Вы тут

Жыллё, дарогі, свая справа...


Дзесяць чалавек звярнуліся па дапамогу да старшыні Мінаблвыканкама Аляксандра Турчына падчас асабістага прыёму грамадзян.


Фота: БелТА.

Першы намеснік дырэктара закрытага акцыянернага таварыства «Ярс-Рэнвест» Яўген Варалаў і намеснік кіраўніка гэтай фірмы Уладзімір Фралоў расказалі, што кампанія з'яўляецца ўладальніцай будынка фермы, які выкупіла, і зямельнага ўчастка каля вёскі Прылуцкая Слабада Мінскага раёна.

— Мы зацікаўлены ў тым, каб узвесці тут раён малапавярховай забудовы з дамамі да пяці паверхаў. Гатовы пабудаваць таксама дзіцячы сад на 250 месцаў з басейнам, адпаведную інфраструктуру. Але пляцоўка не прызначана пад жыллё. Мы прыйшлі вызначыцца, што там можа быць, — пацікавіліся заяўнікі.

Як растлумачылі спецыялісты, на сённяшні дзень у адпаведнасці са схемай сацыяльнай комплекснай забудовы Мінскага раёна, якая была зацверджана ў 2019 годзе, гэтая тэрыторыя па функцыянале адведзена пад вытворчую.

— Мы не лічым, што будаўніцтва камерцыйнага жылля ў інтарэсах развіцця рэгіёна. Мінскі раён самы перанаселены ў краіне. Таму мы прынялі рашэнне, што ў найбліжэйшы час, і то ў абмежаваных месцах, будзем узводзіць жыллё для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні ўмоў пражывання. Пасля будаўніцтва камерцыйнага жылля мы сутыкаемся з мноствам праблем, якія таксама трэба вырашаць, — інфраструктура, дарогі, бальніцы, — канстатаваў Аляксандр Турчын.

Акрамя таго, у населеным пункце, каля якога таварыства купіла ферму, малапавярховая забудова. Пяціпавярховыя дамы не ўпісваюцца ў агульны пейзаж. Тым больш, што пасля іх уводу ў эксплуатацыю людзі могуць паскардзіцца на недахоп сацыяльных аб'ектаў, абслугоўвання, дэфіцыт месцаў у школе.

— Я, як старшыня Мінаблвыканкама, абяцаю, што вы атрымаеце падтрымку, калі рэалізуеце добры праект, звязаны з вытворчасцю, — сказаў кіраўнік цэнтральнага рэгіёна заяўнікам.

Раіса Аўрамец паскардзілася, што не можа вырашыць, зрэшты, не такое глабальнае пытанне. У спадчыну ад бацькоў ёй дастаўся дом у вёсцы Прылессе Мінскага раёна. Здавалася, жыві ды радуйся. Але перашкаджае гэтаму сусед, які пабудаваў каналізацыйную сістэму на землях агульнага карыстання. Калі спатрэбіцца падвезці да дома нейкія габарытныя грузы, то машына тут не пройдзе. Акрамя таго, ён парушыў межы зямельнага ўчастка.

Як аказалася, каналізацыя была ўладкавана раней. І з пункту гледжання тагачаснага заканадаўства, нічога не было парушана. Цяпер жа новымі правіламі ўладкаванне такіх сістэм не прадугледжваецца.

Старшыня Мінаблвыканкама даў даручэнне адпаведным службам выехаць на месца, вывучыць сітуацыю. І, калі яна адпавядае словам заяўніцы, даць суседу прадпісанне па выпраўленні парушэнняў да 1 мая.

Дзмітрый Свідрыгайла прасіў пасадзейнічаць яму ў атрыманні зямельнага ўчастка для рэалізацыі праекта па рэкультывацыі грунтоў, якія забруджаны адходамі нафтапрадуктаў. Ён запэўніў, што яго каманда валодае найноўшымі тэхналогіямі па ўзнаўленні зямлі. Па адукацыі ён біёлаг і займаецца такой справай не адзін год. Аднак для рэалізацыі ідэі неабходна пляцоўка, дзе б захоўваўся небяспечны груз, а таксама размяшчэнне абсталявання для яго апрацоўкі. Менавіта такую тэрыторыю яны нагледзелі ў Дзяржынскім раёне.

Аляксандр Турчын адзначыў, што ў Дзяржынскім раёне апошнім часам створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця бізнес-асяроддзя. Таму тут кожны кавалачак зямлі прэтэндуе на тое, каб яго эфектыўна выкарыстоўвалі. Губернатар даручыў спецыялістам прааналізаваць і даць заключэнне па тэхналогіі, наколькі яна бяспечная для зямлі і людзей. І толькі пасля гэтага прыняць правільнае рашэнне.

Павел і Вераніка Барташэвічы пераехалі ў вёску Кавярляны Дзяржынскага раёна з Мінска. І адразу ж расчараваліся ў вясковым жыцці — праблема вулічнага асвятлення, электразабеспячэння дамоў, дрэнныя дарогі... Сямейная пара расказала, што ўчастак трасы каля пяці кіламетраў Грынькова—Чыкі—Шпількі ў нездавальняючым стане. На іх думку, гэты адрэзак варта заасфальтаваць, што дазволіла б сэканоміць значныя бюджэтныя асігнаванні, якія трацяцца на грэйдзіраванне і падсыпку. Па гэтай дарозе не могуць нават пусціць аўтобус, і жыхарам навакольных вёсак даводзіцца да прыпынку дабірацца пехатой. Разам з тым дарожнікі даюць адказ, што дарога адпавядае патрабаванням якасці.

Аляксандр Турчын падкрэсліў, што ў Мінскай вобласці шмат дарог патрабуе рамонту. Аднак прыярытэт неабходна аддаваць тым, якія запатрабаваныя ў насельніцтва. Разам з тым, ён даручыў адпаведным службам паставіць камеры і праверыць колькасць машын, якія праходзяць па гэтай дарозе. У адпаведнасці з інтэнсіўнасцю руху і будзе вырашацца пытанне яе асфальтавання.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».