Вы тут

Аляксандр Лукашэнка пра Беларусь і Расію: Мы суверэнныя і незалежныя дзяржавы


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў ваеннай сферы. Абмеркаванне гэтых пытанняў з удзелам прэм’ер-міністра, міністра абароны і дзяржсакратара Савета Бяспекі стала працягам нядаўніх перамоў кіраўнікоў дзяржаў у Сочы.


«Мы дамовіліся, што шэраг пытанняў мы абмяркуем на ўзроўні кіраўнікоў урадаў і сілавога блоку, перш за ўсё, міністра абароны, дзяржсакратара. Мы вызначылі гэтыя пытанні», — расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён пракаментаваў шматлікія домыслы пра Сочынскі саміт: «Вельмі шмат пісалі пра гэту сустрэчу, на жаль, працэнтаў 70 — гэта поўная лухта і выдумкі, я нават не збіраюся зараз пералічваць усе пытанні, якія былі абмеркаваныя, іх дзясяткі было, вельмі многае было падвергнутае рэвізіі, літаральна ўсе пытанні беларуска-расійскіх адносін. Але кантэкст гэтых перамоў, калі можна так сказаць, абмежаваны быў рамкамі Саюзнай дзяржавы: першапачаткова — як стваралася Саюзная дзяржава, пра што дамаўляліся, на якім узроўні знаходзімся зараз, і на што мы здольныя выйсці»

У  адказ на каментарыі ў СМІ Прэзідэнт, па яго словах, працытаваў самога сябе, калі падводзіў вынікі перамоў у рамках Саюзнай дзяржавы.

«Мы, беларусы, жывём у сваёй кватэры, яна невялікая, і Расія, вялізная, жыве (гэта, напэўна не кватэра ўжо) на ўсім паверсе. І мы суверэнныя і незалежныя дзяржавы. Сёння свет змяніўся настолькі, што размовы пра тое, што Беларусь павінна ўвайсці ў склад Расіі ці Расія павінна ўвайсці ў склад Беларусі, ці мы ўвогуле павінны неяк зліцца і стварыць адзіныя органы кіравання, свет настолькі змяніўся, што было б нават неразумна працаваць у гэтым кірунку», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Больш за тое, беларускі лідар упэўнены, што гэта і не патрэбна.

«Бо існуючы як суверэнныя і незалежныя дзяржавы мы можам выбудаваць такую сістэму адносін, якая будзе больш моцная, чым узаемаадносіны асобных тэрыторый у самой Расійскай Федэрацыі. Расія — вялізная, прыкладна сёмая частка сушы планеты. А тут мы побач, практычна аднолькавы ўзровень развіцця, тэхналагічны, тэхнічны і гэтак далей. І калі мы захочам, мы зможам выбудаваць такую сістэму ўзаемаадносін. І мы вельмі шмат зрабілі для гэтага, мы проста пра гэта не кажам. У нас жа людзі маюць роўныя магчымасці. Як бы ні было складана, суб’екты гаспадарання разумеюць на пермовах адзін аднаго. Многага дасягнулі».

Так, яшчэ ёсць непаразуменні, пагадзіўся Аляксандр Лукашэнка і праілюстраваў гэта характэрным прыкладам.

«Калі ў Расіі сёлета падскочылі цэны на цукар, Уладзімір Уладзіміравіч (Пуцін — «Зв.») вельмі жорстка адрэагаваў на гэту тэму і папракнуў расійскіх вытворцаў цукру. Яны, аказваецца, у 2019 і 2020 гадах пераконвалі Прэзідэнта (Расійскай Федэрацыі — «Зв.»), што беларусы запаланілі сваім цукрам Расію, — расказаў кіраўнік Беларусі. — Гэта ўвогуле немагчыма, але тым не менш. І што мяне ўразіла (можа гэта будзе нечакана для самога Пуціна): Пуціна пераконвалі ў тым, што мы завозім трыснёг, перапрацоўваем яго, робім трысняговы цукар, самі жаром гэты трыснёг, а Расіі пастаўляем бураковы свой цукар».

Гэта немагчыма, паўтарыў Прэзідэнт, бо ў Беларусі вытворчасць перабудаваная і мадэрнізаваная пад перапрацоўку буракоў.

«Мы, напэўна, ужо гадоў 15 не завозім трыснёг для перапрацоўкі, у нас жорсткая ў гэтым плане дамоўленасць, але бачыце, як паступаюць таваравытворцы Расійскай Федэрацыі?» — звярнуў ён увагу.

Такія сітуацыі, па словах Аляксандра Лукашэнкі, нішто іншае, як нядобрасумленная канкурэнцыя, якая заводзіць у тупік цэлыя галіны эканомікі.

«Нам трэба проста спланаваць нашы далейшыя дзеянні ў эканоміцы»

«Мы нікому не перашкаджаем. Мы хочам выбудаваць такія адносіны, каб не баяліся і не дзёргаліся з-за нейкіх санкцый, — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. — Вось учора ўвялі санкцыі супраць Расіі, пазаўчора — супраць Беларусі, і ўжо гвалт нейкі. Навошта гвалтаваць? Слухайце, 150 мільёнаў чалавек на такой тэрыторыі мы не можам накарміць? Проста. Таму вось у гэтым ключы па ўсіх галінах мы падвяргалі аналізу сітуацыю. І прыходзілі да таго, што нам трэба пачынаць гэта рабіць. Нам трэба проста спланаваць, як робяць кітайцы, японцы, наколькі гэта магчыма, нашы далейшыя дзеянні ў эканоміцы».

Вельмі сур’ёзнаму аналізу, па словах лідара, была падвергнутая беларуска-расійская кааперацыя ў прамысловасці.

«Мы нядаўна грамадзянскі авіязавод вынеслі за межы Мінска, — прывёў яшчэ адзін канкрэтны прыклад Аляксандр Лукашэнка. — Пабудавалі гэты авіязавод у аэрапорце. Напэўна вы заўважылі, на апошнім саміце ЕАЭС Казахстан настойваў на тым, каб мы і надалей закуплялі Аэрбасы і іншыя самалёты імпартнай вытворчасці. На што Пуцін слушна заўважыў: у Расіі створаны сярэднемагістральны лайнер, чаму не купляць яго? Калі мы ў адзіным эканамічным саюзе? Правільна. І больш за тое, ён дадаў: каб была цікаўнасць, давайце скааперуемся, будзем разам вырабляць. І я ў Сочы, калі працягнуў гэтую размову, падзякаваў яму і сказаў, што мы гатовы не толькі абслугоўваць гэтыя самалёты, якія вырабляюцца ў Расіі, але і вырабляць некаторыя вузлы і камплектуючыя. Гэта значыць, ажыццяўляць больш цесную кааперацыю. Гэта нам выгадна».

Чарговы прыклад — завод «Інтэграл», які працуе і на грамадзянскі сектар і на ваенны.

«У Расіі практычна няма такога прадпрыемства. Іх, па-мойму, было ў Савецкім Саюзе чатыры або пяць, усе знішчаныя, акрамя нашага „Інтэграла“, — расказаў Прэзідэнт. — Давайце, кажу, будзем разам развіваць гэтае прадпрыемства. Тое, што яно зараз робіць: задавальняе патрэбы „абаронкі“ нашай і расійскай, і грамадзянскага спажыўца. Давайце кааперавацца. Гэта значыць, мы пытанням кааперацыі надалі вельмі сур’ёзную ўвагу».

«Нас будуць пастаянна тузаць, і мы павінны адказваць»

На саміце ў Сочы ішла размова і пра беларускія рамонтныя заводы для ваеннай тэхнікі. 

«У нас у Баранавічах так званы авіярамонтны завод, хоць ён ужо робіць шмат сваіх камплектуючых, такая была задача. У нас у Барысаве бранятэхніка, 140-ы завод, і ў Оршы завод, і шэраг па аўтамабілях, гэта ўжо дробныя. Гэтыя заводы запатрабаваныя, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Давайце, кажу, кааперавацца. Прэзідэнт Расіі сказаў: нам гэта вельмі цікава. Таму ў гэтым кірунку і ўраду, і дзяржсакратарыяту, і міністэрству абароны трэба больш актыўна сябе паводзіць».

Акрамя ВПК была абмеркаваная ў Сочы і тэма абароны.

«Мы ж бачым, што адбываецца. Два тыдні таму самалёты НАТА літаральна на мяжу нашу выляталі, — нагадаў Прэзідэнт. — Што мы вымушаныя былі зрабіць? Мы паднялі новы самалёт Су-30 і насустрач падляцелі да іх — змыліся за сотні кіламетраў. Гэта кажа пра тое, што нас будуць пастаянна тузаць, і мы павінны адказваць».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як падчас чэмпіянату свету па хакею ў Мінску расійскія ваенныя самалёты ажыццяўлялі дзяжурства на тэрыторыі Беларусі, а абслугоўвалі іх разам з расіянамі беларускія лётчыкі. У Сочы, па словах беларускага лідара, ішла размова пра працяг падобнай практыкі. Пры гэтым не трэба ствараць новыя ваенныя базы, упэўнены Прэзідэнт.

«Вядома, калі яны (расійскія ваенныя самалёты — «Зв.») змогуць базіравацца на нашых базах, і нашы хлопцы будуць лятаць разам з расіянамі, ну натуральна, трэба прасіць тады і зброю да гэтых самалётаў, да таго ж, самая сучасная зброя павінна быць. Мы не кажам пра ядзерныя боегалоўкі, мы кажам пра звычайную зброю, — дадаў беларускі лідар. — Вось гэтая тэматыка, гэты блок быў, напэўна, самым шырокім у нашых перамовах».

«Ніхто не прасіў дадатковых крэдытаў»

Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў і выказванні ў СМІ наконт быццам бы просьбы аб чарговым расійскім крэдыце для Беларусі. Размова, па яго словах, насамрэч пра значную эканомію падчас будаўніцтва БелАЭС, якое ажыццяўляецца пад расійскі крэдыт (што з’яўляецца сусветнай практыкай) і пра ранейшую дамоўленасць аб пакіданні азначанага крэдыту на іншыя патрэбы ў выпадку такой эканоміі.

«Ніхто не прасіў дадатковых крэдытаў. Нам гэта не патрэбна», — заявіў Прэзідэнт.

На перамовах ішла размова пра будаўніцтва азотнага комплекса: Аляксандр Лукашэнка прапанаваў расійскаму калегу, каб той даручыў «Газпраму» правесці перамовы з Беларуссю.

«Магчыма, у іх будзе да гэтага цікаўнасць. Не будзе, мы самі будзем будаваць гэты камбінат. Ён нам патрэбны. Попыт на азотныя ўгнаенні ў свеце вельмі добры, мы будзем ствараць і комплексныя, і змешаныя ўгнаенні. Нам патрэбны азот. Фосфар ёсць, калій ёсць, азот у нас ёсць, але мы хочам павялічыць вытворчасць — азоту з прыроднага газу. Калі „Газпраму“ цікава, мы можам дамовіцца пра будаўніцтва з імі. Ні пра якія грошы размовы на гэтых перамовах не было. Таму калі нас хочуць папракнуць у нечым, што мы зноў з працягнутай рукой — лухта поўная, — запэўніў беларускі лідар. — Мы пакуль абыходзімся, дзякаваць богу, пры ўсіх складанасцях з пандэміямі і закрыццём межаў, сваімі грашовымі сродкамі».

«Што датычыцца абароны, хачу, каб вы разумелі, што працаваць мы будзем у рамках нашай сумеснай саюзнай групоўкі і сумеснай супрацьпаветранай абароны, — абазначыў Прэзідэнт. — Гэта святое. Для сучаснай вайны (не дай божа) гэта галоўнае. Але мы павінны выбудаваць так сістэму, каб нашы хлопцы змаглі навучыцца самым перадавым методыкам вядзення вайны, абароны і гэтак далей. Маглі лятаць, страляць. Бронетэхніку, аўтамабільную справу, самалёты мы павінны асвойваць разам з Расійскай Федэрацыяй. Вось гэты кірунак Прэзідэнтам Расіі быў з натхненнем падтрыманы».

«Ідзе зараз не проціборства, а вайна ў сродках масавай інфармацыі»

У Сочы была абмеркаваная і грамадска-палітычная сітуацыя, дадаў Прэзідэнт.

«Датычна палітыкі. Натуральна, нас хістаюць, іх хістаюць, ніхто ад гэтага не адстане і вы бачыце нарастанне гэтай балбатні. Ідзе зараз не супрацьборства, а вайна ў сродках масавай інфармацыі. Мы разумеем, што нас будуць спрабаваць ужо не на зуб, а на ўсе зубы, — сказаў ён удзельнікам нарады. — Мы абмяняліся закрытай інфармацыяй, сакрэтнымі дакументамі, якія наш Камітэт дзяржбяспекі, ГРУ Генштаба дабываюць. Адкрыта мяне пазнаёміў Прэзідэнт (Пуцін — «Зв.») са многімі матэрыяламі. У прыватнасці, зараз нашы беглыя, як я заўважыў гэта з матэрыялаў, ды і нашы гэта бачаць разведчыкі, знайшлі палац Пуціна, зараз спрабуюць знайсці палац Лукашэнкі. Вось гэта ў іх зараз самае галоўнае. Укінуць у медыйную прастору больш паскудства, каб у гэты касцёр падкідваць дровы хаця б да красавіка. Разумееце? Ім трэба завесці народ Беларусі, разварушыць, каб, як яны кажуць, цытую: „не спала хваля актыўнасці“. Таму яны будуць укідваць любыя фэйкі. Мы да гэтага гатовыя».

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што гатовы паказаць любое сваё памяшканне, калі гэта некаму цікава.

«Яшчэ раз хачу і вам сказаць, і ўсім, хто мяне слухае: Лукашэнка за чвэрць стагоддзя нічога ў дзяржавы не скраў, — падкрэсліў лідар. — І ніякіх палацаў. У Александрыі ў мяне „палац“ — сем на восем метраў, дзе мы з маці жылі — вось гэты палац. Калі ласка, ён адкрыты, каб паглядзелі, дзе жыў першы Прэзідэнт Беларусі».

Шмат у медыяпрасторы размоў і пра трансфер улады ў Беларусі, працягнуў Прэзідэнт.

«Ніякага трансфера быць у Беларусі не можа. Я ўжо казаў. Ніякія дзеці, унукі і праўнукі не могуць пасля Прэзідэнта Лукашэнкі прэтэндаваць на гэту пасаду. Усё будзе па Канстытуцыі і законе. Канстытуцыю мы прымем, як я і казаў, у студзені-лютым наступнага году, вось і ўвесь трансфер улады», — рэзюмаваў ён.

Падобныя размовы былі б нават непрыстойнымі для расійскага кіраўніцтва, бо гэта выключная справа Беларусі, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Асобна ў Сочы ішла размова пра падатковыя сістэмы Беларусі і Расіі, паведаміў Прэзідэнт.

«Мы дамовіліся, што яшчэ раз вернемся на ўзроўні беларуска-расійскіх перамоваў спецыялістаў, —паведаміў ён. — Паглядзім яшчэ раз навацыі расійскія, калі гэта сапраўды навацыі, мы гэта прымем».

Гэта тычыцца ўсіх карт двухбаковай інтэграцыі, дадаў Аляксандр Лукашэнка.

«Галоўнае, каб гэта было празрыста і для Беларусі, і для Расіі, каб не было недагаворвання, не выклікала падазрэнняў», — удакладніў ён.

«Я як першы Прэзідэнт Беларусі больш, чым хто-небудзь з нашых грамадзян, зацікаўлены ў захаванні  суверэнітэту нашай дзяржавы»

У адрозненні ад унутраных спраў, знешнюю палітыку Беларусь і Расія працягнуць каардынаваць, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Нашы абаронныя і  знешнепалітычныя ведамствы з’яўляюцца ўзорам для супрацоўніцтва іншым, тут поўнае ўзаемапаразуменне, — сказаў ён. — І мы поўныя рашучасці стварыць такое аб’яднанне ў Саюзнай дзяржаве, што камар носа не падточыць. Ніхто нас не папракне, што нехта замахнуўся на нечую незалежнасць, суверэнітэт і гэтак далей. Усё будзе прыгожа і прыстойна».

У гэтай сувязі Аляксандр Лукашэнка спыніўся на тэме шматвектарнай знешняй палітыкі Беларусі, у чым чарговы раз нашу краіну папракаюць расійскія палітыкі: «Яшчэ раз паўтараю — наша шматвектарнасць абумоўленая перш за ўсё нашай эканамічнай палітыкай.  Калі Расійская Федэрацыя сёння гатова ўвесь беларускі экспарт спажываць, тады і вектар будзе ў тым кірунку. Але Расія не гатовая».

Палітычную шматвектарнасць абумоўлівае і суседства Беларусі з ЕС і Украінай. Да таго ж, супрацоўніцтва з высокатэхналагічным, багатым Захадам выгадны любой краіне, бо там ёсць свабодныя грошы, перадавыя тэхналогіі.

«Пры гэтым мы кажам, што Расія — гэта непахісна асноўны кірунак, па якім мы гатовыя рухацца», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён паўтарыў, што Мінск з Масквой можа выбудаваць больш цеснае супрацоўніцтва, чым, нават некаторыя су’б’екты Расійскай Федэрацыі са сваім цэнтрам.

«У нас ёсць цвёрдае разуменне, што гэта наша агульная Айчына — ад Брэста да Уладзівастоку, дзе сёння існуюць дзве незалежныя дзяржавы, — абазначыў палажэнне рэчаў Аляксандр Лукашэнка. — Яшчэ раз хачу падкрэсліць: як бы не складвалася сітуацыя ў Беларусі, я як першы Прэзідэнт Беларусі больш, чым хто-небудзь з нашых грамадзян, зацікаўлены ў захаванні  суверэнітэту нашай дзяржавы. Інакш можна перакрэсліць усю чвэрць стагоддзя, якую мне прыйшлося працаваць Прэзідэнтам».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.