Вы тут

Не менш як 28 «квадратаў» на чалавека — менавіта такога ўзроўню забяспечанасці насельніцтва жыллём плануецца дасягнуць ужо да 2025 года


Апошнія некалькі гадоў аб'ём жылля, якое ўводзіцца, у нашай краіне істотна не мяняецца — каля чатырох мільёнаў квадратных метраў за год. Але да 2025 года забудоўшчыкі разлічваюць выйсці на 4,5 мільёна «квадратаў». Узрасце хуткасць узвядзення жылля, у тым ліку і за кошт праграмы комплекснай забудовы індывідуальнага жылля. Жыллёвае будаўніцтва будзе працягваць грунтавацца на спалучэнні шматпавярховага і індывідуальнага малапавярховага. Акцэнт будзе зроблены на падтрымку індывідуальнага жылля сядзібнага тыпу з аб'ектамі інжынернай, транспартнай і сацыяльнай інфраструктуры.


Плануецца бязвыплатна выдзяляць грамадзянам невыкарыстоўваемыя зямельныя ўчасткі для будаўніцтва жылля ў так званых неперспектыўных вёсках з умовай навядзення парадку як на самім участку, так і на прылеглай да яго тэрыторыі.

Не менш за 40 % персанальных дамоў?

Узвядзенню індывідуальных дамоў адведзена адна з ключавых роляў у праекце дзяржпраграмы «Будаўніцтва жылля» на 2021—2025 гады. Чакаецца, што дзякуючы прымяненню новых эксплуатацыйных і праектных рашэнняў, а таксама экалагічных матэрыялаў, яно стане больш даступнае.

Дырэктывай кіраўніка дзяржавы № 8 даручана забяспечыць будаўніцтва індывідуальнага жылля ў памеры не менш за 40 % ад агульнага аб'ёму збудаванага жылля, хоць на практыцы атрымліваецца нават больш, паведаміў на прэс-канферэнцыі начальнік Галоўнага ўпраўлення будаўніцтва і жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Уладзіслаў Шапавалаў.

Летась, па звестках Белстата, уведзена ў эксплуатацыю 10 023 індывідуальныя жылыя дамы, агульная плошча якіх —1 748,9 тысячы квадратных метраў (110,2 % ад гадавога задання), што складае 42 % ад агульнай плошчы жылых дамоў, уведзеных у эксплуатацыю. На думку спікера, гэта сведчыць аб запатрабаванасці такога віду будаўніцтва.

Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца ўчасткі, размешчаныя вакол буйных і сярэдніх населеных пунктаў. Істотны ўплыў на запатрабаванасць зямельных надзелаў аказвае і наяўнасць інфраструктуры.

Для фарміравання зямельных участкаў для індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва, а таксама забеспячэння ўмоў праектавання і будаўніцтва індывідуальных (блакіраваных) жылых дамоў падрыхтаваны спецыяльныя спісы. У тым ліку з канструкцый індустрыяльнага домабудавання, маніторынгу ўдзельнай вагі індывідуальнага жылля ў агульным уводзе ў эксплуатацыю жылых памяшканняў. У рамках выканання плана мерапрыемстваў па рэалізацыі Дырэктывы № 8 аблвыканкамамі зацверджаны рэгіянальныя комплексы мерапрыемстваў па індывідуальным жыллёвым будаўніцтве.

Хутка і нядорага

Уладзіслаў Шапавалаў адзначыў, што сёння рэалізацыя індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва ажыццяўляецца двума спосабамі: самастойна грамадзянамі і дзяржаўнымі заказчыкамі. «Як паказвае практыка, грамадзяне заказваюць у падрадных арганізацый толькі асобныя віды работ. Хоць, на нашу думку, гэта не зусім правільна, таму што пры будаўніцтве такім спосабам грамадзяне не ўлічваюць усіх выдаткаў, якія потым па выніку панясуць», — падкрэсліў ён.

Таксама прадстаўнік ведамства паведаміў, што будаўніцтва індывідуальнага жылля будзе праходзіць шляхам забудовы тэрыторыі з акцэнтам на стварэнне экалагічна спрыяльных умоў жыццядзейнасці, камфортнага асяроддзя пражывання з захаваннем існуючых прыродных комплексаў, а таксама развіццём безбар'ернага асяроддзя, якое неабходна для сацыяльнай інтэграцыі людзей і самастойнай дзейнасці ўсіх катэгорый грамадзян, уключаючы фізічна аслабленых асоб.

«Комплексную індывідуальную забудову лепш ажыццяўляць адным забудоўшчыкам, у тым ліку для ўпарадкавання і паляпшэння архітэктурнага аблічча населеных пунктаў. Станоўчыя аспекты комплекснай індывідуальнай жылой забудовы заключаюцца ў тым, што такія жылыя дамы грамадзяне атрымаюць ва ўстаноўленыя тэрміны, будзе выключана практыка ўзвядзення будынкаў-даўгабудаў, якія парушаюць агульную дызайнерскую канцэпцыю жылых раёнаў», — дадаў Уладзіслаў Шапавалаў.

Пры комплекснай забудове забудоўшчыкам з'яўляецца дзяржаўная арганізацыя. Гэта дазваляе не расцягваць будаўніцтва нашым грамадзянам да пяці-васьмі гадоў (як у сярэднім адбываецца), а пабудаваць і завяршыць усе работы на працягу аднаго года.

Пры ўзвядзенні малапавярховай комплекснай індывідуальнай забудовы мяркуецца ўлічваць патрабаванні па яе транспартнай даступнасці, інжынерным забеспячэнні, а таксама тэндэнцыі да павышэння энергаэфектыўнасці, аўтаномнасці.

Вялікія ўчасткі без аўкцыёнаў

Для развіцця комплекснага індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва Мінбудархітэктуры сумесна з аблвыканкамамі прымаюцца меры па ўдасканаленні нарматыўнай базы і прыцягненні да гэтага працэсу адзінага забудоўшчыка, у асобе УКБ і іншых дзяржаўных будаўнічых арганізацый, якім для гэтай мэты зямельныя ўчасткі даюцца без аўкцыёна.

Гэтая работа дазволіць у найбліжэйшай перспектыве зрабіць упор на маштабнае развіццё комплекснага будаўніцтва індывідуальнага жылля і аб'ектаў інжынернай, транспартнай і сацыяльнай інфраструктуры да такога жылля.

«Індывідуалы» могуць аб'яднацца ў кааператывы і будавацца з дзяржпадтрымкай

Уладзіслаў Шапавалаў растлумачыў, што пры гэтым, дзеючым заканадаўстве, урэгуляваныя пытанні, якія дазваляюць ажыццяўляць будаўніцтва комплекснай індывідуальнай жылой забудовы УКБ і дзяржарганізацыямі, як шляхам заключэння дагавораў долевага будаўніцтва з грамадзянамі, так і стварэння ЖБВК.

Жыхарам нашай краіны на такое будаўніцтва можа аказвацца дзяржаўная падтрымка, як у рамках Указа Прэзідэнта Беларусі № 13 «Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў» (ільготны крэдыт), так і Указа Прэзідэнта № 240 «Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў» (адрасная субсідыя).

Начальнік галоўнага ўпраўлення адзначыў, што міністэрства пільную ўвагу працягвае ўдзяляць цэнам на жыллё. Так, сярэдняя цана аднаго квадратнага метра ў індывідуальным жыллі, якое будуецца з дзяржпадтрымкай, складае 1150 рублёў. А сярэдняя цана аднаго квадратнага метра жылля з дзяржаўнай падтрымкай без уліку індывідуальных забудоўшчыкаў, будзе падтрымлівацца на ўзроўні не вышэй за сярэднюю заработную плату па краіне. Развіццё такіх фінансавых інструментаў, як лізінг жылых памяшканняў, жыллёвыя будаўнічыя зберажэнні, іпатэчнае жыллёвае крэдытаванне будуць спрыяць росту попыту насельніцтва на жыллё

У абласцях ужо рэалізуюцца некаторыя праекты комплекснай індывідуальнай жылой забудовы. Так, напрыклад, у Оршы забудоўшчык УКБ ажыццяўляе комплекснае будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў (кватэр). У 2020 годзе ўведзена ў эксплуатацыю жылых дамоў агульнай плошчай 4691 квадратны метр. У Гомельскай вобласці УКБ у якасці інжынірынгавай кампаніі прапануе грамадзянам свае паслугі па вядзенні працэсу будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў, афармленні дакументаў, у тым ліку па ўводзе ў эксплуатацыю жылога дома.

Трэба вельмі пастарацца, каб у 2021 годзе значна павялічыць аб'ёмы будаўніцтва комплекснай індывідуальнай жылой забудовы, у першую чаргу, у канструкцыях БПД і такая задача пастаўлена мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, адзначыў суразмоўнік.

Мінскі рэгіён — па спецыяльнай праграме

Адказваючы на пытанне пра Мінск, чыноўнік адзначыў, што ў сталіцы цяжка выдзеліць вялікі ўчастак для комплекснай індывідуальнай забудовы:

— У Мінскім раёне такія ўчасткі таксама пакуль не сфарміраваныя, бо вельмі мала зямель пад будаўніцтва. Жыллё для мінчан будуецца ў тым ліку і ў гарадах-спадарожніках. Па Мінскай вобласці разглядаецца некалькі варыянтаў, дзе можна размясціць раёны комплекснай індывідуальнай забудовы.

Высокі попыт на персанальныя дамы ў Любані, бо там ідзе будаўніцтва горнаўзбагачальнага камбіната, і трэба жыллё для яго спецыялістаў. У Лагойску заканчваецца работа па новай горадабудаўнічай дакументацыі, таму гаварыць аб індывідуальным будаўніцтве пакуль рана. У гарадской мяжы Заслаўя мала месца ў прынцыпе, плюс там складаныя інжынерна-геалагічныя ўмовы. А ў Фаніпалі і Смалявічах актыўна працягнецца будаўніцтва вышыннага жылля дзякуючы наяўнасці развітой інфраструктуры і гатовых інжынерных сетак.

Калі казаць пра глабальныя планы дзяржавы, то ўпор робіцца на развіццё населеных пунктаў, дзе жыве менш за 20 тысяч чалавек. Акцэнт ставіцца на комплекснае будаўніцтва: забудоўваюць вялікія зямельныя ўчасткі «пад ключ» і прадаюць ужо гатовыя дамы.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.