Вы тут

Конкурс на прэмію ўрада за дасягненні ў галіне якасці аб'яўлены ў Беларусі


У Беларусі аб’яўлены конкурс на суісканне прэміі ўрада за дасягненні ў галіне якасці, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Дзяржстандарта.


Прэмія прысуджаецца юрыдычным асобам, незалежна ад форм уласнасці, за значныя вынікі ў галіне якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі, паслуг або выкананых работ, укараненне інавацыйных тэхналогій і сучасных метадаў менеджменту, а таксама за эфектыўнае і сацыяльна адказнае вядзенне бізнесу.

Конкурс праходзіць па мадэлі, якая адпавядае крытэрам прэміі СНД за дасягненні ў галіне якасці прадукцыі і паслуг і мадэлі дзелавой дасканаласці Еўрапейскага фонду кіравання якасцю (EFQM). «Гэта дае магчымасць прадпрыемствам-удзельнікам будаваць свой падыход у галіне менеджменту якасці на прынцыпах, што прымяняюцца іх замежнымі партнёрамі», — адзначылі ў Дзяржстандарце.

Прэмія прысуджаецца арганізацыям з колькасцю працуючых да 250 чалавек, ад 250 да 1,5 тыс. і звыш 1,5 тыс. чалавек у пяці галінах: вытворчасць нехарчовай прадукцыі бытавога прызначэння; вытворчасць харчовай і сельскагаспадарчай прадукцыі; вытворчасць прадукцыі вытворча-тэхнічнага прызначэння (акрамя ўзбраення і ваеннай тэхнікі); аказанне паслуг і выкананне работ; выкананне работ і аказанне паслуг у галіне будаўніцтва.

Вызначаюць пераможцаў у два этапы: па выніках праверкі прадстаўленых матэрыялаў і шляхам экспертызы на месцах з ацэнкай у балах. Да другога этапу конкурсу (экспертызе на месцах) дапускаюцца арганізацыі, якія набралі ў выніку экспертнай ацэнкі матэрыялаў не менш за 250 балаў.

Для пацверджання звання лаўрэата конкурсу неабходна прадэманстраваць паляпшэнне дзейнасці ў параўнанні з вынікамі, дасягнутымі пры папярэднім удзеле ў конкурсе; удзел у аналагічных конкурсах у галіне якасці ў СНД і Еўропе; меры па прапагандзе дасягненняў у галіне якасці і эфектыўнага менеджменту і распаўсюджванні перадавога вопыту. У 2021 годзе права пацвердзіць званне лаўрэата маюць арганізацыі — лаўрэаты прэміі 2018 года.

Вызначае лаўрэатаў і дыпламантаў, а таксама ўладальнікаў спецыяльных узнагарод конкурсу (у намінацыях «Лідарства», «Дасканаласць менеджменту», «Сацыяльная адказнасць») Савет Міністраў.

Для арганізацый малога і сярэдняга бізнесу, якія набралі найбольшую колькасць балаў сярод кампаній з колькасцю да 250 чалавек і не сталых лаўрэатамі і дыпламантамі, прадугледжаная дадатковая спецыяльная ўзнагарода «Імкненне да дасканаласці».

Пераможцы (лаўрэаты, дыпламанты, арганізацыі, удастоеныя спецыяльных узнагарод) узнагароджваюцца на спецыяльнай урачыстай цырымоніі. Лаўрэатам уручаюцца дыплом і сімвал прэміі, даецца права выкарыстоўваць на працягу трох гадоў малюнак эмблемы прэміі пры маркіроўцы прадукцыі і на яе ўпакоўцы, у дакументацыі і рэкламных мэтах.

Звесткі аб пераможцах конкурсу размяшчаюцца на сайце Дзяржстандарта, а таксама ўключаюцца ў штогадовы каталог, які рассылаецца ў прадстаўніцтвы Беларусі за мяжой.

Заяўкі і матэрыялы для ўдзелу ў конкурсе падаюцца да 1 ліпеня 2021 года ў сакратарыят камісіі, сфарміраваны пры Дзяржстандарце.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якую небяспеку нясе экспрэс-дыета?

Якую небяспеку нясе экспрэс-дыета?

 Варта разумець, што дыеты такога тыпу — радыкальны метад, які мае шмат мінусаў.

Культура

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Гістарычная памяць — тое, што вызначае будучыню... Здаецца, банальная ісціна, якую не трэба нікому даказваць.