Вы тут

Суайчыннікі ў свеце. Альтуці з сям'і полацкага рамесніка


Перм. 80-я гады XIX стагоддзя. У горадзе працуе музычна-драматычны гурток. Канцэрты з гурткоўцамі ладзіць С. Дзягілеў. Ён — сціплы акампаніятар юных спевакоў. Пройдуць гады — і Сяргей Дзягілеў стане выдатным расійскім тэатральным дзеячам. А што ж гурткоўцы?.. Адзін з іх — Саша Альтшулер — выйдзе з часам у оперныя артысты, будзе займацца рэжысурай, педагагічнай дзейнасцю. Колішняе хлапчанё з сям'і простага рамесніка аб'ездзіць усю Расію. У гонар гаспадара выключнага па сваім бас-барытоне голасу будуць гучаць самыя праніклівыя і шчодрыя авацыі ў залах Казані, Астрахані, Екацерынбурга, Варонежа, Іркуцка, Саратава, Адэсы, Баку, Растова, Харкава. Ды гэта ўсё яшчэ наперадзе. Пакуль жа падлетак вяртаецца з заняткаў. Напявае любімыя арыі. А ў думках пераўвасабляецца ў самыя неардынарныя музычныя вобразы. Ужо хлапчанём ён — будучы майстра сцэны, які часам выступаў пад псеўданімам Альтуці — ведаў характары, шматаблічнае, шматфарбнае, рознакаляровае дзейства опер «Цар і цясляр», «Кармэн», «Севільскі цырульнік», іншых значных твораў, што выхоўвалі і фарміравалі густы, сімпатыі слухачоў. А што ж наша Беларусь, ці памятаў пра яе юны спявак?


Саша Альтшулер нарадзіўся ў Полацку Віцебскай губерні ў сакавіку 1870 года і да пяці гадоў жыў на беларускай зямлі. Маючы ад прыроды выключны музычны слых, будучы спявак вызначаўся тонкай, успрымальнай, кідкай да эмацыйных праяў натурай. Пазней, праз многія гады, музыказнаўца А. Пружанскі сфармулюе такую вось лаканічную характарыстыку творчых здольнасцей нашага земляка Аляксандра Альтшулера: «Валодаў добрым голасам прыемнага тэмбру, прыроднай музыкальнасцю. Свабодна трымаўся на сцэне і быў выдатным характарным акцёрам».

Канечне ж, настраёвасць, характар, пачуццёвасць голасу дапамагла маладому чалавеку сфарміраваць і полацкая духоўная аўра. Відаць, неаднойчы таленавітае дзіця рамесніка прыходзіла да Сафійскага сабора. Шлемавідныя купалы не маглі не ўразіць хлапчанё. Зірнеш на іх — быццам акраец сонейка ўзняўся перад вачыма, падняўся над гарызонтам. І званы...

Яму ў Полацку пазвоняць ютрань рана

ў званы ў святое Сафіі,

а ён той звон чуе ў Кіеве.

У Пярмі Аляксандр браў свае першыя ўрокі спеваў у вядомага педагога Кабелы. Па тым часе (а жыў Альтшулер на другой сваёй радзіме да 1888 года) Перм уяўляла сабою багаты на культурнае, асветніцкае жыццё горад. Фактычна — сапраўдная сталіца Прадуралля. Праўда, дзіўны па тым часе герб меў гэты прыгожы горад на Каме. Вось апісанне сімвала ці хутчэй партрэта-сімвала Пярмі: «У чырвоным полі сярэбраны мядзведзь, на якім пастаўлена ў залатым акладзе Евангелле, над ім сярэбраны крыж, якія азначаюць: першае — дзікія норавы мясцовых жыхароў, а другое — асвету праз прыняцце хрысціянскага закону».

Калі падлеткам (у 10–11 гадоў) Саша Альтшулер бегаў на бераг Камы, ён мог сустрэцца тут з пісьменнікам У. Караленкам. Уладзімір Галакціёнавіч адбываў судовае пакаранне — знаходзіўся ў Пярмі ў высылцы. У пачатку 1880-х гадоў у духоўнай семінарыі вучыўся і вядомы рускі празаік Дзмітрый Мамін-Сібірак. Памятаеце яго раман «Золата»?!..

У 1888 годзе Аляксандр Альтшулер пры матэрыяльнай падтрымцы пермскай грамадскасці ад'язджае ў Маскву. Пачынаецца прафесійнае навучанне спевам у музычна-драматычным вучылішчы (класы Франкеці, А. Барцала, Ю. Махінай). Што тычыцца Антона Іванавіча Барцалы, чэха па нацыянальнасці, то нельга не заўважыць, што юнаму спеваку з настаўнікам проста пашчасціла. За плячыма ў Барцалы мелася багацейшая практыка. Выступаць чэшскі спявак пачаў у Вене ў 1867 годзе. У 1870-м дэбютаваў на расійскай сцэне. У кастрычніку 1874 года выступаў у оперы «Фауст» на сцэне пецярбургскага Марыінскага тэатра. У 1903 годзе Барцал атрымаў ганаровае званне заслужанага артыста імператарскіх тэатраў. На сцэне Вялікага тэатра Антон Іванавіч як галоўны рэжысёр паставіў ажно 48 опер. Сваё бачанне, сваё ўласнае філасофскае, мастацкае асэнсаванне вобразаў Барцал імкнуўся перадаць і многім вучням, да якіх ставіўся надзіва адкрыта, шчыра.

Закончыўшы вучылішча, Саша Альтшулер, 23-гадовы спявак, дэбютуе пад прозвішчам Альтуці ў маскоўскай Італьянскай оперы. Працуе поплеч з Леанідам Собінавым. У 1894–1912 гадах спявае на оперных сцэнах Казані, Астрахані, Екацерынбурга, іншых гарадоў. Спрабуе свае сілы і ў другіх сферах музычнай дзейнасці. У 1909–1910 гадах утрымлівае антрэпрызу ў Екацерынбургу. З 1898 года апантана займаецца рэжысурай (у 1906 — у Казані, з 1912-га — у Екацерынбургу, Пярмі, Саратаве). Пасля, у 1920–1924 гадах, — галоўны рэжысёр Харкаўскага опернага тэатра. Такая руплівасць, такая шырыня мастацкіх памкненняў не можа не ўражваць!.. Пазней наш зямляк працуе ў Свярдлоўску і Пярмі. Сярод пастановак Аляксандра Альтшулера — «Царская нявеста», «Князь Сярэбраны»,«Серп і молат», «Аіда», «Жыдоўка», «Даліна», «Кармэн». Апошняя з іх опера ўпершыню стала вядома ў Екацерынбургу якраз дзякуючы пастаноўцы нашага Альтшулера.

Займаўся Аляксандр Якаўлевіч і выкладчыцкай, педагагічнай дзейнасцю. У 1926–1928 гадах — у Харкаўскім інстытуце музычнай культуры, ён — прафесар, кіраўнік опернага класа. А пасля — у Маскоўскім музычным тэхнікуме імя М. Мусаргскага (1928–1930). А было Альтшулеру па тым часе 60 гадоў. Век ужо сталы. Савецкі ўрад адзначыў працу Аляксандра Якаўлевіча ордэнамі: у 1923-м — званнем «Герой працы», у 1937-м — ордэнам «Знак Пашаны».

З 1930 года заслужаны артыст Украінскай ССР і РСФСР працаваў суфлёрам Вялікага тэатра ў Маскве. Памёр тамсама, у белакаменнай, у 1950 годзе. Шкада толькі, што наш зямляк амаль не пакінуў ніякіх успамінаў. Толькі невялічкі матэрыял пра яго — ці нават найболей пра іншых, з некаторымі згадкамі пра Альтшулера — быў надрукаваны ў «Советском артисте» ў 1938 годзе: «Як мы жылі раней». І ўсё, лічы. У нас жа, на Беларусі, знакамітага суродзіча з Полацка нават не згадваюць у «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі». Дзіўная забыўлівасць. Не згадваюць Аляксандра Альтшулера і ў шасцітомнай энцыклапедыі «Культура Беларусі»… Шкада, што па-ранейшаму ў дачыненні да такой яркай, прыкметнай мастацкай асобы праяўляецца абыякавасць. Зараз у Беларусі шмат ідзе размоў пра новую энцыклапедыю — электронную. Мо ў ёй усё ж такі знойдзецца месца напаміну пра Аляксандра Альтшулера?..

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Фота: enc.permculture.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

Яшчэ некалькі гадоў таму Людміла і Уладзімір Жарын былі звычайнымі жыхарамі райцэнтра.

Культура

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

«На схіле ўзгорка, нібы падпіраючы замак, растуць дзве даўгалетнія сасны. Яны захаваліся дзякуючы пашыранаму сярод гараджан і навакольных жыхароў перакананню, што яны выраслі не на раслінным соку, а на крыві».