Вы тут

Як змяняюцца кошты на жыллё ў рэгіёнах?


У буйных гарадах краіны заходняга напрамку на другасным рынку жылля з вясны мінулага года зніжаюцца цэны на кватэры ў доларавым вылічэнні. Пры гэтым колькасць выстаўленых на продаж аб'ектаў вялікая, а попыт на іх нізкі. Так лічыць дырэктар агенцтва нерухомасці ў Брэсце Мікалай Тукін.


«Рынак нерухомасці жыве перыядамі. Кватэры то даражэюць, то таннеюць. Да гэтага дадаліся свае асаблівасці: эканамічны і палітычны крызісы, сітуацыя з каранавірусам. Гэта і стала своеасаблівым трыгерам», — тлумачыць суразмоўнік.

Мікалай Тукін паведамляе, што сапраўдную цану палічыць складана, бо колькасць здзелак з пачатку года не дазваляе гэта зрабіць. «Калі іх 200, і ты лічыш цану квадратнага метра, то яна сумленная. А калі 80 або 90 здзелак, то знойдуцца 2-3 кватэры, якія прадалі даражэй. Гэта можа паўплываць на сярэдні паказчык. Але каб вам было больш зразумела, год таму такая лічба была падобная на 750 долараў за квадратны метр. Цяпер сярэдняя цана «квадрата» ўжо меншая за 700 долараў», — дзеліцца статыстыкай эксперт. На думку кіраўніка агенцтва, цана будзе зніжацца. Прагноз такі: да канца лета на другасным рынку ў Брэсце яна будзе ў раёне 500 долараў за «квадрат».

Спецыялісты гарадскіх агенцтваў нерухомасці адзначаюць, што за першы месяц года ў Гродне было прададзена да паўтары сотні кватэр. З улікам паніжанай актыўнасці на працягу ўсяго 2020 года можна сказаць, што гэта нядрэнны вынік.

У цэлым, спецыялісты адзначаюць раннюю актыўнасць пакупнікоў у параўнанні з мінулым годам. У лютым мы бачым, як працуе адкладзены попыт. У лістападзе і снежні многія пакупнікі адкладвалі вырашэнне жыллёвага пытання на 2021 год. А з сярэдзіны студзеня вярнуліся на рынак нерухомасці з новымі сіламі і надзеямі.

Вядома, што з пачатку лютага аднавілі выдачу крэдытаў на жыллё пад 21 % гадавых. Хутчэй за ўсё, навіна абнадзеіла прадаўцоў. І частка з іх будзе трымаць цэны на свае кватэры. Пры гэтым варта разумець, што такія ўмовы наўрад ці можна назваць даступнымі, а значыць і здольнымі сур'ёзна паўплываць на рост цэн і актыўнасць пакупнікоў.

Сярэдняя цана «квадрата» ў кватэрах у Гродне вырасла на 1,4 % у параўнанні са снежнем і склала 654 долары. Павышэнне сярэдняй цаны адбылося ў асноўным за кошт 2-пакаёвых і 3-пакаёвых кватэр. Напрыклад, з 40 прададзеных «двушак» 10 прыйшліся на новабудоўлі ў ЖК «Янтарны» і кватэры ў маналітным доме насупраць ад «Гроднажылбуда», дзе цэны стартуюць ад 700 долараў за метр.

Рост сярэдняй цаны з пачатку года быў зафіксаваны і ў 2020 годзе пры невялікай актыўнасці пакупнікоў. Але ў цэлым, калі параўноўваць студзень бягучага і мінулага года, то за год сярэдняя цана знізілася на 2 %.

Калі асобна вылучыць сярэднюю цану «квадрата» на другасным рынку, то яна спынілася на адзнацы ў 643 долары за метр. Самай таннай кватэрай студзеня стала аднапакаёвая «хрушчоўка» на трэцім паверсе па вуліцы Паповіча за 19 тысяч долараў. Самай дарагой аднапакаёўкай стала кватэра ў новым 19-павярховым доме ў ЖК «Янтарны» па праспекце Янкі Купалы. Кватэра на сёмым паверсе плошчай 41 квадрат абышлася пакупнікам у 35 тысяч 100 долараў. Сярод варыянтаў з другаснага рынку самай дарагой стала аднапакаёвая кватэра ў новым доме 2018 года пабудовы ў мікрараёне Каўбасіна. Кватэра з рамонтам была прададзена за 31 тысячу долараў.

Сярэдняя цана ў аб'явах аб продажы кватэр у Віцебску за апошні тыдзень вырасла на 0,3 % і склала 603 долары за м2. На 0,5 % вырасла сярэдняя цана аднапакаёвых кватэр, якія на дадзены момант прадаюцца ў сярэднім па 636 долараў за «квадрат». Сярэдняя цана на двухпакаёвыя кватэры ў Віцебску складае 589 долараў за квадратны метр (без змен за тыдзень). За трохпакаёвыя кватэры ў абласным цэнтры просяць у сярэднім 581 долар, што на 1 % больш, чым тыдзень таму.

Дынаміка цэн у буйных гарадах вобласці. На 0,4 % знізілася сярэдняя цана прапановы кватэр у Оршы — да 502 долараў за квадратны метр. У Наваполацку кватэры прадаваліся ў сярэднім за 553 долары/м2 (мінус 0,7 % за тыдзень). У Полацку сярэдняя цана квадратнага метра ў аб'явах аб продажы кватэр склала 579 долараў (плюс 0,6 %).

Аднапакаёвыя кватэры ў Віцебску прапануюцца (сярэдні кошт) за 23 800 долараў, двухпакаёвыя — 30 100 долараў. У Полацку жыллё таннейшае, там аднапакаёвыя кватэры прадаюць за 21 100 долараў, двухпакаёвыя — 26 500 долараў. У Оршы — 18 500 і 25 000 долараў, а ў Наваполацку — 18 200 і 24 000 долараў адпаведна.

Дарэчы, самую дарагую кватэру, выстаўленую на продаж у Віцебску, ацанілі ў 120 тысяч долараў. Эксперты рынку лічаць такую лічбу завоблачнай, ва ўсякім разе, у гэты час і ў гэтым рэгіёне…

Сяргей КУРКАЧ

Прэв’ю: bn.ru

Загаловак у газеце: У рэгіёнах падобныя тэндэнцыі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.