Вы тут

Груз па прызначэнні дастаўлены не будзе... Хто такая партызанка Людміла Куляшова-Гразнова


Калі працаваў у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь з узнагароднымі дакументамі Беларускага штаба партызанскага руху, маю ўвагу прыцягнула характарыстыка партызанкі Куляшовай-Гразновай Людмілы Мікалаеўны, напісаная камандзірам брыгады «Наперад» Пятром Малюгіным 20 кастрычніка 1943 года. Аднайменны атрад, а затым брыгада, дзейнічаў у Чачэрскім, Кармянскім, Хоцімскім, Касцюковіцкім і Клятнянскім (Бранская вобласць) раёнах.


Прыводзім тэкст характарыстыкі цалкам: «З 1 жніўня 1942 да 20 кастрычніка 1943 года была ў саставе маёй брыгады на пасадзе разведчыцы. Самаахвярна адданая Радзіме, палітычна вытрыманая, устойлівы камуніст, чалавек высокай маральнасці, спагадлівы і чулы таварыш, смелая і адважная ў баі тав. Куляшова-Гразнова ўвасабляла сабой высокі ўзор партызанскага мсціўца.

Нягледзячы на цяжкія ўмовы блакады і пераследу карнікаў, Куляшова-Гразнова з выключнай бадзёрасцю і мужнасцю пераносіла ўсе нягоды, падтрымлівала і аказвала дапамогу таварышам. Смелая і адважная ў разведцы, Куляшова 2 лютага 1943 года ў баі з карнікамі пры прарыве блакады ў Клятнянскім лесе, вырваўшыся наперад, паказала прыклад іншым».

Хто яна, адкуль прыйшла ў атрад? На жаль, у картатэцы архіва па ўліку асабовага складу партызанскіх фарміраванняў, а таксама ў дакументах брыгады «Наперад» маюцца скупыя звесткі як пра дзейнасць самой брыгады, так і пра яе асабовы склад. Справа ў тым, што падчас варожых блакад, асабліва ўзімку 1943 года, брыгада панесла вялікія людскія страты. Былі згубленыя і штабныя дакументы.

Па захаваных дакументах атрымалася ўстанавіць, што Куляшова-Гразнова Людміла Мікалаеўна нарадзілася ў 1902 годзе (па адных даных у пасёлку Хоцімск, па іншых — у Магілёве), атрымала сярэднюю адукацыю. Да вайны працавала ў Магілёўскім аблвыканкаме загадчыцай сакрэтнай часткі. 26 чэрвеня 1941 года са спецдакументамі адпраўлена ў савецкі тыл. З 8 ліпеня працавала загадчыцай пратакольнага аддзела Тамбоўскага аблвыканкама, хадзіла на курсы медсёстраў, а затым вечарамі даглядала параненых у эвакашпіталі.

У канцы сакавіка 1942 года Людміла даведалася, што ў Тамбове знаходзіцца прадстаўнік ЦК КП(б)Б па пытанні падбору кандыдатур для адпраўкі ў тыл праціўніка з мэтай дыверсійнай і разведвальнай дзейнасці. Яна пабывала ў яго на прыёме і была ўключана ў спісы такіх прэтэндэнтаў.

8 красавіка 1942 года Людміла прыбыла ў Маскву ў распараджэнне ЦК КП(б)Б і была накіравана ў школу падрыхтоўкі партызанскіх кадраў, дзе за кароткі час атрымала асноўныя навыкі дыверсанткі і разведчыцы.

У ноч з 31 ліпеня на 1 жніўня 1942 года самалётам «Дуглас» Куляшова-Гразнова (чамусьці адна) была дастаўлена ў Чачэрскі раён Гомельскай вобласці і выкінута разам з двума грузавымі парашутамі каля вёскі Асінаўка.

Вось як яна апісвае свой стан перад скачком у справаздачы аб выкананні спецзадання: «У парашутным спорце я нічога не ведала, ніколі на самалёце не лётала, не трэніравалася скакаць. Я не ўяўляла, як сябе буду адчуваць, якое будзе маё самавалоданне падчас скачка. Мяне турбавала думка: скокнуць і прызямліцца, а астатняе — усё дадасца. Падчас палёту інструктар, які суправаджаў мяне, вучыў, як скокнуць, як трымаць ногі пры прызямленні, як зняць парашут».

Прызямлілася Куляшова апоўначы ў зададзеным раёне, на жытнім полі каля лесу. Згодна з указаннем, якое атрымала ў Маскве, яна павінна была схаваць скінуты груз (сілкаванне для рацыі, шыфр для радыста, грошы, прадукты харчавання) і выйсці на сувязь з камандаваннем Чачэрскага партызанскага атрада, праз іх перадаць груз разведгрупе, якая з мая 1942 года дзейнічала каля Гомеля.

Аднак, як гэта часта бывала, Куляшову-Гразнову сустрэлі партызаны атрада «Наперад» і прапанавалі перадаць груз у іхні атрад, спаслаўшыся на адсутнасць у іх звестак пра месцазнаходжанне Чачэрскага атрада. Праз восем дзён, пераканаўшыся ў тым, што груз па прызначэнні не будзе дастаўлены, яна перадала яго атраду «Наперад», і такім чынам сама стала партызанкай гэтага атрада. Хадзіла ў разведку, адначасова пякла хлеб, чысціла бульбу, мыла бялізну, даглядала параненых. Сярод жанчын-партызанак Куляшова была самай старэйшай па ўзросце. Сваёй адвагай, пераканаўчасцю, смеласцю і настойлівасцю ў вырашэнні канфліктных сітуацый паміж камандным саставам і партызанамі яна набыла павагу сярод баявых таварышаў.

Неўзабаве пачалася нямецкая блакада, і брыгада вымушана была прабівацца ў Хоцімскі раён Магілёўскай вобласці. На новым месцы дыслакацыі Людміла Мікалаеўна часта выконвала складаныя заданні камандавання па разведцы месцаў размяшчэння варожых войскаў, руху эшалонаў, пранікала ў гарнізоны праціўніка, выяўляла здраднікаў і рыхтавала мясцовых жыхароў для ўступлення ў партызаны.

Узімку 1943 года пачалася новая карная экспедыцыя па блакаванні партызан у Хоцімскім і Клятнянскім раёнах, пачаліся новыя баі, новыя выпрабаванні пры выхадзе з акружэння. У справаздачы аб сваёй партызанскай дзейнасці, якая захавалася, Куляшова-Гразнова падрабязна апісвае ўсе цяжкасці гэтага перыяду, называе адважных байцоў і камандзіраў, адзначае факты маральнага разлажэння асобных камандзіраў, што паўплывалі на баяздольнасць брыгады пры прарыве блакады.

Прарывацца з акружэння прыйшлося асобнымі групамі. Людміла Куляшова знаходзілася ў складзе групы на чале з П. Малюгіным, тады яшчэ камісарам брыгады. Днём і ноччу партызаны блукалі па Клятнянскіх лясах, абмарожаныя, галодныя, сілкаваліся толькі снегам. У невыносных умовах мужная партызанка сваімі паводзінамі, вытрымкай прымушала байцоў не страчваць надзеі на канчатковы поспех, надавала ім сілы для барацьбы з ворагам, які насядаў.

У пачатку лютага 1943 года партызанам удалося з боем разарваць кальцо акружэння. Як адзначана ў вышэйназванай баявой характарыстыцы: «Куляшова-Гразнова была сярод першых байцоў, якія кінуліся на праціўніка, агнём з аўтамата прабіваючы шлях да выхаду з блакады».

Разрозненыя групы брыгады прабіраліся назад на Магілёўшчыну, дзе папоўнілі асабовы склад за кошт мясцовага насельніцтва, і ўжо да мая брыгада пачала актыўную баявую дзейнасць.

Людміла ў гэты перыяд выконвала заданні па разведцы не толькі камандавання брыгады, але і камандзіраў часцей Чырвонай Арміі. Саракагадовая жанчына пад выглядам жабрачкі пранікала ў прыфрантавую зону, збірала неабходныя звесткі аб размяшчэнні варожых войскаў, іх колькасці, узбраенні і да т. п. Напярэдадні наступлення Чырвонай Арміі восенню 1943 года яна ў якасці разведчыцы пабывала ў Прапойскім, Чавускім, Дрыбінскім, Горацкім раёнах і пад Магілёвам.

У канцы справаздачы на імя сакратара ЦК КП(б)Б П. К. Панамарэнкі ў снежні 1943 года Куляшова-Гразнова пісала: «Таварыш сакратар ЦК, я не зусім дакладна выканала заданне Разведупра, не даставіла маёй групе груз, але я захавала яго, не дапусціла, каб груз узяў пракляты фашыст. Груз дастаўся слаўным партызанам». На справаздачы рэзалюцыя Панамарэнкі: «Накіравалі адну. Тав. Куляшову трэба ўзнагародзіць».

Згодна з узнагароднымі дакументамі архіва, Куляшова-Гразнова ўзнагароджана медалём «Партызану Айчыннай вайны І ступені» і ордэнам Айчыннай вайны І ступені. Прычым варта адзначыць, што медалём «Партызану Айчыннай вайны» яна адзначана адным з першых загадаў Цэнтральнага штаба партызанскага руху ў сакавіку 1943 года — такі быў падарунак да Жаночага дня сарака найлепшым жанчынам-партызанкам Беларусі.

А вось ордэн Айчыннай вайны І ступені адважная патрыётка атрымала толькі ў 1949 годзе пасля выхаду доўгачаканага Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 30 снежня 1948 года. Пра гэта ўдалося зусім нядаўна даведацца са знойдзенага ў архіве дакумента. Справа ў тым, што Куляшова, як і тысячы беларускіх партызан пасля вайны, шукала абяцаныя ім узнагароды. Тры гады яна звярталася ў БШПР, ЦК КП(б)Б, Магілёўскі абкам партыі, імкнучыся высветліць пытанне аб сваім узнагароджанні. Не атрымаўшы жаданага адказу, Куляшова звярнулася з лістом да Сталіна. Як і варта было чакаць, гэты ліст з Масквы пераадрасавалі ў ЦК КП(б)Б. 26 лістапада 1946 года загадчык групы па вядзенні спраў БШПР паведамляў на яе адрас у Магілёве: «Вы прадстаўлены да ордэна Айчыннай вайны І ступені і ўключаны ў праект Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Рашэнне аб узнагароджанні партызан яшчэ не прынята».

Як склалася пасляваеннае жыццё гераічнай жанчыны-партызанкі? На гэтае пытанне спадзяёмся атрымаць адказ ад сваякоў і людзей, якія ведалі Людмілу Мікалаеўну Куляшову-Гразнову.

Генадзь БАРКУН, гісторык

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

Яшчэ некалькі гадоў таму Людміла і Уладзімір Жарын былі звычайнымі жыхарамі райцэнтра.

Культура

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

«На схіле ўзгорка, нібы падпіраючы замак, растуць дзве даўгалетнія сасны. Яны захаваліся дзякуючы пашыранаму сярод гараджан і навакольных жыхароў перакананню, што яны выраслі не на раслінным соку, а на крыві».