Вы тут

Жывыя галіны беларускага дрэва


Актывісты беларускіх суполак замежжа паўдзельнічалі ў VІ Усебеларускім народным сходзе, які праходзіў 11–12 лютага ў Мінску

Спрадвечная традыцыя, дастасаваная да сучаснасці, скіраваная ў будучыню. Гэткімі словамі, што расстаўляюць хрона-арыенціры ў плыні Часу, можна вызначыць месца Народнага Веча ў жыцці Бацькаўшчыны. Бо як інакш акрэсліць глыбокі — эвалюцыйны! — сэнс таго, што эксперты называюць галоўнай грамадска-палітычнай падзеяй пяцігодкі? Двухдзённы форум сабраў 2700 чалавек з усёй краіны, было на ім амаль 2400 дэлегатаў і больш за 300 запрошаных.


“Нават за межамі Радзімы вы не перастаеце быць часткай беларускай сям’і”

На VІ Усебеларускім народным сходзе выступае Прэзідэнт

Важна заўважыць, што сярод тых запрошаных на сход — і актывісты беларускай дыяспары з розных краін: некаторых згадаем далей. У чарговы раз падкрэслена было тым самым на высокім — Усенародным! — узроўні: замежныя супляменнікі — гэта жывыя галіны вялікага беларускага дрэва, што расхінае крону далёка й за межы Бацькаўшчыны. Дарэчы, у такім сэнсавым кантэксце мы часам ужываем і словы: Беларускі Мацярык. Ён, па сутнасці, неабсяжны, ён — усюды, дзе ёсць беларусы: а нас і за межамі Айчыны больш за 3 мільёны. Вядома ж, рознымі повязямі ўсе мы спалучаныя з Беларускім Дрэвам-Родам, хай сабе й не на зямлі продкаў жывём. Перафразуючы класіка, немагчыма жыць у беларускім сілавым полі ды ў той жа час рабіць выгляд, нібыта мы па-за ім.

Паказальна, што і ў выступленні Прэзідэнта быў яскравы пасыл непасрэдна ў адрас беларусаў замежжа. Прывядзем яго “з падыходам”, з кантэкстам — каб высветліць глыбінны сэнс: “Мякка кажучы, дыпламатычна кажучы, мы перакананыя, што эскалацыя не выгодная нікому: ні Беларусі, ні ЕС, ні ЗША. Тым больш гэта не наш выбар. У нашых агульных інтарэсах вярнуцца да нармальнага палітычнага ўзаемадзеяння, паўнавартаснага эканамічнага супрацоўніцтва. Заявы Еўрасаюза, ЗША, іншых заходніх краін аб падтрымцы суверэнітэту Беларусі, прычым яны кажуць тое пастаянна, мы, безумоўна, адзначаем. Мяркуем, эфект ад такіх заяў выявіцца ў доўгатэрміновым вымярэнні, а не ў плыні бягучых абвастрэнняў і непаразуменняў. У кантэксце апошніх падзей хацеў бы таксама звярнуцца да ўсіх аб’яднанняў беларусаў замежжа. Да кожнага, чые карані на беларускай зямлі. Калі вы яшчэ беларусы, калі вы памятаеце сваю маленькую радзіму, вы павінны разумець, што нават за межамі Радзімы не перастаеце быць часткай беларускай сям’і. Кожнае вашае слова, справа і нават пазіцыя прама ці ўскосна ўплывае на жыццё краіны. І гэтай краіне патрэбная падтрымка, у тым ліку пажадана і ваша, а не разбурэнне”.

Мяркую, многія з нашых чытачоў змаглі дзякуючы сучасным камунікацыйным сродкам чуць і бачыць усё тое, што адбывалася ў Палацы Рэспублікі. Ды й цяпер на розных інтэрнэт-рэсурсах ёсць матэрыялы УНС. Найбольшую ўвагу, безумоўна, па-ранейшаму прыцягвае глыбокае, гранічна шчырае, напоўненае важнай рознабаковай інфармацыяй ды развагамі пра будучы лёс Бацькаўшчыны выступленне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі перад дэлегатамі ды ўдзельнікамі форуму — тэкст, відэа па спасылцы https://presіdent.gov.by/ru/events/shestoe-vsebelorusskoe-narodnoe-sobranіe Кіраўнік дзяржавы з першых жа хвілін дакладу звярнуў увагу, што выступленні на сходзе транслююцца ў прамым эфіры, і трансляцыю глядзяць мільёны людзей, у тым ліку й за межамі краіны. А цікавасць у свеце да падзеі была вялікая. Прэзідэнт папярэдзіў, што спачатку ягоны даклад быў крыху іншым — але ён адклаў яго ў бок, “шмат у чым зыходзячы з тых пытанняў, якія вы ўзнялі на дыялогавых пляцоўках і на выніковых рэгіянальных дыялогавых пляцоўках перад паездкай сюды. Калі хочаце, гэта ў нейкім сэнсе рэакцыя кіраўніцтва краіны і Кіраўніка дзяржавы на тыя прапановы, якія вы там выпрацавалі”. Так што, па сутнасці, гэта была размова Прэзідэнта з народам па самых надзённых пытаннях, і не толькі ў жыцці краіны.  

Удзельнікі УНС абмяркоўвалі як даклад, так і асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021–2025 гады, напрамкі грамадска-палітычнага развіцця краіны. 12 лютага прынятыя былі рэзалюцыя і зварот удзельнікаў VІ Усебеларускага народнага сходу. Трохі пазней, 18 лютага, калі Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам і падзякаваў яму за ўдзел у форуме, той адразу адрэагаваў: “Гэта было вельмі цікава!”. Яшчэ навіна прагучала з вуснаў Прэзідэнта: розныя пытанні, якія закраналіся на УНС, плануецца абагульніць ды апублікаваць па асобных кірунках. “Мы хочам усе пытанні, якія падымаліся, абмяркоўваліся, надрукаваць у газеце й паказаць людзям: вось якія пытанні абмяркоўваліся. А іх там сотні. Канцэптуальныя рэчы падымаліся, важныя. А ёсць другарадныя, трэцярадныя. Усе апублікуем па напрамках”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як бачым, канструктыўны дыялог улады з шырокімі коламі грамадскасці — прадаўжаецца.

Сустрэчы на Бацькаўшчыне

Сустрэча ўдзельніц УНС з Упаўнаважаным па справах рэлігій ды нацыянальнасцяў Аляксандрам Румакам

Напярэдадні падзеі ў калідорах мінскага Дома прэсы з’явіліся госці-беларусы з Масквы, запрошаныя для ўдзелу ва Усебеларускім народным сходзе. Гэта былі старшыня Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі Беларусаў Расіі Сяргей Кандыбовіч, яго першая намесніца Аксана Солапава ды першы намеснік старшыні — выканаўчы дырэктар ФНКА Беларусаў Расіі Аляксандр Дарковіч. Госці-супляменнікі сустрэліся, гутарылі з Аляксандрам Карлюкевічам — дырэктарам і галоўным рэдактарам Выдавецкага дома “Звязда”. Актывісты дыяспары распавялі пра тыя праекты, якія рэалізуюцца беларускімі суполкамі ў Расіі. Былі намечаны напрамкі, перспектывы далейшай супрацы ФНКА Беларусаў Расіі ды ВД “Звязда”. На партале аўтаноміі падаюцца матэрыялы з газеты “Звязда”: пра беларуска-расійскія дачыненні, лёсы расійскіх беларусаў, сумесныя праекты. На гэты раз журналісты пагутарылі з гасцямі — з кожным паасобку, падрыхтаваныя тэксты змешчаныя на старонках “Звязды”. Мы з калегай Дар’яй Шлапаковай гутарылі з Героем Расіі Аляксандрам Дарковічам, ураджэнцам Давыд-Гарадка, свой тэкст я планую ў наступны нумар.

На партале ФНКА Беларусаў Расіі пададзены здымкі, паведамленні пра іншыя сустрэчы маскоўскіх гасцей-супляменнікаў у Мінску: з Міністрам інфармацыі Ігарам Луцкім ды яго намеснікам Ігарам Бузоўскім, рэктарам Беларускага дзяржуніверсітэта культуры й мастацтваў Наталляй Карчэўскай. У сустрэчы з Паслом Расіі ў Беларусі Дмітрыем Мезенцавым паўдзельнічаў і пісьменнік Валерый Казакоў: ён раней узначальваў ФНКА Беларусаў Расіі. А сустрэча з Упаўнаважаным па справах рэлігій ды нацыянальнасцяў Аляксандрам Румакам прайшла з удзелам Аляксандра Білыка, які раней сам узначальваў гэтую дзяржструктуру, а сёння прастаўляе савет ФНКА Беларусаў Расіі ў Беларусі.

У іншы дзень, 12 лютага, на сустрэчу з Упаўнаважаным, супрацоўнікамі апарата ды кіраўніцай аддзела па працы з нацыянальна-культурнымі грамадскімі аб’яднаннямі, суполкамі беларусаў замежжа Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Анастасіяй Дрозд прыйшлі ўдзельніцы Усебеларускага народнага сходу з чатырох краін. Гэта былі старшыня Саюза беларусаў Латвіі ды Рыжскага беларускага таварыства “Прамень”, сябар Кансультатыўнага камітэта прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый нацменшасцяў пры Мінкультуры Латвіі Алёна Лазарава, кіраўніца нарвскага Беларускага таварыства “Сябры” (Эстонія) і сябар Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры МЗС Беларусі Людміла Аннус, кіраўніца Беларускага нацыянальна-культурнага таварыства “Сябры” з Чарнігава (Украіна) Галіна Варажбіт і кіраўніца Культурна-асветніцкага аб’яднання беларусаў у Іарданіі Аксана Чамеза. У часе такіх сустрэч паднаўляліся даўнія повязі замежных беларусаў з арганізацыямі, людзьмі на Бацькаўшчыне, вялася размовы пра зробленае, вызначаліся перспектыўная кірункі супрацы. А новы Упаўнаважаны па справах рэлігій ды нацыянальнасцяў Аляксандр Румак меў магчымасць адчуць настрой актывістаў дыяспары, выслухаць іх прапановы, меркаванні.

Актывісткі беларускіх суполак замежжа з Уладзімірам Макеем, міністрам замежных спраў Беларусі

Усеўкраінскі саюз беларусаў накіраваў Пасланне дэлегатам і гасцям VІ Усебеларускага народнага сходу — за подпісам кіраўніка суполкі Пятра Лайшава. Тэкст дасланы ў рэдакцыю, і разам з ім — Удзячнасць мне ад генерал-маёра: “за шматгадовую дапамогу й падтрымку прадстаўнікоў беларускай дыяспары ва Украіне”. Рады разам з вамі ды вашымі паплечнікамі служыць Бацькаўшчыне, паважаны Пётр Уладзіміравіч! Галіна Варажбіт, не маючы часу наведаць рэдакцыю, камандзіравала да нас мужа свайго, Анатоля, з украінскімі сувенірамі — у знак удзячнасці за плённую супрацу. Дзякуем, сябры! А спадарыня Аксана Чамеза, прыехаўшы з Іарданіі, у напружаным графіку сустрэч знайшла магчымасць наведаць рэдакцыю, пагутарыла і з Аляксандрам Карлюкевічам. Мяркую, такія кантакты ўдзельнікаў Усебеларускага народнага сходу толькі ўмацоўваюць нашае адзінства ды адчуванне, што ўсе мы — жывыя галіны аднаго Беларускага Дрэва.

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.