Вы тут

«Уікенды з Трыерам» праходзяць у кінатэатры «Піянер»


Набліжаецца да фіналу выбарачная і разам з тым суцэльная рэтраспектыва аднаго з галоўных рэжысёраў нашага часу, жывога дацкага класіка Ларса фон Трыера. Праграма складаецца з 8 кінапаказаў.


Арганізатарам мерапрыемства выступіў Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн». Паказы суправаджаюцца жывымі лекцыямі кіназнаўцы Ігара Сукманава, які, апрача ўсяго іншага, вядомы як праграмны дырэктар фестывалю «Лістапад». Пасля кожнай дэманстрацыі прадугледжана абмеркаванне.

«Уікенды» разбіты на чатыры тэматычныя блокі, чатыры іпастасі аднаго рэжысёра — на кожную прыходзіцца па два фільмы. На працягу месяца Ларс фон Трыер, мяняючы маскі (згодна з праграмай, канешне), паўставаў перад гледачом як маніпулятар, маг, насмешнік і — сёння-заўтра — як дагматык/наватар (разам у адной інкарнацыі). Дзякуючы такому распарадку, гледачы могуць даследаваць розныя аспекты творчасці скандальна вядомага аўтара.

Чаму скандальна? Для тых, хто па якой-небудзь прычыне не глядзеў ніводнага фільма Трыера і нават не чуў пра такога, растлумачым асобна. Ларс Трыер — дацкі кінарэжысёр, які ў 1984 годзе з поспехам дэбютаваў у вялікім кіно фільмам «Элемент злачынства», адразу ўзяў няхай і тэхнічную, але ўзнагароду ў Канах, і ў наступныя гады яго імя амаль не пакідала спіса намінантаў і лаўрэатаў.

Як відаць, пачыналася ўсё больш-менш спакойна, але ў пэўны момант (трэба сказаць, даволі хутка) фільмаграфія рэжысёра зрабіла рэзкі паварот, і фільм за фільмам Трыер апусціўся на самае дно глядацкай нелюбові і непрымання. Прынамсі, для вялікай часткі аўдыторыі ўсё было менавіта так. У сувязі з гэтым яго і ахрысцілі «галоўным скандалістам кінематографа».

Кадр з фільма "Еўропа"

Акрамя, мякка кажучы, шакіруючых стужак, творца вядомы па сваіх неадназначных, па меркаванні многіх, выказваннях, з-за якіх ён у выніку быў абвешчаны персонай нон-грата на ўсё тым жа Канскім кінафестывалі. Тое адбылося на пачатку 2010-х гадоў, і толькі нядаўна імя Трыера нібыта рэабілітавалі.

Такая скандальная слава, вядома, ніякім чынам не сведчыць аб неталенавітасці альбо пасрэднасці аўтара і дакладна не павінна адпужваць вас ад знаёмства з яго творчасцю. Ларс фон Трыер — рэжысёр не грубы, а прамалінейны, не тупы, а дзёрзкі і, канешне, ён не вар'ят (хаця не без гэтага), а супярэчлівы. У кожнай сваёй карціне творца імкнецца перакуліць гульню з ног на галаву і пераасэнсаваць сам кінематограф.


Маніпулятар

І на экраны Беларусі Трыер у свой час прыйшоў, як звычайна, са скандалам. Першым яго фільмам у нашых кінатэатрах стала «Тая, якая танцуе ў цемры» 2000 года — карціна, што атрымала «Залатую пальмавую галіну» Канскага кінафестывалю. Уласна кажучы, да нулявых гадоў масавы беларускі глядач і не чуў пра дацкага рэжысёра. Першая сустрэча прадказальна атрымалася даволі спрэчнай.

Са слоў Ігара Сукманава, кінапракат доўгі час сумняваўся, ці трэба ўвогуле такое паказваць. Апошнімі аргументамі «за» сталі тры рэчы: поп-зорка Б'ёрк у галоўнай ролі, кіназорка Катрын Дэнёў і тое, што месцам дзеяння з'яўляецца Амерыка. Па добрай беларускай традыцыі да такой значнай прэм'еры (а Ларс фон Трыер на той момант — ужо значны феномен ува ўсім свеце) у кінатэатры «Масква» нават накрылі стол. Відаць, ніхто са спонсараў і арганізатараў застолля не ведаў, што іх чакае ў зале. А чакала іх там...

Разамлелыя, пад'еўшыя гледачы, задаволеныя такім цёплым прыёмам, адразу пасля бутэрбродаў і салатаў накіраваліся заняць свае месцы. Праз дзве з паловай гадзіны дзверы залы адчыніліся і, па словах Ігара Сукманава, з цемры адзін за адным сталі выпаўзаць «абсалютна прыгнечаныя» людзі, якія моўчкі разыходзіліся па дамах. «Адна вядомая асоба» пасля сеанса нават публічна заявіла: «Рэжысёра трэба падвесіць дагары нагамі!»

"Кадр з фільма Еўропа"

Што здарылася? А проста «Тая, якая танцуе ў цемры» ўяўляе сабой прыкладна наступнае: гледачоў прымушаюць назіраць, як безумоўную праведніцу, найдабрэйшую істоту ў свеце на працягу дзвюх гадзін несправядліва, аднабакова і з асаблівай жорсткасцю знішчаюць блізкія і няблізкія людзі, спачатку руйнуючы яе лёс, а потым забіваючы фізічна. І ўсё гэта ў жанры мюзікла.

Можа быць, тое гучыць занадта, але пачакайце з гнілымі памідорамі! Хаця Трыера прынята вінаваціць у садызме і здзеках, нічога агульнага з гэтымі паняццямі яго творчасць на самай справе не мае (прынамсі, амаль). У інтэрв'ю двухгадовай даўнасці ён паведаміў: «Я ўсё яшчэ веру ў штуку, якая завецца правакацыяй». Вакол гэтага прыёму рэжысёр, можна сказаць, пабудаваў усю сваю кар'еру, і «Тая, якая танцуе ў цемры» ў пэўным сэнсе стала адным з самых наглядных прыкладаў дадзенага падыходу.

Але трэба мець на ўвазе, якога кшталту ў Трыера правакацыі, бо гэта не «танны рэкламны прыём» і не здзек дзеля здзеку, што ў першую чаргу прыходзіць у галаву. Хаця, шчыра кажучы, часцінка праўды ёсць і тут, усё ж па большай частцы правакатыўнасць у Трыера накіравана на вырашэнне мастацкіх задач і служыць, так бы мовіць, лепшаму «засвойванню» ідэі.

У выпадку з пакутамі Сэльмы (гераіні фільма «Тая, якая танцуе ў цемры») можна смела сцвярджаць, што ніякага садызму ў дачыненні гледача тут проста няма! Хіба што Трыер не спыняецца там, дзе гэта прыстойна было б зрабіць, але такі яго метад. Вышэйапісаныя пакуты падаюцца абсалютна з іншай інтанацыяй: ні саркастычнай усмешкі, ні паказнога задавальнення вы не адчуеце. У межах твора яно ўвогуле працуе адваротным чынам: павінна выклікаць звышэмпатыю і безагаворачную прыхільнасць. У гэтым насамрэч столькі любові!

"Кадр з фільма Рассякаючы хвалі"

Ігар Сукманаў прапануе сваю формулу таго, якім чынам Ларс фон Трыер наладжвае камунікацыю з аўдыторыяй. На яго думку, шакіруючыя трыераўскія сюжэты выклікаюць не «прывычны» катарсіс, а нейкае іншае пачуццё: гэта такі гвалт, пасля якога «апрытомнееш» з верай у чалавецтва і гуманізм. Падобнага эфекту можна дасягнуць выключна пры дапамозе маніпуляцый.

«Маніпуляцыі — важная частка кіно і мастацтва ў цэлым. Калі маніпуляцый не будзе зусім, усе кінагледачы свету вельмі расчаруюцца», — настойвае рэжысёр у інтэрв'ю.

Уласна, з Трыера-маніпулятара, з Трыера-правакатара арганізатары рэтраспектывы і вырашылі пачаць (прызма, праз якую творчасць рэжысёра разглядаецца часцей за ўсё). Можна сказаць, правакацыя-маніпуляцыя — у нейкім сэнсе вызначальны складнік яго творчасці. Акрамя згаданай «Той, якая танцуе.», на першых выхадных быў паказаны фільм «Эпідэмія» 1987 года. Па сюжэце Ларс фон Трыер разам са сваім сябрам Нільсам Вёрсэлем пішуць сцэнарый пра эпідэмію загадкавай хваробы, што ахапіла Еўропу, і раптам такая эпідэмія напраўду пачынаецца.

Кадр з фільма "Самы галоўны бос"

Трэба дадаць, што пад «маніпулятарам» маецца на ўвазе не толькі момант уздзеяння на гледача, а яшчэ часткова і падыход да працы. Падчас стварэння «Той, якая танцуе…» адбылася непрыемная гісторыя. Спявачка Б'ёрк, якая, нагадаем, іграла галоўную ролю ў стужцы, зарабіла на здымках не адзін нервовы зрыў і проста ледзь не звар'яцела.

Перад здымкамі наступнага поўнаметражнага фільма датчаніна, у якім павінна была ўдзельнічаць Ніколь Кідман, Б'ёрк напісала ёй ліст, дзе сярод іншага былі прыкладна такія словы: «Не пагаджайся іграць у яго! Трыер цябе знішчыць!» Ігар Сукманаў спяшаецца заспакоіць гледачоў і, насуперак грамадскаму кансэнсусу, абараняе рэжысёра, запэўніваючы, што праблема на самай справе крыху перабольшана. Высвятляецца, усё было зусім інакш, і гэтаму ёсць шматлікія сведчанні. Як кажуць, вырашайце самі!


Маг

На наступных выхадных арганізатары прапанавалі азнаёміцца з другой гранню рэжысёра Ларса фон Трыера. Гэтым разам ён паўстаў перад намі як чараўнік або своеасаблівы шаман ад свету кіно. У дэбютнай карціне «Элемент злачынства» 1984-га і яшчэ больш у «Еўропе» 1991-га рэжысёр, трохі выхваляючыся, з самалюбаваннем дэманструе талент віртуознага ілюзіяніста і геніяльнага «інжынера», у чыіх сілах пабудаваць візуальна бездакорны, а ва ўсім астатнім матэматычна вывераны твор.

Датчанін выціснуў усё магчымае з даступных кінематаграфіі сродкаў і зняў у тэхналагічным плане гранічнае кіно па тым часе. Уявіце, з якіх пазіцый чалавек пачаў свой шлях у вялікім кінематографе! Апагеем такога эстэцкага, тэхнічнага падыходу да кінавытворчасці стала стужка «Еўропа», якая і завяршыла першую трыераўскую трылогію.

Кадр з фільма "Элемент злачынства"

У пэўны момант рэжысёр заўважыў, што на працэс здымак нават перасталі ўплываць натуральныя памылкі, выкліканыя тымі ці іншымі непрадбачанымі абставінамі. Для іх проста не засталося месца на здымачнай пляцоўцы, кожная дробязь знаходзілася пад кантролем, а ўсе абставіны былі загадзя і наўмысна прадбачаны. Карацей, здавалася, што гэта вяршыня і, значыць, трэба ісці ў іншым кірунку.


Насмешнік

У іншым кірунку пайшлі і арганізатары рэтраспектывы, таму наступным разам Трыер раскрыў сябе як (сама-) іранічны цынік, які глядзіць на свет з нязменнай з'едлівай усмешкай і, галоўнае, не грэбуе жартаваць.

Так, у 2006 годзе, калі прыхільнікі з усёй планеты з заміраннем сэрца чакалі ад яго новага фундаментальнага адкрыцця альбо, па меншай меры, знакавага фільма, Трыер, ва ўласцівай яму манеры, падмануў чаканні і выпусціў, здаецца, абсалютна непатрабавальную офісную камедыю на дацкай мове і для дацкага рынку. Яна называецца «Самы галоўны бос», і, па праўдзе сказаць, гэта вельмі дасціпная і вартая ўвагі рэч, аднак.

Кадр з фільма "Эпідэмія"

Аднак акрамя безумоўнага дару камедыёграфа, уікенд пад назвай «Насмешнік» мусіў праілюстраваць у першую чаргу тую асаблівасць трыераўскага светапогляду, якая ўвесь час не дае спакою яго ненавіснікам і якая пастаянна спараджае новых. Ларс фон Трыер — рэжысёр-трыкстэр, да крайнасці непаліткарэктны і дужа задзірысты. Ён заўсёды дзейнічае наперакор трэндам і літаральна смяецца ім у твар. А самае цікавае: яму кожны раз сыходзіць з рук!

Дагматык і наватар

Пазнаёміцца з Трыерам-парушальнікам догмаў і, наадварот, Трыерам-догмаўтваральнікам можна будзе ў самы бліжэйшы час. Сёння пачынаецца апошні «ўікенд»: «Ідыёты» 1998-га і «Рассякаючы хвалі» 1996-га. Абодва фільмы, мабыць, самыя незвычайныя ва ўсёй фільмаграфіі Трыера, таму абавязкова прыходзьце паглядзець і паслухаць! Апрача іншага, майце на ўвазе, што ўсе карціны з праграмы пройдуць у пракаце з лютага па май.

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.