Вы тут

Расказваем пра тое, як працуе тэатральная студыя для дзяцей з замяшчальных сем'яў


Чуваць дзіўнае бульканне і рык. Я нясмела адчыняю дзверы, і на мяне ўтаропліваюцца з дзясятак пар вачэй дзяцей, якія відавочна прыкідваюцца... грызунамі.


— А цяпер вы раз'юшаныя хамякі! Гучней, Рома, гучней! Ну хіба такі гук выдае ашалелы хамяк?! — углядаючыся ў твары «грызуноў», выдае актрыса, музыкант і валанцёр выкладчык студыі «Тэатр без межаў» Кетэван Астрашвілі.

Дзеці адказваюць азвярэлым шыпеннем. Раптам каля мяне з'яўляецца «Місіс Беларусь — 2018» Кацярына Саковіч. Яна натхняльніца і кіраўнік гэтай незвычайнай студыі для дзяцей з замяшчальных сем'яў. Мы прабіраемся праз вясёлыя крыкі і выццё тынэйджараў у суседні пакой, каб пагаварыць у цішыні.

Сама Кацярына на сцэне з дзяцінства: ездзіла на конкурсы, фестывалі, канцэрты... Калі будучая місіс Беларусь вучылася ў ліцэі БДУ, аднойчы з тэатральнай групай паехала выступіць у дзіцячы анкацэнтр. Як прызналася жанчына, гэта для яе было сапраўдным выпрабаваннем. Яна прывыкла адкрыта глядзець на гледача, а тут — дзеці, з кропельніцамі, у якіх ад хіміятэрапіі выпалі валасы... Тады Каця ўпершыню задумалася сур'ёзна аб тым, што з людзьмі часам адбываецца нешта дрэннае не па іх волі.

— У той дзень я ўсвядоміла, што хачу дапамагаць дзецям, — расказвае Кацярына пра ўзнікненне студыі «Тэатр без межаў». — Крута дапамагаць і жывёлам, і пажылым... Але маё сэрца ў той момант назаўсёды атрымалі дзеці. Падчас падрыхтоўкі да конкурсу «Місіс Беларусь» адным з этапаў быў сацыяльны праект. Нягледзячы на тое што я па адукацыі журналіст, тэатр адчувала вельмі тонка. Тое разняволенне, якое дае сцэна, упэўненасць у сабе і адкрытасць. Мне хацелася гэтаму навучыць дзяцей.

— З якімі цяжкасцямі вы сутыкнуліся ў сваім жаданні адкрыць студыю для дзяцей-сірот? Для яе ж патрэбна памяшканне, выкладчыкі, вучні, якім гэта цікава...

— Гэта былі сапраўдныя прыгоды. Памятаю, тэлефанавала ў школы-інтернаты і дзіцячыя дамы, а ў мяне здзіўлена пыталіся: «Вы ўвогуле хто?»

І калі ў мяне з'явіўся тытул «Місіс Беларусь», у Мінскім інстытуце развіцця адукацыі мяне падтрымалі, выдзелілі памяшканне і дапамаглі знайсці дзяцей. Звярнуліся ў клуб «Вулей» для прыёмных бацькоў. І вось гэтыя людзі пагадзіліся прывесці сваіх дзяцей у тэатральны гурток. Маёй задачай было знайсці добрых выкладчыкаў-валанцёраў. Так у нас з'явілася Кэці (Кетэван Астрашвілі). Памятаю, адразу прыйшло вельмі шмат дзяцей, каля 30 чалавек, і нам прыйшлося падзяліць іх на групы. Было няпроста. Зараз усё неяк усталявалася, у нас ёсць хлопчыкі і дзяў-чынкі, з якімі мы працуем ужо трэці год.

— Якім чынам праходзяць заняткі і рэпетыцыі ў студыі?

Кэці і Каця.

— Спачатку мы робім цялесную практыку, гэта падобна на звычайную зарадку. Яна працуе на разняволенне, здымае заціснутасць цела. Нашы падапечныя спачатку былі вельмі скаваныя, асабліва калі толькі пачалі сюды хадзіць. Таму заўсёды спачатку здымаем цялеснае напружанне, потым пераходзім да голасу. Для акцёра голас — гэта галоўны інструмент. Прапрацаваць трэба глыбіню голасу, гучнасць, потым пераходзім да дыкцыі. У канцы рэпеціруем пастаноўкі.

Сама я праводжу лекцыі пра вядомых тэатральных дзеячаў, такіх, як Станіслаўскі, Чэхаў... Чытаем з дзецьмі класічную літаратуру, сучасныя п'есы і разам з імі абмяркоўваем маральны, этычны і культурны бок твораў, падымаем пытанні выхавання. Ва ўсіх нашых падапечных няпросты лёс. У кожным з іх ёсць трагедыя. І калі з імі чытаеш літаратурныя творы, то праз іх яны прамаўляюць сваё, нешта глыбокае і асабістае. Мая задача — даць дзецям асновы дыкцыі, маўлення... Гэта надае ім упэўненасць у сабе і ў сваіх сілах. У іх ва ўсім маса ўнутраных перажыванняў, я б хацела дапамагчы ім зняць гэты бар'ер, каб яны ў жыцці маглі спакойна камунікаваць. Досвед, які яны атрымліваюць на сцэне, вельмі важны, яны не будуць баяцца адстойваць свае меркаванні, бо іх аргументы будуць гучаць пісьменна. Да нас прыходзяць разумныя дзеці. Той жа Улад. Я яго літаральна бачу на міжнародных канферэнцыях! І ў нас ён навучыцца ўпэўнена трымацца перад публікай. Цяпер інфармацыйная эра, вельмі хуткасная і публічная, мноства розных месенджараў, сетак, аўдыё, відэа... Сёння проста жыццёва неабходна быць у стрыме, у руху, маланкава рэагаваць на сучасныя выклікі. Не варта марнаваць энергію на псіхалагічныя рэчы, накшталт: «не хачу», «страшна», трэба адпавядаць патрабаванням часу. Асновы і інструменты камунікацыі спатрэбяцца ў любой сферы жыцця: на рабоце, дома, у зносінах з сябрамі. Ніколі не ставіла мэты зрабіць з падапечных сапраўдных акцёраў, але гэты вопыт ім абавязкова ў жыцці спатрэбіцца. Гэта тыя навыкі, якія я збірала па крупінках усё сваё жыццё, дзе б я ні працавала, у якіх бы праектах ні ўдзельнічала. Адкрыю таямніцу: на мерапрыемствах рознага ўзроўню і дзелавых вечарынах у працэсе зносін наладжваюцца кантакты, ствараюцца новыя праекты. І трэба не згубіцца ў такіх абставінах, быць упэўненым, здолець прэзентаваць свае ідэі.

— Няўжо з вашай групы ніхто не захацеў быць акцёрам?

Свята піцы.

— Канешне, хацелі! Напрыклад, Кацюша. Ёй ужо 18, і яна хоча паступаць на тэатральнае аддзяленне ў Акадэмію мастацтваў. І Рома таксама. Мы з Кэці дапамагаем ім. Рома яшчэ не вырашыў, у якую ВНУ паступаць, але дакладна ведае, што хоча стаць акцёрам. А мы навучым яго асновам акцёрскага майстэрства. За гэтыя гады ў нас двое дзяцей вызначыліся з будучай прафесіяй, і выдатна, што наша каманда датычная да гэтага.

— Вы казалі, што ў пачатку быў ажыятаж... Сёння, я паглядзела, дзяцей няшмат.

Момант разняволення.

— Гэта нармальна і натуральна. Заўсёды будуць дзеці, якім тое, чаму мы вучым, нецікава ці цяжка спасцігаецца. Некаторыя займаліся год, і ў іх з'явіліся новыя інтарэсы, у кагосці выпускныя класы, і ўсе сілы яны накіравалі на вучобу. Пасля пачатку пандэміі шмат чалавек перасталі з'яўляцца, бо з'ехалі ў вёску з бацькамі ці на ізаляцыі. Але ж сёння ў нас склаўся касцяк тых, хто вельмі хоча займацца. І я гэтаму рада, таму што працаваць з матываванымі дзецьмі значна лягчэй. Мне, на самай справе, не патрэбныя стадыёны дзяцей. Калі некалькі хлопчыкаў і дзяўчынак атрымаюць досвед, які ім спатрэбіцца ў жыцці, то мая місія выканана.

— Бываюць дзеці, з якімі цяжка працаваць?

— У нас Кэці па крыві грузінка, у яе не вельмі пазабаўляешся. Яна будуе сваю работу на дысцыпліне. У нашай сферы нельга быць мяккім. Тут альбо ты прыйшоў і працуеш, альбо не. Калі прыйшоў забаўляцца, то гэта не тое месца. Заняткі праходзяць бясплатна, але мы не дазваляем абясцэньваць нашу працу. Канешне, дзеці, ёсць дзеці. Напачатку было што спазняліся аж на паўгадзіны. Асабліва такое здаралася вясной: птушкі, дрэвы, кузуркі... Кэці пару разоў прыгразіла штрафамі, і ўсё — праблема вырашана. Мы паступова прывучаем дзяцей да думкі, што калі хочаш рабіць нешта прафесійна і атрымліваць вынік, трэба шмат працаваць і быць дысцыплінаваным. Па-іншаму ў жыцці не бывае.

— Ці страшна было асабіста вам распачынаць работу з дзецьмі, у якіх няпростыя лёсы?

— Я вельмі перажывала, што не знайду з імі агульнай мовы. Я ж не педагог, не псіхолаг ды ўвогуле ніколі наўпрост не займалася валанцёрскім рухам. Але аказалася, што гэта і не трэба. Мы не «калупаемся» ў душах дзяцей. Проста з імі сябруем і «аднаўляем» іх з дапамогай літаратуры, спектакляў, руху... Мы для іх — Каця і Кэці, толькі ў нас трошкі больш жыццёвага вопыту і магчымасцяў, якімі мы з задавальненнем дзелімся. Мы шмат гаворым з дзецьмі на розныя тэмы, ходзім у тэатры, глядзім спектаклі, бываем за кулісамі, дзеці знаёмяцца з артыстамі... Былі і на Белтэлерадыёкампаніі. Хочацца паказаць ім, што гэты свет «публічнасці» не страшны. Раптам хтосьці з іх натхніцца і захоча стаць журналістам, пісьменнікам ці акцёрам... А гэтым дзецям ёсць што сказаць свету.

— Ваша студыя існуе ўжо каля трох гадоў. Якія за гэты час зроблены адкрыцці, якія былі расчараванні?

— Я памятаю нашы першыя сустрэчы. Дзеці былі нібыта ваўчаняты: замкнутыя, напружаныя. Нам спатрэбілася шмат намаганняў, каб яны адкрыліся нам. Яны, ведаеце, не пускаюць у свой свет старонніх, вельмі асцярожныя. Такое можна назіраць і ў навічкоў. Але ўсё ж я не памятаю нейкіх негатыўных момантаў ці расчараванняў. Такога не было. З цеплынёй успамінаю глуханямога хлопца Дзіму. Яго прывялі бацькі, каб ён хоць бы проста пасядзеў і паглядзеў. Бацькі запэўнілі, што ён не будзе прымаць удзелу. Але ж не! Гэта быў артыст № 1. Праз некаторы час яго маці казала, што ў яе хлопчыка адбыўся вялікі зрух у камунікацыі з іншымі. Шкада толькі, што Дзіма цяпер сышоў. У яго распачаліся абавязковыя заняткі, якраз падчас нашых рэпетыцый.

— Якія яшчэ ў вас ёсць дасягненні, што чакае навічкоў у вашым тэатры?

— Нашы Раман і Кацярына атрымалі дыпломы лаўрэата 1-й ступені на міжнародным фестывалі мастацтваў @mfest.mіnsk. Мы вельмі ганарымся. У нас было вялікае свята з гэтай нагоды. Наогул любім ладзіць святы — салодкае свята, піца-свята, торцік-свята!

Цяпер мы хочам пашырацца і запрашаць да нас дзяцей не толькі з замяшчальных сем'яў. Ужо дамовіліся са школьнымі калектывамі пра тое, каб разам рабіць пастаноўкі, хочацца падключыць і музычнае суправаджэнне ў выглядзе хору. Хочам наладзіць кантакты, каб дзеці не баяліся новых знаёмстваў, сумеснай работы з іншымі калектывамі. Думаю, у нашага тэатра, нашых дзяцей цікавая будучыня.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.