Вы тут

У Жлобінскім раёне ўвекавечылі памяць чыгуначніка


Чыгуначная станцыя Красны Бераг на лініі Жлобін — Асіповічы Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі — не самая значная па памеры і папулярнасці. Але менавіта тут адбылася падзея, якая, па ацэнках гісторыкаў, паўплывала на ход Вялікай Айчыннай вайны.


Сёння станцыя Красны Бераг — прыклад таго, як захоўваецца гісторыя аб мала каму вядомых героях вайны. Памяць чыгуначніка Рыгора Навуменкі — сувязнога партызанскага атрада — тут увекавечылі мемарыяльнай дошкай. Яна нагадвае нашчадкам аб унікальнай аперацыі па выяўленні і знішчэнні эшалона нямецка-фашысцкіх захопнікаў з хімічнай зброяй. Менавіта тут 5 чэрвеня 1943 года на перагоне Красны Бераг — Малевічы спецгрупа «Храбрацы» пусціла пад адхон «чорны састаў» сакрэтнага прызначэння.

На тэрыторыі Беларусі дыверсійная група Народнага камісарыята дзяржаўнай бяспекі БССР «Храбрацы» дзейнічала з 1942 года. На яе рахунку — звыш ста аперацый. Але найбольш адметную група правяла менавіта на Красным Беразе. Сувязны чыгуначнік Рыгор Навуменка паведаміў у партызанскі атрад, што на станцыі ў тупіку ўзмоцнена ахоўваецца эшалон. Усе яго вагоны, за выключэннем першага і апошняга, былі закрытыя чорным палатном. У пачатку і канцы саставу на адкрытых платформах былі ўстаноўлены буйнакаліберныя зенітныя кулямёты. Чыгуначнік Рыгор Навуменка перадаў інфармацыю аб далейшым маршруце эшалона. Высветлілася, што ў вагонах знаходзіліся боепрыпасы з атрутным рэчывам, якія гітлераўцы планавалі прымяніць на Курскай дузе. Камандзір дыверсійнай групы Рыгор Ігнатаў атрымаў баявую задачу — перашкодзіць гітлераўцам ажыццявіць свае планы. Дыверсійная група разам з сувязнымі-чыгуначнікамі пусціла эшалон пад адхон. З месца аперацыі ў Маскву перадалі балон з газам, супрацьіпрытную накідку, процівагаз і дегазацыйныя парашкі.

— Трафеі, адпраўленыя ў Маскву, сталі важным доказам планаў гітлераўцаў прымяніць баявыя атрутныя рэчывы на Курскай дузе, — нагадваюць аб значнасці аперацыі на Красным Беразе супрацоўнікі РУП «Гомельскае аддзяленне Беларускай чыгункі». — Пасля гэта дазволіла краінам антыгітлераўскай кааліцыі перайсці да рашучых дзеянняў.

Аб подзвігу земляка жыхары Краснага Берага ведалі даўно. Яшчэ ў 1970-х гадах пры жыцці Рыгора Навуменкі аб ім пісалі ў часопісе «Нёман». Знаёмствам з ім ганарыліся. Але больш шырока пра аперацыю на станцыі Красны Бераг стала вядома дзякуючы географу, краязнаўцу, сацыяльнаму педагогу Гомельскага абласнога ліцэя Аляксандру Пабалаўцу.

— Ужо 10 гадоў я збіраю матэрыялы пра Красны Бераг, — дзеліцца краязнавец. — Гэта мая малая радзіма. Усё, што звязана з гэтым месцам, мне вельмі дорага. Сабраныя матэрыялы сталі асновай трылогіі.

Гэта ўнікальная гістарычная падзея для ўсёй Беларусі. Цяжка ўявіць, што было б, калі не тая аперацыя, і эшалон з атрутнымі газамі прыбыў да месца прызначэння. Але гісторыя не мае ўмоўнага ладу. Мы працуем з фактамі. Пра гэты факт ведалі і Сталін, і Чэрчыль.

Між тым, вядома, што чыгуначнік Рыгор Навуменка і камандзір дыверсійнай групы Рыгор Ігнатаў былі адзначаны высокімі ўрадавымі ўзнагародамі.

— Адкрыццё мемарыяльнай дошкі — гэта наш уклад у работу па захаванні памяці супрацоўнікаў органаў дзяржаўнай бяспекі, а таксама патрыётаў з ліку работнікаў Беларускай чыгункі, якія сваім гераізмам набліжалі Вялікую Перамогу, — падкрэсліў падчас цырымоніі адкрыцця мемарыяльнай дошкі намеснік начальніка Беларускай чыгункі Пётр Стоцкі.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі дзейнічала 38 спецгруп Наркамата дзяржаўнай бяспекі. Гэтыя старонкі ваеннай гісторыі вядомыя, хоць у закрытых архівах застаецца яшчэ шмат неапублікаванага. Старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Беларускай грамадскай арганізацыі ветэранаў КДБ «Гонар» Васіль Коласаў упэўнены, што яшчэ ёсць нямала цікавых фактаў, якія дададуць старонак у летапіс Вялікай Айчыннай вайны. Увогуле, усе ўдзельнікі мерапрыемства шмат казалі аб значнасці пастаяннай работы па захаванні гістарычнай памяці і выхаванні патрыятычнага духу.

Ваенны камісар Гомельскай вобласці Андрэй Крываносаў прапанаваў чыгуначнікам укараніць новую традыцыю — падчас праезду праз станцыі, дзе ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі героям, падаваць трайны гукавы сігнал. На яго думку, так работнікі чыгункі і пасажыры будць адчуваць значнасць і сімвалізм памятных мясцін, аддаваць даніну павагі памяці герояў, якія адстаялі беларускую зямлю.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота БелТА

Загаловак у газеце: «Чорны эшалон» храбрацоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якую небяспеку нясе экспрэс-дыета?

Якую небяспеку нясе экспрэс-дыета?

 Варта разумець, што дыеты такога тыпу — радыкальны метад, які мае шмат мінусаў.

Культура

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Гістарычная памяць — тое, што вызначае будучыню... Здаецца, банальная ісціна, якую не трэба нікому даказваць.