Вы тут

Паэтычны феномен Ларысы Геніюш у спектаклі Ганны Казловай «Калі прачнецца Бог...»


Жорсткі і няўмольны чалавечы лёс, бязлітасныя абставіны, створаныя аднымі для іншых, безліч разоў станавіліся на дарозе шчасця, кахання, прызнання і поспеху. Але значна радзей перашкаджалі творчасці. Мо адтуль і з’явіўся стэрэатып пра тое, што ў жыцці чалавека мастацтва неабходны трагедыі, страты і боль. Напэўна, справа ў тым, што мы проста не ўяўляем, як бы раскрыўся талент некаторых творцаў, калі б жыццёвыя абставіны ў іх склаліся па-іншаму. Усё, што застаецца, — даследаваць і шукаць шляхі для паразумення скрозь час.


Чаму ўвогуле даследчыкаў заўсёды так хвалюе сувязь біяграфіі і творчасці? Магчыма, усе мы, не заўсёды задумваючыся, блукаем па старонках чужых жыццяў і свядомасцей у пошуках расшыфроўкі кода, што змешчаны ў мастацкім слове, візуальным вобразе, гуку.

«Спектакль кранае ». Такі сінопсіс характарызуе пастаноўку пад назвай «Калі прачнецца Бог...» рэжысёра Ганны Казловай. Прэм’ера адбылася 19 лютага ў Тэатры юнага гледача.

Гэты спектакль — адзін з самых «дарослых» у рэпертуары ТЮГа. Новая пастаноўка папоўніла праграму «Сустрэчы з класікамі і сучаснікамі» і стала адным з самых напружаных і няпростых сюжэтаў на сцэне тэатра. «Наш спектакль пры дапамозе творчасці Геніюш узнімае пытанні, якія людзі не вельмі хочуць сабе задаваць. Як пражыць жыццё і не адрачыся ад сваіх поглядаў? Як не здрадзіць сумленню? Як любіць Радзіму, якая асудзіла цябе на пакуты і не рэабілітавала нават пасля смерці? Як дараваць людзям іх абыякавасць, жорсткасць, чэрствасць да чужога гора?.. Ларыса Геніюш, нягледзячы на ўсе выпрабаванні лёсу, жыла годна, нідзе не схібіўшы і не здрадзіўшы сабе. Яна змагла… а мы?» — так рэжысёр абазначае праблематыку пастаноўкі. Гэта першы дарослы спектакль Ганны Казловай на сцэне ТЮГа, дзе яна служыць з 2001 года.

Па традыцыі «Сустрэч», у якасці матэрыялу ўзяты літаратурны твор, выкарыстаны толькі яго тэкст, без пабочных і дадатковых рэплік. Гэтым разам адаптаваць кнігу да сцэны было прасцей: спектакль заснаваны на «Споведзі» Ларысы Геніюш.

 

На сцэне

Стваральнікі відавочна выбралі адзіную стылістыку для праграмы «Сустрэчы з класікамі і сучаснікамі» — мінімалістычныя дынамічныя дэкарацыі, незвычайныя ўвасабленні герояў, шмат увагі да сцэнаграфіі і харэаграфіі, пераасэнсаванне традыцыйнай інтанацыі некаторых тэкстаў.

Як і ў іншых спектаклях праграмы, тут надзвычай важны сцэнічны сімвалізм. Галоўны вобраз — лагерная роба. Дэталь, што прымушае бачыць ва ўсіх падзеях прадказаны, прадвызначаны лёс і стварае эмацыянальную блытаніну на сцэне. Дадае жудаснай тугі ва ўсе светлыя моманты жыцця — пранумараваныя робы ў руках трымаюць увасабленні сваякоў, якіх згадвае пісьменніца, такой жа шэрай тканінай замест ручніка абвязваюць рукі маладых на вяселлі, у такую ж спавіваюць умоўнае дзіця. Пранумараваныя робы прысутнічаюць на сцэне ўвесь час — з першай да апошняй хвіліны.

Яшчэ адна з асаблівасцей афармлення спектакля — натуральныя гукі. «Навальніцу» агучваюць пры дапамозе жалезнага ліста. Гукі цягніка, крокаў, грукату ў дзверы з’яўляюцца падчас трывожнай рытмічнай чачоткі ў выкананні адной з актрыс. Гэта моцны сцэнічны элемент, які канцэнтруе эмацыянальны настрой усяго твора.

На сцэне перад намі з’яўляецца жанчына адносна сталага веку і пачынае расповед, разгортвае рэтраспектыўны лінейны сюжэт — успаміны пра дзяцінства, замужжа, нараджэнне дзіцяці, выезд у Прагу, жыццё там і пачатак вайны, падзеі сходу, на якім вырашаецца далейшы лёс Геніюшаў, пераслед, асуджэнне і высылка.

Людзі

Пабудова сюжэта прайшла па даволі класічнай схеме з успамінамі. Але ролевае афармленне цікавае. Ад імя Геніюш чытаюць тры розныя актрысы (чатыры — калі лічыць жанчыну, якая згадвае). Акрамя іх, на сцэне тры мужчыны. Адзін з іх — муж пісьменніцы, Янка Геніюш. Два другія ўвесь час мяняюць ролі. Атрымліваецца сапраўдны эфект памяці — канкрэтныя твары сцёртыя, уласны голас траіцца, указваючы на паўторнасць падзей і эмоцый, толькі вобраз мужа застаецца сталым на працягу ўсяго часу. Фактычна ўсе акцёры на сцэне, акрамя цэнтральнай гераіні, — прывіды, толькі ўвасабленні. Таму яны аднолькава апранутыя, таму перахопліваюць рэплікі адно аднаго.

Самае складанае ў такіх пастаноўках — падабраць тэкст, каб ён гучаў натуральна, складаўся ў адзіную кампазіцыю. Ганна Казлова зрабіла гісторыю Ларысы Геніюш насычанай патрыятычным і трагічным пафасам, але не прамінула шанцу дадаць у вобраз пісьменніцы жаноцкасці, мацярынства і прагі кахання. Гэтых момантаў мала, і яны вельмі стрыманыя, адзначаныя непазбежным горам і таму яшчэ больш кранальныя. У процівагу — іншых узвышаных момантаў больш чым дастаткова. У пэўным сэнсе спектакль нават здаецца перагружаным і залішне пафасным, што можа адштурхнуць сучаснага юнага гледача. Але ці можна было зрабіць па-іншаму на такім матэрыяле?

І вершы

Насамрэч можна было. У сінопсісе стваральнікі адзначаюць: спектакль абсалютна адукацыйны, і нам было важна нічога не прапусціць, не забыць ніводнага важнага моманту, таму не злуйцеся, калі нешта вам будзе вядомым. Калі б гэта быў спектакль пра кагосьці са школьных «вялікіх класікаў», верагоднасці стварыць нешта другаснае было б заўважна больш, тут жа матэрыял дыктуе спецыфіку пастаноўкі і дазваляе зрабіць біяграфічны сюжэт прыдатным для сцэны. Вершы, што суправаджаюць сюжэтныя павароты, падабраны ўдала. Але калі б тут стваральнікі і выканаўцы звярнуліся да сваіх жа прыёмаў, скарыстаных у іншых спектаклях, і змянілі хаця б крыху інтанацыю некаторых вершаў, было б значна лягчэй. У вершах пра хараство прыроды і любоў да радзімы гучыць акцёрская найгранасць, у трывожных і напружаных тэкстах — тыповы акцёрскі надрыў. Не паўсюль, але ў некаторых месцах гэта занадта заўважна. Магчыма, проста адзнака прэм’еры, і, звыкнуўшы да новага матэрыялу, акцёры крыху зменяць падачу.

Адзіны відавочны недахоп спектакля — адсутнасць канцоўкі. Аповед не мае выразна фінальнага знака — ні кропкі, ні шматкроп’я. Ён абрываецца, давёўшы гераіню да ўмоўнай незваротнай кропкі безвыходнасці. Чым скончыцца гісторыя Ларысы Геніюш, даведацца нескладана. Але гэта не значыць, што спектакль было варта пакідаць без яскравага фіналу. Усё ж такі заканчэнне — адзін з найбольш значных элементаў драматычнага твора.

На прэм’ерным паказе зала запоўнілася амаль цалкам, нягледзячы на эпідэміялагічныя ўмовы. Многіх на спектакль прывяла асоба паэткі Ларысы Геніюш, нехта з наведвальнікаў ужо даўно назірае за тым, як ТЮГ ладзіць эксперыменты з літаратурным тэатрам, тэатрам эмоцыі, тэатрам чыстага тэксту, тэатрам, дзе сюжэт роўна ствараецца і акцёрамі, і рэжысёрам-пастаноўшчыкам, і сцэнографам. Праграма «Сустрэчы з класікамі і сучаснікамі» цяпер складаецца з пяці спектакляў. Па словах загадчыцы літаратурнай часткі Жанны Лашкевіч, якая ўзяла слова перад прэм’ерай, у распрацоўцы знаходзяцца яшчэ дзве пастаноўкі, якія пабачаць свет на працягу сезона. Тэатр, які ўспрымаецца як дзіцячы, стварае сваю паўнавартасную нішу ў сучасным тэатральным мастацтве, і назіраць за гэтым надзвычай захапляльна.

Дар’я СМІРНОВА

Фота з сайта Тэатра юнага гледача

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.