Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


«Калі адпачывала мама, мы, яе дочкі, ніколі не бачылі...»

Вось яна, доўгачаканая вясна, з якой прыходзіць не толькі радасць, але і клопаты, найчасцей — прывычныя, прыемныя.

Некалі ці не самым адказным быў падарунак для мамы, бо яна і сама ніколі не траціла грошай на пустое, і іншым не дазваляла. Рэдкая была жанчына! Яе жыццё — прыклад, а то і ўзор для многіх.

pixabay.com

Мама рана засталася сіратой, і яе, разам з малодшай сястрычкай, стала гадаваць старэйшая. Па прафесіі яна была швачкай і, можна сказаць, не разгіналася, каб зарабіць грошай, каб вывесці ў людзі сясцёр.

Трэба сказаць, што ёй гэта ўдалося: мама на «выдатна» скончыла гімназію, а пасля трапіла на Баранавіччыну, якая ў той час была пад панскай Польшчай. Тут, у Паланецкай сямігодцы, маладая настаўніца стала выкладаць нямецкую мову і маляванне, тут пазнаёмілася з татам, таксама настаўнікам. Ён быў з небагатай сялянскай сям'і, жыў з бацькамі ў цеснай хаціне, зверху пакрытай саломай, а знізу ўсыпанай свежымі стружкамі, бо гаспадар, будучы мамін свёкар, для ўсёй акругі рабіў цэбры, балеі, прасніцы, сані.

Зразумела, што маме — гараджанцы, польскай інтэлігентцы — у такіх умовах жыць не хацелася. Тату з дзедам давялося ўзяцца за перабудову: у каморцы прарэзаць акно, абтынкаваць і пабяліць сцены, паслаць, пафарбаваць падлогу, зрабіць пліту.

Пасля гэтага мама ўпрыгожыла сцены карцінамі і вышыўкамі, на акно павесіла бялюткія фіранкі (казала, што вокны ў іншых хатах тады альбо не завешваліся зусім, альбо самаробнымі выцінанкамі з паперы)... Толькі белай, накрухмаленай і адпрасаванай у нас была пасцельная бялізна.

Да таго ж наша мама цудоўна гатавала. Шмат каму і да сёння ў памяці яе рулеты з макам, варэнікі з чарніцамі, макаронная запяканка з яблыкамі... Я такой смакаты больш нідзе і ніколі не ела! А які ў мамы быў хлеб — смачны, духмяны...

Канец трыццатых гадоў быў, відаць, багаты на мёд. Тата з дзедам пастаўлялі яго ў Варшаву, і выручаных грошай ім хапіла на тое, каб пабудаваць досыць вялікі цагляны дом. Усю мэблю для яго — шафы і шафкі, паліцы, сталы, этажэрку — нашы мужчыны зрабілі самі, усё астатняе набывалася паступова і шмат што — клопатам мамы. На нашых ложках было мноства падушак і падушачак у вышываных навалачках, на паліцах ляжалі сурвэткі, на падаконнях і вакол дома цвіло мноства розных кветак (насенне іх мама выпісвала з Варшавы)...

Іншымі словамі, мы, дзеці, раслі ў прыгожым доме, куды часта прыходзілі госці — то радня, то калегі-настаўнікі, то ксёндз, то бацюшка ды іншыя паважаныя людзі. Мама была вельмі добразычлівая, гасцінная гаспадыня, цікавая суразмоўніца. Яна валодала беларускай, рускай, польскай, украінскай і нямецкай мовамі, прыгожа спявала, малявала, вельмі шмат чытала. Часам — нават тады, калі гатавала ежу: лыжку трымала ў адной руцэ, кніжку — у другой... А яшчэ яна вельмі прыгожа адзявалася, прыбірала тату і, вядома ж, нас, сваіх дачушак.

Усё гэта было. І ўсё скончылася, калі пачалася вайна. Тату па стане здароўя нашы на фронт не ўзялі. Ён баяўся, што возьмуць немцы — у паліцаі, як асобных вяскоўцаў, і таму хаваўся на хутары, дапамагаў партызанам. Мама з намі (старэйшай сястрычцы дзесяць гадоў, мне восем і лічаныя месяцы малой) заставалася адна.

Неяк, помню, усе разам мы ўцяклі ад бамбёжкі, хаваліся. А калі вярнуліся, то дом свой проста не пазналі. Немцы вынеслі з яго ўсё, што толькі маглі: адзенне, прадукты, пасцельную бялізну, посуд... Мы засталіся амаль як пагарэльцы — у чым былі. І пасля гэтага ўжо сталі хадзіць у нязручным драўляным абутку, вучыцца прасці і вязаць адзенне, шкарпэткі, панчохі... Хоць гэта яшчэ не бяда, другая, найбольшая, была ў тым, што нам заўсёды хацелася есці. Мама стала варыць нам супы з крапівы, лебяды, балотнага шчаўя, у найлепшыя дні — зацірку з макам і аўсяны кісель... Яна эканоміла на ўсім і нас прывучала берагчы кожную скарыначку, кожны сухарык хлеба.

...У сваім доме мы тады амаль не жылі: яго займалі то параненыя чырвонаармейцы, то нямецкі генерал (ну як жа, дом вялікі, самы прыгожы). Наша прыстанішча было ў хляве.

Ніколі не забудуся, як маму хацелі расстраляць. Яна свабодна размаўляла па-нямецку, да таго ж была чарнявая. Таму карнікі прынялі яе за яўрэйку, пад канвоем павялі з двара... Мама (а мы ўсё чулі і бачылі) тады не прасілася, не плакала — ішла як быццам спакойна і...

Ёсць Бог на свеце! Якраз тады з куратніка паказаліся куры. Немцы ўбачылі іх і сталі лавіць. Аўчарка дапамагала...

«Паляванне» было настолькі ўдалае, што фашысты, захапіўшыся, забыліся на расстрэл — панеслі з двара здабычу. Такім чынам наша мама засталася жывая, праўда, пасля гэтага стала моцна хварэць: у яе павыпадалі зубы, ссівелі валасы...

Не змяніліся, хіба што, погляды і прывычкі.

Помню, як у нас у склепе хаваліся чырвонаармейцы. Мама, рызыкуючы і сваім жыццём, і нашымі, насіла ім ежу, перадавала татава адзенне...

І потым, пасля вайны, у нашым доме жыло некалькі сем'яў пагарэльцаў. Тата з мамай дапамагалі ім чым маглі: дзялілі апошнія харчы, лячылі, пісалі прашэнні і лісты...

Людзі вельмі цанілі гэта, як і тое, што інтэлігенты, настаўнікі, вельмі шмат працавалі: каб хоць трохі абжыцца, трымалі карову, свіней, авечак, курэй, нас, малых, з дзяцінства прывучалі да клопатаў і адказнасці. Разам з дарослымі мы жалі жыта, рвалі лён, нарыхтоўвалі сена, палолі, пасвілі скаціну... Памятаю, што вельмі стамляліся, што працаваць не хацелася. Неяк сярпом я моцна парэзала палец і так рада была, бо ведала, што змагу хоць трохі адпачыць...

Калі адпачывала мама, мы, яе дочкі, ніколі не бачылі. Я дагэтуль не разумею, адкуль яна брала сілы, каб раней за ўсіх уставаць, каб за дзень амаль не прысесці, каб пазней за ўсіх легчы спаць. Я ні разу не чула, каб яна казала, што стамілася.

...Тата наш рана памёр, даўно няма і матулі, але яна паспела навучыць нас жыць у згодзе з людзьмі, не баяцца цяжкасцяў, любіць свой дом. Мама дапамагла мне выгадаваць дзяцей і на ўсё жыццё засталася прыкладам.

Соф'я Кабарыха, в. Паланечка, Баранавіцкі раён


«Ёсць нябачная Беларусь. І бачная...»

«Пачну з таго, што мне ўжо за 80, што я з маленства люблю сваю родную мову і што мне зусім не абыякавы яе будучы лёс.

Некалі, у мінулым стагоддзі, вельмі многія добра гаварылі па-беларуску, асабліва на вёсцы. Там яшчэ заставалася шмат беларускамоўных школ, такіх жа падручнікаў і настаўнікаў. У нашай, Пірэвіцкай, што ў Жлобінскім раёне, любоў да ўсяго свайго прывіваў Міхаіл Сцяпанавіч Палякоў. Цяжка ўявіць, колькі гадоў прайшло з той пары, але ж мы, аднакласнікі, дагэтуль помнім яго і пры сустрэчах лёгка размаўляем па-беларуску.

Цяпер у Беларусі двухмоўнасць. І гэта, магчыма, правільна, бо руская для нас — як выхад у свет, як сродак зносін з нашымі суседзямі...

А што ж свая, беларуская? Мне, напрыклад, цяжка зразумець асобныя рэчы. Ну вось споўнілася сто гадоў з дня нараджэння нашых класікаў Івана Шамякіна і Івана Мележа. Тэлебачанне і амаль усе рэспубліканскія газеты адгукнуліся на гэтыя падзеі. Аднак інфармацыя пра іх амаль паўсюль давалася па-руску. Па логіцы выходзіць так: ёсць нябачная Беларусь са сваёй мовай, літаратурай, культурай і ёсць бачная, дзе па-беларуску як быццам ніхто і нічога б не зразумеў, таму пра ўсё, што адбываецца, трэба расказваць на другой з дзвюх дзяржаўных моў.

Наконт іх вельмі трапна, па-мойму, выказаўся былы Прэзідэнт Казахстана Н. Назарбаеў:  «Двуязычие означает владение двумя языками». У нас — беларускай і рускай мовамі.

Заканамернае пытанне: што ж нам трэба зрабіць, каб стала ўсё менавіта вось так?

Захадаў можа быць шмат. Трэба, каб былі беларускамоўныя дзіцячыя садкі, каб па-беларуску чыталіся гуманітарныя дысцыпліны, каб часцей гучала наша слова па тэлебачанні і радыё, каб людзі бачылі яго на шыльдах і назвах вуліц, каб на старонках раённых газет па-беларуску друкавалася не толькі назва...

Такія ў мяне меркаванні».

Аляксандр Пятруннікаў, г. Баранавічы


«Шкада, што рукі толькі дзве і дні такія кароткія»

Жыхарку Целяхан Валянціну Абрамчук ведаюць многія — як шматдзетную маці, як работніцу мясцовага цэнтра культуры і вольнага часу, як выдатную майстрыху. Яна з дзяцінства захаплялася саломкай, скончыла Бабруйскі каледж дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. А далей…

— Вязала адзін час, — смяецца Валянціна, — пакуль не пачула, што вязанне — прывілея бабуль. Шыць спрабавала: на «Дажынках» фарсіла ў адмысловым ільняным строі, вышытым крыжыкам, а дачцэ, калі тая рыхтавалася да конкурсу «Міс Восень», спляла сукенку ў стылі авангард.

Пра салому як зыходны матэрыял для гэтай майстрыхі клапоціцца ўся яе радзіна: дзядуля сее і вырошчвае жыта, бацькі і дзеці дапамагаюць жаць, чысціць, сушыць, абразаць каленцы, складваць у каробачкі.

— Для аплікацыі лепш падыходзіць тоўстая, мякчэйшая салома, на пляценне — даўжэйшая, — расказвае Валянціна. — У справу ідзе літаральна ўсё: ад карэння да каласкоў. І нават самі яны могуць спатрэбіцца на дэкупаж, а зерне — нашым курачкам. Безадходная вытворчасць... Шкада, што рукі толькі дзве і дні кароткія: работа, хатнія клопаты, урокі з дзецьмі і толькі тады ўжо час цішыні — мой час... Цяпер вось вяжу цацкі, распрацоўваю свае майстар-класы...

— А зарабіць, — цікаўлюся, — на гэтым можна?

— Так, але хіба на вялікіх выстаўках... А наогул заробак непастаянны. Ды і не ўсё я магу прадаць. Людзям падабаюцца мая «Целяханская царква» (аплікацыя з саломкі), вышыты крыжыкам партрэт дачкі, але гэта ўжо нашы сямейныя рэліквіі.

Дарэчы, дзеці ў Валянціны змалку падзялялі матуліны захапленні. Пасталеўшы–падросшы — выбралі музыку. Старэйшая дачка Вікторыя скончыла музычную школу па класе фартэпіяна, малодшыя Крысціна і Яўхім вучацца іграць на баяне.

Жыве сям'я Абрамчукоў у сваім доме, пры якім і гарод, і кветкі, і куры з сабакам...

Дык што яшчэ патрэбна для шчасця?

Валянціна Бобрык, г. Івацэвічы


А паверыць хацелася б...

Зранку дачка сабралася ў краму, а мяне папрасіла, каб прыгледзеў за ўнучкай.

Надвор'е было добрае, мы з малой апрануліся і выйшлі на двор, зазірнулі ў гараж. Я там адчыніў дзверцу, забраў з машыны свае рукавіцы — адвярнуўся хіба на адну мінутачку. Унучка за гэты час паспела «знайсці» на паліцы каробку з рознай драбязой, убачыць дзірачку ў «падлозе» над глядзельнай ямай і высыпаць туды безліч маіх болцікаў ды гаечак, шайбаў... А ты, значыць, дзед, зараз лезь і збірай...

Хацеў быў насварыццаІ нават рот адкрыў, — малая мне на рукі, на шыю:

— Дзядуля, мой родны, ты толькі не злуйся! Прабач... Я болей не буду!

— Добра, — уздыхаю (бо што тут будзеш рабіць?) ды яшчэ і па галоўцы гладжу.

А тое чарцяня адхінаецца, глядзіць на мяне і пытае:

— Ты, што, дзед, «павёўся» і мне паверыў?

— Не, — кажу, — унучка. Проста хацелася б.

Я. Круглік, г. Бабруйск

Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.