Вы тут

Лукашэнка: Сёння бяспека шматбаковая: ад харчовай і ў цэлым эканамічнай да ваенных пагроз


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Аляксандра Вальфовіча, які быў прызначаны на гэту пасаду амаль месяц таму.


Асноўнае пытанне — склад і функцыяванне Савета Бяспекі, абазначыў кіраўнік дзяржавы.

«Нам трэба дашліфаваць некаторыя дакументы функцыявання Савета Бяспекі, — сказаў беларускі лідар. — Хацелася б на падставе вопыту Расіі, Казахстана, іншых дзяржаў, якія блізкія нам, ведаць, як яны забяспечваюць функцыяванне Савета Бяспекі. Хоць мы і раней абапіраліся на вопыт Расійскай Федэрацыі, ды і ў Казахстане яны недалёка адышлі ад гэтага. Але тым не менш, у адпаведнасці з нашымі ўмовамі нам трэба выбудаваць сур'ёзна, а недзе і перабудаваць работу Савета Бяспекі».

Вышэйшы калегіяльны каардынацыйны орган, што рэалізуе паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы ў галіне забеспячэння нацыянальнай бяспекі, якім з'яўляецца Савет Бяспекі, павінен збірацца рэгулярна, на ім належыць абмяркоўваць фундаментальныя пытанні абароны дзяржавы, падкрэсліў Прэзідэнт.

«Як правільна было адзначана, сёння бяспека шматбаковая: ад харчовай і ў цэлым эканамічнай да ваенных пагроз, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Таму занадта шырокі спектр пытанняў, якія належыць вырашаць. Думаю, за гэты час вы ўніклі ў сітуацыю як вопытны штабіст. Гэта практычна штаб, толькі на самым высокім узроўні — штаб Прэзідэнта па абароне і бяспецы».

Другое пытанне парадку дня сустрэчы — забеспячэнне стабільнасці ўнутры Беларусі сёлета, агучыў Прэзідэнт.

«Вельмі будзе няпросты год, і не толькі таму, што ёсць некаторае непаразуменне ў грамадстве працэсаў развіцця Беларусі, жаданне некаторых унутраных сіл і, асабліва, знешніх дэстабілізаваць абстаноўку», — папярэдзіў беларускі лідар.

Ціск адбываецца па ўсіх кірунках, заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

«Сёння нам ужо прэтэнзіі па спорце прад'яўляюць. Намі спрабуюць кіраваць у парушэнне ўсіх хартый і гэтак далей, але з гэтым мы разбяромся, гэта не праблема. Вы бачыце, што паціху-паціху, не кіем, дык палкай хочацца расхістаць Беларусь. І сігналы (не проста сігналы, а канкрэтныя дзеянні) ідуць з-за мяжы. На шчасце, мы выявілі ўсе гэтыя цэнтры, ведаем усіх гэтых „змагароў“ і беглых з Беларусі, але ведаць мала — гэтаму трэба супрацьстаяць», — абазначыў задачы Аляксандр Лукашэнка. — Усё трэба да дробязі прадугледзець з улікам вопыту і Беларусі, і Расіі, і Арменіі, і Кыргызстана, і Украіны (вы бачыце, успыхнула зноў Украіна), і іншых постсавецкіх рэспублік».

Прэзідэнт выказаў гатоўнасць таксама абмеркаваць кадравыя пытанні і пытанні прысваення воінскіх званняў.


У дзяржаўных органах, якія забяспечваюць нацыянальную сістэму бяспекі, на сёння арганізаваны дастатковы ўзровень узаемадзеяння, паведаміў журналістам па выніках дакладу Прэзідэнту дзяржсакратар Аляксандр Вальфовіч.

«Ведамствы сілавога блоку здольныя вырашаць задачы па забеспячэнні правапарадку ў нашай краіне, у адпаведнасці з іх прызначэннем, — сказаў ён. — Акрамя таго, яны гатовыя да любых змен як знешняй, так і ўнутранай палітычнай абстаноўкі. На жаль, цяпер мы бачым, што ва ўзаемаадносінах паміж дзяржавамі выкарыстоўваюцца ўсё больш і больш сілавыя метады, пагрозы. Бачым непрыхаванае ўмяшанне ў суверэнныя справы некаторых дзяржаў. Беларусь не з'яўляецца выключэннем. Гэта выклікае пэўную нестабільнасць у грамадстве».

У такіх умовах пытанні паступальнага сацыяльна-эканамічнага развіцця ў краіне аказваюцца ў аснове асноў, ад іх залежыць устойлівасць эканомікі і развіцця краіны, дадаў Аляксандр Вальфовіч.

«Ведамствам сілавога блоку належыць асаблівая роля забяспечыць устойлівае функцыянаванне эканамічнай і палітычнай сістэм грамадства. Сёння тая сістэма нацыянальнай бяспекі, якая створаная ў нашай краіне, забяспечвае вырашэнне гэтых важных задач, — лічыць кіраўнік сакратарыяту Савета Бяспекі. — Беларускі народ можа быць спакойны: мы гарантуем мірную працу, годнае жыццё ў нашай краіне пад кіраўніцтвам нашага Прэзідэнта».

Што тычыцца складу Савета Бяспекі, то дзяржсакратар прапануе ў лік пастаянных яго членаў уключыць міністраў абароны і ўнутраных спраў, а таксама старшыню Камітэта дзяржаўнай бяспекі. У хуткім часе кіраўніку дзяржавы будзе прадстаўлены праект адпаведнага ўказа.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

Яшчэ некалькі гадоў таму Людміла і Уладзімір Жарын былі звычайнымі жыхарамі райцэнтра.

Культура

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

«На схіле ўзгорка, нібы падпіраючы замак, растуць дзве даўгалетнія сасны. Яны захаваліся дзякуючы пашыранаму сярод гараджан і навакольных жыхароў перакананню, што яны выраслі не на раслінным соку, а на крыві».