Вы тут

Ажурныя і архаічныя: народны майстар з Навагрудка аб асаблівасцях мясцовай выцінанкі-выбіванкі


Народны майстар Рэспублікі Беларусь, нязменны кіраўнік Навагрудскага раённага цэнтра рамёстваў, а таксама прадаўжальніца мясцовай традыцыі выцінанкі-выбіванкі. Усе гэтыя статусы належаць нашай гераіні Наталлі Клімко, ураджэнцы Віцебшчыны, якая пазней моцна закахалася ў Нёман і прыгожыя мясцовыя лясы.


На жыццёвым шляху майстра ўсё таксама паслядоўна, як у мастацтве вырабу выцінанкі. Спярша мастацкае вучылішча ў Мінску, затым карпатлівыя гады працы па размеркаванні, а пазней прыемныя вынікі, дапоўненыя навучаннем ва ўніверсітэце культуры па курсе народных рамёстваў.

Менавіта з 2009 года, калі Наталля Аляксандраўна рыхтавала дыпломную работу па выцінанцы-выбіванцы, і пачынаецца яе шлях у якасці прадаўжальніцы традыцыі навагрудскага майстэрства, якое, дарэчы, з 2016 года ўваходзіць у спіс нематэрыяльна-культурнай спадчыны Беларусі.

Як адрозніць навагрудскую выцінанку ад любой іншай, нам распавяла яе стваральніца і захавальніца, у якой мы пабывалі ў гасцях.

Мясцовая аўтэнтыка

На працягу пяці гадоў метадысты раёна працавалі над тым, каб сабраць калекцыю народных каштоўнасцяў, якія зараз у поўным аб'ёме прадстаўлены ў цэнтры рамёстваў. Спецыялістам даводзілася наведваць самыя далёкія і цяжкадасягальныя куткі Навагрудскага раёна, каб прадставіць жывую і максімальна поўную карціну культуры і традыцыі мясцовага чалавека.

Навагрудская выцінанка-выбіванка збіралася на працягу дваццаці гадоў. Спецыялісты арганізоўвалі экспедыцыі па раёне, знаёміліся з майстрамі і спрабавалі пераняць іх уменні і навыкі. З часам утварыўся своеасаблівы народны калектыў з майстроў Навагрудчыны. У яго ўваходзяць на пастаяннай аснове больш за дваццаць чалавек, якія рэгулярна арганізоўваюць выставы, удзельнічаюць у выязных мерапрыемствах, — распавядае кіраўнік арганізацыі падчас экскурсіі.

Вось, да прыкладу, адзін з залаў цэнтра ўвесь высланы яркімі дыванамі, на сценах развешаны паясы і абрусы. Па такіх, дарэчы, нага не бярэцца ступаць — выкананыя яны, як і належыць згодна традыцыі, якасна. Бачная скрупулёзная праца майстра. Аднак тыя, тлумачыць Наталля Аляксандраўна, што мацней за ўсё кідаюцца ў вочы, не з'яўляюцца традыцыйна навагрудскімі.

— Раней наш раён быў некалькі большы, можна сказаць, гэта было цэлае Прынёманне. Для гэтага рэгіёну было характэрна пераборнае двухколернае ткацтва. Таму спрадвечна навагрудскімі лічацца шэрыя ці белыя ручнікі. На іх толькі ўзор сам прыгожы, зроблены спосабам перапляцення, — тлумачыць Наталля Аляксандраўна.

І тут пачынаецца сапраўдная рэгіянальная аўтэнтыка. Цэнтрам экспазіцыі з'яўляецца свайго роду чырвоны кут, у якім мы прывыклі бачыць абраз. На Навагрудчыне гэтая рэліквія ў доме традыцыйна займала ганаровае месца, аднак упрыгожаная яна магла быць не столькі ручнікамі, колькі выцінанкай-выбіванкай.

Як правіла, выцінанкі вырабляліся спецыяльна да святочных дат — Каляд і Вялікадня. Яны віселі на працягу года, упрыгожваючы не толькі цэнтр жылля, але размяшчаліся на паліцах і сталах у выглядзе ажурных сурвэтак, а таксама мацаваліся на вокны прадстаўляючы замену звыклым сёння цюлям.

Менавіта за імі мы прыехалі спецыяльнага ў Навагрудак, каб пазнаёміцца, так бы мовіць, на свае вочы і зразумець, чым жа мясцовыя майстры адрозніваюцца ад іншых рэгіянальных. Бо сама па сабе традыцыя выцінанкі шырока распаўсюджаная па ўсёй Беларусі. Скрупулёзна выразаныя немудрагелістыя ўзоры з паперы ўпрыгожваюць многія нашы гарады і вёскі. Таму майстры добра ведаюць не толькі адзін аднаго, але маюць мноства замежных кантактаў.

Традыцыі выразання з паперы ёсць і ў Расіі, і ў Польшчы, і ва Украіне, Латвіі і Літве. Дарэчы, пазней Наталля Аляксандраўна раскажа, што ў яе на Facebook ёсць знаёмы з Мексікі, які таксама захапляецца выцінанкай-выбіванкай. Толькі ў яго, усміхаецца майстар, зусім іншыя матывы ў творчасці.

Ажурныя фіранкі

На вокнах раённага цэнтра рамёстваў вы практычна нідзе не ўбачыце звыклых белых фіранак. Вокны будынка, нядаўна перададзенага калектыву майстроў, абвешаны тут выцінанкай-выбіванкай. І гэта, уласна, і ёсць тая спадчына, якую ў нашай краіне спрабуюць зберагчы.

Пакуль Наталля Аляксандраўна распавядала мне пра багатую разнастайнасць народнай творчасці, творы якой напаўняюць памяшканні Цэнтра рамёстваў, я спрабавала сама зразумець, чым жа навагрудская выцінанка адрозніваецца ад іншых і, галоўнае, чаму яна «выбіванка»?

Беларуская традыцыйная выцінанка ў нас адрозніваецца тэхнікай, — тлумачыць суразмоўніца. — Гэта ўзор на сетцы, які выбіваецца простымі сталярнымі інструментамі — малатком, долатам або расплясканым цвіком. На дошку кладзецца папера з сеткай, якую неабходна загадзя расчарціць, склаўшы ў некалькі разоў. Прычым, усе квадрацікі павінны быць ідэальна роўнымі. Пазней на іх малюецца ўзор, які потым выбіваецца па контуры. Ён можа быць як цэнтрычны, так і сіметрычны.

Таму ў сумачцы такіх жанчын-майстрых вы не знойдзеце мініяцюрных нажнічак. Там захоўваюцца досыць цяжкія і вялікія інструменты. Вось, напрыклад, сама Наталля Аляксандраўна для гэтага прыстасавала шрубоўкі.

Такая тэхніка выбівання ўзору была распаўсюджаная і ў некаторых вёсках і суседняга Карэліцкага раёна. Але з часам звыклыя тканкавыя цюкі сталі больш даступныя, а неабходнасць майстраваць упрыгажэнні для дома сваімі рукамі адпала. Тады пра выцінанку ўсе забыліся, — заўважае майстар.

Аднавіла народную традыцыю Ніна Шурак, ураджэнка вёскі Мелюшава Навагрудскага раёна. Менавіта яна займалася зборам экспазіцыі гісторыка-краязнаўчага музея, што пазней ператварыцца ў раённы Цэнтр рамёстваў. Работы Ніны Пятроўны экспануюцца тут, а таксама часта выстаўляюцца ў іншых беларускіх гарадах.

Цэнтральным або сіметрычным узорам выцінанкі-выбіванкі з'яўляецца ўсё тое, што бачыў вакол сябе мастак, таму часцяком гэта кветкі, птушкі і жывёлы.

Да ведама, птушкі, якія змяшчаліся майстрамі як на ручніках, так і на абрусах або выцінанцы, надзяляліся асаблівым сэнсам. Яны пазначалі прысутнасць вышэйшага духу, боскай праявы і ўзыходжання на неба. Птушка заўсёды з'яўлялася сімвалам сонца, а таксама чысціні. Для беларусаў і славянскіх народаў увасабленне птушкі яшчэ значыць прыход вясны, абуджэнне і пачатак новага жыцця.

Архаічнасць традыцыі

Наталля Клімко дваццаць гадоў нязменна ўзначальвае цэнтр. Цяпер, усміхаецца сама майстар, прыйшоў час аддаць пасаду маладым. Чаму Наталля Аляксандраўна таемна ўсміхаецца, распавядаючы аб будучым сыходзе са службы, я зразумела не адразу. Толькі пасля таго, як мы скончылі вялікую і цікавую экскурсію па цэнтры, а яе лідар раскажа пра кожнага мясцовага таленавітага майстра, я даведаюся, што сэрца маёй гераіні цалкам належыць творчасці.

Буду займацца любімай справай, рабіць выцінанку-выбіванку. Акрамя таго, я хачу, каб майстры аб'ядналіся і зноў сталі шмат і часта сустракацца. Магчыма, праз нейкі час мы пачнем адкрываць для сябе новыя віды творчасці, — тлумачыць майстар.

Суразмоўніца кажа, што больш маладое пакаленне хоць і прыходзіць у клуб рамеснікаў, але адчуваецца, што вырабляюць майстры толькі тое, што прадаецца. Народнае мастацтва, сцвярджае кіраўнік цэнтра, неяк не асабліва цікавіць моладзь.

Многіх бянтэжыць архаічнасць навагрудскай тэхнікі выцінанкі, дзе выкарыстоўваюцца малаткі і дошчачкі. Тым не менш, да гэтага таксама атрымліваецца прылаўчыцца і, уласна, у гэтым і ёсць сутнасць захавання традыцыі, — тлумачыць рамесніца.

Тым не менш, немагчыма не заўважыць, што мастацтва традыцыйнай выцінанкі не губляе сваёй папулярнасці. У беларускіх мастакоў выходзіць актуалізаваць і гэты род заняткаў.

Заўважаю, што наша гераіня да канца гутаркі крыху наракае, што на працягу ўсіх гэтых дваццаці гадоў занадта шмат часу забірала арганізацыйная праца цэнтра рамёстваў, якая не давала паглыбіцца ў творчы занятак.

Таму цяпер у марах вярнуцца да роспісаў. Гераіня прызнаецца, што раней вельмі цікавілася падобным мастацтвам.

— Гэтым я займалася яшчэ ў дзяцінстве. Мне заўсёды падабалася распісваць тканіны, шкло ці дрэва. Акрамя традыцыі навагрудскай выцінанкі, якую я павінна працягваць, можа быць, я неяк аб'яднаю яе з роспісам, стварыўшы пэўнае ноу-хау.

Цяпер Наталля Аляксандраўна мае намер адвесці мастацтву больш ганаровае месца ў сваім жыцці і, як кажуць, сысці ў яго з галавой.

Аліса СКІБА

Фота аўтара і гераіні публікацыі

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.