Вы тут

Крэатыўна абнавіць аватарку ў профілі, ці Не жадаеце падводную... фотасесію?


Сёння складана знайсці чалавека, які б не выстаўляў свае фатаграфіі ў сацыяльных сетках. Для таго каб кадр атрымаў вялікую колькасць «лайкаў», карыстальнікі ўсё часцей звяртаюцца да паслуг прафесійных фотастудый. Нягледзячы на тое, што дэкарацыі ва ўсіх розныя, тэматыка і спецыфіка збольшага аднатыпныя. Але гэта не датычыцца фотастудыі сям'і Віталія і Ксеніі Гаўрашко, бо яна знаходзіцца ў... вадзе. Мы наведалі іх і распыталі галаву сям'і аб усіх тонкасцях і цяжкасцях іх бізнесу.


— Адкрыць уласную студыю, тым больш такую незвычайную, не было марай усяго нашага жыцця. Я заўсёды працаваў у сферы кіравання, а мая жонка — фатографам. Так што ідэя стварэння праекта падводнай фотастудыі ўзнікла зусім выпадкова і нечакана, калі мы ўбачылі кліп гурта RASA на песню «Пчаляр». У ім дзяўчына здымалася пад вадой, і гэта выглядала вельмі эфектна. Пасля прагляду вырашылі пашукаць, дзе можна зрабіць такія фотасесіі ў Беларусі, і аказалася, што ў нашай краіне няма нічога падобнага. Параіўшыся з жонкай, вырашылі самі ўвесці такое новаўвядзенне ў айчынную фотаіндустрыю.

Пры рэалізацыі гэтай складанай задумкі нашы героі сутыкнуліся з шэрагам цяжкасцяў. Перш за ўсё яны высветлілі, дзе ёсць нешта падобнае, і паехалі ў Маскву. Набраўшыся вопыту, Віталій і Ксенія заняліся распрацоўкай праекта, вывучэннем тэарэтычнай базы і, вядома ж, пошукам месца. Апошні пункт аказаўся адным з самых складаных.

— Студыя будавалася цалкам з нуля, паколькі мы нідзе не змаглі знайсці месца з прыдатным для нас басейнам. Наш вельмі адрозніваецца ад таго, у якім займаюцца плаваннем, практычна па ўсіх параметрах, пачынаючы ад матэрыялу, з якога ён зроблены, і заканчваючы ўбудаванымі акенцамі для аб'ектыва фатографа. Вялікую ўвагу мы аддалі вадзе. Яна павінна не шчыпаць вочы і быць крышталёва чыстай. А яе тэмпература падтрымліваецца на ўзроўні трыццаці градусаў цяпла, каб было камфортна знаходзіцца ў ёй доўгі час. Шчыра кажучы, каб гэтага дамагчыся, прыйшлося вывучыць нямала літаратуры і выпрабаваць веды на практыцы. Але, як бачыце, усе цяжкасці мы з Ксеніяй змаглі пераадолець. А на пачатковым этапе нам яшчэ сур'ёзна дапамаглі Цімафей Волчак і Улада Дзямкіна — супрацоўнікі студыі. А Цімафей нават стаў першай мадэллю, выпрабаваўшы на сабе ўсе нюансы падводнай фотасесіі.

Цімафей, Улада і гаспадары студыі.

Праект нашых герояў рэалізоўваўся дзевяць месяцаў. Сямейная пара лічыць гэта вельмі сімвалічным, бо фотастудыя стала для іх па-сапраўднаму роднай і любімай. Галоўная яе частка — басейн. На першы погляд ён нагадвае вялікую бетонную чашу без швоў і стыкаў, пафарбаваную ў шэры колер. Для бяспекі і зручнасці ўсе вуглы закругленыя. А над басейнам вісяць пражэктары, якія можна перамяшчаць. Таксама ў студыі мноства рэквізіту: адзенне, аксесуары і розныя тканіны, якія можна выкарыстоўваць бясплатна, калі браць фотасесію «пад ключ», ці за пэўную даплату, калі прыходзіш са сваім фатографам. Акрамя асноўнай лакацыі, у студыі ёсць трапічны душ, Віталь заўважае, што яго часта выкарыстоўваюць для фэшн-здымак і эратычных фотасесій.

— У нас ёсць некалькі важных правілаў, якіх прытрымліваемся. Першае — гэта адсутнасць макіяжу, калі ён не водаўстойлівы. Праверыць досыць лёгка: пасля прыняцця душа, а ён абавязковы перад наведваннем любога басейна, няважна, будзеш ты ў ім плаваць або фатаграфавацца, мы выдаём госцю белы ручнік. Той лёгенька прыціскае яго да твару — калі макіяж не адбіўся на ім, то ўваход у басейн свабодны. Гэтае правіла ўзнікла з-за дзвюх прычын. Па-першае, эстэтыка фотаздымкаў: уявіце, дзяўчына з прыгожым макіяжам заходзіць у басейн, нырае, і на месцы касметыкі атрымліваецца маска Джокера. Ну і, па-другое, касметыка, якая расплывецца, забрудзіць ваду, яна памутнее і будзе складана зрабіць прыгожы кадр. З гэтай жа прычыны мы просім наведвальнікаў мыць адзенне, у якім яны хочуць здымацца, без парашку, і ўзяць абутак без чорнай падэшвы. Яшчэ адным асноўным правілам нашай студыі з'яўляецца тое, што ў басейн нельга апускаць рэчы, якія могуць яго падрапаць, а ўсё астатняе можна пры ўзгадненні з намі.

Са свайго боку, Віталь і Ксенія робяць усё магчымае, каб знаходжанне ў іх студыі было не толькі запамінальнае, але і бяспечнае. Паколькі мы прыйшлі пазнаёміцца з фотастудыяй непасрэдна перад фотасесіяй, нам удалося самім пабачыць усе этапы праверкі і падрыхтоўкі басейна. Спачатку наш суразмоўнік спецыяльным пыласосам вычысціў яго, пільна сочачы, каб не засталося ніводнай парушынкі. Паводле яго слоў, ён кожны раз імкнецца зрабіць ваду максімальна празрыстай. Наступным этапам было вымярэнне ўзроўню розных хімічных элементаў у вадзе праз адмысловае прыстасаванне. І толькі пераканаўшыся, што з ёй усё ў парадку, Віталь дазваляе пачаць фотаздымкі. Акрамя таго, дзеля бяспекі сваіх кліентаў нашы героі прайшлі курсы ў таварыстве выратавання на водах. Таму пры неабходнасці змогуць аказаць першую медыцынскую дапамогу.

Фота з архіва фотастудыі.

— Нягледзячы на тое што студыя працуе не так даўно, яна ўжо мае пастаянных кліентаў і карыстаецца попытам не толькі сярод ахвотных абнавіць свае сацыяльныя сеткі, але і ў камерцыйнай сферы. Адным з першых нашых кліентаў быў вядомы беларускі блогер-мільённік Улад Бумага. Ён разам з камандай на шэсць гадзін арандаваў басейн для стварэння чэленджу: хто даўжэй пратрымаецца пад вадой. Найбольш частымі гасцямі студыі з'яўляюцца, канешне, дзяўчаты, ім вельмі падабаецца адчуваць сябе русалачкамі. Таксама часта бываюць сямейныя пары. Ну, і маленькія дзеці. Яны так выдатна паводзяць і адчуваюць сябе пад вадой, часам больш упэўнена, чым многія дарослыя кліенты. А наогул у нас можна ажыццявіць самую крэатыўную ідэю, бо прынцып фотаздымкі вельмі лёгкі. Трэба проста нырнуць і затрымаць на пару секундаў дыханне. Нават тыя людзі, якія не ўмеюць плаваць, выдатна фатаграфаваліся ў нас. Ім, напэўна, нават лягчэй, яны проста апускаюцца на дно басейна і не робяць лішніх рухаў, у адрозненне ад тых, хто добра плавае (смяецца). Але нашкодзіць сабе па-сапраўднаму ў іх не атрымаецца. Глыбіня басейна — усяго паўтара метра, таму чалавек лёгка становіцца на ногі і рыхтуецца да наступнага апускання. Па вопыце магу сказаць: хто хоць раз пабываў у нашай студыі, запомніць свой візіт як адну з самых яркіх прыгод у сваім жыцці, а бонусам атрымае чароўныя фатаграфіі ад маёй каханай жонкі.

Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка ІV курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры  і мастацтваў

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».