Вы тут

Палескі выбар свабоднага мастака


Што ўражвае ў кнізе з серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі», якая прысвечана народнаму пісьменніку Беларусі Івану Мележу?.. Прыцягвае, зразумела, сама постаць персанажа, героя выдання. Здараецца часам і так, што для кніг серыі выбіраюцца тыя постаці, якія і не самыя «знакамітыя». Рэдка, але ўсё ж такі здараецца. Альбо бывае і такое, што зборнік нарысаў, артыкулаў, інтэрв'ю, кароткіх успамінаў, прысвечаных ім, зроблены, што называецца, без душы.


З кнігай «Іван Мележ. Пясняр Палесся» ўсё склалася іначай. І герой — чалавек, асоба, якіх яшчэ пашукаць! І ўкладанне зроблена вартаснае, разлічанае на рэльефнае, глыбокае адлюстраванне жыцця і творчасці народнага пісьменніка, лаўрэата Ленінскай прэміі, аўтара неўміручых раманаў «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы». Пра Івана Паўлавіча расказваюць блізкія людзі, тыя, хто ведаў яго змалку, у маладосці, расказваюць пісьменнікі, якія жылі і працавалі побач.

А ўражваюць нераўнадушша, чалавечнасць, дабрыня, справядлівасць, з якімі ішоў праз усё сваё жыццё Іван Мележ. Чалавек просты і знешне не вельмі кідкі, здавалася б, зусім звычайны, пазбаўлены яркіх фарбаў і колераў... Вось што ўспамінае Барыс Сачанка: «Што толькі ні хвалявала Івана Паўлавіча! Бярозы па дарозе ў родную вёску павысякалі — не мог некалькі дзён супакоіцца.

— Стаяць яны ў мяне ўваччу... І дарога тая ў абсадах стаіць... А прыехаў цяпер... Гола, нецікава...

Балоты паасушвалі ў знаёмых змалку мясцінах. Радавала гэта Івана Паўлавіча. А паехаў аднойчы дадому, убачыў тыя ямы, адкуль павыбіралі торф, раззлаваўся:

— Гэта ж трэба, каб такое нарабіць на балотах... Як свінні ўсё адно рыліся... То хоць балота было, аблога... А цяпер што? Жудасць...

Хвалявала яго і тое, што крытыка наша не заўважае многіх добрых з'яў у літаратуры, а піша пра творы сярэднія, а то і пасрэдныя.

— Няма ў нашай крытыцы пакуль што дбаласці, чуласці... Ніяк не навучацца крытыкі бачыць усю літаратуру, бачаць толькі асобныя астраўкі...»

З Іванам Шамякіным і Пятром Машэравым.

І яшчэ: «Вельмі клапаціў яго «ЛіМ», тое, што ў газеце, якая фарміруе літаратурную думку, друкуюцца часам неабавязковыя, выпадковыя артыкулы, якія не карысць прыносяць, а нават шкоду. Неаднойчы гаварыў ён і пра наша выдавецтва, якое выпускае мастацкую літаратуру, — на пісьменніцкіх сходах, пленумах і ў размовах на самых розных узроўнях. Хвалявала яго, што выдаецца, а то і перавыдаецца не заўсёды лепшае, што кніжны рынак навадняецца падробкамі пад літаратуру.

— Не так багата ў людзей вольнага часу, каб абы-што чытаць. Ашчаджаць яго трэба, не псаваць мастацкі густ».

У кнізе «Іван Мележ. Пясняр Палесся», якую для выдавецтва «Мастацкая літаратура» ўклаў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь паэт і зямляк Мележа Мікола Мятліцкі, — тры раздзелы. У першым — «Ёсць на Палессі Курані» — успаміны родных, блізкіх людзей, пісьменнікаў-землякоў, тых, хто працаваў поруч з Іванам Паўлавічам, сябраваў. Другі раздзел — «Пуцявінамі лёсу» — складаюць тэксты беларускіх пісьменнікаў, якія і па духу былі блізкія да Мележа, і часта сустракаліся з ім. Такое, пэўна, здараецца не часта, каб у адной кнізе, у адным раздзеле сышліся аўтары вельмі вядомыя, знакавыя ў беларускай літаратуры, пісьменнікі, творы якіх на слыху, перад вачыма чытачоў розных пакаленняў: Мікола Лобан, Алена Васілевіч, Васіль Вітка, Юльян Пшыркоў, Мікола Аўрамчык, Янка Брыль, Генадзь Бураўкін, Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, Уладзімір Ліпскі, Мікола Матукоўскі, Павел Пруднікаў, Ян Скрыган, Іван Шамякін, Генадзь Шупенька, Вера Палтаран. Пісьменнікі, якіх можна смела залічваць да сумлення беларускай нацыянальнай літаратуры. Хто чытае па-беларуску, хто імкнецца ведаць родную літаратуру, канешне ж, адкрываў кнігі ці не кожнага з іх. Завяршае зборнік раздзел «Раман — гэта народ», у якім развагі пра прозу Івана Мележа, здзейсненае ім у літаратуры выкладаюць крытыкі, літаратуразнаўцы, публіцысты, сярод якіх — Алесь Адамовіч, Уладзімір Гніламёдаў, Рыгор Бярозкін, Таццяна Шамякіна...

Нарыс народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля пра свайго сябра Івана Мележа заканчваецца такімі словамі: «Ці ўсё мы робім якраз тое, што нам належыцца рабіць, ці самае найважнейшае робім? Як жа нам нялёгка разабрацца ў гэтым, быць паслядоўным у найважнейшым напрамку!..

І я схільны думаць, што замест бясконцага дапрацоўвання «Мінскага напрамку» Івану куды лепш было б канчаць «Палескую хроніку»... Думалася так пры яго жыцці, з асаблівым шкадаваннем думалася і тады, калі мы, камісія па Мележавай спадчыне, знаёміліся з накідамі да новых частак і кніг яго эпапеі, тых накідаў, якія поўнасцю, улічваючы і публікацыю ў «Полымі», яшчэ не вядомыя чытачу. Думаецца так і цяпер, і воддаль ад старонак яго кніг, і перачытваючы іх, дзе з хваляваннем, а дзе і без яго...

Аднак і такое на думку прыходзіць, на гэтым, урэшце, спыняешся: гэта ж яго была справа, яго гаспадарка, яго свабода выбару...»

І ўсё ж у межах свайго выбару ён, вялікі беларускі пісьменнік сучаснасці, адбыўся як свабодны мастак, як свабодны чалавек. Іначай бы яго не помнілі, іначай бы Палессе і саму нашу краіну ў свеце не адкрывалі па яго раманах.

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».