Вы тут

У сакавіку пройдзе прыём заявак на радыёконкурс «Маладыя таленты Беларусі»


Юбілейны Рэспубліканскі творчы радыёконкурс «Маладыя таленты Беларусі», які ў гэтым годзе пройдзе ў дзясяты раз, рыхтуецца да старту. З 1 да 31 сакавіка пройдзе прыём заявак ад удзельнікаў, якія жадаюць заявіць пра сябе на адным з найбольш прэстыжных спаборніцтваў.


— Конкурс гэтага года ў нас юбілейны, і мы сфакусіраваліся менавіта на ўласнай даце. Вызначылі дзевяць намінацый, аб'яднаўшы ўсе кірункі, якія ў нас былі за гэты час. Так, напрыклад, вярнулі такія намінацыі, як «Акадэмічны вакал», «Харавая творчасць» і іншыя. Але сёлета, улічваючы і зваротную сувязь, і тое, што з кожным годам колькасць удзельнікаў павялічваецца, вырашылі жанрава пашырыць межы. Што да тэматыкі, то ў нас з самага першага спаборніцтва застаецца беларускі акцэнт. Таму ў першым туры ўсе, незалежна ад намінацыі і ўзросту, удзельнікі павінны выканаць твор беларускага кампазітара, аўтара, а вакалісты — яшчэ і на беларускай мове. Гэта той акцэнт, які ў нас застаецца нязменным, — дзеліцца аўтар і кіраўнік праекта «Маладыя таленты Беларусі» Таццяна Якушава. — Удзельнікам, якія хочуць сябе паказаць, складана параіць нешта канкрэтнае, але скажу пра галоўнае: заставайцеся самімі сабой і развівайце ўласную індывідуальнасць. І інструменталістам, і вакалістам раю: шукайце такія складаныя, адмысловыя творы, якія будуць дэманстраваць вашу непаўторнасць. Зразумела, што ёсць пэўныя прафесійныя параметры, па якіх журы ацэньвае канкурсантаў, але важна і тое, які за ўсім гэтым стаіць чалавек. Мы шукаем перш за ўсё яркіх творчых асоб. І калі мы крыху дапаможам ім паказаць сябе, то будзем задаволеныя.

Узяць удзел у спаборніцтве талентаў маюць магчымасць навучэнцы ўстаноў агульнай, сярэдняй, сярэдне-спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, дзіцячых школ мастацтва ва ўзросце ад 10 да 25 гадоў. Заявіць пра сябе сёлета ўдзельнікі могуць у наступных намінацыях: «Эстрадны вакал. Салісты», «Эстрадны вакал. Ансамблі», «Інструментальная музыка. Салісты», «Інструментальная музыка. Ансамблі», «Спадчына. Салісты», «Спадчына. Ансамблі», «Акадэмічны вакал. Салісты», «Інструментальная музыка. Аркестры», «Харавая творчасць».

Трэба адзначыць, што пакуль адборачныя туры пройдуць у дыстанцыйным фармаце. То-бок удзельнікам трэба зрабіць відэазапіс свайго выканання твора і даслаць яго на адрас арганізатараў: 220114, г. Мінск, вул. Чырвоная, 4, альбо на электронную пошту: talentbelarus@gmaіl.com з пазнакай «Маладыя таленты Беларусі». З Палажэннем конкурсу і патрабаваннямі для падачы заяўкі можна азнаёміцца на сайце Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё — www.radіo1.by, а таксама на афіцыйных старонках канала ў сацыяльных сетках.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Новы старт для маладых талентаў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.