайну і мір. Дзіўна, што не толькі філолагі і журналісты, але і біёлагі, гісторыкі, юрысты, фізікі добра адчуваюць час, ведаюць прадмет, пра які пішуць. Мяне вельмі радуе, што маладыя аўтары з вялікай павагай ставяцца да слова.

Вельмі радасна, калі знаходзіцца хвілінка ўзяць у рукі томік Ахматавай, Бальмонта, Бродскага, Цвятаевай. Па магчымасці перакладаю вершы на беларускую мову.

Хутка я стану шматдзетнай маці. Таму зноў вярнулася да літаратуры пра цяжарнасць і мацярынства.

— Вы пішаце вершы, кіруеце клубам аматараў мастацкага слова КЛУмБа. Дзе знаходзіце натхненне?

— Гэты момант вельмі тонкі, я б сказала, далікатны. Для мяне натхненне — асаблівы стан, які можа захапіць у любы момант, незалежна ад месца і настрою. Ці гэта будзе восеньскі дажджлівы вечар, ці марозная зімовая раніца... Верш можа быць кропкавай рэакцыяй на падзею, з'яву, а можа з’яўляцца вынікам доўгіх разважанняў, перажыванняў і пошукаў. У асноўным, я пішу вершы па-старому, ад рукі, нягледзячы на тое, што мабільны тэлефон і камп’ютар даўно сталі неад'емнай часткай працы і жыцця. У гэтым ёсць асаблівая магія.

— Для многіх жанчын адным з галоўных жыццёвых выбараў становіцца пытанне: кар'ера альбо сям'я.

— Можна быць таленавітым аўтарам, непераўзыдзеным аратарам, паспяховым літаратарам, але дзеля чаго ўсё гэта, калі чалавек самотны, пакрыўджаны, а па вечарах вяртаецца ў пустую кватэру? Ці маюць сэнс усе гэтыя дыпломы, узнагароды і прэміі, калі няма з кім падзяліць радасць і разам памарыць пра нешта новае? Мне здаецца, адказ відавочны.

Вядома, для мяне важна рэалізавацца ў творчасці, знайсці водгук у сэрцах чытачоў, бачыць, што мае кнігі запатрабаваныя. Усё гэта напаўняе мяне духоўна і падштурхоўвае да самаразвіцця. У пытаннях сям'і, творчасці, самарэалізацыі дробязей не бывае, з іх складаецца карціна жыцця.

— Гэта і ёсць шчасце?

— Шчасце — даволі мнагамернае паняцце і асаблівы стан душы. Упэўненая, што, калі дома любоў і разуменне, тады і работа ладзіцца, і свет цябе прымае з радасцю. Шчаслівы бляск у вачах маіх дзяцей, абдымкі мужа, усхваляваныя ўсмешкі бацькоў, падтрымка братоў — усё гэта дае мне сілы. Крыніца майго натхнення — у сэрцах тых незаменных людзей, якія сваёй верай, праўдай і асабістым прыкладам дапамагаюць мне становіцца лепш і, хай невялікімі, але досыць упэўненымі крокамі рухацца наперад, насустрач новым марам і здзяйсненням. Я веру, што нават тыя, каго ўжо няма з намі, сваім каханнем і малітвай абараняюць і ахоўваюць. Для мяне такі анёл-ахоўнік — любімая бабуля, памяць пра якую я беражліва захоўваю.

У гэты няпросты час я мару пра мір. У сем'ях, калектывах, гарадах і краінах. Кожны з нас хоча адчуваць спакой і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Мне здаецца, што шчасце, здароўе і любоў блізкіх — гэта самае лепшае і бясцэннае, чым можа ўзнагародзіць чалавека Усявышні. Менавіта там, дзе ёсць давер, падтрымка, адказнасць і клопат, зараджаюцца і развіваюцца таленты, здольныя пакінуць свой непаўторны след у гэтым свеце.

— Кацярына, які станоўчы вопыт мы возьмем з гісторыі пандэміі?

— Медыцынская праблема выклікала новыя сацыяльныя водгукі. З'явіліся і сталі відавочнымі гарызантальныя сувязі, такія, як валанцёрства, ахвяраванні і пошук новых форм дапамогі сацыяльна неабароненым слаям насельніцтва.

Мне здаецца, што пандэмія дала нам урок усвядомленага спажывання. Зараз вельмі важна не быць бестурботным і абыякавым. Каварства віруса ў тым, што ад хваробы ніхто не застрахаваны, а бессімптомная праява ў аднаго можа прывесці да цяжкай формы хваробы ў яго сваякоў, сяброў і калег.

На жаль, ніхто не можа дакладна сказаць, калі наша жыццё вернецца ў нармальнае рэчышча, калі мы зможам зноў збірацца за вялікім сямейным сталом, адзначаць святы і без страху наведваць адно аднаго. Але я ўпэўненая, што ўсе цяжкасці часовыя. У моманты любой небяспекі людзі павінны аб'ядноўвацца. На мой погляд, час сацыяльных абмежаванняў варта выкарыстоўваць для свайго духоўнага росту. І нішто не перашкаджае звярнуцца да фондаў нашай электроннай бібліятэкі.

 

Яніна КУРЫЛОВІЧ

Фота з архіваў К. РОЎДА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.