Вы тут

Sex-балясы. Амаль як у людзей


Пра братоў нашых меншых я ўжо неяк пісаў, што часцяком іх паводзіны нагадваюць чалавечыя. Ну, прынамсі, гэта так умоўна можна трактаваць. («— Люся, а ты жывёл любіш? — Ваня, ты робіш мне прапанову?») Жыццё не стаіць на месцы, падкідвае новыя факты. («Хлопец кінуў дзяўчыну. Але яго сабака па звычцы знайшоў яе і прынёс гаспадару назад».) Вось з апошняга. Нядаўна ўвесь свет абляцела кранальная фатаграфія, на якой два аўдавелыя пінгвіны — пажылая самка і малады самец — суцяшаюць адно аднаго. На здымку, зробленым у аўстралійскім Мельбурне, адзін пінгвін нібы абдымае другога. Валанцёры расказалі фатографу, што птушкі сапраўды незадоўга да гэтага страцілі спадарожнікаў жыцця і з тых часоў рэгулярна сустракаюцца. («Месца сваіх сустрэч Ірына і Генадзь называлі ірагеннай зонай».)


Нядаўна даследчыкі высветлілі, што сацыяльная ізаляцыя ўзмацняе цягу да цукру і цыгарэт. («Пасля двух месяцаў самаізаляцыі ў кватэры былі знойдзены два антыцелы».) Да такой высновы прыйшлі навукоўцы з аўстралійскага Універсітэта штата Новы Паўднёвы Уэльс. Устанавілі яны гэта пры дапамозе пацукоў. Даследчыкі, у прыватнасці, высветлілі, што «сацыяльная ізаляцыя можа аказаць значны ўплыў не толькі на псіхічнае, але і на фізічнае здароўе і развіццё такіх станаў, як трывожнасць, кампульсіўнае пераяданне (расстройства харчовых паводзінаў, якое ўяўляе сабой празмернае ўжыванне ежы) і дэпрэсія». («— Чула, ты на дыеце. Шмат скінула? — Пяць кіло. — А колькі было? — Сто пяцьдзясят. — А, ну гэта як з танка гайка адвалілася».)

Падчас эксперыментаў на лабараторных жывёлах даследчыкі высветлілі, што прывыклыя да тытуню жывёлы, знаходзячыся ў сацыяльнай ізаляцыі, значна часцей пачыналі зноў шукаць крыніцу нікаціну, нават пасля перыяду ўстрымання. («— Сёння вечар пятніцы! Паехалі са спакойнай душой у бар! — Але сёння вечар серады. — А... Ну тады паехалі ў бар з неспакойнай душой!») «Калі мы вярнулі іх назад да «таварышаў па клетцы», яны больш не шукалі нікацін і страчвалі цікавасць да яго пошуку», — растлумачыла вядучы аўтар даследавання Кэлі Клеменс. Аналагічныя вынікі былі і тады, калі замест нікаціну навукоўцы выкарыстоўвалі цукар. («Паклала печыва ў трох метрах ад канапы. Так я хаця б гуляю».)

«Эксперыменты на жывёлах даказалі, што сацыяльна актыўнае, багатае на зносіны жыццё дапамагае знізіць цягу да шкодных звычак. Што датычыцца людзей, то «магчымасць пайсці выпіць кавы і пагаварыць з сябрамі адцягвае ад лішняй ежы і цыгарэт, а таксама дабратворна ўплывае на псіхічнае здароўе», — адзначаюць аўтары даследавання. («Цікава, што пераможа пасля каранціну: колькасць разводаў ці нараджальнасць?»)

На думку навукоўцаў, сацыяльная ўцягнутасць адыгрывае больш значную ролю ў барацьбе з залежнасцямі, чым лічылася раней, а сацыяльная ізаляцыя, наадварот, перашкаджае ёй. («Мужчынскі дэсерт — гэта калі ты з'еў талерку духмянай смажанай бульбачкі з грыбочкамі і цыбулькай, кладзеш талерку ў ракавіну, ідзеш да патэльні і адтуль яшчэ лапаткай пару разоў заточваеш. Вось гэтыя дзве лапаткі і ёсць мужчынскі дэсерт».) У далейшым група спецыялістаў плануе правесці больш прадметныя даследаванні пра ўплыў сацыяльнай ізаляцыі на паводзіны чалавека і стан яго здароўя. Зноў на жывёлах? («Калі Роза Львоўна перастала есці пасля шасці, яна пачала грызці Сямёна Маркавіча пасля сямі».)

Каманда даследчыкаў з Масарыкава ўніверсітэта падчас назіранняў устанавіла, што самцы павукоў Thanatus fabrіcі навучыліся абезрухоўліваць партнёраў ядам і звязваць іх павуціннем перад спарваннем. («Шлюбная ноч. Малады муж пытаецца: — Дарагая, скажы шчыра: я першы мужчына, які будзе з табой спаць? — Ну, калі ты і сапраўды збіраешся спаць, тады — так».) Справа ў тым, што самкі ў гэтых членістаногіх звычайна буйнейшыя за самцоў і больш агрэсіўныя, да таго ж схільныя да канібалізму. («Ты ўсё?» — пяшчотна спытала самка багамола».) Адзначаецца, што для самцоў павукоў-крабаў спробы знайсці партнёршу нярэдка заканчваюцца трагічна. («У яго была самая прыгожая дзяўчына ў двары, таму ў армію яго і праводзілі ўсім дваром».) Таму, каб працягнуць род і пры гэтым не стаць абедам, павукам даводзіцца праяўляць вынаходлівасць. («Калі на вяселлі выкралі нявесту, у жаніха зацеплілася надзея».)

А тэхаскі прытулак для жывёл Frіends For Lіfe расказаў пра незвычайны выпадак: арганізацыя «прыгаварыла да адзіночнага заключэння» ката па мянушцы Квілці. Жывёлу часова ізалявалі, бо яна раз за разам адкрывала дзверы і выпускала астатніх катоў на волю. Памятаеце з мульціка: «Свабоду папугаям!» («Трохдзённыя перагаворы зайшлі ў тупік. Кот лічыць, што ёлка павінна ляжаць».) Квілці правёў некалькі «начных акцый» запар. Персанал ранкам прыходзіў і бачыў у офіснай частцы памяшкання мноства жывёл, якія пакідалі пасля сябе «сляды хаосу і разбурэнняў». Звычайна іх прымалі ў агульным памяшканні, але камеры відэаназірання паказалі, што Квілці адкрываў дзверы. («Часам я раблю выгляд, што я нармальны. Але становіцца сумна, і я зноў станаўлюся сабой».) Дарэчы, кот паспрабаваў збегчы і з «ізалятара».

Такі ён — дзіўны свет жывёл...

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

Добры настрой — гэта падмурак высокай якасці нашага жыцця.

Грамадства

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

Многія жанчыны лічаць, што макіяж ў сталым узросце рабіць не варта, таму што гэта «дадае гадоў».

Культура

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

 У сценах установы ў межах літаратурна-музычнай імпрэзы прагучалі вершы і песні.