Вы тут

Сужэнцы з Краснаполля перавыхоўваюць нават самых цяжкіх дзяцей


Жыла-была сям'я — маці, бацька, двое дзетак. Але сужэнцы адчувалі, што могуць зрабіць шчаслівымі яшчэ кагосьці. І вось іх жыццё змянілася кардынальна. У сям'і з'явіліся дзеці, якія знаходзіліся на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Браць да сябе падлеткаў з такім статусам не кожны рызыкне. Але Дзмітрый і Алена, напэўна, зроблены з іншага цеста. За 13 гадоў работы ў якасці бацькоў-выхавальнікаў яны падарылі сваю любоў болей чым дваццаці такім вось праблемным дзецям. І працягваюць саграваць сэрцы сваіх новых «дачок» і «сыноў».


Знак звыш

Калі трапіла ў іх вялікі дом, спачатку падумала, што памылілася. Так у ім чыста і ўтульна, што ніколі не падумаеш пра вялікую сям'ю. Толькі батарэя роўна выстаўленых дзіцячых боцікаў і чаравікаў нагадвала, што я прыйшла па адрасе.

У хаце пахне пірагамі, і пакуль Улад, якому няма яшчэ і года, спіць, а іншыя дзеці ў садку або школе, ёсць час паразмаўляць за кубачкам кавы і кавалачкам найсмачнейшага торта «Графскія руіны». Гэта фірменная смаката ад Алены Алепкі. Яна наогул часта пестуе сямейнікаў смачненькім, а мне да таго ж пашчасціла завітаць у госці на наступны дзень пасля імянін аднаго з выхаванцаў. Цяпер у Дзмітрыя і Алены 10 дзетак ва ўзросце ад менш чым годзік да 13. У такім вось фармаце яны жывуць год. Дзеці, якіх яны бралі да сябе раней, былі ўжо амаль дарослыя. Ды і пачыналася іх добрая справа нетыпова. На ўсё паўплываў выпадак.

У Краснаполле сужэнцы прыехалі жыць у 2002 годзе, калі тут адкрыўся дзіцячы прытулак. Гэта была іх своеасаблівая хрысціян-
ская місія, бо яны людзі веруючыя. Задача была аказваць дзецям пасільную дапамогу. Яны прыходзілі ў госці, гулялі з малымі, нават запрашалі іх да сябе на выхадныя. Калі прытулак адзначаў пяцігоддзе свайго існавання, дырэктар запрасіў сваіх добраахвотных памочнікаў на свята. Алене тады вельмі запомніўся танец са свечкамі. Дзяўчынкі, нібыта німфы, кружылі па сцэне, а жанчына не зводзіла вачэй з нязграбнай худзенькай Тасі Еўдакімавай. 13-гадовая дзяўчынка выклікала такі прыліў пяшчоты, што Алена не магла нават ноччу заснуць — усё думала пра яе. Прапанову забраць Тасю да сябе ў сям'ю Дзмітрый сустрэў калі не з абурэннем, то з непаразуменнем. «Мы ж гэта не пацягнем», — спрабаваў ён пераканаць жонку.

— Нашы дзеці былі яшчэ зусім маленькія, але мне хацелася сагрэць яшчэ і Тасю, — згадвае Алена падзеі 13-гадовай даўніны. — Яе маці на той момант пазбавілі бацькоўскіх правоў. Дзяўчынку было вельмі шкада. І мужа шкада, ён не мог мяне зразумець, быў у разгубленасці... Дырэктар прытулку таксама адгаворваў, раіў не рызыкаваць, казаў — толькі намучаецеся. Маці Тасі займалася крадзяжамі, дачка яе падстрахоўвала. Маўляў, што атрымаецца з такога дзіцяці? Але я нічога не магла з сабой зрабіць. Патэлефанавала свекрыві. У нас з ёй былі вельмі даверлівыя адносіны. Сама сабе вырашыла: як яна скажа, так і зраблю. Калі яна спыталася: «Няўжо ў цябе не хопіць лішняй талеркі супу?» — я рыдала ад шчасця. Словы маёй свекрыві былі для мяне знакам з неба. Пасля гэтага нават мой муж здаўся. Тасю мы спачатку ўзялі на выхадныя. Потым яна з іншымі дзецьмі паехала ў санаторый, а мы... сумавалі без яе. І яна, як потым высветлілася, таксама. Калі яна вярнулася, мы ўжо сабралі ўсе неабходныя дакументы і забралі дзяўчынку да сябе.

Гэта цяпер Алепкі жывуць разам з дзецьмі ў прыгожым утульным катэджы з усімі выгодамі, а тады ў іх быў дамок, малы нават для чацвярых. Тася была пятай душой, але для яе таксама знайшлося месца. Аднак хутка высветлілася, што ў дзяўчынкі ёсць яшчэ двое старэйшых братоў па крыві. Па ўзросце Алене, якой на той момант было 30 гадоў, яны былі як малодшыя браты. Але маладая жанчына разумела, што нельга разлучаць родных. Хлопцы прыходзілі ў сям'ю на выхадныя, прасілі іх забраць. І Алепкі здаліся. Потым забралі іх сябра Саньку — хлопца ростам пад два метры. Без іх ён быў зусім адзінокі.

Усе дзеці аказаліся здольныя, добра вучыліся. Пасля школы атрымалі вышэйшую адукацыю. Адзін з братоў стаў настаўнікам фізкультуры, другі — прадпрымальнікам. Тася скончыла МДУ імя Куляшова па спецыяльнасці «псіхолаг». Дарэчы, Дзмітрый паступаў ва ўніверсітэт разам са сваёй выхаванкай. Спачатку скончыў факультэт дашкольнай адукацыі, а ўжо потым таксама вучыўся на псіхолага.

Цяжкія — не значыць дрэнныя

Раней выхоўваць дзяцей было прасцей, яшчэ не існавала такой моцнай залежнасці ад сацсетак, больш вабілі жывыя адносіны. Дарослыя з дзецьмі бралі сабаку і ішлі ў лес, на прыроду. Палілі вогнішча, спявалі, смяяліся і размаўлялі пра ўсё на свеце. Узроставай розніцы амаль не адчувалася — яны ўсе былі як роўныя. І гэта па-добраму разнявольвала.

— Нельга сказаць, што дзеці адразу сталі шаўковыя, — згадвае той перыяд Алена. — Здаралася, нас і ў школу выклікалі. Калі яны рабілі нешта шкоднае, мы з імі размаўлялі, і такога больш не паўтаралася. Яны нас вельмі паважалі.

— Гэтыя першыя нашы дзеці былі ўдзячныя за тое, што мы іх да сябе забралі, — дадае Дзмітрый.

— Для нас яны сталі штуршком, знакам, каб  працягвалі працаваць з такімі дзецьмі і далей, — кажа Алена. — Тактыку мы не мянялі, дзеці павінны былі адчуць, што мы іх сябры, памочнікі. Гэта было важна, бо тыя праблемы, што яны перажылі, былі далёка не дзіцячыя. Да нас трапіла дзяўчынка, маці якой магла запіць і дома не з'яўляцца днямі. Пра дачку клапаціліся настаўнікі. Яна сама выклікала міліцыю і збягала ў прытулак. Дома немагчыма было жыць. Аднойчы яна ўкрала ў нейкай бабулі курыцу, каб зварыць і з'есці... Калі яна прыйшла да нас, ёй было цяжка адвыкаць ад гэтага. Мы вучым дзяцей адказнасці, даем ім грошы, каб яны самастойна рабілі пакупкі, ведалі, колькі каштуюць прадукты. Аднойчы яна прыбегла дамоў уся ў слязах. У яе была сапраўдная істэрыка: у руках грошы, а ёй хочацца красці. Мы з ёй доўга, абняўшыся, размаўлялі. Менавіта размова можа вырашыць усе тыя праблемы, якія назапашваюцца ў душы чалавека, яны павінны быць выказаныя. Мы вучым дзяцей не замыкацца. Нічога не можа быць сарамлівага і заганнага, што нельга было б выказаць. У нас ёсць хлопчык, якога бацькі ўцягвалі ў парнаграфію. І ён не можа ўтрымацца, каб не пачаць шукаць у інтэрнэце гэтыя карцінкі. Ён у гэтым нам прызнаецца, і мы разам змагаемся з праблемай. У нас нават малітва ёсць, сэнс якой у тым, што мы так болей жыць не жадаем і просім Бога дапамагчы выправіцца. Па вечарах вось тут, на кухні, за сталом абмяркоўваем пражыты дзень, просім адно ў аднаго прабачэння.

З першымі дзецьмі было прасцей, прызнаюцца сужэнцы, таму што яны самі іх выбіралі. Сёння ў іх дзіцячы дом прыходзяць вельмі розныя выхаванцы. Ёсць сярод іх так званыя дзеці ПДА (маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне), якія знаходзяцца ў сям'і ад тыдня да паўгода. Іх бацькам даюць час рэабілітавацца, каб яны маглі выхоўваць сваіх дзяцей самастойна. Калі нічога не мяняецца, іх пазбаўляюць правоў.

— Дзве сям'і з чатырох, з якіх у нас былі дзеці ПДА, і цяпер з намі на сувязі, — радуецца Алена. — Бацькі стараюцца жыць правільна. Калі такія дзеці трапляюць да нас, наша задача ў першую чаргу дапамагчы бацькам. Не заўсёды атрымліваецца, але спадзяёмся, што некаторым мы ўсё ж адкрылі вочы.

Кніга жыцця і шкатулка жаданняў

Дзмітрый і Алена добра ведаюць: некаторыя дзеці толькі ў іх зразумелі, што такое сапраўдная сям'я. І вельмі хацелася б, каб гэтыя пачуцці заставаліся з імі назаўсёды. Так нарадзілася ідэя рабіць для кожнага выхаванца своеасаблівую Кнігу жыцця.

— Пачыналі проста з фота, — кажа Дзмітрый. — А потым сталі прыкладаць да іх візітоўкі са сціслай інфармацыяй пра дзіця і яго жыццё ў нашай сям'і. У 2014 годзе, калі мы былі ў Мінску на канферэнцыі прыёмных бацькоў, у нас нават папрасілі гэты альбом для пераймання вопыту. Для сябе захоўваем альбомы ў электронным выглядзе і па вечарах усе разам праглядваем. Тут нашы святы, выпускныя, спартыўныя спаборніцтвы, веласіпедныя прагулкі, паходы, паездкі за горад, агародныя справы — усё тое, чым напоўнены кожны дзень.

Са здымкаў глядзяць такія вясёлыя і шчырыя твары, што пачынаеш нават крышачку зайздросціць Дзмітрыю і Алене. Якія ж яны шчаслівыя! Вунь і падзяк колькі за добрае выхаванне дзяцей, за іх поспехі ў конкурсах, спорце. Сужэнцы вучаць выхаванцаў быць моцнымі, ставіць перад сабой мэты і дасягаць іх.

— Дзеці шмат малююць, пішуць нам, у нас ёсць нават шкатулка жаданняў, — кажа Дзмітрый. — Але іх просьбы не павінны быць звязаныя з матэрыяльнымі выдаткамі. Яны просяць для сябе нейкіх духоўных падарункаў. Вось Насця напісала пра Бога. Прызнаецца, што дзень быў цудоўны.

Нясумная гаспадарка

Мае суразмоўнікі — гараджане па паходжанні і пра гаспадарку да пэўнага часу мелі вельмі аддаленыя ўяўленні. Аднойчы тутэйшая бабулька падарыла ім курыцу з куранятамі. Алена са смехам згадвае, як яна па няведанні накарміла іх рысам з маслам і цукрам, каб яны хутчэй раслі. Гэта цяпер смешна, а тады, калі амаль вялікія куры пападалі на зямлю ад нястраўнасці, было не да жартаў. А сапраўднае разуменне і цікавасць да гэтых гадаванцаў прыйшла крыху пазней, пасля знаёмства з праваслаўным святаром Уладзімірам, у якога на выхаванні былі сапраўды дзівосныя птушкі... І цяпер у іх саміх якіх толькі летуноў няма, ёсць нават фазаны.

Птушкі і агарод — добрая падтрымка для вялікай сям'і. Летась Алепкі набылі аўтаклаў і робяць смачную тушонку з мяса. Яе нават нельга параўноўваць з той, што з крамы. А летам на іх агародзе спеюць памідоры, агуркі, перцы...

— Сёлета мы нарыхтавалі шмат двухлітровых слоікаў агуркоў, — кажа Алена. — Нашым студэнтам такі памер больш падабаецца. Калі дзеці сыходзяць ад нас, за іх адказвае ўстанова адукацыі. Але яны ўсё роўна едуць да нас, і мы рыхтуем для іх гасцінцы. Грошай заўсёды не хапае, мы не скардзімся і дзякуем Богу, бо ўмеем з нічога зрабіць нешта. Вунь муж падарыў мне кнігу маіх любімых рэцэптаў. Вельмі зручная рэч. А яшчэ мы любім усё ўдасканальваць.

Пасля таго як Дзмітрый вывучыўся на псіхолага, ён сумяшчае абавязкі бацькі-выхавальніка і педагога-псіхолага ў Краснапольскай гімназіі. Ва ўстанове — 480 дзяцей,  работы хапае: гэта і практыкаванні, і кансультацыі, і цяжкія дзеці. Алена заўважыла:  калі муж пачаў працаваць псіхолагам, стала нават лягчэй. Канфлікты гасяцца да таго, як паспеюць успыхнуць. Атрыманыя веды дапамагаюць не толькі ў рабоце з выхаванцамі, але і ім самім.

— Самае галоўнае — навучыцца любіць, — кажа Дзмітрый. — Калі табе 19 і ты закаханы, гэта зусім іншае. З часам пачынаеш заўважаць больш грунтоўныя рэчы. Камусьці патрэбны словы, камусьці — адчуванні, камусьці — дотыкі — усе мы розныя. Мне падабаецца, калі жонка мяне падбадзёрвае, а ёй падабаюцца запіскі. Мы разам 25 гадоў, а нашае каханне не згасае.

— Калі дапамагаеш адно аднаму — гэта таксама мова любові, — кажа Алена. — Трэба вывучаць чалавека, каб разумець, што яму трэба. Сямейныя скандалы адбываюцца таму, што людзі сталі мала размаўляць. З гадамі, здаецца, трэба станавіцца бліжэй, а людзі аддаляюцца, таму што не гавораць. Калі справа даходзіць да разводу, час садзіцца за стол і не высвятляць адносіны, а аналізаваць, што зрабілі не так. Згадаць, дзе і калі перасталі разумець адно аднаго. Нават здраду трэба дараваць дзеля захавання адносін. Разабрацца, чаму тое адбылося. Калі дараваць немагчыма, трэба сумленна адказаць сабе, ці зможаш ты далей жыць з гэтым чалавекам. Калі не, яго трэба адпусціць, каб не жыць з болем. Мы крыўдзімся, калі не даруем. І гэта таксама небяспечна для здароўя. Трэба грунтоўна працаваць над сабой. Дзеці таксама нам у гэтым дапамагаюць. Праз іх учынкі мяняемся і мы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара і з архіва Дзмітрыя і Алены Алепкаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

Яшчэ некалькі гадоў таму Людміла і Уладзімір Жарын былі звычайнымі жыхарамі райцэнтра.

Культура

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

«На схіле ўзгорка, нібы падпіраючы замак, растуць дзве даўгалетнія сасны. Яны захаваліся дзякуючы пашыранаму сярод гараджан і навакольных жыхароў перакананню, што яны выраслі не на раслінным соку, а на крыві».