Вы тут

Валожын і ваколіцы: Краязнаўчымі сцежкамі


Праз лёсы землякоў заўсёды цікава адкрываць любую старонку. Паспрабуем зрабіць гэта і на прыкладзе Валожынскага краю… Згадаем тых ураджэнцаў горада і ваколіц, хто бачыў сваю Валожынку ва ўсёй красе. Вішнева, Багданаў, Пяршаі, Лоск, Ракаў, Івянец, Ратынцы, Доры…


Ракаў. Фота: wikipedia.org

Кожнае з паселішчаў здзіўляе сваёй багатай гісторыяй, сваімі адмецінамі. І, канешне ж, — людзьмі. Тут і моўныя залацінкі свае. Гавораць на Валожыншчыне так: «Як гэта ты куплёў і не бачыў што? Аднаго чорта прадоў, другога купіў» (гэта ў Гіліках); «Жалезны ток, свіны пераскок, аўсяны пасад» (загадка з Аўгустова: скаварада, сала, бліны); «Чатыры чатырначкі, пятая лавушачка, шостая — жывушачка» (пра вяроўку, калыску і дзіця загадваюць у Аўгустове).

Пра мову валожынскіх паселішчаў успамінаю заўжды, калі на вочы трапляюць рэпрадукцыі работ разьбяра з гарадскога пасёлка Івянец Апалінарыя Пупко (ён нарадзіўся ў 1893 годзе). Закончыў мясцовае чатырохкласнае народнае вучылішча. «Несцерка» (1965), «Жалейка» (1970), «Ганчар» (1972), «Гусляр» (1978), «Сялянка» (1982) — гэтыя і іншыя работы дыхаюць цяплом, дабрынёю, выпраменьваюць святло як асаблівую энергетыку беларускага дрэва. Столькі маўклівае дрэва можа расказаць, што часам дзіву даешся!.. З яркіх творчых асоб Валожыншчыны — сям’я Паплаўскіх. Так, у вёсцы Далідовічы ў 1949 годзе нарадзілася Ядвіга Паплаўская — кампазітар, эстрадная спявачка, аранжыроўшчык, музыкант. Беларускую кансерваторыю закончыла двойчы — у 1972 годзе па класе фартэпіяна і ў 1988 па класе кампазіцыі. З 1971 года спявала ў ансамблі «Верасы». У 1989 разам з мужам Аляксандрам Ціхановічам стварыла Тэатр песні. Напісала кантату «Сын зямлі», сімфанічную паэму, санату, дзіцячыя п’есы для фартэпіяна, хароў, шэраг рамансаў і песен. А ў вёсцы Сівіца ў 1912 годзе нарадзіўся бацька Ядвігі — Канстанцін Іосіфавіч Паплаўскі, харавы дырыжор, кампазітар, педагог. Доўгія гады працаваў у Дзяржаўным акадэмічным народным хоры Беларусі — галоўным хормайстрам, музычным і мастацкім кіраўніком. У 1967 годзе Канстанцін Паплаўскі атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі.

З валожынскага Ракава — артыст оперы Вікенцій Фёдаравіч Бруй (нарадзіўся ў 1912 годзе). У перадваенныя гады — артыст Дома Чырвонай Арміі ў Мінску, саліст ансамбля Беларускай ваеннай акругі. У 1944–1948 і 1950–1959 гг. Вікенцій Фёдаравіч працуе салістам хору, а пасля салістам Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі. Аматары опернага мастацтва старэйшых пакаленняў, відаць, і цяпер памятаюць ураджэнца Валожыншчыны ў оперных спектаклях «Зорка Венера» Ю. Семянякі, «Князь Ігар» А. Барадзіна, «Фауст» Ш. Гуно… У 1971 годзе В. Бруя ўганаравалі званнем заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі. Памёр Вікенцій Фёдаравіч у 1985 годзе.

Вішнева. Фота: planetabelarus.by

Аглядаючы розныя вуліцы Валожына, узіраючыся ў маўклівыя абліччы камяніц і старых драўляных дамкоў, ведайце: у гэтым горадзе нарадзіліся вучоныя, пісьменнікі, ваеначальнікі, акцёры… Свае першыя крокі ў Валожыне зрабіла Таццяна Уладзіміраўна Ліхачова (нарадзілася ў 1952 годзе). Закончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. З 1972 года працуе ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Коласа. Крытыкі адзначаюць яе ролі ў спектаклях «Сымон-музыка» па Я. Коласу, «Пакахай мяне, салдацік» па В. Быкаву, «Дзядзька Ваня», «Вішнёвы сад» А. Чэхава, «Рамэа і Джульета», «Кароль Лір» У. Шэкспіра. Заслужаная артыстка Беларусі Таццяна Ліхачова — уладальнік многіх тэатральных прэмій.

Валожын — радзіма доктара фізіка-матэматычных навук Алега Ігнатавіча Таўгеня (1962–2011). Вельмі рана абараніў доктарскую дысертацыю — у 1993 годзе. Праз два гады атрымаў званне прафесара. У коле навуковых зацікаўленасцяў вучонага былі розныя праблемы, задачы алгебры, методыка выкладання матэматыкі, інфарматызацыя адукацыі. У 2000 годзе Алега Ігнатавіча прызначылі рэктарам Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Заўчасная смерць вучонага-матэматыка і арганізатара педагагічнай справы — непапраўная страта для сістэмы адукацыі Беларусі.

У 1948 годзе ў валожынскай вёсачцы Кацёўшчына нарадзіўся Мечыслаў Эдвардавіч Часноўскі. Быў рэктарам Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Болей за дваццаць гадоў выкладаў розныя гістарычныя дысцыпліны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Працаваў на дыпламатычнай рабоце. Мечыслаў Эдвардавіч займаўся даследаваннямі сацыялістычных пераўтварэнняў у заходніх абласцях Беларусі ў 1944–50 гады,  а таксама — беларуска-польскіх палітычных адносін. Доктар гістарычных навук, прафесар М. Часноўскі напісаў кнігі «Постсацыялістычныя краіны на шляху пераўтварэнняў і еўрапейскай інтэграцыі» (1997), «Краіны Сярэдняй Еўропы ў 1990-я гг.» (2002), «Гісторыя знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь» (2007).

Валожыншчына дала беларускай культуры і яркую сям’ю Янушкевічаў: тры браты — Язэп, Валяр’ян і Фелікс — выхаваны ў прасторы мястэчка Ракаў. Валяр’ян Язэпавіч нарадзіўся ў 1962 годзе. Закончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, а пасля — і творчыя майстэрні Акадэміі мастацтваў СССР у Мінску. Працуе ў станкавай скульптуры, жывапісе. Валяр’ян Янушкевіч — аўтар помнікаў М. Агінскаму ў Маладзечна, хартыі князя Радзівіла ў замкавым парку ў Нясвіжы, станкавых кампазіцый, прысвечаных дзеячам беларускай гісторыі. Фелікс Язэпавіч (нарадзіўся ў 1954 годзе) таксама вучыўся ў тэатральна-мастацкім інстытуце і акадэмічных майстэрнях, але, зразумела, крыху раней. Сярод твораў Ф. Янушкевіча — карціны «Гэй, славяне, Гэй, улане (Партрэт бацькі)», трыпціхі «Кастусь Каліноўскі», «Лёс Рагнеды, ці Сцяна памяці» і іншыя працы, у якіх жывапісец выкладае свае погляды на айчынную гісторыю. Язэп Янушкевіч — кандыдат філалагічных навук, нарадзіўся ў 1959 годзе. Займаецца гісторыяй беларускай літаратуры. Кнігі, якія ён падрыхтаваў, — сапраўдная бібліятэка, што пралівае святло на лёс беларускага прыгожага пісьменства: «Беларускі Дудар» (1911), «У прадчуванні знаходак» (1995), «За архіўным парогам» (2002)…

Валожын, Валожынская старонка — край, вандруючы па якім, можна смела зазіраць у самыя далёкія таямніцы беларускай гісторыі, беларускай культуры. Важна толькі пры гэтым памятаць, што гісторыю стваралі і ствараюць людзі. І звярнуліся мы сёння да біяграфій толькі некаторых ураджэнцаў гэтай старонкі…

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

А ніжэй вы можаце азнаёміцца з цудоўнымі краявідамі Валожыншчыны. Здымкі зроблены нашым фотакарэспандэнтам Анатолем КЛЕШЧУКОМ


Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.