Вы тут

Ігар Петрышэнка: Патрыятычнае выхаванне павінна атрымаць новы імпульс


У Гродне прайшоў рэспубліканскі семінар па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце сярод моладзі. Плануецца, што многія ключавыя пазіцыі будуць пакладзены ў дзяржаўную праграму патрыятычнага выхавання насельніцтва, распрацоўка якой пачалася пасля правядзення VІ Усебеларускага сходу. Эксперты звярнулі ўвагу на работу з моладдзю і абмеркавалі шляхі яе ўдасканалення. Лейтматывам можна лічыць адказ на пытанне: што трэба зрабіць, каб праграма атрымала адпаведны водгук у моладзі і не стала наборам мерапрыемстваў.


www.grodnonews.by

Сярод удзельнікаў семінара — прадстаўнікі ўрада, абласной вертыкалі, дэпутаты Нацыянальнага сходу, прадстаўнікі дзяржаўных грамадскіх аб'яднанняў, рэктары ўніверсітэтаў, духавенства. На іх разгляд было вынесена пытанне па актуальных аспектах арганізацыі выхаваўчай і ідэалагічнай работы ў сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь і шляхі яе ўдасканалення.

Падчас адкрыцця семінара міністр адукацыі Ігар Карпенка зазначыў, што чатыры гады таму ў Гродне праводзілася падобнае мерапрыемства, дзе ішло абмеркаванне новых формаў ідэалагічнай і выхаваўчай работы. Дзяржавай выбудавана сістэма сацыяльнай падтрымкі моладзі — ад адукацыі да працаўладкавання і дапамогі маладым спецыялістам і іх сем'ям. Але падзеі ў свеце і ў краіне сведчаць, што гэтага ўжо недастаткова. На першы план выходзіць выхаванне грамадзян. Падчас Усебеларускага сходу кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача распрацаваць комплексную праграму патрыятычнага выхавання.

— Работа ў гэтым кірунку вядзецца, — паведаміў міністр адукацыі. — Гэта і работа дыялогавых пляцовак, і сустрэчы са студэнтамі, і, у тым ліку, чарговы прадстаўнічы семінар. У цэлым, падыходы да распрацоўкі праграмы і яе канцэпцыя вызначаны. У найбліжэйшы час будзе створана міжведамасная група, дзе канкрэтныя прапановы будуць сістэматызаваны. Таксама паралельна вядзецца работа па ўдасканаленні стратэгіі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі і распрацоўцы канцэпцыі адукацыі да 2035 года, дзе значнае месца будзе аддадзена менавіта пытанням патрыятычнага выхавання.

На думку намесніка прэм'ер-міністра Беларусі Ігара Петрышэнкі, выхаваўчая работа па фарміраванні грамадзянскіх, патрыятычных якасцяў павінна атрымаць новы імпульс. На заклікі і лозунгі маладыя людзі часцей за ўсё зараз не адгукаюцца. Яны хочуць, каб з імі размаўлялі на роўных, каб іх чулі. Вось гэта і варта выкарыстоўваць.

— Трэба ўтвараць дыялогавыя перагаворныя пляцоўкі з кіраўніцтвам, бізнесам, духавенствам і прадстаўнікамі іншых сфер. Толькі ў такіх жывых зносінах можам вызначыць і ўзяць на ўзбраенне прывабныя формы работы па выхаванні ў дзяцей патрыятызму і грамадзянскай адказнасці. Такая работа павінна атрымаць новае дыханне. Пакуль на цяперашнім этапе ёсць разрозненасць, — заўважыў віцэ-прэм'ер.

Па словах Ігара Петрышэнкі, важна ўзмацніць такое звяно, як школа. Менавіта тут пачынаюць фарміравацца важныя жыццёвыя арыенціры, грамадзянскі і маральны стрыжань. Так склалася, што менавіта гэтыя ўстановы з'яўляюцца цэнтрам выхаваўчай работы падрастаючага пакалення. Між тым не заўсёды педагогі паспяваюць за выклікамі часу. Не ўсе з іх, у прыватнасці, валодаюць вопытам работы з сацыяльнымі сеткамі. А гэта сёння важны складнік узаемадзеяння з моладдзю. Таму патрэбны навучальныя курсы для педагогаў-прадметнікаў і класных педагогаў. Трэба, каб педагог быў прыняты і запатрабаваны ў інтэрнэт-прасторы. Таксама было агучана і пытанне празмернай загрузкі настаўніка непатрэбнай папяровай работай. Гэту праблему даручана дэтальна разгледзець Міністэрству адукацыі.

З педагогаў будзе і асаблівае патрабаванне. Дзяржава, у сваю чаргу, стварае для іх спрыяльныя ўмовы працы. І гэты кірунак працягваецца. Будзе паслядоўна вырашацца пытанне павышэння заработнай платы настаўнікам. Мяркуецца, што да канца бягучай пяцігодкі яна будзе даведзена да 100 % ад узроўню сярэдняй зарплаты па краіне. Прынята рашэнне і па арэндным жыллі для работнікаў сацыяльнай сферы, у тым ліку работнікаў сістэмы адукацыі.

Яшчэ адной важнай задачай з'яўляецца занятасць моладзі. Эканоміка — гэта той фундамент, які ўмацоўвае грамадзянскія пазіцыі моладзі, робіць патрыятычную базу больш трывалай. Адным з аспектаў замацавання моладзі павінна стаць мэтавая падрыхтоўка, яна будзе пашырацца. Адпаведны праект урадам падрыхтаваны. Гэта дазволіць павялічыць колькасць прынятых на вучобу па мэтавым накіраванні. Непажадана, каб малады спецыяліст пасля адпрацоўкі з'язджаў. Моладзі трэба ствараць спрыяльныя ўмовы для замацавання на рабочых месцах. Варта давесці замацаванне маладых спецыялістаў да 90 %. І за гэтым будзе самы пільны кантроль.

— Мы прынялі дзяржаўную праграму «Адукацыя і маладзёжная праграма» на бягучую пяцігодку. У ёй пастаўлены напружаныя задачы. Да канца 2025 года мы павінны давесці занятасць моладзі да 94 %, зараз гэты паказчык складзе 91,5 %, — адзначыў Ігар Петрышэнка.

І наогул, варта задзейнічаць моладзь ва ўсіх сферах жыцця краіны. Для гэтага неабходна аб'яднаць усе ініцыятывы ў адну цэласную сістэму — школы, сям'і і грамадскасці. Без сумнення, у краіне праводзіцца вялікая колькасць розных мерапрыемстваў патрыятычнай накіраванасці, аднак недастаткова толькі іх пералічваць. Патрыятызм, па словах Ігара Петрышэнкі, варта крок за крокам узгадоўваць ад дзіцячага садка да рабочага месца. І тут важна даць адказ на пытанне: наколькі новае пакаленне разам з ведамі атрымлівае правільныя жыццёвыя арыенціры.

Як вядзецца гэта работа на Гродзеншчыне, расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Руслан Абрамчык. Ён зазначыў, што за апошнія гады рэалізавана мноства ініцыятыў, якія садзейнічаюць выхаванню патрыятызму. У іх ліку «Аўтограф на карце роднай Беларусі», інтэрактыўны інтэрнэт-праект «#Інтэрнэт#Памяць#Будучае.by», у якім, дарэчы, прыняло ўдзел больш за 600 педагогаў, а таксама навучэнцы вобласці. Набыў папулярнасць рэгіянальны экскурсійны праект «Да суседзяў», краязнаўчы праект «Замкі Гродзеншчыны», экскурсійна-пазнавальны конкурс «З міру па нітцы». Усе праекты выклікалі даволі жывы інтарэс у школьнікаў новым падыходам. З такім акцэнтам у вобласці ідзе фарміраванне рэгіянальнай праграмы выхавання дзяцей і вучнёўскай моладзі на пяцігодку. Важнае месца адводзіцца педагогам.

— Сёння яскрава вызначылася патрэба фарміравання новага педагагічнага мыслення педагогаў у ідэалагічным выхаванні. Таму важнай задачай з'яўляецца складванне іміджу сучаснага педагога, які матываваны на самаразвіццё і работу ў сацыяльных сетках, — зазначыў Руслан Абрамчык.

Аб духоўным кодзе беларусаў паразважаў падчас семінара старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай праваслаўнай царквы па супрацоўніцтве з установамі адукацыі Фёдар Поўны. Святар згаджаецца, што школа не павінна быць машынай, а стаць цэнтрам выхавання, дзе фарміруецца асоба. Адпаведна і педагогі павінны мець пад сабой трывалы падмурак. Гэта дазволіць сфарміраваць у юнага беларуса той самы код, які завецца нічым іншым, як кодэксам гонару. А ганарыцца ў Беларусі ёсць чым.

Падчас семінара была агучана дзейнасць БРСМ у выхаваўчай рабоце ўстаноў адукацыі. З місіяй ГрДУ імя Я. Купалы па выхаванні грамадзяніна, патрыёта, сем'яніна выступіла рэктар Ірына Кітурка. Перспектывы развіцця палітычнага ладу Беларусі акрэсліў дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзім Гігін. У прыватнасці, ён зазначыў, што зараз ідэалагічная і выхаваўчая работа будзе будавацца па-новаму, і грамадства павінна быць гатова да новых выклікаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

Добры настрой — гэта падмурак высокай якасці нашага жыцця.

Грамадства

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

Многія жанчыны лічаць, што макіяж ў сталым узросце рабіць не варта, таму што гэта «дадае гадоў».

Культура

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

 У сценах установы ў межах літаратурна-музычнай імпрэзы прагучалі вершы і песні.