Зіма паступова сыходзіць, і, нарэшце, вось яно — першае веснавое сонейка, такое доўгачаканае і… такое небяспечнае. Зімой наш арганізм настолькі сумуе па сонцы, што са з’яўленнем першых веснавых прамянёў, мы неўсвядомлена імкнемся атрымаць асалоду ад іх цяпла і яркага святла. Так як наш твар — самы адкрыты ўчастак цела, то менавіта ён прымае на сябе асноўны ўльтрафіялетавы ўдар. Як абараніцца ад актыўнага ўздзеяння сонечнага выпраменьвання? Аб гэтым мы пагутарылі з урачом-касметолагам Юліяй Станкевіч.
Фотастарэнне ≠ хронастарэнне?
«Пачну з таго, што фотастарэнне нельга блытаць з хронастарэннем», — гаворыць Юлія. — «Безумоўна, гэтыя працэсы могуць ісці паралельна, але ж у сваёй аснове маюць розныя прычыны».
Хронастарэнне — гэта натуральны працэс старэння, абумоўлены генетычнымі фактарамі і гарманальнымі змяненнямі.
Фотастарэнне — гэта працэс змянення стану і структуры скуры, выкліканы рэгулярным уздзеяннем сонечных прамянёў. У выніку на скуры могуць з’явіцца змяненні: ад дробных зморшчак і вяснушак да вялікіх цёмных пігментных плямаў.
Галоўны абаронца скуры чалавека ад сонечных прамянёў — гэта меланін — пігмент, які адказвае за колер скуры. Чым больш меланіну выпрацоўваюць клеткі скуры, тым менш шкоды ёй могуць нанесці сонечныя прамяні. Чым святлей скура, тым большая рызыка. Акрамя гэтага, працэс фотастарэння актывізуецца ў жанчын падчас гарманальнай дысфункцыі, цяжарнасці, менапаўзы. Справа ў тым, што ў арганізме парушаецца баланс эстрагена і прагестэрона. У выніку павышаецца адчувальнасць скуры да ўльтрафіялетавага выпраменьвання, як следства, гэта можа прывесці да ўзнікнення моцнай пігментацыі.
«Канечне, чалавек не можа існаваць без сонца, — адзначае Юлія. — Яно патрэбнае і карыснае для нашага арганізма, але ў пэўнай колькасці і ў пэўны час. Напрыклад, самы бяспечны інтэрвал знаходжання на сонцы — гэта раніца да 11 гадзін і другая палова дня — пасля 16 гадзін. Калі ў выніку пэўных абставін вы не можаце прытрымлівацца такіх тэрмінаў, то абавязкова пры выхадзе на сонца абараняйце свой твар».
Каб мінімізаваць уздзеянне сонечных прамянёў на скуру твару, неабходна карыстацца спецыяльнымі крэмамі з SPF-фільтрамі (SPF — фактар аховы ад сонца). Гэта датычыцца і адпачынку на курорце, і жыцця ў горадзе. Ультрафіялетавае выпраменьванне прыходзіць да нас не толькі з прамымі сонечнымі прамянямі ў гарачыя летнія дні, яно трапляе на зямлю і ўзімку і можа адлюстроўвацца ад розных паверхняў, праходзіць скрозь аблокі і хмары, ваду і нават лёгкае адзенне.
Як правільна выбраць крэм з SPF-фактарам?
Сёння мас-маркет прапануе вялікую колькасць крэмаў у асноўным з SPF-фактарам ад 10 да 50. Чым больш фактар, тым больш часу вы можаце правесці на сонцы без дадатковага нанясення крэму. Як гэта працуе? «Без ахоўных сродкаў скура твару на сонцы пачынае чырванець прыблізна праз 5 хвілін. Пры выкарыстанні SPF-10 скура не абгарае хвілін 50, пры выкарыстанні SPF-30 мы павялічваем тэрмін уздзеяння крэму да 150 хвілін», — прыводзіць прыклад Юлія.
Акрамя гэтага, пры выбары гэтага касметычнага сродку неабходна памятаць пра ўльтрафіялетавыя прамяні А і B. Ультрафіялетавыя прамяні В складаюць толькі 10 % ад агульнай колькасці ўльтрафіялетавых прамянёў, якія даходзяць да паверхні зямлі. Іх празмернае ўздзеянне можа выклікаць на скуры апёкі, якія ў сваю чаргу прыводзяць да ўтварэння зморшчак і пігментацыі, а ў некаторых выпадках могуць справакаваць і рак скуры. У той час, прамяні А складаюць 90 % ультрафіялетавага выпраменьвання. Небяспечнасць іх уздзеяння ў тым, што яны пранікаюць у глыбокія пласты скуры і выклікаюць яе паступовае заўчаснае завяданне, якое мы некаторы час не заўважаем. Амерыканскія вучоныя даказалі, што нават пры воблачным надвор’і да нас даходзіць 80 % ультафіялетавых прамянёў А. Яны пранікаюць праз шкло і могуць негатыўна ўздзейнічаць на скуру, нават, калі вы знаходзіцеся ў аўтамабілі.
«Такім чынам, пры выбары крэму ўважліва чытайце надпісы на ім: там павінны быць дзве абрэвіятуры — UVA і UVB. Менавіта такі склад фільтраў гарантуе максімальную абарону вашай скуры», — робіць выснову Юлія.
Для ранняй вясны ў нашых шыротах для штодзённага карыстання дастаткова SPF-15–20. Пры ўмове, што скура твару не траўмаваная касметычнымі працэдурамі такімі, як лазерная шліфоўка, пілінгі і інш. (тут патрэбны больш моцныя фільтры). Калі казаць пра лета, то мінімальны фільтр у гэты сезон — 30.
Як правільна карыстацца крэмам з SPF-фактарам?
Класічныя абавязковыя этапы догляду за тварам — гэта ўмыванне, танізаванне, увільгатненне. Cёння амаль усе крэмы для штодзённага карыстання маюць у сваім складзе SPF-фактар. У гэтым выпадку дадатковай аховы не патрабуецца. Калі вы карыстаецеся танальным сродкам, то яго таксама варта падбіраць з SPF-фактарам. І ў гэтым выпадку больш нічога не трэба. Асобна выкарыстоўваюць крэмы з SPF-фактарам, як правіла, падчас адпачынку на курорце. Наносіць яго трэба загадзя, а не перад самым выхадам на вуліцу ці плаваннем у моры, так як пачынае ён дзейнічаць не адразу.
«На жаль, няма такіх сродкаў, якія абараняюць скуру ад уздзеяння сонечных прамянёў на 100 %», — падсумоўвае размову Юлія. — «Таму абавязкова раю карыстацца крэмам с SPF-фактарам, а ў самыя гарачыя часы па магчымасці пазбягаць адкрытага сонца. Беражыце сваё здароўе і прыгажосць!»
Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ
Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве
Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.