Вы тут

Дзякуй вялікі, Наталля Пятроўна!


Каб жыла й развівалася мова, не трэба гучных слоў — патрэбныя дабрыня, чуласць, душэўнасць

З чаго пачынаецца беларуская мова? У нашым часе, нашых умовах найперш — з добрых настаўнікаў. Пра такую шчаслівую настаўніцу ды яе ўдзячнага вучня й хочацца расказаць.


Наталля Пятроўна з Юрам — сябры

Працуе ў 35‑й мінскай гімназіі “настаўніца ад Бога”: Наталля Пятроўна Лойка. Пра тое, што ўлюбіла яна хлопчыка Юру ў беларускую мову, казала неяк яго маці. Пэўна, сама “ў мове” ад нараджэння? Але ж не! Бацька яе, Пётр Адамавіч, родавыя карані меў з‑пад Зэльвы, Дзераўной — з Гродзеншчыны, быў аўтаслесарам і майстарам залатыя рукі. Мама, Клаўдзія Аляксандраўна — з Гомельшчыны, з Добруша, кухаркай працавала. Жывучы ў Дражні — рабочы, Заводскі раён Мінска — дачка ў спадчыну ад бацькоў беларускую мову не пераняла. З аўтамабілем цяпер абыходзіцца ўмее, і выдатна гатуе, а любоў да мовы прывіла ёй Валянціна Нарбутовіч — у 62‑й школе: “З пятага класа ў нас была настаўніцай. І з таго часу я імкнулася стаць “як Валянціна Апанасаўна”. Бо яна, як кажуць, проста “запальвала” на ўроках. Мы былі ад яе ў захапленні! У мяне з ёй амаль роднасныя стасункі склаліся. У 9‑м, памятаю, казала: “Наташа, я вельмі хачу, каб ты стала настаўніцай і прадоўжыла маю справу”. Так і сталася. Цяпер яе ўжо няма, і я эстафету мовы нясу. А з нашага класа ніхто ў філолагі больш не пайшоў”.

Добрыя настаўнікі роднай мовы — рэдкі, эксклюзіўны прадукт па сённяшнім часе… Наталля Пятроўна, закончыўшы філфак БДУ ў 1999‑м, стала выкладчыцай беларускай мовы й літаратуры. Гады паўтары, пакуль сын падрастаў, была ў ягоным дзіцячым садку выхавальніцай. Потым прыйшла ў 35‑ю гімназію, што на вуліцы Кіжаватава, працуе там амаль 20 гадоў. Сыны Мікіта й Арцём добра ведаюць мову, да таго ж і французкую — паглыблена вывучалі ў 74‑й гімназіі: “Настаўніцы былі вельмі добрыя: Галіна Антонаўна Шабан, Мая Францаўна Ляўковіч… Старэйшы цяпер на 6‑м курсе медуніверсітэта, малодшы — у Музычным каледжы імя Глінкі. Цудоўна грае на гітары: на міжнародным, як кажуць, узроўні”.

На такім жыццёвым “фоне” й пашчасціла Наталлі Пятроўне сустрэць свайго ўдзячнага вучня: Юра Бязручка прыйшоў да яе ў 2019‑м. “Бяру ў верасні новыя пятыя класы, вяду іх. А пра клас і Юру мяне папярэдзілі: ён сябе ўжо добра зарэкамендаваў раней”. Знаёмства з “папаўненнем” яна звычайна пачынае з размовы “пра нашы карані”, гаварыць пачынае па-беларуску. “А яны прыходзяць — і ніхто не размаўляе на мове. Практычна не ведаюць яе. Некаторыя, бывала, пачыналі крычаць: “Наталья Петровна, разговаривайте с нами по-русски! С нами всегда говорили на русском языке! Мы ничего не понимаем! У нас белорусский был — на русском языке!”. А так на самой справе ж і ёсць! І што мне рабіць з вамі, дзеткі! На што абаперціся? Што прадаўжаць? За якую нітачку пацягнуць, каб клубочак генетычнай моўнай памяці раскруціўся? З такім настроем і 5‑Г з Юрам чакала”.

Дзеці прыйшлі, “паселі, вушкі натапырылі” ды ўважліва слухалі, лавілі кожнае слова. “І тут Юрый мой праявіўся. Пачаў падымаць ручку, адказваць на пытанні. Дапаўняць мой тэкст сваімі прыкладамі. Са мной гутарку пачаў весці, у дыялог уступаць. І я ім зацікавілася. А калі ўрок заканчваўся, то вялікай нечаканасцю для мяне было, што ён расплакаўся. Рэальна слёзы былі на вачах! Падышоў, развёў ручкі ды з горыччу так, усхвалявана: “Ну чаму на ўрок мовы ўсяго сорак пяць мінут?”. На ўсё жыццё тое імгненне запомніла. Мяне тыя словы вельмі ўзрушылі, суцешыла: “Юрачка, ну што ж паробіш… Але ж мы цяпер часта будзем бачыцца!” На адным дыханні ўсё прайшло. У яго такія шчырыя эмоцыі былі!”

Вось так чуллівы, адкрыты, моцна паглыблены ўжо на той час у матэматыку ды інфатэхналогіі пяцікласнік Юра Бязручка ўлюбіўся ў родную мову — аднойчы і, відаць, назаўсёды. “Кожны ўрок бег на заняткі. Стукаўся ў дзверы, у кабінет мовы й літаратуры, пяць разоў на тыдзень: “Можна ўвайсці ў клас?” Дачакацца не мог, пакуль праветрыцца памяшканне. Каб увайсці, павітацца, распытаць пра мае справы. І па сёння што б ні было і як — Юра кажа: “Дзякуй вялікі за ўрок, Наталля Пятроўна!” Падаецца мне, і для яго самога дзіўна было, што так пасябруе з беларускаю моваю. Кранае мяне яго стараннае, бездакорнае выкананне хатніх заданняў. Падрыхтоўка па літаратуры, мове — заўсёды на дзясятку! І такі кругагляд! Задае шмат пытанняў, часта неардынарных. То наколькі ж павінен быць падрыхтаваным настаўнік, каб на роўных з ім зносіцца. Штораз урок у нас — жывы, нібы кардыяграма: уверх — уніз. Юра можа любую тэму цікава прадставіць. І сам пры тым захапляецца, іншых за сабою вядзе”.

У гімназічным музеі “Спадчына”

А ў гімназіі створаны ўсе ўмовы, каб таленты юныя паўней раскрываліся. Да Дня роднай мовы, скажам, ладзіцца штораз “Філалагічны тыдзень”. Дзейнічае літаратурны клуб “Спадчына”, прычым далёка за межы гімназіі выходзяць ягоныя творчыя праекты. Гімназісты ўдзельнічаюць у шэрагу конкурсаў, алімпіяд, нават у міжнародных вучнёўскіх навукова-практычных канферэнцыях. Сёлета і Юра Бязручка, выхаванец Наталлі Пятроўны, упершыню й паспяхова паўдзельнічаў у гарадской інтэрнэт-алімпіядзе па беларускай мове: атрымаў дыплом 1‑й ступені. Цудоўна піша сачыненні (выбірае маральна-этычныя тэмы), удзельнічае ў дабрачынных акцыях (дапамога дзецям-сіротам). А нядаўна склаў жаласлівую казку пра бедную птушачку, што ледзь не загінула ўзімку, са шчаслівым канцом — дзеці плакалі. Неяк настаўніца запытала: чаму ёсць у яго такая цяга да мовы, літаратуры, паважлівае да іх стаўленне? І Юра прызнаўся, што гэта настаўніца яго ўсім зацікавіла. Да таго ж яму вельмі прыемна, што не абмяжоўваецца Наталля Пятроўна падручнікамі, здольная цікава выкласці матэрыял ды расказаць і па-за праграмай шмат чаго цікавага.

І гэта сапраўды так! Зрэшты, пра дзейнасць школьнага музея “Спадчына” ды аднайменнага Літаратурнага клуба (імі кіруе Наталля Лойка), пра яе плённыя стасункі з калегамі з Вільнюскай беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны — раскажам іншым разам.

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.