Вы тут

«Тут галоўнае — бачыць удзячныя шчаслівыя вочы. Гэта неймаверная матывацыя!»


«Тут галоўнае — бачыць удзячныя шчаслівыя вочы. Гэта неймаверная матывацыя!» — кажа 22-гадовая Дар'я САСНОЎСКАЯ пра валанцёрскую дзейнасць, якой займаецца з юнацтва. Дзяўчына па адукацыі выкладчыца замежнай мовы, але звязала свой жыццёвы шлях з выхаваўчай работай — яна педагог-арганізатар у сярэдняй школе № 20 г. Оршы. Калі ёсць вольны час, Даша праводзіць яго разам з іншымі зацікаўленымі мясцовага добраахвотніцкага грамадскага аб'яднання «Дабракі», каб дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу.


— Яшчэ калі вучылася ў каледжы, была камандзірам валанцёрскага атрада, дзе мы ў кампаніі аднадумцаў аказвалі дапамогу Цэнтру карэкцыйнага развіцця і навучання Аршанскага раёна, Аршанскаму дому-інтэрнату для састарэлых і інвалідаў. Праз некаторы час я ўжо ўзначаліла пярвічную арганізацыю БРСМ школы, дзе зараз працую, і паступова далучала навучэнцаў старэйшых класаў да такой дзейнасці. Пазней з сябрамі пачалі збірацца ў лакальнае аб'яднанне для арганізацыі розных дабрачынных мерапрыемстваў. Тады і падумаць не маглі, што гэта знойдзе свой водгук у нашым горадзе, але з часам да нас стала далучацца ўсё больш і больш аднадумцаў. У канцы 2019 года вырашылі, што трэба выходзіць на новы ўзровень, — тады і пачалася гісторыя «Дабракоў». Галоўным кіраўніком стала Лілія Дземчанка, я ж — галоўным каардынатарам, а ў далейшым і яе памочнікам.

Суразмоўніца ўпэўнена, што рашэнне — дапамагаць тым, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, — не павінна быць кімсьці навязана: яно ідзе проста ад душы.

— Ні ў каго з каманды «Дабракоў» няма абавязкаў. Мы добраахвотная арганізацыя, дзе кожны сам выбірае, чым ён будзе займацца і колькі часу на гэта гатовы выдаткаваць. Зразумела, імкнёмся падтрымаць сваіх таварышаў, калі ў іх штосьці не выходзіць. Усяго ў калектыве каля 70 чалавек, але ледзве не з кожным днём колькасць актывістаў расце. Штомесяц мы праводзім арганізацыйныя сходы, падчас якіх актыўна абмяркоўваем сваю дзейнасць, далейшыя паездкі, планы на будучыню, выпраўляем недахопы. Аб'яднанне мае раённых куратараў, якія адказваюць за збор матэрыяльнай дапамогі. На сёння намі праведзена больш за 50 дабрачынных мерапрыемстваў, сярод якіх аказанне дапамогі Рэспубліканскаму навукова-практычнаму цэнтру дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі (туды адправілі больш за тысячу цацак для маленькіх пацыентаў), прытулку для бадзяжных жывёл, паездкі ў сацыяльныя ўстановы, трэнінгі, акцыі, экалагічныя рэйды па прыборцы лесу.

Да таго ж калектыў аказвае адрасную дапамогу малазабяспечаным, шматдзетным сем'ям горада. Вялікую ўвагу валанцёры аддаюць узаемадзеянню з ветэранамі. Актыўна прымаюць удзел у мерапрыем- ствах ад Саюза моладзі. Так, каманда добраахвотнікаў стала пераможцам штогадовага рэспубліканскага конкурсу «Валанцёр года — 2019» у намінацыі «Найлепшая валанцёрская група ў сацыяльнай сетцы», а сёлета была адзначана ў спецыяльнай намінацыі YouthUnіon на цырымоніі другой Маладзёжнай прэміі. Акрамя таго, «Дабракі» бралі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе SocіalWeekend, дзе прайшлі ў паўфінал.

— Усё гэта патрабуе вялікай колькасці часу. Акрамя дружнай каманды, у мяне ёсць і ўласная падтрымка — муж Віктар, «па сумяшчальніцтве» першы сакратар Аршанскага раённага камітэта БРСМ, ён таксама раздзяляе маё захапленне і прымае актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах нашага дабрачыннага аб'яднання. Шчыра кажучы, іншым разам цяжка паверыць у тое, што са звычайнай кампаніі сяброў-аднадумцаў мы перараслі ў паўнавартаснае аб'яднанне «Дабракі», дзейнасць якога зараз вядомая ўсёй краіне. Хацелася б падзякаваць усім тым, хто не застаецца ўбаку і дапамагае рабіць добрыя справы разам з намі. Клапоцячыся аб іншых, валанцёры дзеляцца часткай сябе. І праз нейкі час атрымліваюць зваротную сувязь: бачаць пазітыўныя змены, якія адбыліся ў тых, каму дапамаглі. Увогуле такую дзейнасць нельга назваць работай, гэта больш прызванне ці занятак для душы. Акрамя жадання дзяліцца цеплынёй і клопатам, быць адкрытым, валанцёр павінен мець якасці, неабходныя ў нестандартных сітуацыях. Бо, як ні круці, прыйдзецца сутыкнуцца са складанасцямі, таму трэба быць гатовым вучыцца і мяняцца, наладжваць кантакт з людзьмі рознага ўзросту. Важна ўмець слухаць і максімальна хутка адаптавацца да любых умоў, быць цярплівым, уважлівым і прыязным.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота дадзены гераіняй

Загаловак у газеце: Дзяліцца добрымі справамі — разам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

Яшчэ некалькі гадоў таму Людміла і Уладзімір Жарын былі звычайнымі жыхарамі райцэнтра.

Культура

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

«На схіле ўзгорка, нібы падпіраючы замак, растуць дзве даўгалетнія сасны. Яны захаваліся дзякуючы пашыранаму сярод гараджан і навакольных жыхароў перакананню, што яны выраслі не на раслінным соку, а на крыві».