Вы тут

Стары дом у вёсцы можна будзе купіць за 29 рублёў


Гэта сапраўды стане магчыма пасля таго, як будзе прыняты ўказ аб адчужэнні жылых дамоў і ўдасканаленні работы з пустуючымі і старымі дамамі. Як адзначыў старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Дзмітрый Матусевіч, праект гэтага дакумента ўжо ўзгоднены з усімі зацікаўленымі структурамі.


Нагадаем, што заканадаўчая ініцыятыва накіравана на ўдасканаленне парадку ўключэння ў абарот пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці.

Па словах старшыні Дзяржкаммаёмасці, гэтым указам сапраўды будуць дадзены мясцовым уладам пэўныя паўнамоцтвы. «Самае галоўнае — спрошчаны парадак. Напрыклад, у некаторых населеных пунктах будзе дазволена прадаваць такі аб'ект (пусты, стары дом) адразу за адну базавую велічыню. Тут павінна быць вельмі тонкая мяжа паміж інтарэсамі ранейшых уласнікаў, якія ўжо рэальна не карыстаюцца і не хочуць, ці, магчыма, у іх ёсць нейкія прычыны, па якіх яны не даглядаюць сваю маёмасць і зямельны ўчастак. Мы спрабуем гэта таксама якасна ўрэгуляваць», — сказаў кіраўнік Дзяржкаммаёмасці.

Вырашаць жа гэта пытанне, на яго думку, павінны выключна мясцовыя ўлады, таму што яны лепш бачаць сітуацыю на месцах.

Варта заўважыць, што гэта ўжо другая спроба па змене заканадаўства, якая павінна аблягчыць працэс куплі старых дамоў на вёсцы. Сёння працэс уключэння дамоў у абарот займае занадта шмат часу. Так, спачатку мясцоваму органу ўлады трэба прызнаць дом старым або пустуючым. Потым павінен прайсці год. Калі ўласнік за гэты час не распачне ніякіх мер (па аднаўленні, рэканструкцыі), то далей рыхтуюцца дакументы ў суд. Пасля рашэння суда аб пераходзе аб'екта ў камунальную ўласнасць яго рыхтуюць да продажу —
афармляюць усе дакументы, вызначаюць рынкавы кошт. Толькі пасля гэтай абавязковай працэдуры інфармацыя аб продажы з'явіцца на сайце выканкама і ў раённай газеце. Потым арганізуюць аўкцыён і прадаюць дом.

Улетку мінулага года Прэзідэнт нашай краіны даручыў спрасціць продаж пустуючай зямлі ў вёсках і каля іх. І вось цяпер пустуючыя дамы ў пэўных раёнах можна будзе прадаваць па спрошчанай схеме, за 29 рублёў (адна базавая велічыня), без складанай працэдуры ацэнкі нерухомасці.

Дзмітрый Матусевіч паведаміў і аб праводзімай інфарматызацыі. Паводле яго слоў, 2020 год паказаў, што інфармацыйныя рэсурсы Дзяржкаммаёмасці запатрабаваныя не толькі самой сістэмай, але і знешнім контурам, гэта значыць нацыянальнай эканомікай. У прыватнасці, завершана работа над геаінфармацыйнай сістэмай «Лясныя рэсурсы» (сумесны праект з Мінлясгасам), якая дазволіць на падставе зямельных картаў планаваць развіццё лясной гаспадаркі.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.