Вы тут

Заснуць за 60 секунд. ​Што рабіць з бяссонніцай?


Сон — адна з асноўных патрэб чалавечага арганізма. Калі рэжым збіваецца, вельмі моцна псуецца якасць жыцця. У якіх выпадках мае месца бяссонніца і чым яна адрозніваецца ад нераспазнавання сну? Калі варта біць трывогу і звяртацца да ўрача? Які мусіць быць рытуал адыходу да сну і чаго перад сном лепш не ўжываць? Што дапаможа пазбавіцца ад ўздрыгвання падчас засынання? Пра гэта і іншае ў рамках праекта «Марафон жаночага здароўя» расказаў кандыдат медыцынскіх навук, урач-нейролаг, самнолаг Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Аляксей Малкоў.


— Што можна лічыць бяссонніцай?

— Паталагічнай бяссонніцай лічыцца стан, калі чалавек не спіць 3-4 ночы. Такое парушэнне называецца вострай бяссонніцай, або вострым дысамнічным расстройствам. Бяссонніца можа быць і хранічная — калі назіраецца парушэнне сну звыш двух месяцаў.

Норма здаровага сну — ад 6 да 8,5 гадзіны ў суткі, паводле рэкамендацый Еўрапейскай асацыяцыі сну. Калі чалавеку дастаткова 4-5 гадзін, і ён не разбіты, не стомлены, няма парушэнняў дзённай жыццядзейнасці, што з'яўляецца самым галоўным крытэрыем, то ў прынцыпе гэта можна лічыць варыянтам нормы.

Ёсць яшчэ і такі стан, як нераспазнаванне сну. Чалавек кажа: я не сплю дзесяць гадоў — увогуле не засынаю. А потым робіш абследаванне, размаўляеш з пацыентам — і аказваецца, ён спіць свае сем-восем гадзін. Гэта такі стан, які называецца «сны думкі». Наш сон складаецца з хуткай і павольнай фаз. І «сны думкі» — гэта другая, павольная фаза сну, калі чалавек думае і разважае. Нам здаецца, што мы ганяем думкі, а ў выніку мозг расцэньвае гэта як сапраўдны сон. Таму калі чалавек думае, што ў яго бяссонніца, не заўсёды яна сапраўды ёсць.

— Калі варта біць трывогу?

— Калі чалавек не можа заснуць доўгі час — тры-чатыры гадзіны. Гэта значыць ён рэальна не спіць — чытае кнігу з уключаным святлом, і сон ніяк не надыходзіць. Гэта называецца прэсамнічная дысамнія — ненаступленне сну. Ёсць стан, які называецца інтрасамнічная дысамнія, — пацыент заснуў на некалькі гадзін, потым прачынаецца і некалькі гадзін не можа спаць. Гэта таксама варыянт бяссонніцы. Але абавязкова і адзін, і другі стан прыводзіць да парушэння дзённага функцыянавання. Такі пацыент стомлены, разбіты, хоча спаць днём. Дык вось калі чалавек не можа на працягу трох-чатырох начэй заснуць, і гэта прыводзіць да парушэння дзённага функцыянавання — ён дрэнна сябе адчувае, то гэта нагода звярнуцца да ўрача.

Бытавая бяссонніца — гэта перыядычнае ненаступленне сну. Інакш кажучы, нейкі час чалавек спіць, потым не спіць, потым зноў спіць нармальна. Гэта стан, які не паўтараецца паталагічна. Ён можа быць звязаны са стомленасцю, стрэсам, праблемамі на рабоце ці дома. Гэта стан, які праходзіць, і тут не патрабуецца лячэнне ці карэкцыя.

— Якія абследаванні выкарыстоўваюць самнолагі?

— Залатым стандартам абследавання ў самналогіі з'яўляецца полісамнаграфія. Гэта метад даследавання сну пацыента на працягу ночы з выкарыстаннем камп'ютарных комплексаў. Даследуюцца работа мозга і сэрца, работа брушной поласці і грудной клеткі, насычэнне крыві кіслародам, маюцца датчыкі храпу і спынення дыхання, запісваецца кардыяграма. Акрамя даследавання ўсёй жыццядзейнасці арганізма, мы даследуем сам сон: як пацыент пагружаецца ў сон, як прачынаецца, што яго будзіць, з-за чаго ён не можа заснуць, сапраўды ён не спіць ці гэта ўсё ж такі неасэнсаванне ўласнага сну.

У Мінску полісамнаграфію можна зрабіць і дома, і ва ўмовах стацыянара, як правіла, у палаце з высокім узроўнем камфорту. Гэта добрае, дыягнастычна значнае абследаванне. Часцей за ўсё яно робіцца дома: прыязджае спецыяліст, накладвае датчыкі, чалавек засынае (або не), праз дзевяць гадзін раніцай датчыкі здымаюцца, потым урач расшыфроўвае даныя і ставіць дыягназ.

— А якія абследаванні трэба зрабіць перад візітам да самнолага?

— У якасці падрыхтоўкі дастаткова проста сфармуляваць свае скаргі. Ніякіх абследаванняў звычайна рабіць не трэба. Урачу таксама часам хапае звычайнага апытання пацыента. 99 % нашых пацыентаў — гэта людзі з трывожным расстройствам, з саматычнымі кампанентамі. Тыя, хто проста трывожыцца і за кошт гэтага не можа заснуць. Гэта вострая стрэсавая бяссонніца, якая лечыцца за пяць дзён, і ў выніку чалавек здаровы. Але вельмі многа пацыентаў не звяртаецца да ўрача, застаецца без лячэння, не спіць гадамі або спіць пад уздзеяннем вялікай колькасці снатворных, якіх з часам патрабуецца ўсё больш
і больш. У выніку займаешся тым, што «здымаеш» іх са снатворных.

У сітуацыйнай бяссонніцы дастатковае лячэнне з дапамогай рэжыму. Ёсць пэўныя правілы адыходу да сну: праветранае памяшканне, выключанае святло, цёплы ложак, зручная поза — у прынцыпе гэтага дастаткова. Пажадана, перад тым як заснуць, выкарыстоўваць рытуал адыходу да сну: вы чысціце зубы — кладзяцеся спаць або з'ядаеце цукерку — кладзяцеся спаць. З часам гэты рытуал будзе асацыявацца з выпрацоўкай мелатаніну — непасрэдна з самім сном.

Усе мы мусім прытрымлівацца пэўнага рэжыму адпачынку. Але ёсць сітуацыі, калі пацыент не можа захоўваць рэжым, напрыклад, з-за начных дзяжурстваў. Тады мы працуем індывідуальна, выбіраем яму розныя рэжымы ў залежнасці ад сітуацыі. Нехта хоча перастроіцца з «савы» на «жаваранка», хтосьці хоча спаць менш ці, наадварот, больш — варыянтаў работы з пацыентамі многа. І канешне, лепш сітуацыю не запускаць.

— Што не трэба есці ці, наадварот, трэба з'есці перад сном?

— Перад сном не трэба ўжываць каву і чай, курыць, ужываць алкаголь, бо ён часам выклікае пераўзбуджэнне, не варта есці цяжкую ежу, тлустае, смажанае. Прадуктаў, якія паляпшаюць сон, акрамя гарачага малака, не існуе. Ёсць мікраэлемент, які ўплывае на сон, — гэта магній. Мы назапашваем за дзень эмацыянальную нагрузку і пазбаўляемся ад яе ў сне. Дастаткова дзве таблеткі магнію перад сном, каб зняць пераўзбуджэнне, напрыклад, калі пацыент скардзіцца на яркія сны ці на кашмары. Нехта засынае і пачынае ўздрыгваць — магній пры гэтым таксама добра дапамагае.

У пацыентаў пасля 50 гадоў узнікае дэфіцыт выпрацоўкі мелатаніну — гармону сну, недахват якога не дазваляе пагружацца ў глыбокія фазы сну. У асноўным гэта праблема жанчын у перыяд менапаўзы, калі ёсць яшчэ і прылівы. Прэпараты мелатанінавага рада цалкам могуць дапамагчы такім пацыентам. Добра працуюць і вегетакарэктары — прэпараты, якія стабілізуюць работу вегетатыкі і не даюць эмацыянальнай сферы праяўляць сябе ў начны час.

— З якімі праблемамі можна звяртацца да самнолага?

— Усё, што адбываецца з чалавекам падчас сну, — сфера цікавасці гэтага спецыяліста. Нехта ўздрыгвае, задыхаецца ў сне, храпіць, іншым сняцца кашмары, у кагосьці ёсць парушэнне мочаспускання — адсюль частыя ўставанні. Мы займаемся праблемай спынення дыхання ў сне (сіндромам апноэ), усімі парушэннямі сну, бяссонніцай, начнымі эпілепсіямі, начной патлівасцю. Самнолагі — гэта ў асноўным урачы іншых спецыяльнасцяў, як правіла, неўролагі, псіхатэрапеўты, кардыёлагі, якія давучыліся і атрымалі дадатковую спецыялізацыю. Таму ўсім раю звяртаць увагу на тое, як спіце вы і вашы блізкія. Цяпер дастаткова проста звярнуцца да ўрача і вырашыць любую праблему.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.