Вы тут

Як не нашкодзіць дзіцяці выхаваннем?


Вы не задумваліся, што быць бацькамі — гэта адна з самых складаных... прафесій? А яшчэ гэта творчасць. Сваімі паводзінамі мы не толькі ўплываем на характар дзіцяці, а нават можам праграмаваць яго лёс.


Калі, напрыклад, перастарацца з кантролем, можна вырасціць чалавека, няўпэўненага ў сабе, няздольнага прымаць самастойныя рашэнні і наладжваць узаемаадносіны з іншымі, абыякавага альбо наадварот раздражнёнага, ці такога, што гатовы ісці па галовах, маніпуляваць, падпарадкоўваць іншых. Калі вы заўважаеце за сабой назойлівае жаданне кантраляваць кожны крок дзіцяці — гэта папярэджанне, што трэба нешта мяняць.

Скажыце «стоп»!

Сузалежныя адносіны вельмі цяжка распазнаць. Але калі вы адчулі, што дзіця — гэта самастойная асоба, а не працяг вас, не інструмент для рэалізацыі ўласных амбіцый, каб зарабіць плюсікі ў карму (бо «я ж добрая маці», «я столькі для яго раблю»), значыць, сітуацыя не такая безнадзейная.

Як часта, калі вы дзеліцеся сямейнымі навінамі, ужываеце займеннік «мы»? Мы хварэем. Мы навучыліся хадзіць. Мы пайшлі ў школу. Адна справа, што вы так успрымаеце сваю сямейную ролю, калі сын маленькі — сапраўды, вы ўкладаеце столькі намаганняў, каб раскрыць для яго гэты свет, многаму навучыць. Але калі нашчадку ўжо 15—17 гадоў, а мама выдае: «Мы не ведаем, куды паступаць», хочацца пашкадаваць абаіх. Так, ад сузалежнасці церпяць і дзіця, якое, відаць, так і не атрымала права на выбар, і мама, якой пастаянна даводзіцца навальваць на сябе лішнія абавязкі і клопаты.

Змяшанне пачуццяў сваіх і дзіцяці, неўменне задавольваць свае патрэбы без сувязі з малым, а часам і перакідванне на дзіця віны за ўласныя праблемы — вось якое яно, пакаранне за клопат. Часам гэта прыводзіць да таго, што ў такой сям'і дзіця будзе баяцца здзейсніць памылку і аказацца нелюбімым. Гэтак жа занадта «ўважлівая» мама можа хвалявацца: а раптам «дзіця» не ацэніць усіх яе намаганняў, палічыць яе непатрэбнай? Ціск можа параджаць толькі крыўды, страх, гнеў, віну, і нават адчай ці апатыю.

У сузалежных адносінах бацькі часта не разумеюць, дзе мяжа паміж абаронай і назойлівасцю, нармальным клопатам і гіперапекай. Калі маці ўсё вырашае за дзіця, яно расце асцярожным, не ўмее давяраць іншым, паважаць чужы выбар, не ведае, якое рашэнне прымаць, куды рухацца.

Кантроль — самы галоўны трывожны званок. Бацькі не давяраюць дзіцяці. Вырашаюць, з кім яму сябраваць, што чытаць, дзе гуляць, чым займацца. Маўляў, мы лепш ведаем, што яму будзе карысна. Здавалася б, бацькі хвалююцца за лёс дзіцяці, каб ён не склаўся па негатыўным сцэнарыі. Але ў той жа час самі становяцца вінаватымі ў будучых няўдачах сваіх сыноў і дачок. Чаго здолее дасягнуць чалавек, якога пазбавілі вельмі неабходных навыкаў, якому не дазвалялі прымаць рашэнні, аналізаваць, выбіраць, ствараць, эксперыментаваць, спрабаваць сябе ў розных сферах, у рэшце рэшт, разумець, што падабаецца і на што ён здольны. А пасля мы дзівімся, чаму некаторыя падлеткі не ўмеюць адчуваць і ваказваць свае эмоцыі. Альбо чаму «шаўковае» дзіця ў нейкі момант становіцца некіруемым. Адкуль такі выбух у яго галаве?

Сузалежныя бацькі ніколі не слухаюць дзяцей. Нават калі ў малога ёсць што сказаць, дарослыя не будуць змяняць сваіх рашэнняў. А словы дзіцяці альбо праігнаруюць, альбо пераб'юць сваімі аргументамі.

Часам у дзіцяці бацькі могуць бачыць сябе. Так, калі маці лічыць сябе няўдачніцай, нелюбімай, міжволі імкнецца «прачытаць» гэта ў сваім дзіцяці. А пасля можа яшчэ і «навесіць» на малое такі цэтлік. Хоць юны чалавечак можа проста па-іншаму ўспрымаць свет, у яго не тыя здольнасці і тэмперамент. Многія бацькі хочуць, каб дзіця дасягнула тых вышынь, да якіх яны самі не змаглі дацягнуцца. А часам яшчэ і караюць, калі ў дзіцяці нешта не атрымліваецца ў справах, якія самі дарослыя для іх жа і абралі.

Тут выхаванне ўжо больш нагадвае дрэсіроўку. Прычым дарослыя спрабуюць кіраваць малымі не толькі з дапамогай крытыкі, але і пахвальбы. Але гэта ўсё — псіхалагічны шантаж. Дзіця баіцца, што калі яно не будзе адпавядаць усім патрабаваннем, яго перастануць любіць.

А можа, уся гэта муштра толькі для таго і патрэбна, каб добра выглядаць у вачах іншых людзей? Мама разварочвае бурную дзейнасць нават не столькі для дзіцяці, а каб паспаборнічаць з іншымі — маўляў, глядзіце, як я яго змагла вывучыць, выхаваць, выдрэсіраваць...

Яшчэ адна з прыкмет, што ў вас не атрымліваецца наладжваць зносіны з дзіцем — непаслядоўнасць. Сёння вы ўсё забараняеце і сварыцеся на малога, а заўтра думаеце, што перагнулі — і становіцеся мяккімі, спагадлівымі, засыпаеце дзіця падарункамі і пацалункамі. Але нават калі вы не мелі рацыі, не прызнаяце сваёй віны. Дзіця трэба вучыць аналізаваць і свае паводзіны, і ўчынкі іншых. Нічога страшнага не будзе ў тым, калі яно зразумее, што мама таксама магла памыліцца. І наогул ад шчырых размоў і дзіця, і маці становяцца толькі мацнейшыя.

Перапішыце сцэнарый

А цяпер давайце вернемся ў сваё дзяцінства і паспрабуем зразумець, ці не паўтараеце вы зараз сцэнарый, які вам у свой час прапанавалі вашы бацькі.

Вы адчувалі сябе пакінутым дзіцем? Ад адзіноты і непрынятасці вы збягалі ва ўласны свет ілюзій і мар? І добра, калі вам удалося вырасці і пераламаць сябе, пазбавіцца ад бяссіля і няўпэўненасці.

А можа, вы раслі ў пастаянным напружанні, і каб зняць яго, спрабавалі на сабе ролю сямейнага коміка. Раздражненне, крыўду хавалі за гумарам. Здавалася б, такія дзеці лёгка наладжваюць зносіны з іншымі, яны могуць многага дабіцца ў жыцці, але за жартамі яны часта хаваюць свой боль і не ўмеюць радавацца ўласным поспехам.

А можа, вам у дзяцінстве ўдалося вырвацца ў лідары. Вы апраўдвалі ўсе пажаданні бацькоў — былі сярод медалістаў, дасягнулі перамог у спорце, клапаціліся пра малодшых братоў і сястрычак. Але калі лідар — прадукт бацькоўскіх амбіцый, ці атрымліваў ён асалоду ад сваіх поспехаў? Калі такія дзеці вырастаюць, яны падаюцца паспяховымі, але ім па-ранейшаму даводзіцца падаўляць у сабе ўнутраны страх, што нешта можа не атрымацца, яны пакутуюць ад нізкай самаацэнкі і няўпэўненасці ў сабе.

А можа, у дзяцінстве вы не захацелі спраўджваць надзеі ці прымаць правілы, якія навязваюць бацькі, былі бунтаром, прыносілі шмат клопатаў і праблем? Такім чынам вы заслугоўвалі сваю порцыю ўвагі. Вы нават верылі, што сапраўды дрэнныя, і таму шукалі такіх жа сяброў. Добра, калі вам удалося выкараскацца. Бо калі такія дзеці не атрымліваюць своечасовай падтрымкі, яны могуць выбраць сапраўды цьмяны шлях — кінуць школу, не атрымаць прафесію, мець праблемы з уладай.

Але што вам перашкаджае перапісаць сцэнарый і ўжо са сваімі дзецьмі стварыць новую шчаслівую гісторыю?

Што рабіць далей?

Проста любіць дзіця! Не за выдатныя адзнакі ў школе, не за дыпломы на інтэлектуальных і творчых конкурсах, не за медалі на спартыўных спаборніцтвах. (Так, не трэба блытаць любоў з гонарам за дасягненні.) Радавацца, што вы ёсць адзін у аднаго.

На «непаспяховае» дзіця і так можа сыпацца шмат негатыву ў школе ці ў калектыве равеснікаў, але яму вельмі важна адчуваць, што сям'я — гэта тое месца, дзе яно можа атрымаць цеплыню і абарону. І не варта бацькам баяцца праяўляць свае пачуцці — патрэбы ў ласкавых словах і сямейных «абдымашках» у падлеткаў не меншыя, чым у маленькіх дзяцей.

Давяраць. Паважаць. Прымаць такім, якое ёсць. Вы прызнаяце выбар падлеткам заняткаў, сяброў, ідэй. І ў той жа час вучыце, каб ён паважаў тое, чым займаецеся вы.

Межы могуць быць ва ўсіх. У дзіцяці ёсць уласны пакой, рэчы, за якія яно адказвае. Вы нават стукаеце, перш чым зайсці на яго тэрыторыю. Але тады няхай і яно не ўрываецца ў ваш пакой, не патрабуе грошай на свае патрэбы, не завальвае вас сваімі праблемамі, з якімі выдатна можна было б разабрацца самастойна.

Падзяляйце сямейныя абавязкі. Натуральна, памыць посуд ці папрасаваць бялізну ў мамы можа атрымацца лепш і хутчэй, чым у дзяцей. Але выхаванне працай — вельмі важная частка ў станаўленні асобы. Выконваючы хатнія абавязкі, дзеці становяцца больш упэўненыя ў сваіх сілах, да таго ж гэта дае ім адчуванне сваёй важнасці і неабходнасці ў сям'і. Так яны лепш даведаюцца, што ім падабаецца, якія справы лепш атрымліваюцца, што неабходна для самаідэнтыфікацыі і нават выбару будучай прафесіі. І не трэба забывацца пра перспектыву — калі з двух гадоў дзіця здольнае прыбраць за сабой цацкі, у школьным узросце — пакой і посуд, схадзіць у краму, то да 15 гадоў яно ўжо павінна ўмець рабіць практычна ўсё, што даецца даросламу чалавеку. Менавіта такія дочкі і сыны адаптаваныя да самастойнага жыцця. І яшчэ адзін важны бонус — у іх ёсць шчаслівая, а не загнаная, змораная хатнімі справамі мама. А колькі вызваляецца часу на сумесны сямейны адпачынак! Паходы на прыроду, гульні, падарожжы не менш важныя за засваенне ведаў, бо якая карысць ад разнастайных дасягненняў, калі чалавек не ўмее радавацца простым рэчам і не адчувае сябе шчаслівым?

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: «Выбух» у яго галаве

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».