Вы тут

Разрывы тканіны рэчаіснасці і свядомасці


Напэўна, адна з самых моцных уласцівасцей мастацкай літаратуры — магчымасць ствараць дакладныя апісанні для таго, чаму не існуе дастаткова дакладных найменняў — станаў, адчуванняў, эмоцый, уражанняў. У час, калі размовы пра псіхічныя расстройствы і захворванні становяцца ўсё больш адкрытымі, натуральная частка працэсу дэстыгматызацыі — цікаўнасць мастацтва да гэтых з’яў. Для таго, каб удала перадаць іх пры дапамозе мастацкага слова, патрэбны не проста майстэрства і досвед, але і моцны эмацыянальны інтэлект і эмпатыя.


Дэбютная кніга Яўгена Казарцава «F43» — абсалютна паспяховы эксперымент на гэтую тэму. Зборнік апавяданняў названы па кодзе міжнароднай класіфікацыі захворванняў, якім абазначаецца група расстройстваў, звязаных з «рэакцыяй на цяжкі стрэс і парушэннямі адаптацыі». Гэта адна з самых частых прычын наведвання псіхатэрапеўта. З такімі праблемамі сутыкаюцца да 2,5 % насельніцтва свету. Было б натуральна, хаця і не менш цікава разгледзець тэму праз прызму асабістага досведу, ад першай асобы і ў дынаміцы перажывання. Але аўтар ідзе далей. Калі нешта асабістае тут і ёсць, яно схавана за трыма слаямі апорных канструкцый сюжэтаў і раздроблена на шматкі. Здагадвацца, у якім з 16 апавяданняў аўтара больш, бессэнсоўна: яго дастаткова паўсюль. Структура зборніка дзеліць масіў сюжэтаў папалам, разводзячы «Небыль» і «Быль». Яны адрозніваюцца па наяўнасці «прычын для пачуццяў». У першай частцы больш месца адведзена станам, у  другой — гісторыям, якія іх спараджаюць.

Тут час рассыпацца ў кампліментах аўтару, бо апавяданні, асабліва ў першай частцы, выклікаюць падчас чытання сапраўдную трывогу і жах ад крохкасці ўсяго звыклага, ілюзорнасці кантролю над асабістым жыццём. Вялікая доля гэтых эфектаў належыць, безумоўна, стылю апавяданняў. Аўтар выбірае спакойны, абсалютна побытавы і звычайны тон, дадае ледзь заўважныя казачнабайкавыя інверсіі «і  пайшоў ён тады…» і натуральна ўпісвае ў тэкст устойлівыя размоўныя формулы кшталту «и  тут чтото пошло не так». Калі стыль, які было б натуральна ўбачыць у якіх-небудзь іранічных гумарэсках, выкарыстоўваецца для апісання цяжкіх псіхічных станаў, адчуваеш няясную трывожнасць і дыскамфорт, які называюць «дзённым жахам». У спалучэнні з такім стылем эфект узмацняецца падыходам да сюжэтастваральных апісанняў стану. Ён абсалютна метафарычны і непазбежна наводзіць на асацыяцыі з рознымі прыкладамі з сусветнай літаратуры: пачынаючы ад магічнага рэалізму і заканчваючы апавяданнямі Кінга і Брэдберы.

Эмацыянальныя станы аўтар часта апісвае праз фізічныя праявы і асаблівасці камунікацыі, але не баіцца і «лезці ў галаву» да сваіх герояў. Выкарыстоўвае побытавыя сітуацыі і рэчы для стварэння дынамікі, напрыклад, апісвае развіццё стасункаў простым пералічэннем напояў, якія разам пілі героі, або паказвае рост эмацыянальнага напружання тым, як павялічваецца колькасць кавалкаў цукру ў гарбаце. Сюжэтныя дамінанты ў  апавяданнях — менавіта станы, прычым у дынаміцы, а значная апора для іх — кантраст паміж зразумеласцю і звычайнасцю знешніх праяў і неверагодным унутраным напружаннем, якое праяўляецца.

У частцы «Быль» магічны рэалізм саступае месца звычайнаму, разам з эмацыянальным станам наперад выходзіць яго прычына. У пэўным сэнсе гэта змяншае напружанасць, але разам з тым дадае насычанасці сюжэтам. На «зацягванне чытацкай увагі» ўплывае і ўменне аўтара пачынаць тэкст. Першыя сказы наўмысна пабудаваны так, каб адразу зачапіць і задаць вектар развіцця для будучага сюжэта і заадно так, каб было лёгка ўсе чытацкія чаканні праваліць у канцы. Звычайна так аўтар і робіць.

Самыя частыя сюжэтныя хады ў зборніку — знікненне і смерць. Знікаюць звычайна блізкія, і аказваецца, што чалавек на працягу ўсяго сюжэта бачыў сон ці камунікаваў з тым, каго не існуе. Памірае таксама звычайна блізкі чалавек. Другое  — тыповая сітуацыя цяжкага стрэсу, пасля якой пачынаюцца расстройствы адаптацыі. Першая — тыповая праява. Нягледзячы на непазбежнасць эмацыянальных паўтораў, аўтару ўдаецца напісаць розныя сітуацыі і — што найбольш важна — розныя характары герояў. Падлетак, які хоча, каб яго пакінулі ў спакоі, хлопец, які прывык атрымліваць усё, што пажадае, і цяжка перажывае факт, што яго кінула дзяўчына, і хлопчык-вундэркінд, які не можа зразумець, што для яго больш важна, у адзіны вобраз не зліваюцца. Дзяўчына, якая перажывае смерць брата, не падобная да дзяўчыны, якая разумее, што перажыла прыдуманае каханне. Ствараць розны антураж і розныя гісторыі пад адну і тую ж сюжэтную і эмацыянальную канву няпроста. Але адзінае, у чым аўтар паўтараецца, — гэта знешнія апісанні: характэрны выгляд мужчыны тут — высокі, плячысты з выразнымі бровамі, моцнай сківіцай і звычкай «играть желваками».

Зборнік «F43» чытаецца вельмі лёгка і зацягвае вельмі эфектыўна, але найлепш не брацца за яго ўвечары, асабліва людзям са схільнасцю да трывожнасці. Проза даволі рэдка можа насамрэч уздзейнічаць на свядомасць, але гэта той самы выпадак, калі можа. Прычым і надзвычай эфектыўна.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.