Вы тут

Далёкі бераг Івана Мележа


У прыморскім сяле Пятрушына, што ў Няклінаўскім раёне Растоўскай вобласці, адкрыўся літаратурна-этнаграфічны пакой, прысвечаны беларускаму класіку


Іван Мележ у ваенную пару

12 лютага ў сяле, што на ўзбярэжжы Азоўскага мора, была ўрачыстасць. У Пятрушынскай сельскай бібліятэцы адкрыўся літаратурна-этнаграфічны пакой у гонар Івана Мележа, ён вядомы найперш як аўтар трылогіі “Палеская хроніка”, якую называюць: Палеская Біблія. (Трылогія ўключае раманы “Людзі нa бaлoцe” (1960), “Пoдыx нaвaльніцы” (1965) — за іх у 1972 гoдзe Івaнy Мeлeжy былa пpыcyджaнa Лeнінcкaя пpэмія. У 1976‑м выйшaў paмaн “Зaвeі, cнeжaнь”, і ў тым жа годзе пісьменнік памёр. У apxівe яго зacтaліcя нaкіды, зaнaтoўкі дa paмaнaў “Зa acaкoю бepaг” і “Пpaўдa вяcны”. — Рэд.)

Літаратурна-этнаграфічны пакой — даніна павагі нястомнаму творцу, вынік намаганняў многіх людзей, адна з добрых спраў арганізатараў міжнароднага праекта “Берега дружбы”. Атмасфера таго рабочага кабінета, у якім працаваў Іван Мележ, узноўлена ў бібліятэцы: ёсць стылізаваны стол, лямпа, друкаваная машынка, прадметы побыту, адзення. Да таго ж у бібліятэцы створаны й музейныя зоны, прысвечаныя эпосе, у якой жыў пісьменнік. Там прадстаўлены копіі рукапісаў, фотаматэрыялы пра жыццё й творчасць Івана Мележа, ягоныя кнігі. Электронныя варыянты экспанатаў падрыхтавалі, накіравалі ў Растоўскую вобласць супрацоўнікі Хойніцкага раённага краязнаўчага музея і Дома-музея Івана Мележа ў аграгарадку Глінішча (Хойніцкі раён).

У часе адкрыцця літаратурна-этнаграфічнага пакоя ў гонар Івана Мележа быў наладжаны тэлемост з Беларуссю. У анлайн-сустрэчы ўдзельнічалі пісьменнікі Гомельскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі (яны былі ў абласной Універсальнай бібліятэцы імя У. І.Леніна), Бранскай абласной арганізацыі Саюза пісьменнікаў Расіі ды старшыня Саюза пісьменнікаў Украіны Анатолій Міроненка: шматгадовая супраца яднае творцаў трох краін у плыні праекта “Берега дружбы”. У анлайн-размове паўдзельнічалі супрацоўнікі бібліятэк, прадстаўнікі грамадскасці ды органаў улады з Растоўскай і Бранскай абласцей Расіі, Гомельскай вобласці Беларусі. Віншаванні з нагоды адкрыцця літаратурна-этнаграфічнага пакоя накіраваў Дзяніс Цімохін з Растова-на-Доне, кіраўнік тамтэйшага аддзялення Пасольства Беларусі ў Расіі.

Старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюз пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч адзначыў, што падзея ўмацовае сяброўства беларусаў і расіян: “Праект з’явіўся невыпадкова. Цягам дзясятка гадоў наша пісьменніцкая арганізацыя плённа супрацоўнічае з літаратарамі Няклінаўскага раёна Растоўскай вобласці. Як вынік — у 2017‑м Пятрушынскай сельскай бібліятэцы прысвоена імя Івана Мележа, які родам з Гомельшчыны”. Уладзімір Гаўрыловіч нагадаў важны эпізод з біяграфіі Івана Мележа, звязаны з Растовам-на-Доне: менавіта пад тым горадам пісьменнік у вайну атрымаў другое, вельмі цяжкае раненне. І галоўны лекар шпіталя, ваенны хірург Антонаў дапамог пры аперацыі зберагчы параненую руку маладому аўтару: іншыя лекары настойвалі на ампутацыі.

(У тэксце “Дзесяць знакавых мясцін Івана Мележа” пісьменніца Людміла Рублеўская звяртаецца да тых падзей: “20 чэрвеня 1942 года пад Растовам будучаму класіку асколак авіябомбы раздрабіў правае плячо. 3 ліпеня, ужо ў шпіталі ў Есентуках, Мележ запіша: “Я ранены. Ранены цяжка, у плячо. Далёка ад фронту. Тады, калі, здавалася, быў зусім у бяспецы. Я ледзь не загінуў. У апошні момант я павярнуўся, і гэта мяне выратавала”. 5 ліпеня занатоўвае падрабязнасці: “У Растове мне зрабілі аперацыю. Рабіў яе галоўны ўрач шпіталя Антонаў. Спачатку мне збіраліся ампутаваць руку, і я згадзіўся. У мяне было зусім разбіта плячо, і баяліся гангрэны. Але Антонаў забараніў рабіць ампутацыю. Ён сказаў, што рука спатрэбіцца, малады хлопец. Ён сам наглядаў за мной і сам зрабіў аперацыю”. Рука трымалася на сухажыллях, з дапамогай марлевай павязкі. Ды яшчэ кантузія з наступным зніжэннем слыху і зроку…

У шпіталі ў Растове Мележу трапіўся ў рукі нумар часопіса “Новый мир”, з заключнай часткай “Ціхага Дона”. Гэты раман будзе ездзіць з ім у валізцы вельмі доўга. Раненне пад Растовам змяніла ўсё жыццё… Менавіта ў шпіталях Мележ пачаў пісаць апавяданні — левай рукой. “24 жніўня. … пішу. Апавяданне! Проста гару ад хвалявання. Нават руку тузае боль. Але я спыняюся толькі на хвіліну. І далей. Здаецца, будзе штосьці вельмі добрае! Ва ўсякім разе я гару, як у полымі. Як у ліхаманцы, галава, сэрца, увесь! Што ж выйдзе з гэтага?”

І яшчэ адзін пазнейшы запіс: “І так, хвала Богу, што жыву. Мае равеснікі ў зямлі даўно. Тыя, з кім я першыя дні вайны сустрэў… Мог і я даўно ў зямлі быць. Станіна мяне выратавала. Не захіснуўся б за яе — усё, не было б такога пісьменніка — Івана Мележа. Ды і доктару дзякуй, што руку правую не адняў. Колькі рука тая пяром павадзіла, колькі напісала! А ў дактароў ва ўсіх перакананне было — адняць руку трэба. І толькі адзін доктар не згадзіўся з усімі, не даў адняць руку. І ён перамог. Другі раз я і пра літаратараў так думаю: трэба камусьці не згаджацца з усімі, ісці насуперак. І здараецца, той якраз і перамагае, хто ідзе не так, як усе…”

З нататак вынікае: на Растоўскай зямлі пачаў прабівацца ў свет — апавяданнямі — пісьменніцкі талент Івана Мележа. Да таго ж і ягоная смелая пазіцыя “трэба камусьці не згаджацца з усімі, ісці насуперак”— з часу цяжкага ранення пачала ўмацоўвацца, рабіцца жыццёвым крэда працавітага палешука. Па сутнасці, праз раненне, пакуты, страты сяброў, праз асэнсаванне хісткасці жыцця ды ягонай каштоўнасці абуджаўся магутны талент, распраўляўся ў штодзённай працы са словам нязломны дух творцы. І ў той жа час ёсць у дзённіках Івана Мележа такі запіс: “Мяне як пісьменніка больш за ўсё сфарміравала іменна гэтае жыццё: Глінішча, Алексічы, Хойнікі, — вясковае, калгаснае жыццё, камсамольскае жыццё, школьнае жыццё”. Фарміравала Палессе, абудзіла да пісьменніцкай працы — вайна. — Рэд.).

Уладзімір Гаўрылавіч канстатаваў, што цікавасць да творчасці класіка ў расійскім рэгіёне расце. У бібліятэцы, якая носіць імя Івана Мележа, праводзяцца канферэнцыі, творчыя сустрэчы, у тым ліку з гомельскімі аўтарамі. Вось таму й было прынята рашэнне працягнуць папулярызацыю творчасці беларускага пісьменніка ды адкрыць да яго 100‑годдзя літаратурна-этнаграфічны пакой.

У часе анлайн-зносін партнёры разважалі, як далей пашыраць кантакты ў галіне культуры, літаратуры. Згадваліся важныя супольныя праекты-фестывалі “Славянские литературные дожинки”, “Берега дружбы”, “На зямлі Кірылы Тураўскага”. Гаварылі й пра тое, як важна захаваць гістарычную памяць, праўду пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Як адзначалі ўдзельнікі тэлемоста, нашы народы, жывучы раней у велізарнай краіне, разам перамаглі фашызм, а сёння, на жаль, вымушаны разам абараняць агульную Перамогу. Прыкладаць намаганні, каб не дапусціць захадаў “нашых заходніх партнёраў” перапісаць векапомныя падзеі паводле сваіх шаблонаў.

Бібліятэка у Пятрушыне звязана сяброўскім тэлемостам з Беларуссю ды Украінай

У часе імпрэзы літаратурнай прэміяй імя Кірылы Тураўскага, медалём у гонар беларускага ды агульнаславянскага асветніка ўшанаваны Няклінаўскі раён, Новабессяргенеўскае сельскае паселішча ды міжпасялковая Цэнтральная бібліятэка імя І. М. Бандарэнкі Няклінаўскага раёна. Да таго ж старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Украіны Анатоль Міроненка ўзнагародзіў нагрудным знакам ад Міжнароднага Саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтваў (Украіна) “За служение русскому слову” дырэктарку Пятрушынскай бібліятэкі імя І. П. Мележа Таццяну Буцай. Нагрудным знакам “Почётный наставник творческой молодёжи” гэтай жа арганізацыі ўшанаваны Сяргей Абрамаў — начальнік упраўлення па справах моладзі аддзела культуры адміністрацыі Няклінаўскага района.

Сакратар мясцовай Нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Неклиновского раёна” Ірына Север у часе ўрачыстай імпрэзы ў Пятрушынскай сельскай бібліятэцы выказала вялікую ўдзячнасць Рэспубліканскаму цэнтру нацыянальных культур (РЦНК, Мінск), яго дырэктарцы Вользе Антоненцы — за атрыманыя з Беларусі нацыянальныя касцюмы. Спадарыня Ірына падзякавала таксама кіраўніцы Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Нёман” Людміле Дзёмінай (Тальяці) ды народнаму вакальнаму ансамблю песні “Купалінка” (ім таксама Людміла кіруе) за сяброўскую падтрымку.

Напрыканцы імпрэзы гомельскія паэты Наталля Шамяткова, Міхаіл Болсун, Лідзія Долбікава, перакладчыкі Вольга Раўчэнка, Ірына і Леанід Север з Няклінаўскага раёна, бранскія паэты Уладзімір Сарочкін, Людміла Ашэка, Віктар Валодзін ды іншыя расказвалі пра свае творчыя планы. Выказвалі надзею на чарговыя сустрэчы ў плыні сумесных літаратурных праектаў.

Урачыстае разразанне чырвонай стужкі

Леанід Север, старшыня праўлення суполкі “Белорусы Неклиновского района”, сябар Вышэйшага творчага савета Саюза пісьменнікаў Расіі, сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі, сакратар Міжнароднага Саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтваў па Паўднёвай федэральнай акрузе Расіі

Ад рэдакцыі. Прадаўжаецца прыём заявак на ўдзел у VІ Міжнародным маладзёжным фестывалі-конкурсе паэзіі ды паэтычных перакладаў “Берега дружбы”: да 15 сакавіка. Мы плануем расказаць пра Леаніда Севера, ягоныя дачыненні з Беларуссю (у Гомелі жыў, заканчваў школу, працаваў на Гомельскім радыёзаводзе), справы заснаванай ім суполкі “Белорусы Неклиновского района”, творчыя праекты, якія спрыяюць міжнароднай супрацы літаратараў.

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

Яшчэ некалькі гадоў таму Людміла і Уладзімір Жарын былі звычайнымі жыхарамі райцэнтра.

Культура

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

«На схіле ўзгорка, нібы падпіраючы замак, растуць дзве даўгалетнія сасны. Яны захаваліся дзякуючы пашыранаму сярод гараджан і навакольных жыхароў перакананню, што яны выраслі не на раслінным соку, а на крыві».