Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


За двума зайцамі…


Фота pixabay.com

...Гэты вясковец быў вельмі шчыры працаўнік, да таго ж ніколі не квапіўся на чужое, нават на калгаснае. «Хоць бы ты буракоў калі ў воз укінуў, — бурчэла яго жонка, — ці мяшок камбікорму». — «Э не, — стаяў на сваім Іван, — яшчэ возьмуць ды зловяць... Сораму не абярэшся».

Вось такі ён быў чалавек. Нездарма насіў ажно дзве мянушкі: «камуніст» і «ленінец».

А працаваў ён санітарам пры ветлячэбніцы, з часам набіраўся вопыту і ўжо нароўні з фельчарам мог вылечыць карову, каня ці іншую жыўнасць. Людзі раз-пораз звярталіся да Івана, і ніякіх разлікаў тады ён не прызнаваў — апроч, можа, бутэлькі... Здаралася, лішнюю чарку браў, што камуністу ды ленінцу не рабіла, вядома ж, гонару...

А да ўсяго быў гэты дзядзька заўзятым рыбаком і пчаляром. Прычым рыбалоўства ўдавалася лепш: ён меў сваю лодку, змайстраваў сетку-ляшчоўку... «Завялікія вочкі, — казалі яму вяскоўцы. — Уся рыба паўцякае назад у возера». — «І няхай сабе, — адказваў рыбак. — Малая — мне без патрэбы: я такой і вудачкай нацягаю. А сеткай — толькі буйных ляшчоў».

І галоўнае, што Іван не толькі гаварыў так. Ён яшчэ і лавіў: яго рыбы хапала і сваёй сям'і, і радні з суседзямі...

З мёдам, з пчалярствам было горш: хацелася чалавеку павялічыць пчальнік, аднак, як ні стараўся, гэта яму не ўдавалася: то зімою пчолы загінуць, то летам рой «уцячэ».

Неяк збіраецца Іван на рыбалку.

— Сушыце сена, — загадвае сваім (лужок каля хаты скошаны). — І сачыце за пчоламі! Райніцу (гэта спецыяльная скрынка для іх) я выставіў, вёдры з вадой, пілу, малаток і венік — таксама. Сёння павінен быць рой. Як лавіць, спадзяюся, помніце?

Жонка, яго сын з нявесткай і дачка згодна заківалі галовамі.

Разам яны падварушылі сена, на ім, духмяным, прыселі адпачыць. Да кампаніі далучылася суседка: разгаманіліся, разамлелі пад цёплым сонейкам... Аж чуюць — шум у іх над галовамі! Узнялі вочы — рой.

Дачка тут жа ўскочыла на ровар і куляй да возера — клікаць бацьку. Сын стаў грукаць малатком па піле. Жонка з суседкай схапілі вёдры з вадой ды венік...

І ўсё дарэмна, бо «дастаць» вялікую хмару з пчол было немагчыма: яна падымалася ўсё вышэй і вышэй і ўрэшце знікла з вачэй за возерам...

— Упусцілі, разявы! — закрычаў Іван, саскочыўшы з ровара. — Але ж гэта нічога: я даганю... Я, здаецца, ведаю, дзе рой сеў... У Генадзевым садзе, у пустым вуллі.

Карацей, пчаляр узяў райніцу і пайшоў да таго Генадзя.

— Браток, — сказаў, павітаўшыся, — у цябе мае пчолы. Аддай!

— Былі твае, сталі мае, — пасмяяўся Генадзь, але ж потым палагаднеў:

— Забірай, калі твае....

З той вялікай радасці пчаляр нават не пачакаў, пакуль пчолы абсядуць ды скучацца: паспешліва, без дымара, стаў перасаджваць іх у райніцу.

Тыя, як маглі, «супраціўляліся»: кусалі яму рукі, шыю, твар, аднак ленінец не зважаў ні на што: выграб пчолак, амаль подбегам пакрочыў дадому.

Ішоў і бачыў, як зараз прынясе свой рой, як пасадзіць...

А вось пад ногі ён зусім не глядзеў, таму не дзіва, што зачапіўся за нейкую жэрдку і грымнуў вобзем.

Не без таго — пабіўся, але ж самае крыўднае, што з райніцы высыпаў пчол!..

Тых, зусім нямногіх, што цудам засталіся, нанач занёс у варыўню, зачыніў дзверы — нават шчыльна, курыца б не вылезла! А вось пчолкі...

Яны, разварушаныя, знайшлі-такі дзірачкі і да раніцы выбраліся на вуліцу, запаланілі двор, пакусалі ката, сабаку, паразганялі ўсіх людзей...

Факт, што загадзя падрыхтаваны вулей, у якім ленінец ужо бачыў свой новы рой, застаўся пусты.
А незадачлівы пчаляр са скрухай мусіў прызнаць, што, пагнаўшыся за двума зайцамі, і праўда, не зловіш ніводнага.

Вось і ён у той дзень і без рыбы застаўся, і рой упусціў.

Адным словам, хацеў як лепей, а вось атрымалася, — як некалі... У тых жа камуністаў і ленінцаў.

Фаіна Касаткіна, г. Паставы


Чытайце прэсу

Стась Зюка, малады кіроўца бартавога ГАЗ-51, пасля работы спяшаўся дамоў... Што не дзіва: на дварэ май месяц, гарачая пара, калі і ў калгасе работы па вушы, і дома не менш. Сёння вечарам Стасевы бацькі планавалі вывезці гной, заўтра — пасадзіць бульбу. Насенне ўжо зачакалася...

На паўдарозе да вёскі Стась дагнаў свайго бацьку. Той абачліва саступіў на абочыну. Сын... пранёсся міма.

— Ты чаму не спыніўся? — дома спытаў стары.

— Дык я ж прэсу чытаў, — стаў тлумачыць сын. — А там напісана: калі чалавек хоча, каб яго падвезлі, ён падымае руку. Ты ж не падымаў? Не. Дык скуль мне ведаць, хочаш ты пад'ехаць ці не? Можа, на прагулянку выйшаў...

Прамаўчаў тады бацька, бо што тут будзеш казаць — дурны, але ж сын. Ды і гной накідваць трэба...

Каб хутчэй было, суседзяў паклікаў: усе разам упіраюцца, віламі махаюць... Хіба Стась сачкуе — капот у сваім «газіку» падняў ды калупаецца там.

— Ты што — не дапаможаш? — цікавіцца бацька.

— А кожны павінен сваё рабіць, — адказвае сын. — Вунь і ў газетах пра тое пішуць... Я ж шафёр, а не грузчык...

Пасля работы гаспадыня сабрала на стол: нарэзала сала, дамашняй каўбасы, салёных агурочкаў, насмажыла патэльню яек. Гаспадар дастаў вялікую пляшку гарэлкі, наліў па першай — усім, апроч сына.

— А мне? — нагадвае той. — Ты забыўся ці што?

— Дык прэсу ж трэба чытаць, — усміхаецца бацька. — Там заўсёды пішуць, што шафёры не п'юць. Ім нельга.

Іван Пяшко, г. Шчучын


У страха вочы вялікія

Для пачатку — трохі лічбаў: дзяцей у мяне пяцёра (тры дачкі і два сыны), дзесяць унукаў, сем праўнукаў. Як сабраліся ўсе разам, каб мае 80 адзначаць, дык аж хата гудзела! Ведама, свята...

У будныя дні вось такой грамадой мы, вядома, не збіраемся, у нас іншы парадак заведзены: позняй восенню дзеці забіраюць мяне ў горад, а вясной (я дачакацца не магу!) прывозяць назад у сваю хаціну, і тут ужо я прымаю дзяцей.

Яны часта прыязджаюць — калі каму выпадае. І ў доме тады прыбяруць, і гарод дагледзяць, і ў грыбы, у ягады сходзяць... А бліжэй да вечара смакаты нагатуюць — і ў альтанку... Бывае, па чарцы возьмуць, і пайшлі-паехалі — успаміны, жарты, смех.

І мне тады радасць, што дружная сям'я, што адно аднаму памагаюць, што над капейкай не дрыжаць — не лічаць, хто больш патраціў, хто каму вінен. А што пад'юджваюць адзін аднаго, дык такой бяды. Неяк нават мне дасталося: маўляў, такога зяця страціла — такога мацака (спіна, як грубка ў зале!) ад нашай Іры адпудзіла... І рагочуць, аж заходзяцца.

А ўсё было да развалу Саюза. Вяселлі ў нашай вёсцы гулялі гучна: сталы накрывалі ў сталоўцы, ансамблі запрашалі з Маладзечна ці нават з Мінска, на танцы ішлі ў клуб.

У вёсцы шмат дзяўчат харошых было, так што хлопцы з усёй акругі збіраліся — хто пехатой, хто на матацыклах (машын не дакупіцца тады — чарга... Пакуль падышла, грошы як карова языком злізала).

Дык вось тым суботнім вечарам моладзь у нас на двары сышлася — гамоніць, жартуе, чакае, калі ў клуб музыканты прыйдуць. А ў мяне ж зусім іншыя клопаты — гаспадарскія. Акно, помню, адчыніла ды пытаю ў сваіх: «Юрку прывялі?» Сяргей (гэта сын): «Прывялі... Не хвалюйся». Я ў працяг: «Глядзіце ж, каб напаілі!»

Пасля гэтага якраз пачулася музыка, моладзь пайшла ў клуб. А да мяне назаўтра — суседка з самага ранку з папрокамі: маўляў, што ты пляменніку майму сказала?

А я ж у вочы яго не бачыла: не выходзіла ў двор... Чаго мне да моладзі лезці?

Кажу гэтак, а Таццяна не верыць, пытае, а чаму тады ён на танцы не пайшоў: «Яву» сваю асядлаў і куляй дадому... «А вось гэта, — кажу, — ты ў яго самога пытайся».

На тым і размове нашай канец, хоць, трэба сказаць, што быў і пачатак, бо таго пляменніка Таня дужа нахвальвала, усё хацела з Ірай маёй пазнаёміць. Казала, што добрая пара была б...

У наступную суботу прыязджае мой Сяргей, распытваю ў яго пра тое, пра гэта... Вяселле ўспомнілі. Пытаюся: «Ці быў жа тут Таццянін пляменнік?» Сын кажа: «Быў». — «А не ведаеш, чаму ўцёк?» Той памаўчаў, падумаў і ў рогат: «Дык яго ж, — кажа, — Юркам завуць. Як нашага бычка... Ты пыталася, ці прывялі яго, ці напаілі, а ён, відаць, спалохаўся — падумаў, што зараз накачаюць тут да страты прытомнасці ды з Ірай нашай пажэняць...»

Во як атрымалася. Можа, і добры зяць быў бы?..

А. С., г. Вілейка

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж чарговае і шчырае: «Пішыце», бо ўсе «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі з жыцця чытачоў» на старонках «Звязды» не проста друкуюцца, а ўдзельнічаюць у конкурсе на найлепшую. Вынікі яго будуць падведзены ў пачатку наступнага года. Журы — і вялікае чытацкае пад старшынствам спадарыні Соф'і Кусянковай з Рагачоўшчыны, і маленькае рэдакцыйнае на чале з першым намеснікам галоўнага рэдактара спадарыняй Наталляй Карпенкай — працуе. Пераможцаў чакаюць прызы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».