Вы тут

Дзесяць гадоў хаосу. Куды рушыць Лівія?


Дзесяць гадоў таму — у лютым 2011-га — у Лівіі пачаліся пратэсты, якія хутка перараслі ў грамадзянскую вайну і прывялі да забойства лівійскага лідара Муамара Кадафі. Савет Бяспекі ААН устаў тады на бок апазіцыі і фактычна санкцыянаваў замежную інтэрвенцыю ў гэтую афрыканскую краіну, нагадваюць эксперты. Аднак пасля падзення рэжыму Джамахірыі мір у Лівіі так і не наступіў — яна ператварылася ў транзітны пункт для нелегальнай міграцыі, наркатрафіка і чорнага рынку нявольнікаў і зброі, адзначае rt.com. У краіне так і не быў створаны адзіны ўрад і легітымныя органы дзяржаўнай улады. Сілы, якія прадстаўляюць два цяперашнія цэнтры ўлады ў Лівіі, змаглі сесці за стол перагавораў пад эгідай ААН. Плануецца, што ў снежні бягучага года ў краіне пройдуць выбары. Аднак палітолагі ацэньваюць гэтыя зрухі з асцярожным аптымізмам і характарызуюць палітычную абстаноўку ў краіне як вельмі няўстойлівую. Куды рушыць Лівія?


На хвалі пратэстаў

У лютым 2011 года акцыі пратэсту ў Лівіі прывялі да сутыкненняў з войскамі і сотняў ахвяр. За лічаныя дні выступленні ахапілі ўсе найбуйнейшыя гарады Джамахірыі. Супраць незадаволеных выступіла войска, а 21 лютага былі задзейнічаныя ВПС. Бамбардзіроўкам падверглася сталіца дзяржавы — Трыпалі, у выніку загінулі 250 чалавек. У Бенгазі толькі з 17 да 21 лютага ахвярамі хваляванняў стала каля 300 чалавек, каля трох тысяч атрымала раненні. Аднак гэта не перашкодзіла паўстанцам менш чым за тыдзень узяць горад пад свой кантроль.

Сілавое падаўленне мітынгаў не засталося па-за ўвагай сусветнай супольнасці. 26 лютага Савет Бяспекі ААН прыняў рэзалюцыю 1970, былі ўведзены санкцыі супраць кіраўніцтва Лівіі. На наступны дзень у Бенгазі апазіцыя сфарміравала Пераходны нацыянальны савет (ПНС), які неўзабаве абвясціў сябе адзіным законным прадстаўніком народа Лівіі. Першай краінай, якая прызнала легітымнасць новага органа, стала Францыя. Аб сваім рашэнні Парыж абвясціў 10 сакавіка. А да ліпеня 2011 года пераходны ўрад заручыўся прызнаннем больш чым 30 краін, уключаючы ЗША і Вялікабрытанію.

17 сакавіка Савет Бяспекі прыняў рэзалюцыю 1973, якая ўводзіла ў Лівіі беспалётную зону і санкцыянавала меры па абароне мірных жыхароў. У падтрымку гэтага дакумента прагаласавалі тры пастаянныя члены Савета — ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, Расія і Кітай устрымаліся. 18 сакавіка Злучаныя Штаты, Вялікабрытанія, Францыя і шэраг арабскіх краін выставілі Кадафі ўльтыматум, запатрабаваўшы неадкладна спыніць атакі на мірнае насельніцтва краіны, а на наступны дзень заходняя кааліцыя пачала паветраную аперацыю.

22 сакавіка кіраўніцтва НАТА прыняло рашэнне аб правядзенні марской аперацыі Unіfіed Protector («Аб'яднаны абаронца»). Флот Паўночнаатлантычнага альянсу дзейнічаў на падставе выканання рэзалюцыі 1973 у частцы зброевага эмбарга. Аднак, як лічаць эксперты, у рэальнасці марская і паветраная аперацыі былі накіраваны выключна на падтрымку ўзброенай апазіцыі, якая мела намер звергнуць Кадафі.

Атрымаўшы прамую ваенную дапамогу, паўстанцкія фарміраванні ўзмацнілі націск на пазіцыі рэгулярных войскаў. З красавіка да ліпеня ініцыятыва пераходзіла ад аднаго да другога боку.

Адначасова прыхільнікі Кадафі і апазіцыя спрабавалі весці перамовы, але безвынікова. У пачатку жніўня паўстанцы захапілі горад Бір-Ганем (за 80 кіламетраў ад Трыпалі), што дазволіла ім у далейшым разгарнуць наступленне на сталіцу. У ноч на 22 жніўня Трыпалі перайшоў пад кантроль мяцежнікаў.

Цёмная зона

Муамар Кадафі быў вымушаны хавацца ад узброеных паўстанцаў. Аднак 20 кастрычніка 2011 года лівійскі лідар быў па-зверску забіты паблізу горада Сірт пасля натаўскага авіяўдару па яго картэжы. З пункту гледжання аналітыкаў, рэзалюцыя СБ ААН 1973 не столькі дазволіла арганізаваць беспалётную зону, колькі стварыла аснову для ваеннага ўмяшання з боку краін НАТА і іншых глабальных гульцоў. «Гэта прывяло да страты Лівіяй суверэнітэту, які не адноўлены да гэтага часу. Наадварот, цяпер на тэрыторыі Лівіі замежных ваенных сіл нават больш, чым было раней. «Арабская вясна» пахавала тую мадэль дзяржаўнасці, якая была створана пры Кадафі, а таксама пахавала здольнасць лівійцаў самастойна вырашаць свой лёс», — растлумачыў rt.com эксперт Расійскага савета па міжнародных справах Рыгор Лук'янаў.

Навуковы супрацоўнік Цэнтра арабскіх і ісламскіх даследаванняў Інстытута ўсходазнаўства РАН Барыс Далгоў лічыць, што крызіс быў выкліканы ў большай меры знешнімі прычынамі. «Грамадзянскі канфлікт у Лівіі пачаўся праз знешнія фактары. Яны выкарыстоўвалі «арабскую вясну», каб знішчыць рэжым Кадафі, які выступаў супраць Захаду. Менавіта знешняе ўмяшанне і прывяло да падзення рэжыму», — упэўнены эксперт.

Ваенна-палітычны хаос ператварыў перш паспяховую краіну ў крыніцу нелегальнай міграцыі ў ЕС і адначасова ў плацдарм для перапраўкі бежанцаў з іншых дзяржаў Афрыкі, пацярпелых ад грамадзянскіх войнаў. Пік наплыву нелегалаў з Лівіі прыйшоўся на 2015-ы. У наступныя гады колькасць бежанцаў пачала змяншацца, аднак сітуацыя з іх бескантрольным прыбыццём, размяшчэннем і сацыяльнай адаптацыяй з парадку дня не сышла.

Акрамя таго, адсутнасць цэнтралізаванай дзяржаўнай улады зрабіла Лівію зручным прыстанішчам для тэрарыстычных структур, такіх як «Аль-Каіда». «Лівія застаецца «цёмнай зонай», паўднёвая мяжа якой ніяк не кантралюецца і праз яе перавозіцца вялікая колькасць нелегальных тавараў, такіх як зброя і наркотыкі, свабодна перамяшчаюцца тэрарыстычныя і крымінальныя групоўкі», — растлумачыў Рыгор Лук'янаў. На яго думку, у агляднай перспектыве ніводная палітычная сіла не зможа аднавіць дзяржаўныя інстытуты ў Лівіі ў той ступені, каб яны здолелі навесці парадак.

Лівійская праблема існуе не толькі ў нацыянальным вымярэнні, упэўнены эксперт. «Гэта праблема і ўсіх сумежных дзяржаў, якія вымушаныя траціць велізарныя сродкі для абароны сваіх межаў. Для Алжыра і Егіпта гэта каласальны цяжар, для такой краіны, як Туніс, гэта і зусім невырашальная задача. Акрамя таго, за апошнія дзесяць гадоў Лівія ператварылася ў некантралюемы калідор для патокаў мігрантаў. І тыя меры, якія прымалі краіны ЕС за апошнія гады, не маглі вырашыць праблему», — заўважыў Рыгор Лук'янаў.

Грамадзянскія войны

Праз дзесяцігоддзе пасля звяржэння Кадафі Лівія працягвае пакутаваць ад міжусобных канфліктаў. У краіне функцыянуюць два асноўныя цэнтры ўлады. На паўночным усходзе Лівіі, у горадзе Табрук, дзейнічае часовы ўрад, які абапіраецца на ваенныя рэсурсы Лівійскай нацыянальнай арміі (ЛНА). Гэтыя сілы ўзначальвае былы рэвалюцыянер і паплечнік Кадафі генерал Халіфа Хафтар. Напрыканцы 1980-х ён перайшоў у апазіцыю і эмігрыраваў. Вярнуўся ў Лівію Хафтар на хвалі падзей 2011-га і абвясціў сябе камандуючым паўстанцкімі войскамі.

Яшчэ адзін ваенна-палітычны цэнтр знаходзіцца на паўночным захадзе Лівіі, у Трыпалі, дзе пасля 2011 года замацаваліся ісламісцкія атрады, якія змагаліся супраць рэжыму Кадафі. У 2014 годзе тут быў заснаваны альтэрнатыўны ўрад выратавання і новы Усеагульны нацыянальны кангрэс, якія карысталіся падтрымкай Катара і Турцыі.

Бакі ў 2014—2015 гадах вялі жорсткую барацьбу. Падчас гэтай кампаніі войскам Хафтара ўдалося ўзяць пад кантроль буйны горад Бенгазі.

У 2016 годзе пры пасярэдніцтве ААН у краіне быў створаны ўрад нацыянальнай згоды (УНЗ), у які ўвайшоў па выніках перагавораў і новы Усеагульны нацыянальны кангрэс. Кіраўніком быў абраны бізнесмен Фаіз Сарадж, а адной з мэт УНЗ была названа барацьба з «Ісламскай дзяржавай». Аднак урад не быў прызнаны на ўсходзе краіны і не мог кантраляваць сітуацыю на ўсёй тэрыторыі. «Грамадзянскія войны канчаткова падарвалі давер насельніцтва да дзяржаўных інстытутаў, вызначылі магутныя тэндэнцыі дэцэнтралізацыі ўлады і паставілі краіну на мяжу гуманітарнага крызісу», — адзначыў Рыгор Лук'янаў.

На думку эксперта, Лівія стала «закладніцай» сваіх нафтавых багаццяў — яна можа экспартаваць толькі вуглевадароды і цалкам залежыць ад стану гэтага рынку. «З аднаго боку, такі экспарт можа дапамагчы Лівіі аднавіцца, але з другога — стварае новыя лініі расколу ў краіне. За яе нафтавыя радовішчы змагаюцца як унутраныя, так і знешнія гульцы», — дадаў эксперт.

Новая хваля ваенных дзеянняў пачалася ў Лівіі ў 2019-м, калі генерал Хафтар пайшоў у наступ на Трыпалі. У адказ узброеныя фарміраванні, якія базуюцца ў заходніх раёнах краіны, абвясцілі аб пачатку аперацыі пад назвай «Вулкан гневу». Аднак спыніць наступ ЛНА не ўдалося, і ў пачатку 2020 года яна падышла ўжо ўшчыльную да Трыпалі.

Урад абралі ў Жэневе

Эскалацыя напружанасці ў Лівіі не засталася па-за ўвагай сусветнай супольнасці. Пасадзіць бакі за стол перагавораў паспрабавала Масква, пасля ў Берліне адбылася міжнародная канферэнцыя па лівійскім урэгуляванні. Па яе выніках было вырашана сфарміраваць з рэгулярных супрацоўнікаў арміі і паліцыі ваенную камісію пад эгідай ААН. Бакі супрацьстаяння ў Лівіі пагадзіліся падключыцца да яе работы. Аднак пагадненне аб спыненні агню было падпісана толькі ў кастрычніку 2020 года па выніках перагавораў у Жэневе.

Сёлета ў пачатку лютага прадстаўнікі супрацьлеглых бакоў у Лівіі абралі лідараў пераходнага ўрада. Гэта адбылося на галасаванні ў Жэневе ў рамках форуму пры пасярэдніцтве ААН. Прэзідэнцкі савет узначаліць былы дыпламат Мухамед аль-Манфі, а часовым прэм'ер-міністрам стане прадпрымальнік Абдэль Хамід Дбейба. Пераходны ўрад будзе кіраваць Лівіяй да выбараў, якія прызначаны на снежань бягучага года.

Эксперты каментуюць гэтыя зрухі з асцярожным аптымізмам. Выбары павінны спрыяць перазапуску палітычнага працэсу і забяспечваць допуск у палітыку новага пакалення лідараў, што было немагчыма ажыццявіць ва ўмовах вайны. «Але праблема ў тым, што гэты ўрад быў абраны ў Жэневе, у рамках лівійскага форуму. І асноўная частка гэтага форуму — прадстаўнікі так званай грамадзянскай супольнасці. Пры гэтым многія з іх не маюць ніякага ўплыву ў Лівіі. Легітымнасць гэтага ўрада засноўваецца толькі на той падтрымцы, якую ён атрымлівае звонку, а таксама з боку асноўных удзельнікаў палітычнага працэсу ў Лівіі. Сітуацыя застаецца вельмі далікатнай і ўразлівай», — заўважыў эксперт.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

Добры настрой — гэта падмурак высокай якасці нашага жыцця.

Грамадства

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

Многія жанчыны лічаць, што макіяж ў сталым узросце рабіць не варта, таму што гэта «дадае гадоў».

Культура

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

 У сценах установы ў межах літаратурна-музычнай імпрэзы прагучалі вершы і песні.