Вы тут

Памятны крыж на Іркуцкай зямлі


На месцы вёскі Белая Падзь, прыкладна за 250 кіламетраў ад Іркуцка ў бок Саян, ушанавалі памяць пра супляменнікаў, якія на пачатку мінулага стагоддзя асвойвалі Сібір


Удзельнікі ўрачыстасці ля крыжа, знака памяці ў гонар зніклай беларусскай вёскі Белая Падь. 28.08.2019 г. Фота вўтара

З Беларусі я родам. І памяць мая зберагае, як і ў нашы палескія мясціны дакаціўся гул вайны, і песні партызанскія, і радасць Перамогі на тварах аднавяскоўцаў. А потым жыццё раскідала нас, маладых, на прасторах былой Краіны Саветаў: ад Гомеля да Іркуцка і нават на Камчатку.

(Чаму раскідала? У перапісцы з аўтарам высветлілі, што яго родную вёску Хвойнае (цяпер Гомельская, а раней Палеская вобласць, Хойніцкі раён) у вайну спалілі карнікі. Пра тое, дарэчы, ёсць весткі на сайце “Белорусские деревни, сожженные в годы Великой Отечественной войны” http://db.narb.by/search/4897 Паведамляецца, што ў чэрвені 1943‑га там былі спалены ўсе 109 хат, забіта 17 вяскоўцаў. Вёска пасля вайны адрадзілася. Цяпер Хвойнае ўваходзіць у Алексіцкі сельсавет, цэнтр яго — у вёсцы Глінішча: той самай, дзе 100 гадоў таму, 8 лютага 1921 года, нарадзіўся народны пісьменнік Беларусі Іван Мележ. “Бацька мой — беларус, маці — украінка, бабуля літоўкай была. Да таго ж у бацькавым радаводзе былі й польскія карані, ну а я — чыстакроўны беларус”, — паведаміў нам Васіль Станіслававіч. Ён у 1961‑м закончыў Тульскі механічны інстытут, па размеркаванні паехаў працаваць у Сібір, а бацькі жылі ў Хойніках: “Маці з бацькам былі вядомыя людзі, удзельнікі партызанскага руху ў раёне: сувязныя атрада імя Суворава”. — Рэд.)

Калі ў Беларусі аб’явілі Год малой Радзімы, то й мы, беларусы ў Прыбайкаллі, пачалі думаць: як нам аддаць даніну павагі той роднай для беларусаў зямлі, на якой у Сібіры жылі нашы супляменнікі? Бо не сакрэт: і цяпер тут вельмі шмат нашчадкаў беларускіх сялян, якія больш за 100 гадоў таму рассяліліся ў Прысаянні — ад Тайшэта да Іркуцка. І ўвогуле ў Іркуцкай вобласці ёсць шмат прыкладаў беларускага ўплыву на гісторыю засялення Сібіры, на сялянскія народныя звычаі, культуру земляробства. Скажам, у Кнізе рэкордаў Іркуцкай вобласці сярод шматлікіх дасягненняў адзначана й незвычайная, моцная сялянска-фермерская гаспадарка Юрыя Цюкава ў сяле Кілім Тулунскага раёна. Слова “кілім” для рускіх — незразумелае, а беларусы даўно так называюць, падказвае слоўнік, шарсцяны бязворсавы дыван ручной работы. Карацей — наша назва, беларуская!

Гісторыя сібірска-беларускага Кіліма пачалася ў 1905–1906 гады, яго заснавалі перасяленцы з Магілёўскай губерні. Сярод іх быў Кірыла Рыгоравіч Цюкаў. З жонкай ды дзевяццю дзецьмі, якія падрасталі, асвойваў ён тайговую зямлю. Так і быў закладзены пачатак сібірскай беларускай дынастыі, ды й адно з першых паселішчаў мінулага стагоддзя ў тых мясцінах. Сяло цяпер параўнальна невялікае, але ж гаспадарка Юрыя Цюкава незвычайная. Ёсць у ёй табун сібірскіх коней, кароў, мангольскіх быкоў — больш за шэсць сотняў. Ёсць ласіная ферма. З Алтая завезлі паўтара дзясятка маралаў, разводзяць у абгароджаных угоддзях дзікоў. Запрудзілі рэчку ў Кіліме ды зарыбілі сажалкі — разводзяць сазана, карпа й нават стронгу. Ну не сяло, а сапраўды кветкава-тайговы дыван! І не толькі ў Тулунскім раёне — па ўсёй велізарнай Сібіры, ля Саян ад Тайшэта да Байкала з часоў сталыпінскай рэформы жывуць тысячы нашчадкаў сялян-перасяленцаў з Магілёўскай губерні, Гомельскага павета, з Прыдняпроўя, берагоў Сажа й Прыпяці.

Нас, беларусаў, у Сібіры й не злічыць, бо нават і перапіс насельніцтва не дае поўную карціну. Як ты зафіксуеш беларускі дух ці гутарку нашу, ці глыбокую памяць продкаў пра родны край? Многія беларусы з тайговых Саян аніколі й не былі ў Беларусі. Словы беларускія толькі зрэдку ўжываюць — але ж лічаць сябе сапраўднымі беларусамі. То й задумаліся мы: як можна праявіць беларускасць у Сібіры, калі ў Беларусі — Год малой Радзімы? Помніцца, калі Аляксандр Лукашэнка год аб’яўляў, то казаў пра ўласную ініцыятыву кожнага. І мы, нашчадкі перасяленцаў ды тыя беларусы, хто пазней сталі сібіракамі, з горада Чаромхава й бліжэйшых гарадоў і райцэнтраў, вырашылі ўшанаваць памяць супляменнікаў на зямлі сібірскай.

У прыгожай тайговай мясцовасці, кіламетраў за 230–250 ад Іркуцка ў бок Саян, дзе сыходзяцца межы Аларскага, Заларынскага й Чаромхаўскага раёнаў, у маляўнічым месцы побач з ручаём Індон, у 1908–09 гадах узнікла беларуская вёска Белая Падзь. Заснавалі яе, па вялікім рахунку, сялянскія грамады й хадакі з вёсак Іванаўкі ды Цярэнічы Магілёўскай губерні, Гомельскага павета. (Цяпер Цярэнічы — гэта цэнтр Цярэніцкага сельсавета ў Гомельскім раёне, і ў тым жа сельсавеце Іванаўка. “Вёскі, з якіх некалі падаліся ў Сібір нашы супляменнікі, цяпер жывуць і працвітаюць, — патлумачыў Васіль Ракіта. — Я быў там у 2010‑м, і дамовіліся мы з тамтэйшымі людзьмі пра кантакты, але ж не склалася”. — Рэд.) Сяляне супольна, талакою асвойвалі тайговыя землі. Спачатку былі ў іх зямлянкі, затым усе збудавалі сабе хаты, засеялі палеткі, сабралі першы багаты ўраджай. Там павялічваліся, мацнелі беларускія сем’і. Беларусы ў Белай Падзі перажылі ў свой час ліхалецці грамадзянскай, Вялікай Айчыннай войнаў — ды не перажыла сама вёска бяздумных вясковых рэформаў у 60–70‑я гады. Так сталася, што калгасную Белую Падзь у поўным росквіце (жыло ў вёсцы каля 80 сялянскіх сем’яў), з беларускай мовай ды ладам жыцця, прызналі неперспектыўнай. І што жыхары яе падлягаюць перасяленню. Няўцям было рэфарматарам, што разам з вёскай яны рассеялі там і беларускі дух, мову, норавы, багатую побытавую культуру. Вяскоўцаў рассялілі ў бліжэйшыя вёскі, некаторыя сціплыя, працавітыя сяляне, носьбіты генаў і духу беларускага, сталі жыхарамі гарадоў Чаромхава й Свірска.

І хоць не стала вёскі, але ж па сёння жывая ў нашых мясцінах памяць пра душэўных, працавітых супляменнікаў з Белай Падзі. Жывая — у тым ліку й дзякуючы дзейнасці беларускіх грамадскіх арганізацый згаданых гарадоў. Актывісты гэтых суполак, прадстаўнікі даўніх сялянскіх абшчын заларэй ды аларцаў (а гэта нашчадкі казакоў) і бурацкіх паселішчаў вырашылі разам узвесці Знак памяці ў гонар зніклай беларускай вёскі, ды і ў цэлым у памяць пра ўсіх перасяленцаў, што апынуліся ў Сібіры. На месцы былога паселішча вырашана было ўсталяваць на жалезабетонным падмурку праваслаўны сімвал — крыж Памяці й Жыцця. Велічны, шасцімятровы, зроблены з векавой лістоўніцы. Ды не проста ўсталяваць крыж нам хацелася, але й правесці краязнаўчыя вышукі, надаць акцыі асветніцкі, творчы характар. У прыватнасці, устанавіць і мемарыяльную дошку з прозвішчамі першых хадакоў Белай Падзі.

Нас натхнялі, падахвочвалі да працы нашчадкі тых “першых” беларусаў — а гэта цяпер кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, грамадскія дзеячы, людзі розных нацыянальнасцяў. З удзелам школьнікаў, педагогаў была праведзена міжмуніцыпальная краязнаўчая канферэнцыя “Через века, через года — помните!”. Прысвечана яна была ў асноўным беларускім пасяленцам пачатку ХХ стагоддзя. А летась у канцы мая, калі расцвітае ва ўсёй красе ў нашых краях прыгажуня-чаромха, маладыя людзі прывялі ў парадак месцы пахавання былых пасяленцаў. Высока на магутнай векавой сасне — каб не дасталі вандалы — замацавалі мемарыяльную дошку з беларускім арнаментам, надпісам “Место захоронения ходоков — белорусских крестьян, основателей села Белая Падь в 1908–09 годах”.

Грамадскія актывісты ўлетку 2019‑га нямала папрацавалі на месцы былой тайговай вёскі беларусаў: майстравалі, усталёўвалі на падмурак памятны знак. І адкрылі яго ў канцы жніўня — у часе ўрачыстага сходу беларусаў ды людзей іншых нацыянальнасцяў. Гэта была міжмуніцыпальная імпрэза “Дзень памяці хадакоў і перасяленцаў з сялянскіх сем’яў”. На месцы Белай Падзі, на ўзгорку, дзе раней стаяла школа, у атачэнні магутных соснаў і кедраў на моцным падмурку цяпер стаіць праваслаўны крыж. Там ён сімвалізуе памяць сібірскіх беларусаў пра нашу малую радзіму. А на мемарыяльнай дошцы ўнізе такі надпіс: “Здесь в 1908–1909 годах ходоками-белорусами из сел Ивановка и Тереничи Могилевской губернии, Гомельского уезда Сысоем Шапаровым, Егором Воронковым, Федором Равенковым, Гавриилом Речицким, Иваном Красановым, Павлом Волковым, Иваном Пушковым, Юрием Поляковым, Федором Котовым, Платоном Гороховым, Прокопием Новиковым, Митрофаном Ефимовым было основано беларусскае поселение Белая Падь”.

Шмат розных помнікаў у Сібіры. Цяпер ёсць на бязмежных яе прасторах і гэты: у памяць пра беларускіх ды іншых сялян, якія здзейснілі сапраўдны подзвіг па асваенні Сібіры на пачатку ХХ стагоддзя, па умацаванні магутнасці Расіі. Нашы супляменнікі, варта пра тое ўсім памятаць, былі ў складзе знакамітых сібірскіх дывізій, што адстаялі Маскву зімой 1941‑га. Беларусы Сібіры прыўнеслі свае лепшыя якасці ў фенамен пад назвай сібірскі характар, далучылі да велізарнага культурна-духоўнага Беларускага Мацерыка новыя прасторы. У суровых умовах выявілі раней прыхаваныя рысы беларускага менталітэту й характара, загартавалі ў змаганні за жыццё й лепшую долю нязломны беларускі дух, раскрылі патаемныя скарбы вялікай беларускай душы. І праз стагоддзі, праз гады — пра тое варта памятаць і ў Беларусі.

У той тужліва-светлы дзень напрыканцы жніўня 2019‑га ва ўдзячных гасцей Белай Падзі знайшлося часу і для ўспамінаў пра сваю малую радзіму, пра нашу любімую Бацькаўшчыну-Беларусь. Мы цёпла згадвалі родную зямлю Гомельшчыны. А расставаліся беларусы, татары, рускія, бураты — толькі пад вечар. З пачуццём выкананага абавязку перад продкамі, з лёгкай тугою пра далёкі, родны бераг беларускі.

Васіль Ракіта, старшыня рады мясцовай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Белорусы Черемхово”

Іркуцкая вобласць

Ад рэдакцыі. Усім, хто цікавіцца лёсамі беларусаў з былых вайскоўцаў Арміі Андэрса, якія былі сасланыя ў Іркуцкую вобласць у 1951 годзе, можна звяртацца па інфармацыю да Васіля Ракіты. Пра тыя падзеі ён падрабязна піша ў сваёй кнізе “Монте-Кассино — Черемхово”, якая пабачыла свет у 2018 годзе. Мы згадвалі пра гэтае каштоўнае выданне ў нашай газеце (гл. “Выжыць. І жыць!” — ГР, 28.04.2019).

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.