Вы тут

Оперы Манюшкі забаранялі за беларускія песні


Станіслаў Манюшка (1819–1872) па праве лічыцца заснавальнікам класічнай польскай оперы, аўтарам чароўных мелодый, у якіх выразіў нацыянальны дух польскага народа. Ён нарадзіўся на беларускай зямлі (фальварку Убель каля Смілавічаў), яго талент гадаваўся пад уплывам беларускіх народных спеваў і музыкі, з беларускага музычнага фальклору чэрпаў ёй натхненне… Уражвае яго трываласць духа, працавітасць і вера ў свой талент, сваё прызначэнне — мовай музыкі выказваць людскія пачуцці і настроі грамадства. Ён жыў у музыцы і дзеля музыкі.


Хлопчык рос пад гукі фартэпіяна, на якім музыцыравала яго маці, і неўзабаве сам пачаў іграць, а пасля абавязковых гамаў любіў імправізаваць. Палюбіліся яму народныя спевы. Здавалася, яны ліліся з самай душы народа. Стась запомніў словы свайго дзядзькі Казіміра Манюшкі: «Талент — вялікае дабро. Яго трэба толькі ўмела развіць, каб ён змог прынесці карысць грамадству».

Талент Станіслава развівалі настаўнікі. Калі маці здолела абудзіць у Стася любоў да музыкі, варшаўскі арганіст і настаўнік музыкі Аўгуст Фрэер пазнаёміў яго з пачатковымі тэарэтычнымі ведамі, то ў гады вучобы ў Мінскай гімназіі музыкант Дамінік Стафановіч выпеставаў яго талент, прывіў эстэтычны густ. Як кожны падлетак, Стась марыў праявіць сябе ў вартай справе, прынамсі музыцы, і ён пачаў складаць яе. Яго першую аперэту «Канторскія служачыя» паставілі ў 1834 годзе мінскія аматары тэатра і музыкі, калі аўтару было ўсяго 15 гадоў!

Музычную адукацыю больш за два гады Станіслаў Манюшка працягваў у Берліне пад кіраўніцтвам рэктара Берлінскай пеўчай акадэміі кампазітара Карла Фрыдрыха Рунгенхагена. У юнака абудзіўся творчы імпэнт, ён шмат працуе, шмат піша музыкі, арганізоўвае свае канцэрты. Пасля вяртання ў 1840 годзе на Беларусь Манюшка селіцца ў Вільні, жэніцца на Ганне Мюлер і ўладкоўваецца на сціплую пасаду арганіста ў касцёле св. Яна. Творчасць яго плённая па колькасці, але зусім не па якасці. Адна за адной напісаныя аперэты «Ідэал», «Новы Дон Кіхот», «Карма Пол, ці французы любяць паесці», «Латарэя». Яны вядомыя толькі даследчыкам творчасці Манюшкі, так і не заваявалі сабе сцэнічнае доўгажыхарства. І ўсё ж былі творы, якія сталі знакавымі для беларускай культуры — гэта аперэта «Яўрэйскі рэкруцкі набор», пастаўленая ў Мінскім тэатры ў 1841 годзе, і опера «Сялянка», пастаўленая ў Мінску ў 1852 годзе (абодва лібрэта напісаў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч) — гэта быў пачатак беларускага музычнага тэатра. У «Сялянцы» гучалі беларускія народныя спевы і беларускамоўныя арыі. Менавіта за гэта оперу забаранілі ўлады, а з цягам «згубілася» і партытура. Але факт нараджэння беларускай оперы пазначаны мінскай прэм’ерай «Сялянкі» 9 лютага 1852 года.

Беларускі музычны фальклор стане крыніцай натхнення кампазітара. Беларускія мелодыі гучаць у творах Манюшкі, у яго песнях са зборніка «Хатні спеўнік» і да вяршынь яго творчасці, опер «Галька», «Фліс», «Страшны двор». Аднак усё гэтае багацце не вылілася ў Манюшкі ў паўнавартасны беларускі твор. Манюшка, як і іншыя беларускія культурныя дзеячы, стаў закладнікамі тагачаснага палітычнага становішча, калі забаранялася ўсе беларускае, і свае творчыя памкненні даводзілася рэалізоўваць у рэчышчы польскай культуры. Тым не менш тварылі яны на беларускім грунце, і зрабілі свой адметны ўнёсак у нашую культуру.

Цяпер здаецца дзіўным, што Варшаўскі тэатр адмовіўся ставіць «Гальку». Манюшка праглынуў горкую праўду і зрабіў новую рэдакцыю оперы. Хоць 1 студзеня 1848 года ў Вільні адбылася канцэртная прэм’ера «Галькі», якую горача вітала віленская публіка.

Каб неяк пражыць, Манюшка звяртаецца да папулярнага жанру аперэты і піша спехам «Цыганоў» і «Бетлі». Доступ на варшаўскую сцэну для «Галькі» быў па-ранейшаму закрыты. А між тым вясной 1856 года з поспехам адбыўся канцэрт Манюшкі ў Пецярбургу. Сталічная публіка горача вітала яго творы. Рамансы Манюшкі ставілі нароўні з рамансамі Шуберта і Шумана, Глінкі і Даргамыжскага.

І вось нарэшце 1 студзеня 1858 года адбылася прэм’ера «Галькі» на варшаўскай сцэне. Манюшку давялося шмат папрацаваць з артыстамі, каб адвучыць іх спяваць на італьянскі манер. Варшава затоена чакала прэм’еры кампазітара-літвіна, гэтага правінцыяла, які захацеў скарыць сталіцу. Яго цудоўная музыка аб’яднала і ганарлівую арыстакратыю, якая захоплена пляскала ў далоні пры гуках паланэзаў, і простага гледача на галёрцы, што вітаў кранальныя арыі Галькі. А сама опера пачыналася мелодыяй беларускай народнай песні: «Стала б ты каханай, абняў бы цябе я». Сялянскай стыхіі, што грунтавалася на народнай музыцы, Манюшка супрацьстаўляў шляхецкую музычную стыхію — паланэзы, мазуркі і г. д. Сваёй драматычнай операй паказаў паразітычную сутнасць арыстакратыі, якая не толькі «корміцца з мазаля і поту халопаў», а высмоктвае з яго жыццёвыя сілы, высушвае яго душу, апаганьвае яго прыгажосць. Ніводны польскі кампазітар не стварыў нічога падобнага па музыцы і па змесце.

Манюшку запрасілі ўзначаліць аркестр Вялікага тэатра ў Варшаве, і ён перабраўся ў гэты горад разам з сям’ёй. За «Галькай» 20 верасня 1858 года адбылася прэм’ера оперы «Фліс», якая расчаравала польскага слухача. Музыка літвіна Манюшкі аказалася для палякаў чужой, і гэта зразумела. «У песнях і асабліва з оперы „Фліс“ (Плытагон) такое багацце народных інтанацый, што слухаючы, адчуваеш, нібы прысутнічаеш недзе пад Слуцкам або каля Мінска на ўрачыстым свеце беларускіх сялян», — адзначыў Рыгор Шырма. Слухач патрабаваў новых твораў, і Манюшка спехам пісаў іх. Магчыма, у гэтым і крыюцца прычыны няўдач наступных яго опер — «Графіня» (1859 г.) і «Вербум нобіле» (1860 г.). І толькі вяртанне да беларускай тэматыкі і народнай музыкі ў оперы «Страшны двор» узняла талент Манюшкі на новую вышыню. Аглушальныя авацыі варшаўскай публікі гэтак напужалі ўладу, што «Страшны двор» забаранілі. Гэта быў удар і па матэрыяльным становішчы Манюшкі. Ён проста ўлез у кабалу: кіраваў аркестрам, выкладаў, пісаў для ганарараў «песенькі», модныя балеты («Монтэ-Крыста», «На бівуаку», «Хітрыкі сатаны»), оперу «Парыя». Не дзіўна, што ад усіх гэтых нягод здароўе Манюшкі пагоршылася.

Ён адчуваў страту сіл і спяшаўся ажыццявіць прызванне нацыянальнага кампазітара. «Калі я люблю працу, дык люблю яе, як сумленны сродак служыць Айчыне», — пісаў аднаму з сяброў Манюшка. Ён цярпеў нападкі маладых крытыкаў, для якіх яго музыка здавалася састарэлай, несучаснай, прэснай. Яны не заўважалі сапраўдных шэдэўраў. Публіка, што раней абагаўляла кампазітара, цяпер адвярнулася ад яго. Канцэрты, што з цяжкасцю ладзіліся, не прыносілі прыбытку, трэба было яшчэ даплачваць. Ліхвяры наклалі арышт на яго жалаванне ў Варшаўскім інстытуце музыкі. І яго сэрца ўрэшце не вытрымала. Пахаванне Манюшкі вылілася ў народнае прызнанне яго таленту і заслуг перад польскай культурай, сто тысяч чалавек праводзілі яго ў вечнасць. Ён пайшоў, але пакінуў людзям найбагацейшы скарб — сваю велічную і цудоўную музыку.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Гістарычная памяць — тое, што вызначае будучыню... Здаецца, банальная ісціна, якую не трэба нікому даказваць.

Грамадства

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

Добры настрой — гэта падмурак высокай якасці нашага жыцця.

Грамадства

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

Многія жанчыны лічаць, што макіяж ў сталым узросце рабіць не варта, таму што гэта «дадае гадоў».

Культура

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

 У сценах установы ў межах літаратурна-музычнай імпрэзы прагучалі вершы і песні.