Вы тут

У Інстытуце біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі ўмеюць пры дапамозе клетачных тэхналогій лячыць розныя захворванні


Гэтыя тэхналогіі ў медыцыне параўнальна новыя, набылі папулярнасць у Беларусі ў 2000‑х гадах. Спачатку былі фундаментальныя даследаванні, адладжваліся й тэхналогіі атрымання біямедыцынскага клетачнага прадукта. Пазней пачаліся й адпаведныя клінічныя выпрабаванні. А нядаўна ў нас пачалі лячыць з дапамогай клетак розныя захворванні. Прычым лідар у гэтай справе ў сістэме Нацыянальнай акадэміі навук — Інстытут біяфізікі й клетачнай інжынерыі. Там даследуюць біямедыцынскія клетачныя прадукты, вырабляюць іх, выпрабоўваюць, зберагаюць пры нізкіх тэмпературах і выкарыстоўваюць. Інавацыйныя метады клетачнай тэрапіі прымяняюцца цяпер у амбулаторных умовах: з 2014 года ў Інстытуце функцыянуе аддзяленне клетачнай тэрапіі.


Больш падрабязна пра тое расказвае дырэктар Інстытута Андрэй Ганчароў.

Андрэй Ганчароў

— Андрэй Яўгенавіч, як лічыце: чаму пацыенты з‑за мяжы едуць лячыцца менавіта да вас?

— У нас у параўнанні з медклінікамі ў іншых краінах вельмі нізкія кошты на паслугі з выкарыстаннем клетачных тэхналогій. Напрыклад, лячэнне ствалавымі клеткамі каштуе ўсяго каля 6,5 тысяч беларускіх рублёў (каля 2,5 тысяч долараў) для замежнікаў і каля 4 тысяч — для беларусаў. Але якасць лячэння такая ж: дэндрытныя й ствалавыя клеткі мы рыхтуем па агульных міжнародных стандартах. У 2019‑м лячэнне ў нас атрымалі больш за 100 пацыентаў, летась — 76, з іх замежнікаў — каля 10.

— Стварэнне біямедыцынскага клетачнага прадукта, як я разумею, працаёмкі працэс. Маніпуляцыі з клеткамі праводзяцца ўручную. Ці ёсць у вас для таго спецыялісты і ўмовы?

— Атрыманне біямедыцынскага клетачнага прадукта мы давяраем толькі высокакваліфікаваным спецыялістам, многія з іх гэтаму нямала вучыліся. Такіх спецыялістаў па Беларусі каля 30. І толькі ў Інстытуце біяфізікі й клетачнай інжынерыі іх больш за 10. Прычым нашым спецыялістам належыць аўтарства вялікай колькасці інструкцый па тым, як прымяняць розныя метады лячэння клеткамі ў Беларусі. Нам за гонар, што з 8 біямедыцынскіх клетачных прадуктаў, зарэгістраваных у нашай краіне, 4 створаны нашымі супрацоўнікамі. Маніпуляцыі з клеткамі праводзяцца ў спецыяльных ўмовах: цалкам ізаляваныя пакоі, з асаблівымі сістэмамі вентыляцыі, асэптычнымі ўмовамі, адпаведным абсталяваннем.

— Якія даследаванні праводзіліся раней ды праводзяцца цяпер у Інстытуце? На лячэнне якіх захворванняў яны скіраваныя?

— З самага пачатку да 2018 года даследаванні нашы былі скіраваныя на лячэнне цяжкіх захворванняў і толькі ў стацыянарах. Апошнім часам распрацоўваем пераважна метады, якія можам укараніць у сваім амбулаторным аддзяленні. Так зручней: бо не траціш часу на тое, каб з кімсьці дамаўляцца. Ды й гарантыя таго, што нашы навуковыя распрацоўкі будуць абавязкова ўкаранёныя, павышаецца.

Да ўсяго апошнім часам пераключыліся мы на лячэнне захворванняў, звязаных з залішняй імуннай рэакцыяй арганізма. Ствалавыя клеткі здольныя падаўляць залішні імунітэт. Іх мы выкарыстоўваем у лячэнні аўтаімунных захворванняў, такіх, як, напрыклад, сістэмная чырвоная ваўчанка. Клінічныя выпрабаванні гэтага метада лячэння нядаўна прайшлі на базе Мінскага НПЦ хірургіі, транспланталогіі ды гематалогіі. Міністэрства аховы здароўя зацвердзіла інструкцыю па яго прымяненні. На падставе справаздачы аб клінічных даследаваннях яно бярэ на сябе адказнасць сцвярджаць, што метад лячэння клеткамі сістэмнай чырвонай ваўчанкі эфектыўны й бяспечны. Хутка мы прыступім да клінічных выпрабаванняў метадаў лячэння бясплоддзя, нетрымання мачы пасля простэктаміі, міжтканкавых пнеўманій. Нядаўна ўкаранілі метады лячэння рака падстраўнікавай залозы, мачавога пухіра, хранічных перыядантытаў. Мы лечым пацыентаў з захворваннямі суставаў, рагавіцы вачэй, перыядантыту зубоў.

Для лячэння анказахворванняў, якія мы праводзім ужо доўгі час, выкарыстоўваюцца дэндрытныя клеткі, здольныя стымуляваць імунітэт супраць пэўнага антыгена.

— Дзе праводзяцца клінічныя выпрабаванні?

— Хоць наш Інстытут знаходзіцца ў сістэме НАН, але ж мы актыўна супрацоўнічаем з установамі Міністэрства аховы здароўя. Сумесна праводзім 6 клінічных выпрабаванняў біямедыцынскіх клетачных прадуктаў. Дарэчы, пад час іх пацыенты могуць бясплатна паспрабаваць уздзеянне клетачных тэхналогій на арганізм. Але потым, калі пажадаюць, трэба будзе ўжо атрымліваць лячэнне клеткамі на платнай аснове, і менавіта ў нашым Інстытуце. Бо платныя паслугі з выкарыстаннем клетачных тэхналогій нідзе ў Беларусі не аказваюцца — хіба што ў нас.

— Але ж вы, чула, берацеся лячыць не ўсіх пацыентаў, у адрозненне ад некаторых замежных клінік. Чаму так?

У лабараторыі імуналогіі ды клетачнай біяфізікі

— Часцей да нас звяртаюцца па дапамогу, калі ўсе іншыя метады лячэння перапрабаваныя, а стан здароўя не паляпшаецца. Мы не бяромся лячыць пацыентаў з запушчанымі захворваннямі, бо наўрад ці зможам ім дапамагчы. На наш погляд, лячэнне павінна быць накіраванае ў першую чаргу на папярэджанне рэцыдываў захворванняў. Таму вымушаны адмаўляць, мабыць, палове пацыентаў, якія да нас звяртаюцца. Але гэта не значыць, што мы не бяромся за цяжкія захворванні! Каля 65 працэнтаў нашых пацыентаў — гэта хворыя на рак на рознай стадыі. І ў многіх выпадках нам удаецца падоўжыць працягласць іх жыцця. Прымаем пацыентаў ужо з вынікамі меддаследаванняў. Большасць замежнікаў прысылаюць свае дадзеныя па электроннай пошце або агучваюць іх па аўдыёсувязі. Затым ім трэба прыехаць да нас, каб атрымаць кансультацыю. Нашы спецыялісты робяць заключэнне аб мэтазгоднасці лячэння, глядзяць, ці могуць чалавеку дапамагчы. І толькі пасля таго запрашаюць яго на лячэнне.

— Атрымліваецца, што часта да вас звяртаюцца, калі хвароба ўжо запушчана? Чаму так?

— Што да беларусаў, то яны кепска інфармаваныя аб тым, што ў нашай краіне аказваюцца паслугі з выкарыстаннем клетачных тэхналогій. Ды й лячэнне клеткамі пакуль многія ўспрымаюць насцярожана. Замежнікі ўжо чулі, што такія метады, у сукупнасці з традыцыйнымі, даюць станоўчы вынік. Таму мэтанакіравана шукаюць тых, хто аказвае гэтыя паслугі на спецыяльных міжнародных рэсурсах. Там знаходзяць і нас. Мы зарэгістраваныя на розных парталах, дзе размяшчаецца інфармацыя пра клінічныя даследаванні, а мэтанакіравана рэкламай мы не займаемся.

— Ці праўда, што часам лячэнне клеткамі не тое, што не дапамагала, але ж аказвалася шкодным, а таму недзе й забаранялася?

— Лячэнне мезенхімальнымі ствалавымі клеткамі, якое выкарыстоўваецца на нашай базе, ніколі й нідзе не забаранялася. Гэта была такая хваля забаронаў у замежных краінах наконт эмбрыянальных ствалавых клетак, атрыманых з эмбрыёна. Гэта ж і зразумела. Такія клеткі сапраўды прадстаўляюць сабой вялікую небяспеку. Яны не выкарыстоўваюцца ў медыцыне. А вось мезенхімальныя ствалавыя клеткі поўнасцю бяспечныя. Лячэнне заснаванае на трансплантацыі біямедыцынскага клетачнага прадукта. Апошні атрыміваюць з уласных ствалавых клетак чалавека. Яны здабываюцца з коснага мозгу, тлушчавай тканкі ды нюхальнага высцілання пацыента.

— Як вы ставіцеся да выкарыстання ствалавых клетак у касметалогіі?

— Мы не выкарыстоўваем ствалавыя клеткі ў касметалогіі. Я асабіста скептычна стаўлюся да магчымасці станоўчых вынікаў такога лячэння. Для таго ж няма й навуковых падстаў. Гэта хутчэй пагоня за хуткім заробкам і нішто іншае. У той жа час у касметалогіі можна з поспехам выкарыстоўваць фібрабласты, і мы плануем хутка пачаць такое лячэнне. Усе нашы метады лячэння апрабаваныя на базе клінік. Інструкцыі па іх прымяненні зацверджаны Міністэрствам аховы здароўя.

— На сённяшні дзень ваш Інстытут адзіны ў Беларусі аказвае паслугі з выкарыстаннем клетачных тэхналогій. Ці не супраць вы канкурэнтаў?

— Я лічу, што клетачныя тэхналогіі ў нашай краіне трэба пашыраць. Набыць патрэбнае абсталяванне можна. Больш складана падрыхтаваць спецыялістаў высокага ўзроўню, якія маглі б працаваць з клетачным матэрыялам. Непасрэдна ва ўстановах вышэйшай адукацыі Беларусі такіх спецыялістаў пакуль не рыхтуюць. А мы не супраць падзяліцца сваім досведам з іншымі.

Ганна Лагун

Фота з архіва Андрэя Ганчарова

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Клеткі для здароўя

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.