Вы тут

Гродзенскія дэпутаты зацвердзілі рэгіянальныя праекты асноўных дзяржпраграм, вызначаных на УНС


На чарговай, 32-й сесіі абласнога Савета дэпутатаў разгледжаны вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна ў 2020 годзе і вызначаны далейшыя кірункі работы. Гэта праекты, якія ўваходзяць у склад важных дзяржаўных праграм, зацверджаных УНС. Комплексны план работы рэгіёна па рэалізацыі названых праграм атрымаў падтрымку дэпутатаў і быў прыняты для выканання.


Нягледзячы на тое, што мінулы год быў няпросты як у знешне-эканамічным, так і ў палітычным плане, рэгіён выстаяў і нават зрабіў крок наперад. У першую чаргу гэта датычыцца аграпрамысловага комплексу, дзе назіраецца добры прырост. А ў цэлым за пяцігодку выпуск прадуктаў харчавання павялічыўся ў два разы.

— Працавалі зладжана, нягледзячы на заклікі да дэстабілізацыі грамадска-палітычнай сітуацыі, да забастовак. Але нашы працоўныя калектывы не паддаліся на гэта. Сумленна працавалі як на ўнутраны, так і на знешні рынак. Экспарт за мінулы год значна вырас. У ліку партнёраў — 120 краін свету, — падкрэсліў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук.

Ён паведаміў, што ў вобласці выкананы ўсе сацыяльныя абавязацельствы, узятыя перад жыхарамі. У першую чаргу, будаўніцтва жылля, у тым ліку для шматдзетных сем'яў. Для гэтай катэгорыі здадзена 1300 кватэр. Забяспечваецца рост рэальных даходаў насельніцтва, выплат пенсій, сацыяльных дапамог. Увогуле, сацыяльная сфера займае 67 % бюджэту вобласці. Такія ж прыярытэты захаваюцца і на бягучы год.

— Усебеларускі сход паставіў перад намі новыя задачы, — адзначыў Ігар Жук. — Зараз кіраўнікі ўсіх падраздзяленняў, вертыкалі ўлады, у тым ліку і дэпутаты, працуюць над рэалізацыяй Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Гродзенскай вобласці на будучую пяцігодку ў адпаведнасці з рэспубліканскай праграмай. Прыярытэты вызначаны. Гэта, у першую чаргу, рост дабрабыту нашых людзей, і, вядома, развіццё эканамічнага патэнцыялу Гродзенскай вобласці. Драйвераў эканомікі нямала: развіццё нашай традыцыйнай галіны — аграпрамысловага комплексу, рэалізацыя буйных праектаў, такіх як будаўніцтва новага завода «Гродна Азот», малы і сярэдні бізнес, экспартны патэнцыял і прыцягненне прамых замежных інвестыцый.

На сесіі зацверджаны праекты, якія будуць працаваць на перспектыву. Самым значным можна назваць рэгіянальную інвестыцыйную праграму, у рамках якой мяркуецца асвоіць 140 мільёнаў рублёў. Пры гэтым сума можа быць павялічана, бо фарміраванне праграмы пачыналася са 130 мільёнаў рублёў.

Аб тым, як будуць размеркаваны сродкі, дэпутатам паведаміў старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Гродзенскага аблвыканкама Міхаіл Петух. Асноўныя фінансы — 82 млн рублёў — накіруюць на жыллё. У тым ліку арэнднае і сацыяльнае. Дарэчы, у Гродне распачата будаўніцтва арэнднага дома, і такія дамы будуць узведзены ва ўсіх раённых цэнтрах.

На аб'екты сацыяльнай сферы накіруюць 40 млн рублёў. Найбольш значныя інвестыцыі плануецца ўкласці ў сферу адукацыі. Так, сёлета пачнецца будаўніцтва чатырох дзіцячых садкоў — у Гродне, Скідзелі, Лідзе і Слоніме. Таксама працягнецца ўзвядзенне анкадыспансера, фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Ваўкавыску, школы алімпійскага рэзерву ў Лідзе.

Дэпутаты падтрымалі комплекс мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на пяцігодку. Як зазначыў галоўны інжынер ЖКГ Гродзенскай вобласці Андрэй Кахновіч, праграмай прадугледжана і вырашэнне шэрагу праблемных пытанняў. Плануецца зніжэнне затрат на жыллёва-камунальныя паслугі — не менш як 5 % да папярэдняга года, якаснае водазабеспячэнне ўсіх спажыўцоў. Сёлета плануецца пабудаваць 10 станцый абезжалезвання, а да 2025 года поўнасцю завяршыць выкананне праграмы «Чыстая вада». І, што вельмі важна, да канца пяцігодкі давесці перапрацоўку камунальных адходаў да 64 % ад усяго аб'ёму.

Зацверджаны на сесіі і комплекс рэгіянальных мерапрыемстваў Дзяржпраграмы «Аграрны бізнес». Па словах старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Валерыя Хелскага, важная роля адводзіцца раслінаводству, навуковаму падыходу і селекцыйнай рабоце. У жывёлагадоўлі трэба зрабіць стаўку на прадукцыйнасць дойнага статка. Значная ўвага будзе аддавацца развіццю племянной жывёлагадоўлі, рыбнай гаспадаркі і пчалярства, а таксама меліярацыі зямель, якія выпалі з абароту. На рэалізацыю праграмы плануецца накіраваць 653 мільёны рублёў, у 2021 годзе — амаль 120 мільёнаў.

Маргарыта Ушкевіч

Фота grodnonews.by

Загаловак у газеце: Інвестыцыі, жыллё, аграрны бізнес

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».