Вы тут

Беларускія прадпрыемствы падпісалі кантракты на $7 млн на харчовай выстаўцы ў Дубаі


Беларускія прадпрыемствы падпісалі кантракты на $7 млн на харчовай выстаўцы ў Дубаі, паведамілі БЕЛТА ў выставачным прадпрыемстве «Белінтэрэкспа» БелГПП.


Фота: «Белінтэрэкспа»

«25 беларускіх прадпрыемстваў харчовай галіны прынялі ўдзел у нацыянальнай экспазіцыі Belarus. The Taste of Nature на найбуйнейшай харчовай выстаўцы Gulfood 2021. Айчынныя вытворцы прадставілі мясную і малочную прадукцыю, вырабы з мяса птушкі і яек, бакалею і кандытарскія вырабы. Вынікамі работы гэтых прадпрыемстваў у Дубаі сталі кантракты з партнёрамі з ААЭ, Бангладэша, Ганы, Егіпта, Іарданіі, Ірана, Ірака, Емена, Лівана, Лівіі, Пакістана, Саудаўскай Аравіі, Сербіі, Сірыі на агульную суму большую за $7 млн», — адзначылі ў «Белінтэрэкспа».

У прыватнасці, кампанія «Праймілк» паставіць прадукцыю на $5 млн. ААТ «Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» заключыла кантракт на $1 млн на пастаўку сваёй прадукцыі. $500 тыс. — сума здзелкі ТАА «Белхарчпрам» з эмірацкімі партнёрамі. ААТ «Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат» заключыла кантракт на пастаўку першай партыі сметанковага масла 82,5%-ай тлустасці ў ААЭ. Аб’ём пастаўкі — 25 т. Прадукцыя гэтага вытворцы — пітное стэрылізаванае малако — зацікавіла кліентаў з Емена. Кампаніі з Бангладэш і Ганы звярнулі ўвагу на згушчанае малако, а прадстаўнікі лівійскай дэлегацыі — на канцэнтраванае малако без цукру.

Сярод іншых вынікаў работы беларускіх прадпрыемстваў на выстаўцы — выхад ААТ «Салігорская птушкафабрыка» ў фінал конкурсу Gulfood Innovation Awards 2021 у катэгорыі «Самы інавацыйны прадукт з мяса і птушкі». Прадукт, які звярнуў на сябе ўвагу экспертнага журы, — яйкі курыныя і перапёлкі, вэнджаныя па ўнікальнай тэхналогіі на натуральных альховых шчэпках, растлумачылі ў выставачнай кампаніі.

«Замарожаная ялавічына на косці з тэрмінам захоўвання 12 месяцаў, а таксама ахалоджаная ялавічына ад ААТ „Слонімскі мясакамбінат“ зацікавілі кліентаў з ААЭ, Егіпта, Іарданіі, Саудаўскай Аравіі, Сінгапура, Тайланда і Малайзіі. Пастаўкі натуральных мясных кансерваў з ялавічыны на рынак ААЭ і Саудаўскай Аравіі прадстаўнікі прадпрыемства абмеркавалі з пакупнікамі з гэтых дзяржаў», — расказалі спецыялісты «Белінтэрэкспа».

Прадстаўнікі ААЭ, Емена, Лівана, Лівіі выказалі зацікаўленасць у набыцці прадукцыі кандытарскай фабрыкі «Віцьба».

«Нягледзячы на завяршэнне выстаўкі, віртуальнае люстэрка на сайце „Белінтэрэкспа“ прадаўжае работу. Анлайн-платформа дала магчымасць удзельнікам і гасцям форуму лепш арыентавацца ў павільёнах, даведацца ўсю неабходную інфармацыю аб прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў-удзельнікаў, а таксама атрымаць кантакты прадстаўнікоў кампаній для далейшых дзелавых адносін», — дадалі ў кампаніі.

Арганізатар беларускай экспазіцыі — выставачнае прадпрыемства «Белінтэрэкспа» Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.