Вы тут

«Трэнч» — гэта вам не плашч? Пра чысціню мовы і не толькі


Здаўна, яшчэ з часоў работы рэдактарам аддзела пісьмаў, я проста абажаю такія чытацкія лісты. Нібы крылы за спінай вырастаюць, бо разумееш, што складаеш літары ў сказы недарэмна, што ўсё гэта заўважае, аналізуе разумны, удумлівы і — галоўнае — неабыякавы чытач. Наш, «звяздоўскі», такіх больш ні ў адной газеты няма — у гэтым маё глыбокае, шматгадовае, няхай сабе і крыху суб'ектыўнае перакананне.


Вось, напрыклад, хто як не наш чытач стане разважаць пра чысціню беларускай мовы і ў жыцці, і на старонках газеты? А мы такія пісьмы, у якіх і пытанні, і заўвагі, атрымліваем нярэдка. Адзін такі допіс прыйшоў акурат перад Днём роднай мовы з Маладзечна. Яго аўтар Алена Сымановіч, філолаг, разважае пра памылкі, якія трапляюцца ў газеце, але больш — пра засмечанасць нашай мовы словамі іншамоўнага паходжання.

Дзякуй нашай чытачцы — яна цытатай з артыкула Кузьмы Чорнага «Небеларуская мова ў беларускай літаратуры» натхніла знайсці і пачытаць гэтую публікацыю (а напісаны артыкул быў амаль сто гадоў таму — у 1928 годзе). Пісаўся ён, канешне, тады, калі «мова толькі пачынала крышталявацца», але тым, хто рупіцца аб яе захаванасці, не пашкодзіць пачытаць яго і сёння. Бо, пагадзіцеся, амаль сто гадоў мінула, а не страціла актуальнасці вось гэта, напісанае са скрухай і з іскрыстым гумарам адначасова: «Загаловак: «Над абрывам». Аўтар думаў «над обрывом» і напісаў «над абрывам». Не ведаючы, што ў беларускай мове «абрыў» гэта значыць «парсюк лычам дрэва абрыў». Ці вось гэта: «Сапраўды, што гэта «вясна наступіла»? Наступіць можна (думаючы ў беларускай мове) каму-небудзь на нагу, можна наступіць на жабу і растаптаць яе. Але аўтар думаў: «Весна в этом году наступила как-то рано». І пісаў гэта беларускай транскрыпцыяй, зменьваючы, як умеў, некаторыя словы». Карацей, артыкул надзвычай цікавы. На нашым сайце мы зрабілі спасылку, калі цікавіцеся, можаце пачытаць яго цалкам. Але ёсць рэчы, якія пісьменнік у тым артыкуле не закрануў, бо проста з імі не сутыкаўся, але якія вельмі актуальныя сёння (на што і звяртае ўвагу наша чытачка).

З русізмамі, якія і цяпер прысутнічаюць у нашай мове, нават у 1928-м Кузьма Чорны ведаў, што рабіць: трэба шукаць і знаходзіць свае адпаведнікі, «але дзеля гэтага трэба вывучыць мову, калі ўжо не давялося ведаць яе змалку». Проста і складана адначасова, але ж выканальна. А вось як быць з неславянскімі словамі, якія апошнім часам, асабліва ў маладым асяроддзі, сталі неад'емнай часткай і нашай «векавой у казачнай красе», і «великого и могучего»? Куды падзець гэтыя «хайпы», «дэдлайны», «інсайты»? Як сходу, не задумваючыся, ужываць замест іх «навязлівая рэклама», «канчатковы тэрмін», «азарэнне»? Ці варта гэта рабіць, калі нават чалавек, які ведае мову, «завісае» і не можа імгненна знайсці «родны» адпаведнік? Я ўжо не кажу пра нейкія паняцці, якія ўвогуле не маюць адпаведнікаў, — напрыклад, «біткоін».

Сама стараюся падобных слоў пазбягаць (атрымліваецца не заўсёды), чытаючы як рэдактар матэрыялы калег, таксама звяртаю на гэта ўвагу. І вымалёўваюцца вельмі цікавыя нюансы. Напрыклад, у публікацыі пра вясновую моду зачапілася за «мастхэў», «оверсайз», «світшот», «трэнч». Першыя два словы яшчэ можна замяніць на больш зразумелыя, але грувасткія фармулёўкі — «тое, што павінна быць у кожнага» і «на некалькі памераў большы». А вось світшот — гэта ж не проста світар, гэта асобны від адзення, «гібрыд» світара і футболкі, а трэнч — хоць па сутнасці сваёй і плашч, але ж асаблівы — так называюць толькі плашч двухбортны. Дык ці варта тут яшчэ больш усё заблытваць, спрабуючы спрасціць?...

Зрэшты, усе гэтыя філалагічныя загадкі, сумненні і спрэчкі маюць у сабе адзін надзвычай пазітыўны момант. Яны — сведчанне таго, што напісанае Кузьмой Чорным у 1928-м: «Мова — жывая істота. Яна не жыве, а існуе», і сёння — праўда. Пакуль мы спрачаемся пра яе правапіс, пра ўжыванне ў ёй тых ці іншых слоў, пакуль на ёй гаворым, пішам, думаем — яна існуе. І гэта самае галоўнае. І для мовы, і для нас, калі хочам звацца беларусамі.

А што да іншамоўных слоў, дык вельмі разумна, на мой погляд, сказаў падчас круглага стала ў «Звяздзе» доктар філалагічных навук, загадчык кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання нашага журфака Віктар Іўчанкаў: «А што за праблема, сябры мае? Гэта ж сёння не толькі беларускай мовы праблема — усіх моў свету. Мы ўвайшлі ў абсалютна новую эпоху, якая вымагае іншай лексікі. У 20-я гады мінулага стагоддзя, напрыклад, адбываўся адваротны працэс — прыхільнікі пурызму (чысціні мовы) навыдумлялі слоў, якія павінны былі замяніць запазычанні з іншых моў. Большасць наватвораў так і засталася ў гісторыі, але ж некаторыя сталі часткай літаратурнай мовы: цягнік, жыццяпіс, лецішча, суладдзе... Гэта натуральны працэс развіцця мовы. Мова з цягам часу сама адшліфуе, што застанецца ва ўжытку, а што пяройдзе «ў пасіў» у яе карыстальнікаў».

Дарэчы, ці ведаеце вы, што самае беларускае слова «бульба» паходзіць ад французскага bulbe — «цыбуліна, клубень»? Жывая мова выбрала і захавала.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: bykhov.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?