Вы тут

Арганізатар імпрэз Дзіяна Краснашапка: Сёння людзі знаходзяцца ў сваіх коканах, але ж для таго і існуюць танцы ды спевы, каб здымаць стрэс, негатыў


Яна ўпэўнена сябе адчувае і ў нацыянальным строі, калі робіць цеста для вясельнага каравая, і ў блакітным футры Снягуркі, калі праводзіць ранішнік для дзетак, і ў шыкоўнай сукенцы пэўнай эпохі, калі выконвае аўтэнтычныя беларускія спевы пад гукі старажытных музычных інструментаў. Арганізацыяй розных імпрэз, прафесійна ды не пад капірку, як яна сама гаворыць, Дзіяна КРАСНАШАПКА займаецца не першы год. Гэтаму папярэднічаў вялікі жыццёвы этап, які, вядома ж, звязаны з творчасцю. Мы вырашылі сустрэцца з Дзіянай і пагаварыць падрабязней пра шлях у прафесію, а таксама даведацца, як выглядае працэс падрыхтоўкі свята, што для гэтага насамрэч неабходна і чаму яе аўтарскія праграмы такія запатрабаваныя.


Спецыяліст па вакале і... па фальклоры

У дзяцінстве мама вадзіла Дзіяну на ўсе магчымыя вакальныя конкурсы, у якіх дзяўчынка займала першыя месцы, таму, калі надышоў час абіраць свой будучы шлях, яна вырашыла, што будзе развівацца менавіта ў музыцы. Яшчэ падчас навучання ў гомельскім каледжы мастацтваў імя Н. Ф. Сакалоўскага, а пасля і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў дзяўчына пачала працаваць у прафесійных калектывах. Праўда, яна паступала на спецыяльнасць «Артыст, кіраўнік калектыву і педагог», аднак на апошнім курсе здарылася рэарганізацыя, і назва спецыяльнасці змянілася — у дыпломе з'явіўся запіс «Спецыяліст па фальклоры». Чаму так атрымалася, Дзіяна і цяпер не можа зразумець. «Гэта ж вялікая галіна, куды ўваходзяць і рамяство, і харэаграфія, і ігра на інструментах (смяецца), я ж вучылася насамрэч вакалу...» — расказвае Дзіяна.

Працу ў калектыве «Валачобнікаў» Дзіяна ўспамінае з асаблівымі пачуццямі, з цеплынёй расказвае пра больш чым дзесяцігадовы вакальны вопыт у заслужаным калектыве «Церніца», што пры мінскім Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў. Адначасова з работай у «Церніцы» яна спявала ў загарадным рэстаране. І аднойчы гаспадыня ўстановы прапанавала паспрабаваць сябе ў якасці вядучай. На шчасце, дзякуючы цудоўным педагогам, у Дзіяны быў добры падмурак усіх тых артыстычных уменняў і навыкаў, якімі павінен валодаць сапраўдны творца. Быць вядучай ёй спадабалася, і яна ўсур'ёз занялася арганізацыяй мерапрыемстваў. Пазней сваю справу аформіла афіцыйна. Дзякуючы Цэнтру занятасці і дзяржаўнай праграме «Падтрымка бізнесу» Дзіяна скончыла курсы прадпрымальніцкай дзейнасці і атрымала дзяржаўную падтрымку ў памеры 11 пражытковых мінімумаў — гэта з'явілася своеасаблівым стартам.

«Я павінна быць не толькі артысткай, але і рэжысёрам, павінна ўлічваць, што будзе цікава людзям, у тым ліку з пункту гледжання псіхалогіі, асабліва калі раблю мерапрыемства для дзяцей. Дарэчы, абавязкова ў дзіцячых і не толькі праграмах маю на ўвазе адукацыйную мэту, каб ад мяне выйшлі з новымі ведамі. І паколькі я ўсё ж такі спецыяліст па фальклоры (усміхаецца), заглыбляюся і ў фальклор таксама».

Падчас мерапрыемства Дзіяна выкарыстоўвае напрацаваны творчы вопыт, яе праграмы існуюць толькі ў адзіным экзэмпляры, а ў камандзе — сапраўдныя прафесіяналы. «Колькі разоў я запрашала баяністаў з кансерваторыі — па нотах яны іграюць цудоўна, бездакорна валодаюць тэхнікай выканання, а вось у якасці артыста не ўсе могуць сябе праявіць. Таму для сваіх выступленняў шукаю прафесійных музыкантаў, аднак не ў кансерваторыі!»

Часта Дзіяна выступае не толькі як арганізатар і вядучая, а яшчэ і як экскурсавод, гісторык. Знаёміць з беларускімі абрадамі і звычаямі турыстаў, на святах з нацыянальным каларытам разам з музыкантамі дэманструе старадаўнія народныя інструменты — дуду, жалейку, гуслі, ліру, ахарыну, расказвае, як і калі яны ўзніклі, якім чынам зроблены. «Недастаткова проста паказаць, неабходна яшчэ і сыграць, асабліва калі гэта датычыцца музыкальнага твора пэўнага стагоддзя. Дзе цяпер такое пачуеш і ўбачыш?»

Падчас Раства на шматлікіх карпаратывах творчая каманда Дзіяны абавязкова выконвае калядныя канты — мелодыі XVІ стагоддзя, менавіта з гэтага часу была распаўсюджана традыцыя калядных спеваў. «Мы спяваем іх а капэла, шматгалосна. Я напісала тэкст, які гучыць фонам, гасне святло, мы выходзім са свечкамі, спяваем, і ў завяршэнні святло зноў запальваецца. Людзі ў захапленні, бо ёсць і светлавое аздабленне, і пэўны музычны эфект, усё гэта цудоўна ўздзейнічае на ўспрыманне і пачуцці. Ведаеце, многія праз сваю недасведчанасць прывыклі думаць, што падобнае выглядае нудна і сумна, аднак пасля падыходзяць і дзякуюць».

Каб не было, «як у іншых»

Многія кліенты не ведаюць насамрэч, чаго яны хочуць. Яна ж стараецца пачуць кожнага і падказвае, як зрабіць лепш. Сучасныя вядучыя, па яе словах, калі рыхтуюцца да мерапрыемства, як правіла, шукаюць матэрыялы праз інтэрнэт. Многія ўвогуле не ўлічваюць, што на ўрачыстасці прысутнічаюць розныя пакаленні, розныя па статусе людзі. Неабходна прадугледзець і адно, і другое, і трэцяе, і так прыгожа паднесці, каб зацікавіліся і маладыя, і старэйшае пакаленне, і выкладчык, і сантэхнік.

Дзіяна праводзіць і майстар-класы па традыцыйных танцах, часцей гэта адбываецца на вяселлях у народным стылі, выкарыстоўвае аўтэнтычныя абрады і звычаі. «Напрыклад, як правільна зняць вэлюм у нявесты ды зрабіць гэта так арыгінальна, каб не было, «як у іншых»? Альбо як запаліць сямейны агмень? На самай справе, калі падняла інфармацыю, аказалася, гэта такое дзейства! Увогуле першы вясельны дзень, — гаворыць Дзіяна, — раней быў сумным, таму спрабую так усё спалучыць, каб госці весяліліся».

На мерапрыемствы ў народным стылі Дзіяна абавязкова надзявае нацыянальны строй. «Вядома, калі захоўваць усе правілы аўтэнтычнага беларускага касцюма, ён, на жаль, будзе выглядаць не так ярка і прэзентабельна, як таго хоча глядач», — дзеліцца яна. Аднак у сваіх убраннях захоўвае асноўны нацыянальны элемент — вышыванку, вельмі ўважліва ставіцца да фасону, фактуры матэрыялу. «Нацыянальнае адзенне прыходзіцца набываць там, дзе яно таннейшае. Так, напрыклад, падчас паездкі ва Украіну купіла сабе кашулю ў традыцыі палескіх строяў, якая каштавала 50 долараў, у Беларусі, на жаль, падобная рэч будзе даражэйшая».

У той жа час расцэнкі на паслугі Дзіяны вельмі даступныя. Вядома, яна магла б заняць і дарагі сегмент з пункту гледжання сацыяльнага ўзроўню — была і такая магчымасць, аднак атрымалася б значна менш заказаў.

«У маёй практыцы быў адзін цікавы выпадак. Сяброўка аднойчы папрасіла: маўляў, у маіх знаёмых ну вельмі мала грошай на вяселле, можа, ты правядзеш? На той момант я якраз была вольная і, каб не сядзець без работы, пагадзілася. Правяла тое вяселле ўсяго за 150 долараў. Аднак спачатку было не па сабе. Прыехала і ўбачыла, што там бацькі — асацыяльныя асобы, прыязджаюць госці — такія ж... У той момант нават не ведала, што рабіць (смяецца). Аднак дзякуючы конкурсам, стылю вядзення ў мяне ніхто не ўжыў лішняга, усе стараліся паводзіць сябе годна, і ў выніку атрымалася «вывесці» гэтае вяселле на высокі ўзровень... А іншым разам прыйшлося весці вяселле ў высокапастаўленай асобы. Мужчына, наперакор дачцэ захацеў, каб менавіта я вяла вяселле, хоць тая прынцыпова жадала ў якасці вядучага запрасіць знакамітасць. Увогуле свята прайшло выдатна, нават з суседніх залаў рэстарана прыходзілі паглядзець нашу праграму!»

Ці лёгка стварыць казку?

Дзіяна кажа, што сёння людзі знаходзяцца ў сваіх коканах, але ж для таго і існуюць танцы ды спевы, каб здымаць стрэс, негатыў. Можа, таму наша гераіня і адкрыла сваю вакальную школу «Голас» на базе сталічных сярэдніх школ № 52 і № 120. У ёй фундаментальнаму вакалу педагог навучае больш за 40 дзяцей.

На думку Дзіяны, вакал — гэта цэлае мастацтва. Тут усё, як і ў спорце, — неабходны час, веды і трэніроўкі. Ёй сумна бачыць на сцэне людзей, што проста «выдаюць» ноты. За восем заняткаў яна можа падрыхтаваць з вучнем песню, аднак пры ўмове, калі ён чыста інтануе. І нават тады, калі спяваць увогуле не ўмее. «Я працавала ў дзяржаўнай установе педагогам па вакале, да мяне прыходзілі ў гурток розныя дзеці, і з часам, займаючыся па маёй методыцы, пачыналі спяваць».

Паралельна з вакальнай і арганізатарскай дзейнасцю Дзіяна працуе ў Доме культуры ў вёсцы Старое Сяло ў Мінскім раёне, там яна кіраўнік калектываў — дзіцячага «Карамелька» і дарослага «Харашухі». Падчас зімовых свят надыходзіць гарачая пара — яна ператвараецца ў Снягурку. Гэта таксама цэлая навука, бо незалежна ад таго, дарослы ты ці дзіця, святочнае навагодняе шоу — гэта заўсёды казка. «Вельмі сумна, што цяпер многія вядучыя ператварылі яе ў нейкую пошласць. Гэта ж чараўніцтва, яно павінна так прайсці, каб вы паверылі ў цуд, у тое, што ён існуе». Дзіяна ж стварае міні-спектакль з удзелам Дзядулі Мароза, казачных персанажаў і саміх жа гледачоў, якія і не заўважаюць, як становяцца героямі гэтай казкі. Аднак, лічыць яна, дзіця абавязкова неабходна падрыхтаваць да сустрэчы з зімовымі персанажамі, а акцёрам у сваю чаргу неабходна добра ведаць дзіцячую псіхалогію. Аднойчы Снягурка-Дзіяна разам з Дзядулем Марозам прыехала да дзіцяці ў загарадны дом. З бацькамі загадзя дамовіліся, што, ідучы да іх, спачатку пагрукаюць у акенца. Аднак, убачыўшы казачных чараўнікоў, дзіця расплакалася. Спатрэбіўся пэўны час, каб супакоіць малое і дабіцца яго прыязнасці.

На развітанне я спытала ў Дзіяны пра сям'ю і далейшыя планы...

— Мой муж Яўген працуе інжынерам-будаўніком, яму падабаецца тое, чым я займаюся. Разам мы часта вандруем па Беларусі, любім ездзіць на мора і ў горы. У нас дзве цудоўныя дачушкі — Амалія і Аніта, яны добра спяваюць, вельмі харызматычныя, іх толькі неабходна скарэктаваць, аднак я ніяк не магу гэтым заняцца. Спадзяюся, што да таго часу, як яны стануць дарослымі, ствару сваю сетку вакальных школ, зраблю ўласную франшызу, бо ў мяне дастаткова ведаў... І добра было б пакінуць ім такі бізнес. Але для гэтага неабавязкова спяваць, дастаткова быць добрым кіраўніком. Увогуле цяпер складана знайсці прафесіянала ў сваёй справе, шмат рэкламы, лоску, і на гэтым непрафесіяналы зарабляюць грошы. Таму абавязкова правярайце, з кім збіраецеся супрацоўнічаць.

Надзея ЗУЕВА, фота з асабістага архіва гераіні і Таццяны БРАЗОЎСКАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пельмені, шашлычок «Школьны» ці малочны суп? Недзіцячая задачка — прывіць школьнікам здаровыя харчовыя звычкі

Пельмені, шашлычок «Школьны» ці малочны суп? Недзіцячая задачка — прывіць школьнікам здаровыя харчовыя звычкі

Думаць пра тое, чым харчуецца ваша дзіця ў школе, гэтак жа важна, як і пра тое, якім прадметам яго там вучаць.

Спорт

Як жыве «беларускі Шаалінь». Дзе выхоўваюць будучых чэмпіёнаў

Як жыве «беларускі Шаалінь». Дзе выхоўваюць будучых чэмпіёнаў

Адной з найбольш даступных і захапляльных моў дыпламатыі з'яўляецца спорт.

Калейдаскоп

Як добра вы ведаеце беларускі тэатр? Тэст

Як добра вы ведаеце беларускі тэатр? Тэст

Міжнародны дзень тэатра добра было б адзначыць у глядзельнай зале. 

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.