Вы тут

Таямніцы і адкрыцці. Цікавыя навіны з вобласці навукі


Выратавальныя бактэрыяфагі

У Арктыцы выявілі альтэрнатывы антыбіётыкам

Прэпараты для барацьбы з інфекцыйнымі захворваннямі, узбуджальнікі якіх развілі ўстойлівасць да антыбіётыкаў, могуць быць створаны на аснове выведзеных з экасістэм Арктыкі вірусаў-бактэрыяфагаў. Такую прапанову выказаў загадчык лабараторыі функцыянальнай геномікі і пратэомікі мікраарганізмаў Інстытута эксперыментальнай медыцыны Арцемій Ганчароў.

«Некаторы час таму мы прапанавалі стратэгію, якая заключаецца ў тым, каб шукаць эфектыўныя бактэрыяфагі ў прыродных экасістэмах. І, напэўна, самай шматабяцальнай крыніцай, па нашых назіраннях, з'яўляюцца экасістэмы, звязаныя з палярнымі абласцямі планеты. Арктыка і Антарктыка могуць быць асноўнымі пастаўшчыкамі высокавірулентных бактэрыяфагаў», — прыводзіць РІА «Навіны» словы Ганчарова.

Паводле яго слоў, навукоўцы, якія адправіліся ў экспедыцыю ў Антарктыку, устанавілі, што вялікую колькасць бактэрыяфагаў можна знайсці ў месцах пражывання птушак, уключаючы пінгвінаў, і ў раёнах прэснаводных азёр. Таксама высветлілася, што вірусы можна выдзеліць з матэрыялу, які захоўваецца ў вечнай мерзлаце.

Як падкрэсліў Ганчароў, даныя гэтых даследаванняў ляглі ў аснову біялагічнага банка штамаў бактэрыяфагаў у Інстытуце эксперыментальнай медыцыны.

«Наступныя нашы крокі будуць звязаны з тым, каб праверыць, наколькі эфектыўна гэтыя фагі могуць быць выкарыстаны для лячэння інфекцый, звязаных з аказаннем медыцынскай дапамогі, і, у прыватнасці, для лячэння інфекцый, якія абумоўлены множнай экстрэмальнай устойлівасцю (іх узбуджальнікаў) да антыбіётыкаў», — дадаў навуковец.


Возера-сэрца

Касманаўт зрабіў здымак вадаёма незвычайнай формы

Расійскі касманаўт Сяргей Кудзь-Свярчкоў сфатаграфаваў з борта Міжнароднай касмічнай станцыі афрыканскае возера Чад, якое нагадвае па сваёй форме сэрца. Здымак ён апублікаваў на сваёй старонцы ў сацсетцы «УКантакце».

«Вось такі незвычайны «малюнак» у форме сэрца, які зрабіла прырода Зямлі, трапіў у аб'ектыў фотаапарата. Знакамітае афрыканскае возера Чад — унікальны прыродны аб'ект», — напісаў Кудзь-Свярчкоў.

Па словах касманаўта, гэта адзіны ў вялікай пустыні вадаём, які з'яўляецца прытулкам для многіх відаў жывёл і птушак. Ён адзначыў, што мясцовыя называюць яго «мора Сахары». Памеры возера пастаянна мяняюцца, і, бывае, вельмі значна.

Фотаздымак выклікаў спрэчкі сярод карыстальнікаў сацсеткі. Некаторыя лічаць, што возера больш падобна на Купідона, які ляціць. Іншыя ж аказаліся менш рамантычнымі і заявілі, што па форме Чад падобны на чаравік, птушку або бабра.


Маршрутка на крылах

У Брытаніі хочуць стварыць лятаючы пасажырскі аўтобус

У рамках праекта Skybus плануецца стварыць лятальны апарат, разлічаны на 30—50 пасажыраў. Брытанская кампанія GKN Aerospace занялася распрацоўкай маршрутнага гарадскога лятальнага апарата, які будзе перавозіць пасажыраў у гарадах падобна аўтобусу. Як піша Avіatіon Week, Агенцтва па даследаваннях і інавацыях Вялікабрытаніі выдзеліла на рэалізацыю праекта 4,5 мільёна фунтаў стэрлінгаў (6,2 мільёна долараў).

Большасць сучасных праектаў гарадскіх лятальных апаратаў прадугледжваюць стварэнне невялікіх аэратаксі, разлічаных на перавозку чатырох-пяці чалавек. Такія апараты будуць перавозіць пасажыраў альбо ад аднаго адраса да другога, альбо паміж пляцоўкамі для аэратаксі. Праект Skybus прадугледжвае палёты пасажырскага апарата па маршруце з пасадкамі на прыпынках для высадкі і пасадкі людзей. Мяркуецца, што маршруты палёту такіх «аўтобусаў» будуць адпавядаць маршрутам наземнага транспарту. Лятальны апарат плануецца зрабіць электрычным. Іншыя падрабязнасці аб праекце лятальнага апарата не раскрываюцца.


Каліграфія ў грабніцы

Знайшлі сапраўдныя работы вядомага майстра

Бясцэннае адкрыццё кітайскія навукоўцы зрабілі падчас раскопак старажытных грабніц. Падобнае археолагі выявілі ўпершыню.

На паўночным захадзе Кітая ў старажытнай грабніцы ўзростам 1300 гадоў знайшлі сапраўдныя работы аднаго з найбуйнейшых у Паднябеснай майстроў каліграфіі. Пра гэта паведамляе агенцтва Сіньхуа.

Нягледзячы на тое, што гэтыя помнікі культуры сур'ёзна пацярпелі ад рук раскрадальнікаў, археолагі выявілі там медныя манеты, керамічныя пахавальныя статуэткі, посуд і іншыя рытуальныя прадметы.

На аснове знойдзеных каменных пліт з выгравіраванымі надпісамі было выяўлена, што тры пахавальні належалі знакамітаму роду Юань. У прыватнасці, грабніца шлюбнай пары Юнь Дацяня і Ло Ваньшунь мае 35,8 метра ў даўжыню і 9,5 метра ў глыбіню. Выяўленыя ў ёй надпісы з эпітафіі былі ідэнтыфікаваныя як работы знакамітага каліграфа.

На верхняй пліце маюцца 16 іерогліфаў, высечаных у стылі чжуаньшу, а на ніжняй — 728 іерогліфаў у стылі ўстаўнага пісьма кайшу. Абедзве пліты маюць квадратную форму з даўжынёй боку 51,4 сантыметра.

«Знаходка з'яўляецца ўвасабленнем зграбнага і вытанчанага каліграфічнага пісьма ранняга перыяду жыцця Янь Чжэньціна. Падобнае адкрыццё археолагі зрабілі ўпершыню», — гаворыцца ў паведамленні.


Прыродны антыаксідант

Названы супрацьракавыя ўласцівасці зялёнага чаю

Злучэнне, якое ўтрымліваецца ў зялёнай гарбаце, стабілізуе супрацьракавы бялок, падаўляючы развіццё анкаклетак.
Вынікі даследавання біёлагаў з ЗША і Кітая апублікаваны ў часопісе Nature Communіcatіons.

Як адзначаюць даследчыкі, у напоі ўтрымліваецца рэчыва, якое ліквідуе шкоду, прычыненую метабалізмам кіслароду, — прыродны антыаксідант галат эпігалакатэхіну (EGCG).

Навукоўцы ўстанавілі, што ён здольны наўпрост узаемадзейнічаць з супрацьракавым бялком p53, падвышаючы яго ўзровень у арганізме.

«Як малекулы p53, так і EGCG надзвычай цікавыя. Больш чым у палове выпадкаў раку чалавека ў пацыентаў выяўляюць мутацыі ў p53, а EGCG з'яўляецца асноўным антыаксідантам у зялёным чаі, папулярным ва ўсім свеце напоі. Цяпер мы выявілі раней невядомае прамое ўзаемадзеянне паміж імі. Наша праца дапамагае растлумачыць, як EGCG узмацняе супрацьракавую актыўнасць p53, і адкрывае дзверы да распрацоўкі супрацьракавых лекаў з EGCG-падобнымі злучэннямі», — прыводзяцца словы кіраўніка даследавання прафесара Ван Чунью.

Як адзначыў вучоны, р53, магчыма, з'яўляецца самым важным бялком для барацьбы з ракам. Аўтары адзначаюць, што ім удалося ўпершыню растлумачыць малекулярны механізм антыракавага эфекту зялёнага чаю.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што рабіць нашым хатнім гадаванцам, у якіх таксама бываюць дэпрэсіі?

Што рабіць нашым хатнім гадаванцам, у якіх таксама бываюць дэпрэсіі?

Адказ на гэтыя і іншыя пытанні ведае наша гераіня.

Грамадства

Ад стагоддзя да стагоддзя. «Чырвонка. Чырвоная змена» святкуе свой стагадовы юбілей

Ад стагоддзя да стагоддзя. «Чырвонка. Чырвоная змена» святкуе свой стагадовы юбілей

Якой сёння павінна быць маладзёжная газета? Пра што і як размаўляць з моладдзю?

Грамадства

«Верагоднасць угадвання на ЦТ зніжаецца»

«Верагоднасць угадвання на ЦТ зніжаецца»

15 новых спецыяльнасцяў, у тым ліку чатыры абсалютна новыя, па якіх падрыхтоўка раней нідзе не вялася, адкрыюцца сёлета ў беларускіх ВНУ.