Вы тут

У Самары — «Белая Русь»


Адна з беларускіх суполак Самары адзначыла 5‑гадовы юбілей


Актывісты “Белай Русі” з сябрамі на сцэне самарскага Дома дружбы народаў. 4 снежня 2018 года. Тады адзначалася 3-годдзе суполкі.

Пра тое напісаў нам у рэдакцыю сам Алег Ксяндзоў, стваральнік і кіраўнік Самарскай рэгіянальнай грамадскай арганізацыі па захаванні ды развіцці самабытнасці беларускага народа “Белая Русь”. Алег Аляксандравіч мае беларускія родавыя карані, ён афіцэр запасу (з 1994 года палкоўнік), а нарадзіўся 6 лютага 1955 года ў Дрэздэне (ГДР), у сям’і вайскоўца. Заканчваў школу ў Мінску, потым — Кастрамское Вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча хімічнай абароны (1976). Месцамі службы яго былі як Беларусь, так і Венгрыя. У 1987‑м Алег Ксяндзоў закончыў з адзнакай Ваенную акадэмію хім-абароны, а ў часе навучання ў 1986‑м удзельнічаў у ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. З 1987‑га служыў у Куйбышаве (цяпер Самара), з 1992 па 2002 год — у Прыволжскім рэгіянальным цэнтры (ПРЦ) МНС Расіі, прычым сем апошніх гадоў — першым намеснікам начальніка ПРЦ.

Раней мы пісалі, што ў актыве суполкі, якая зарэгістравана была 4 снежня 2015 года, ёсць таксама іншыя былыя вайскоўцы. Напрыклад, Сяргей Валошчык, які родам з вёскі Гошчава Івацэвіцкага раёна Брэстчыны. Алег Аляксандравіч на гэты раз удакладняе: на 90 працэнтаў заснавальнікамі суполкі “Белая Русь” былі афіцэры запасу, якія заканчвалі службу ў Самары ды засталіся там жыць. Трохі больш пра тое гл.: “Калі ласка ў нашу хату!” — ГР, 6.12.2017.

З допісу ў рэдакцыю вынікае: суполка надае вялікую ўвагу вывучэнню, захаванню й развіццю нацыянальнай самабытнасці, культурна-гістарычных традыцый беларускага народа. Ёсць праекты, якія прадаўжаюць у сённяшнім часе традыцыі продкаў, спрыяюць умацаванню міжнацыянальнай згоды ў Самарскай вобласці. Так што суполка знайшла сваё месца ў грамадскім жыцці: з 2016 года ўваходзіць у Саюз народаў Самарскай вобласці, з 2018‑га заключаны дагавор аб супрацы з абласным Домам дружбы народаў. “Устаноўлены цесныя кантакты, наладжана ўзаемадзеянне з Пасольствам Беларусі ў Расіі, яго аддзяленнем ва Уфе, — піша Алег Ксяндзоў. — Ёсць супраца з ФНКА Беларусаў Расіі, Маскоўскім клубам беларусаў, беларускім Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур (РЦНК), рэдакцыяй газеты “Голас Радзімы”, Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміяй “Нёман” з Тальяці”.

Знакавая справа “Белай Русі” ад часу заснавання — удзел суполкі, найперш Алега Ксяндзова ў стварэнні этнакультурнага комплексу “Парк дружбы народаў”. Пра тое й мы пісалі не раз. Праект рэалізуецца па ініцыятыве рэгіянальнай грамадскай арганізацыі “Саюз народаў Самарскай вобласці”, гэта больш за 20 нацыянальных падворкаў. Пачалося будаўніцтва ў 2016‑м у самарскім Эко-Граде “Волгарь”, і актывісты суполкі “Белая Русь” правялі старадаўні беларускі абрад закладкі падмурка будучае хаты. Дарэчы, у стварэнні адметнага нацыянальнага інтэр’еру беларускага падворка і Беларусь аказвае дзейсную дапамогу. Напрыклад, Мінкультуры Беларусі па даручэнні Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі на адрас “Белай Русі” накіравала пасылку з прадметамі побыту беларусаў: больш за 50 розных найменняў. У 2018‑м падворак наведаў Пётр Балтруковіч — ён кіраваў тады Уфімскім аддзяленнем Пасольства Беларусі ў Расіі. У 2019‑м у “Беларускай хаце” сустракалі старэйшага дарадцу, кіраўніка Дзелавога і культурнага комплексу Пасольства Беларусі ў Расіі Васіля Чэрніка. Ганаровы госць знаёміўся з ходам работ і даў высокую ацэнку праекту, спрыяў яго рэалізацыі. Ды й з рэдакцыі нашай, згадвае Алег Ксяндзоў, даходзілі спасылкі на публікацыі ў нэце пра дойлідства, побыт беларусаў, нашы звычаі.

З 2017 года суполка “Белая Русь” удзельнічае ў абласным Фестывалі дружбы славянскіх народаў. Цяпер створана й папаўняецца выстава кніг, фотаальбомаў, прадметаў побыту беларусаў — яе можна бачыць на розных імпрэзах як суполкі, так і Дома дружбы народаў. Суполка штогод удзельнічае ў святочных імпрэзах у Дзень дружбы народаў (летась адзначаўся шосты раз), які заснаваны Урадам вобласці. У 2017‑м быў створаны гурт беларускай песні “Белая Русь (заснавала і кіруе ім Зоя Ксяндзова) — ён дэбютаваў 25 лістапада на міжнацыянальным гарадскім свяце “Единая семья”. Цяпер гурт удзельнічае ва ўсіх імпрэзах суполкі. У снежні 2018‑га выступаў на святочнай імпрэзе з нагоды 3‑годдзя суполкі. У 2019, 2020 гадах да Дня абаронцаў Айчыны “Белая Русь” арганізавала й правяла ў Доме дружбы народаў святочныя канцэрты — таксама з удзелам гурта. Сёлета, на жаль, з‑за каранціну такі канцэрт адмянілі. У актыве суполкі — сумеснае з вяскоўцамі свята Дажынкі: яго праводзяць у Новой Деревне Чырвонаармейскага раёна, і тое было ўжо двойчы.

Яшчэ адна важная справа, якую ўзялі на сябе актывісты “Белай Русі”: праца з ветэранамі. У лістападзе 2019‑га яны ўручалі медалі “75 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” ветэранам вайны з Ленінскага раёна Самары, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі. Ад імя кіраўніцтва Беларусі медалі ўручаў палкоўнік запасу Алег Ксяндзоў. Пра тое газета пісала: “Беларускія медалі — ветэранам з Самары”. Да таго ж беларуская суполка далучана да дзейнасці Дома дружбы народаў, Саюза народаў Самарскай вобласці, адладзіла кантакты з іншымі нацыянальна-культурнымі арганізацыямі.

У 2020 годзе суполка “Белая Русь” паспяхова паўдзельнічала ў конкурсе “Культура”, які штогод праводзіць Мінкультуры Беларусі. Дзейнасць суполкі адзначана дыпломам, каштоўным падарункам. Гурт “Белая Русь” мае й досвед удзелу ў 47‑м інтэрактыўным міжнародным Грушынскім фестывалі ды 10‑м міжнародным Грушынскім інтэрнэт-конкурсе ў намінацыі “ансамблі”. Напрыканцы 2020‑га суполцы споўнілася 5 гадоў, але з‑за каранавіруснай пандэміі ў рэгіёне адменены ўсе масавыя мерапрыемствы, і сабрацца разам сябры суполкі не змаглі. Алег Ксяндзоў паведамляе, што змясціў артыкул пра 5‑гадовы шлях суполкі на сайце Дома дружбы народаў ды Саюза народаў Самарскай вобласці. Алег Аляксандравіч падрыхтаваў і відэафільм да юбілею.

Іван Ждановіч

Фота Ульяны Крукавай

Дарэчы. Алег Ксяндзоў паведаміў, што ў гонар 30‑годдзя МНС Расіі ў снежні 2020 года пастановай губернатара Самарскай вобласці Дзмітрыя Азарава яму прысвоена ганаровае званне “Заслужаны выратавальнік Самарскай вобласці”. Віншуем, Алег Аляксандравіч!

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

12 красавіка спаўняецца 60 гадоў першаму палёту чалавека ў космас.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. На гэтым тыдні давядзецца сабрацца — ад вас спатрэбяцца стойкасць і цярпенне.

Культура

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Абеліск у памяць пра вязняў канцлагера стаіць крыху наводдаль.

Грамадства

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Медыкі раяць налягаць на вясновую зеляніну.