Вы тут

Падведзены вынікі работы медыцыны ва ўмовах пандэміі


У Беларусі ў 2020 годзе ўведзены ў эксплуатацыю 17 аб'ектаў аховы здароўя, адмяняць «ковідныя» надбаўкі медыкам у 2021 годзе не будуць, а трэцяя хваля каранавіруснай інфекцыі будзе менш інтэнсіўная. Пра гэта і іншае міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч расказаў учора на выніковай калегіі ведамства, якая прайшла ў фармаце відэаканферэнцыі.


Міністр праінфармаваў, што праведзена вялікая работа па мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнай базы сістэмы аховы здароўя: за апошнія пяць гадоў пабудавана або татальна рэканструявана больш за 80 аб'ектаў аховы здароўя. Нягледзячы на няпростыя эканамічныя ўмовы, у 2020 годзе ўведзены ў эксплуатацыю 17 аб'ектаў аховы здароўя, а таксама прыняты меры па фінансаванні будаўніцтва значных аб'ектаў у 2021 годзе.

Выдаткі дзяржаўнага сектара на ахову здароўя складаюць больш за 4 % ВУП, удзельная вага выдаткаў у кансалідаваным бюджэце — 16 %. Фармацэўтычнай галіной за пяць гадоў павялічаны ў 3,5 раза аб'ём вытворчасці лекавых прэпаратаў, іх экспарт — у 1,8 раза, доля айчынных прэпаратаў на рынку дасягнула 50 %.

Канчатковыя вынікі ў барацьбе з пандэміяй будуць падведзены пасля завяршэння эпідэмічнага сезона. Міністр нагадаў, што Комплексны план па барацьбе з COVІD-19 у краіне быў распрацаваны і зацверджаны яшчэ 4 лютага 2020 года. І калі паступіў нулявы пацыент (27 лютага), сістэма, у прынцыпе, была гатовая.

— Стратэгічныя рашэнні прымаліся на ўзроўні Прэзідэнта краіны. З моманту эпідэміі пад яго кіраўніцтвам было праведзена больш за 30 нарад. Па даручэнні Прэзідэнта былі сфарміраваныя штаб на ўзроўні ўрада і рэгіянальныя штабы. Кіраўнік дзяржавы асабіста наведаў восем устаноў аховы здароўя і «чырвоныя» зоны ў іх, — адзначыў Дзмітрый Піневіч.

Да работы з COVІD-19 былі прыцягнутыя 35 % урачоў і 45 % сярэдніх медработнікаў. Асобна міністр адзначыў ролю спецыялістаў хуткай дапамогі і паліклінічнага звяна — на піку пандэміі працавала 1,5 тысячы кантактных брыгад.

— Кіраўніком дзяржавы 2020 год пазначаны як год мужнасці медыкаў — гэта для нас самая высокая ацэнка, — падкрэсліў міністр. Ён расказаў, што на працягу года дзяржузнагароды атрымалі 45 медыцынскіх работнікаў, якія былі занятыя ў барацьбе з інфекцыяй, яшчэ больш за 4,3 тысячы ўзнагароджаны ўрадам, міністэрствам сумесна з прафсаюзамі, мясцовымі органамі ўлады.

— Умовы татальнага закрыцця межаў пацвердзілі правільнасць нашых рашэнняў: мы мелі рацыю, калі не скарацілі структуру аховы здароўя, калі адстойвалі прыярытэтнасць імпартазамяшчэння, — адзначыў міністр.

Па яго словах, з 16 да 59 была павялічана колькасць ПЛР-лабараторый, праведзена звыш 4 мільёнаў дыягнастычных даследаванняў. Вырашаны праблемы забеспячэння сродкамі індывідуальнай аховы, рознымі відамі спецыяльнага і дыягнастычнага абсталявання. Цяпер амаль уся лінейка аховы і тэстаў з'яўляецца айчыннай. Лекавае забеспячэнне адбываецца без збояў.

Згодна з указам кіраўніка дзяржавы, робяцца выплаты за работу ва ўмовах COVІD-19 — гэта ўжо больш за 580 мільёнаў. Як запэўніў усіх медыцынскіх работнікаў міністр, аплата за працу з COVІD-19 будзе праводзіцца і далей.

— Ніхто адмяняць рашэнне Прэзідэнта па «ковідных» надбаўках не будзе — гэтыя выдаткі запланаваны на 2021 год, — падкрэсліў міністр. Ён адзначыў, што айчынная мадэль барацьбы супраць COVІD-19 паказала сваю эфектыўнасць, і асновай яе сталі прафесіяналізм, мабілізацыя, самаадданасць спецыялістаў на ўсіх узроўнях.

— Карыстаючыся гэтай трыбунай, хачу перадаць словы шчырай падзякі ўсім калегам! — сказаў ён.

Дзмітрый Піневіч адзначыў, што барацьба з пандэміяй яшчэ далёкая ад завяршэння. Мы знаходзімся на другой хвалі з тэндэнцыяй да зніжэння ва ўсіх рэгіёнах. Найбольш верагодна, што трэці перыяд уздыму будзе менш інтэнсіўны. Але многае будзе залежаць ад завозу новых штамаў і ступені ахопу вакцынацыяй.

Цяпер колькасць прышчэпленых складае амаль 25 тысяч чалавек, першымі былі вакцынаваны медыцынскія спецыялісты. Яшчэ 40 тысяч вакцын паступае ў рэгіёны зараз. Акрамя таго, 100 тысяч доз кітайскай вакцыны прыбыло ў Беларусь, ёй будуць прышчэплены 50 тысяч чалавек. Яшчэ 100 тысяч доз чакаецца ў сакавіку. З сакавіка плануецца і разліў вакцыны «Спадарожнік V» на магутнасцях нашых фармпрадпрыемстваў — па 500 тысяч доз у месяц. Усе ахвотныя атрымаюць прышчэпку.

Памяншэнне існуючых адрозненняў паміж рэгіёнамі па ўзроўні забеспячэння медыцынскай дапамогай — стратэгічная мэта сістэмы аховы здароўя на найбліжэйшы час. Аднак, міністр аховы здароўя ўпэўнены, што гэта трэба рабіць мэтанакіравана, у тым ліку праз развіццё сістэмы аховы здароўя абласных цэнтраў, забяспечыўшы 12 гарадоў паскоранага развіцця і апорныя бальніцы (з улікам праблемных тэрыторый).

Па словах намесніка прэм'ер-міністра Ігара Петрышэнкі, «мінулы год для краіны і сістэмы аховы здароўя прайшоў пад знакам барацьбы з каранавірусам. Медыкі апынуліся на перадавой, прадэманстравалі свой прафесіяналізм, стойкасць, мужнасць, ратавалі нашых людзей, укаранялі новыя пратаколы».

Віцэ-прэм'ер адзначыў, што перад галіной пастаўлены новыя задачы.

— Пэўныя заўвагі былі зробленыя кіраўніком дзяржавы ў яго выступленні на VІ Усебеларускім народным сходзе — сістэма аховы здароўя павінна стаць бліжэй да чалавека, ведаць яго патрэбы. Мы павінны ўдасканальваць сістэму, каб яна працавала як адзіны складаны механізм: гаворка ідзе пра першасную дапамогу на сяле, у рэгіянальным або абласным цэнтры, сталіцы.

Ігар Петрышэнка таксама адзначыў, што трэба пашыраць магчымасці прынцыпу «залатой медыцынскай гадзіны» — ён павінен спрацоўваць па ўсёй краіне. Тым больш што падыходы і лагістыка выбудаваныя.

Кадравая палітыка — яшчэ адна найважнейшая тэма.

— Малайцы нашы студэнты — як толькі пачалася пандэмія, па ўласнай ініцыятыве выйшлі на дапамогу старэйшым калегам — у лячэбныя ўстановы. У той жа час яны добра здавалі сесію, — адзначыў Ігар Петрышэнка.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: Прафесіяналізм, мабілізацыя, эфектыўнасць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».