Вы тут

Вясна ў «цёмна-чырвонай» зоне. Чаму пандэмія накрыла Эстонію?


Урад Эстоніі прыняў рашэнне ўвесці новыя абмежаванні ў сувязі з паскораным распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі. Пра гэта паведаміла прэм'ер-міністр Кая Калас, перадаў err.ee. «Распаўсюджванне каранавіруса вельмі-вельмі інтэнсіўнае, і каб разарваць інфекцыйны ланцужок, мы вымушаныя ўвесці новыя абмежаванні», — адзначыла кіраўнік урада. Лакдаўн уведзены з 1 сакавіка і будзе захоўвацца як мінімум да канца месяца. Эстонія працягвае знаходзіцца ў «цёмна-чырвонай» зоне, якая лічыцца самай небяспечнай. Адпаведным колерам пазначаюцца краіны Еўрасаюза, дзе 14-дзённы кумулятыўны ўзровень распаўсюджвання захворвання перавышае 500 выпадкаў на 100 тысяч жыхароў. Па гэтым паказчыку краіна заняла другое месца ў Еўропе. Чаму пандэмія накрыла Эстонію, чаго чакаць надалей?


Без лавак і Wі-Fі

Прэм'ер-міністр удакладніла, што школы, у якіх навучэнцы з 5 да 12 класа павінны былі заставацца на аддаленым навучанні адзін тыдзень пасля канікул, цяпер застануцца дома да канца сакавіка. На дыстанцыйным навучанні таксама будуць знаходзіцца прафесійныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы. Класы з першага па чацвёрты па-ранейшаму будуць вучыцца кантактна, у школах працягнуцца індывідуальныя кансультацыі і заняткі для навучэнцаў з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі.

Па словах міністра адукацыі Лійны Керсны, абмежаванні закрануць 190 тысяч школьнікаў па ўсёй Эстоніі. Пры гэтым дыстанцыйнае навучанне будзе абыходзіцца ў 10 мільёнаў еўра ў тыдзень. Міністр дадала, што ўрад пакуль адназначна не вырашыў, як будзе працягвацца вучоба для навучэнцаў дзявятых і дванаццатых класаў (выпускных класаў асноўнай школы і гімназіі). Па словах Керсны, у пэўнай ступені ў гэтых класах неабходна аднавіць кантактнае навучанне. «Мяне вельмі моцна непакоіць, як падтрымаць вучняў выпускных класаў, каб яны маглі перайсці на наступную адукацыйную ступень», — заўважыла міністр адукацыі.

Акрамя таго, у Эстоніі ўведзена забарона на арганізацыю мерапрыемстваў у памяшканнях, уключаючы кінасеансы, тэатральныя паказы і канцэрты. Публічныя мерапрыемствы і сходы пад адкрытым небам будуць дазволены, калі колькасць іх удзельнікаў не перавышае 10 чалавек у адной групе, а групы не кантактуюць паміж сабой. Публічныя мерапрыемствы нельга будзе праводзіць з 22.00 да 06.00.

Спа, водныя цэнтры і саўны застануцца зачыненыя з захаваннем магчымасці індывідуальных трэніровак у водных цэнтрах.

Прадпрыемствы грамадскага харчавання змогуць абслугоўваць кліентаў на месцы да 18.00 з захаваннем правіла «2 + 2» і патрабавання 50-працэнтнай запаўняльнасці, а пасля гэтага ім будзе дазволена толькі прадаваць ежу навынас або з дастаўкай дадому.

У сферы заняткаў па інтарэсах і спорту ў памяшканнях будуць дазволеныя толькі індывідуальныя трэніроўкі, а пры занятках на вуліцы працягнуць дзейнічаць раней уведзеныя абмежаванні.

Пры гэтым урад вырашыў не ўводзіць асобныя абмежаванні ў гандлёвых цэнтрах, уладальнікі якіх паабяцалі самі прыняць адпаведныя меры па прафілактыцы заражэння каранавірусам. Сярод абмежаванняў — адключэнне Wі-Fі на тэрыторыі гандлёвых цэнтраў, наём дадатковых ахоўнікаў для праверкі выканання патрабавання па нашэнні масак, забарона на дэгустацыі. Мерапрыемствы прадугледжваюць падтрыманне строгага масачнага рэжыму, таксама прадпісана прыбраць усе лаўкі і іншыя ўладкаваныя месцы, дзе можна прысесці.

Хвароба паўсюль

Як вядома, рэжым надзвычайнага здарэння дзейнічаў у краіне ў сувязі з пандэміяй з 13 сакавіка да 17 мая мінулага года. Урад Эстоніі ўвёў з 28 снежня да 17 студзеня маштабныя абмежаванні з-за распаўсюджвання каранавіруса ў павеце Хар'юмаа, у тым ліку ў сталіцы, пазней іх працягнулі да 31 студзеня. У лютым лакдаўн распаўсюдзілі на ўсе паветы краіны. А з пачаткам вясны патрабаванні сталі больш жорсткія.

«Пры ўвядзенні абмежаванняў мы ацэньвалі ўплыў кожнага з іх на эканоміку і людзей. З пачатку каранакрызіса беспрацоўе ў Эстоніі паднялося да 8,8 працэнта, а ў Іда-Віру — нават да 14,6 %. Праблемы душэўнага здароўя цяжэй змераць, але мы ўсе адчуваем стомленасць ад крызісу», — адзначыла прэм'ер-міністр Кая Калас у Рыйгікогу (эстонскім парламенце), дзе расказала аб сітуацыі з каранавірусам. Выступленне кіраўніка ўрада транслявалася ў прамым эфіры на тэлеканале ETV+.

Калас паведаміла парламентарыям, што, паводле даных «каронадэтэктываў» Дэпартамента здароўя, у апошні месяц людзі заражаліся ў асноўным у сямейным коле — 32 працэнты і на рабоце — 14 %. Выклікае неспакой тое, што ў траціне выпадкаў немагчыма вызначыць, дзе адбылося заражэнне. «Гэта сведчыць аб тым, што ў Эстоніі назіраецца эпідэмічнае распаўсюджванне віруса, і заразіцца можна дзе заўгодна, дзе не выконваецца дыстанцыя, напрыклад, у гандлёвых цэнтрах, грамадскім транспарце і гэтак далей», — падкрэсліла кіраўнік урада.

На мяжы магчымасцяў

Міністр здароўя і працы Танель Кійк заўважыў, што днямі споўніўся роўна год з таго часу, калі ў Эстоніі зафіксавалі першы выпадак COVІD-19. «Гэта быў цяжкі год са сваімі ўздымамі і спадамі», — адзначыў ён. Па словах Танеля Кійка, cітуацыя з каранавірусам на сённяшні дзень крытычная. «Колькасць пацыентаў, якія маюць патрэбу ў стацыянарным лячэнні, у найбліжэйшы час абавязкова вырасце, што непазбежна прывядзе да рэарганізацыі работы шпіталяў. Урэгуляванне каранакрызісу патрабуе абмежавання іншых паслуг аховы здароўя. Нашай мэтай было і застаецца захаванне як планавага лячэння, так і якаснага лячэння хворых на COVІD-19, але магчымасці медыцынскай сістэмы не бязмежныя. Больш проста не засталося свабоднага рэсурсу. Калі мы хочам, каб планавае лячэнне аднавілася як мага хутчэй, мы павінны прыкласці сур'ёзныя намаганні. Мы ўжо бачылі, як хутка могуць расці паказчыкі», — заўважыў Кійк.

Па словах міністра, уведзеныя ўрадам абмежаванні безумоўна суб'ектыўныя, і ў іх хапае несправядлівасці, але яны ўведзены для зніжэння перамяшчэння, паколькі на станоўчы вынік працуе любое яго абмежаванне.

Вакцына на нулі

Паводле даных агляду захваральнасці на каранавірус у краінах ЕС, падрыхтаванага Helsіngіn Sanomate, паказчык Эстоніі ўжо 11 лютага быў найвышэйшы сярод краін Балтыі. Колькасць новых выпадкаў заражэння ў краіне апошнім часам павялічылася вельмі значна. «Hа сёмым тыдні колькасць новых выпадкаў заражэння вырасла ў краіне на 22 працэнты. Па гэтым паказчыку мы знаходзімся на другім месцы ў Еўропе. Пры захаванні такіх тэмпаў выйсці ў лідары нескладана», — прыводзіць err.ee словы гендырэктара Дэпартамента здароўя Юлара Лана.

Тэндэнцыя хуткага росту захваральнасці захоўваецца ў Хар'юмаа, у павеце з самай вялікай колькасцю насельніцтва. Хваляванні чыноўнікаў выклікае сітуацыя ў Іда-Віру і Ляэнэ-Віру, а таксама на Саарэмаа, у Вырумаа і Пылвамаа. Узровень захваральнасці стабілізуецца ў Пярнускім і Тартускім паветах, а таксама ў некаторых раёнах Гіію, Рапля і Ігева. Аднак стабілізацыя сама па сабе вельмі падманлівая, асабліва ў вялікіх паветах, паколькі, спыніўшыся ў нейкі момант, захваральнасць пасля зноў працягвае расці, лічаць спецыялісты.

«Сумна тое, што доля пазітыўных вынікаў перавышае 18 працэнтаў усіх тэстаў. Гэта значыць, што кожны пяты можа быць носьбітам віруса», — адзначыў Лана. Ён заўважыў, што на Саарэмаа ўжо 1500 выпадкаў каранавіруса на 100 тысяч насельніцтва. Сітуацыя «вымушае задумацца аб тым, няўжо мы нічому не навучыліся за гэты год», падкрэсліў эксперт.

«Сёння больш няма сэнсу хаваць галаву ў пясок. Усе мы стаміліся, але ўсе мы павінны ўсведамляць сваю адказнасць. Зараз, калі колькасць заражэнняў бесперапынна расце, у нас больш няма рэзерву, каб працягваць па-ранейшаму. Мы можам самі рабіць прыкладна 90 % неабходнага для зніжэння захваральнасці», — сказаў ён.

«Калі зірнуць на ўмовы працы, то дыстанцыйная работа рэкамендуецца. Дэпартамент здароўя ўжо працуе аддалена. Заклікаю да гэтага ўсіх. Трэба адмовіцца ад любых кантактаў, якія цяпер можна скараціць. У нас больш не засталося рэзерваў для больш свабодных схем», — сказаў Лана.

Паводле яго слоў, сітуацыя «звышкрытычная», паколькі вакцыны ў дэпартамента здароўя амаль скончыліся. Няма сэнсу ствараць уражанне, што вакцыны дзесьці затрымаліся. У дэпартамента здароўя іх няма, бо на складзе яны на нулі». Так, вакцыны AstraZeneca не засталося зусім, Pfіzer засталося каля аднаго працэнта, і яшчэ некалькі тысяч доз Modernа. Насельніцтва Эстоніі складае 1,3 мільёна чалавек. Пры гэтым вакцынавана хоць бы адной дозай крыху больш за 100 тысяч жыхароў. Таксама Лана асцерагаецца, што ў краіне можа не хапіць ложкавага фонду. «Усё бліжэй момант, калі планавае лячэнне стане мінімальным або спыніцца», — папярэдзіў ён.

Горш не прыдумаеш

Кіраўнік Ляэнэ-Талінскай цэнтральнай бальніцы Аркадзь Папоў растлумачыў рostіmees.ее, што сітуацыя — горш не прыдумаеш. Кожны дзень кіраўнікі ўсіх бальніц маюць зносіны адзін з адным, і цяпер пацыенты ўжо пераразмяркоўваюцца паміж бальніцамі так, каб нагрузка была аднолькавая і бальніцы маглі прымаць і іншых пацыентаў. «Я спадзяюся, што ўведзеныя ўрадам абмежаванні спрацуюць і прымусяць людзей зразумець, што праблема вельмі сур'ёзная і што абмежаванні дзейнічаюць не проста для «птушкі», — сказаў ён. Акрамя таго, ён згадаў, што і іншыя эстонскія бальніцы таксама плануюць яшчэ больш зменшыць планавае лячэнне.

Па словах доктара Папова, раней была надзея, што Эстонія не дасягне еўрапейскага максімуму па ўсіх паказчыках каранавіруса менавіта таму, што там нізкая шчыльнасць насельніцтва, але, на жаль, не склалася. «Цяпер адзіны выхад з сітуацыі ў тым, каб людзі выконвалі абмежаванні», — падкрэсліў эксперт.

Нягледзячы на пазітыўныя прагнозы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, казаць аб хуткім спадзе захваральнасці на COVІD-19 яшчэ вельмі рана. Такое меркаванне tvr.by выказаў кіраўнік Ляэнэ-Талінскай цэнтральнай бальніцы. Па словах эксперта, моцныя апасеннні выклікаюць новыя штамы каранавіруса, асабліва — паўднёваафрыканскі варыянт. Ён «таксама ўжо трапіў у Еўропу, але пакуль не моцна распаўсюджаны. Ён больш кантагіёзны, чым іншыя штамы, самае галоўнае яго адрозненне якраз у тым, што Astrazeneca неэфектыўная супраць гэтага штама з вялікай верагоднасцю. І тая структура злучальнага бялку, якая на паверхні гэтага віруса, хутчэй за ўсё, адрозніваецца дастаткова значна ад злучальнага бялку іншых штамаў каранавіруса. Паводле неапублікаваных даследаванняў, якія прасачыліся ў выданні, мы можам меркаваць аб тым, што Astrazeneca засцерагае толькі на ўзроўні 10 ці крыху больш працэнтаў ад паўднёваафрыканскага віруса, што ў рэшце рэшт складае праблему».

Каментуючы апошнія лічбы аб колькасці станоўчых тэстаў на каранавірус, Аркадзь Папоў заўважыў: «Сёння ўсё дрэнна, а можа быць кашмар, калі шпіталі будуць перагружаныя».

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

Яшчэ некалькі гадоў таму Людміла і Уладзімір Жарын былі звычайнымі жыхарамі райцэнтра.

Культура

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

«На схіле ўзгорка, нібы падпіраючы замак, растуць дзве даўгалетнія сасны. Яны захаваліся дзякуючы пашыранаму сярод гараджан і навакольных жыхароў перакананню, што яны выраслі не на раслінным соку, а на крыві».